ВІТАЛЬ РЫМАШЭЎСКІ: КРАІНАЙ ПАВІННЫ КІРАВАЦЬ СУМЛЕННЫЯ ЛЮДЗІ

Партыя БХД першая з палітычных сілаў Беларусі заявіла пра свае прэзідэнцкія амбіцыі. Сустаршыню БХД Віталя Рымашэўскага прэтэндэнтам на ўдзел у наступных выбарах прэзідэнта вылучыла Нацыянальная канферэнцыя Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі яшчэ 23 траўня ў Менску. Палітык распавёў “Крыніцы” пра сваё стаўленне да веры, жыцця і беларускай палітыкі.

 

– Спадар Віталь, Вы – сустаршыня БХД, то бок прадстаўнік партыі, якая стаіць на падмурку веры. А што ёсць вера для палітыка Рымашэўскага?

 

– Я ведаю, быць з Госпадам – гэта адзіны магчымы шлях для чалавека застацца чалавекам і стаць Чалавекам. Стараюся жыць так, каб заўсёды пра гэта памятаць, каб Хрыстос быў цэнтрам майго жыцця.

Да 20 гадоў я быў атэістам. Вучыўся ў савецкай школе, дакладна ведаў, што Бога няма, спрачаўся з вернікамі, даводзячы ім “памылковасць” рэлігійных перакананняў.

Прыход да Бога быў абсалютна раптоўным і нечаканым для мяне, містычным. Калі я даведаўся, што Бог ёсць, я зразумеў, што – Праўда, Вернасць, Любоў, Свабода —  ўсё тое, чаго прагне ў глыбіні сябе кожны чалавек – усё гэта ёсць у Бога , што гэта і ёсць сам Гасподзь, які ведае кожнага з нас, турбуецца пра кожнага без выключэння.

 Таму вера для Віталя Рымашэўскага – гэта тое галоўнае, што ёсць у яго жыцці. Палітык, грамадзянін, і г.д. — гэта ўсе толькі прыметнікі да кожнага з нас, якія не выяўляюць нашай сутнасці. Перадусім я імкнуся быць годным хрысціянінам і не падзяляць сваё жыццё на “царкоўнае, сямейнае,  палітычнае і г.д.” . Хрысціянін павінен быць хрысціянінам і ў сям’і, і на працы.  Безумоўна, вера, Гасподзь дапамагае мне і ў маёй прафесійнай дзейнасці – у тым ліку палітычнай. Без веры немагчыма дасягнуць ніводнай добрай мэты. Ёсць шмат годных, мужных людзей, гатовых ахвяраваць сабой дзеля Бацькаўшчыны, дзеля свабоды і Праўды, але дамагчыся перамогі ў гэтых справах магчыма толькі з Богам.

Я добра памятаю што значыць жыць без веры,  без ведання Бога, як цяжка няверуючым людзям. Я б жадаў, каб у жыцці кожнага чалавека – сямейным, прафесійным, грамадскім —  вера была.

 

Ці магчыма спалучыць хрысціянскія каштоўнасці і палітычнае жыццё, якое здаўна чамусьці лічыцца не вельмі чыстай справай?

 

– Хрысціянства адкрывае сапраўдны сэнс чалавечага жыцця, у тым ліку, і сэнс палітычнай дзейнасці, які ёсць для палітыка-хрысціяніна: служэнне  людзям, уладкаванне ўрада, дзяржавы дзеля чалавека на падмурку хрысціянскіх каштоўнасцяў.  Кожны чалавек хоча, каб краінай кіравалі сумленныя людзі, каб для яго дзяцей, яго бацькоў і яго самога была забяспечана магчымасць годнага існавання, каб дзяржава яго паважала, была законнасць і справядлівасць, каб у грамадстве існаваў трывалы падмурак духоўных каштоўнасцяў.  Гэта магчыма толькі тады, калі да ўлады ў Беларусі прыйдуць хрысціяне.

Ніводная сфера чалавечага жыцця не павінна быць закрытая ад дзеяння Божага, святло Хрыста трэба несці і ў палітыку. Палітыка – гэта насамрэч вельмі цяжкая справа, дзе дзейнічаюць усе спакусы , якія толькі ёсць у гэтым свеце. Няверуючаму чалавеку вельмі цяжка, амаль немагчыма іх пераадолець. Таму хрысціяне проста абавязаны браць удзел у палітыцы, браць адказнасць за краіну, бо толькі ў іх ёсць сіла перамагаць спакусы і заставацца сумленнымі людзьмі. Гэту моц дае ім вера.

Гісторыя сведчыць, што там, дзе панавала хрысціянства, дзе хрысціяне кіравалі дзяржавай – былі самыя моцныя дзяржавы. Калі законы базуюцца не на хрысціянскіх каштоўнасцях, то рана ці позна народ страчвае сваю дзяржаву і знікае сам.

Лёс Беларусі неадрыўна звязаны з хрысціянствам, беларуская культура, дзяржаўнасць пераплецены з ім. “Не забівай, не крадзі, паважай сваіх бацькоў. ..” – згодна з гэтымі прынцыпамі нашыя дзяды жылі тысячы гадоў, і так беларускае грамадства павінна жыць у будучым.

 

– Як вядома, партыя БХД выступае за папулярызацыю ў беларускім грамадстве сапраўдных сямейных каштоўнасцяў. Што сям’я значыць для Вас?

 

–  Для мяне сям’я – гэта мая маленькая Беларусь. У маёй сям’і жыве беларуская мова, жыве хрысціянская вера, бо гэта каштоўна для нас і ў гэтым мы выхоўваем сваю дачку. Я лічу, што толькі праз укараненне ў беларускіх сем’ях і хрысціянская вера, і беларуская мова змогуць запанаваць і ў беларускай дзяржаве. Толькі тады, калі гэтыя рэчы стануць для беларускіх палітыкаў, грамадскіх і культурных дзеячаў не лозунгамі, а штодзённым жыццём, тады гэта падтрымае і ўвесь беларускі народ.

  Мая сям’я — гэта людзі, якіх я люблю, якія дапамагаюць пераадолець цяжкасці працы і спакусы жыцця, адкуль я выношу любоў і добрае стаўленне да людзей.  Я ўдзячны сваім бацькам за выхаванне і за клопат пра мой лёс,  вельмі ўдзячны сваёй жонцы Насці за заўсёдную падтрымку  і разуменне. Без яе мой жыццёвы шлях, у тым ліку і палітычны , быў бы ўдвая цяжэйшым.

БХД праводзіць кампанію “Моцная сям’я — моцная Беларусь”, якая накіраваная на падтрымку беларускіх сем’яў, беларускай моладзі. Безумоўна, мэты гэтай кампаніі мы выносілі і са свайго ўласнага сямейнага досведу, з жадання падзяліцца ім з іншымі. Зараз шмат разводаў, шмат сямейных праблем. Але людзі не ведаюць, што без Бога, без веры, толькі сыходзячы з уласных жаданняў і ілюзій, будаваць шчаслівае сумеснае жыццё цяжка, проста немагчыма. Без хрысціянскага падмурку беларускія сем’і чакае знікненне. Трэба казаць пра гэта людзям, трэба сведчыць.

 

– Віталь, Вы, пэўна, будзеце самым маладым палітыкам у наступнай прэзідэнцкай кампаніі. Якія перавагі ў гэтым бачыце?

 

– Нягледзячы на ўзрост, у палітыцы я досыць даўно, з 1996 года. Маю досвед кіравання выбарчымі кампаніямі як ў Беларусі, так і за мяжой, кіравання партыйнымі і грамадскімі арганізацыямі, падрыхтоўкі і правядзення грамадскіх кампаній і вулічных мерапрыемстваў. Вывучаў досвед працы палітычных і дзяржаўных структур Нямеччыны і Польшчы, працу расейскіх паліттэхнолагаў. Таму мой палітычны ўзрост не самы малы, і трэба сказаць, што ў працы Беларускай Хрысціянскай Дэмакратый мой досвед сёння вельмі запатрабаваны.

Што ж тычыцца пераваг маладога пакалення:  яшчэ ў 1996 годзе я заўважаў пэўную тупіковасць у працы апазіцыйных арганізацый. На жаль, яны хоць і створаны людзьмі са шчырымі перакананнямі, але пры гэтым шмат у чым перанялі досвед і практыку працы савецкіх структур. Мала прадэклараваць новыя лозунгі, трэба таксама паказаць прыклад іншага мыслення, іншай працы. Партыйныя чысткі, пабудова працы згодна з прынцыпам: ”няма чалавека – няма праблем”, падазронасць, варожасць, няўменне слухаць і паважаць іншых людзей – усяго гэтага не павінна быць у беларускай палітыцы. Калі мы змагаемся з дыктатурай – то найперш нам самі трэба адмовіцца ад дыктату – у сваіх партыях, сваіх арганізацыях. Прынцыповасць і мужнасць павінны спалучацца з уменнем прымаць і чуць іншага, імкненне да дасягнення ўласных палітычных мэтаў – з павагай да чалавека, барацьба за Беларусь не павінна ператварацца ў барацьбу за сваю персанальную ўладу – ў партыі ці ў краіне. Патрэбны прынцыпова новая арганізацыя палітычнай дзейнасці і прынцыпова новае бачанне, новыя падыходы да жыцця і працы. Таксама патрэбны сучасныя веды і адукацыя.  Усё гэтае ёсць сёння ў новага пакалення палітыкаў.

Таму для мяне відавочна, што палітычная будучыня, дзяржаўны лёс Беларусі сёння залежыць ад палітыкаў майго пакалення, і мы павінны скарыстаць гэтую магчымасць і дасягнуць таго, што не здолелі да канца здзейсніць папярэднія пакаленні – замацаваць незалежнасць,  адрадзіць беларускую мову, культуру, укараніць хрысціянскія каштоўнасці ў грамадстве, спыніць развіццё таталітарызму, забараніць прапаганду злачыннай камуністычнай ідэалогіі, зрабіць Беларусь эканамічна і палітычна моцнай дэмакратычнай дзяржавай.

– Вы каардынуеце кампанію “Пакаянне”. Распавядзіце пра яе мэты, калі ласка.

– Кампанія накіраваная на перайманне сучасным пакаленнем беларусаў досведу змагароў за веру і Бацькаўшчыну, удзельнікаў антыфашысцкага і  антысавецкага супраціву, былых рэпрэсаваных, вязняў фашысцкіх і камуністычных канцлагераў. Мэта кампаніі – пакаянне як перамена мыслення, кардынальнае пераасэнсаванне светапогляду. Беларусы мусяць ведаць пра злачынствы таталітарызму, ушанаваць змагароў, пераняць іх досвед, ушанаваць мільёны ахвяраў і асудзіць катаў. Гэта патрэбна  дзеля таго, каб такое страшнае зло як фашызм ці камунізм ніколі болей не змаглі прыйсці на нашу зямлю. Злачынствы камунізму і камуністычнай ідэалогіі ў Беларусі павінны быць асуджаны так,  як у Нямеччыне быў асуджаны нацыянал-сацыялізм.

Адна з самых вялікіх праблем беларусаў – адсутнасць памяці. Мы абвінавачваем рускіх, або немцаў, або іншыя народы ў тым, што яны  знішчалі нашу культуру, нацыянальную памяць. І хаця ў  гэтых словах таксама ёсць праўда, аднак найбольш вінаватыя  мы самі ў тым, што не захоўваем сваю спадчыну, не пераймаем досвед лепшых людзей, не шануем іх. Такія людзі жывуць сярод нас, часта несправядліва забытыя. Змена гэтага, стварэнне сувязі, месца Сустрэчы  паміж сталым пакаленнем змагароў за веру і Бацькаўшчыну і сучаснымі маладымі людзьмі, каб падтрымаць адных і натхніць і ўмацаваць на шляху  змагання другіх – тое, што робіць  кампанія “Пакаянне”

 

– Завяршаючы размову, хацелася б пачуць пра тое, чаму менавіта БХД можа стаць выбарам для беларускіх людзей?

 

– Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя – прапануе  грамадству Беларусі праект новага грамадскага ладу, праекты грамадска-палітычных рэформаў, заснаваныя на хрысціянска-дэмакратычных каштоўнасцях, а таксама дае ўзор новай палітычнай культуры, маральнай палітыкі.

Хрысціянскую Дэмакратыя — гэта альтэрнатыва сучаснай палітычнай сістэме – як уладам, так і апазіцыі. Цяперашняя сістэма — гэта адзінае цэлае, якое нельга дзяліць на рэжым і на апазіцыю. Сістэма, якой ўжо больш за 10 гадоў і за гэтыя гады не адбылося аніякіх значных зменаў, ні ўнутры самой апазіцыі, ні ў краіне ў цэлым.

Мы прапануем альтэрнатыву нашаму грамадству – гэта наш шанец на перамены.

Мы не чакаем прыхода да улады, каб пачаць дзейнічаць, мы робім змены “тут і цяпер”, ужо сёння мы праводзім нацыянальныя кампаніі, якія дасягаюць поспеху: за забарону акультызму на тэлебачанні; у абарону хрысціянства і правоў чалавека – за змены у закон “Аб свабодзе сумлення”; за падтрымку беларускіх сем’яў;за пашырэнне беларускай мовы; за змены ў эканамічным заканадаўстве. І ў многіх пытаннях улада вымушаная ісці на саступкі. Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя – гэта перамога ўжо сёння.

Мы ведаем рэальныя патрэбы людзей – у гэтым наша сіла. Калі паўсюль расколы і варожасць  — у БХД супрацоўнічаюць разам праваслаўныя і каталікі, пратэстанты і людзі іншых веравызнанняў, якіх яднаюць агульныя каштоўнасці і  агульнае бачанне будучай Беларусі. Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя – гэта адзінства беларусаў.

І самая галоўнае кожны чалавек жадае бачыць пры ўладзе тых, хто яго не падмане, не здрадзіць. Такія людзі сабраліся ў БХД, бо калі палітык хрысціянін – ён нясе адказнасць за свае дзеянні не толькі перад людзьмі, але і перад Богам. Таму Перамога пад Воршай – не выпадковае вайсковае здарэнне,  гэта адзін з пладоў вайсковага майстэрства, культуры, палітыкі, духу беларускага народу.

Сёння нам важна памятаць пра тое, што за  кожнай значнай падзеяй, подзвігам – асоба. За перамогай пад Воршай стаіць  постаць Канстанціна Астрожскага, — мужнага ваяра, сумленнага палітыка, адданага патрыёта, вернага хрысціяніна. Значнасць падзей дапамагае нам ацаніць значнасць асобы.  Ён не шукаў краіны, дзе лепей жыць, не шукаў веры, якая больш да спадобы, ён быў верным Краіне і народу, у якім нарадзіўся, захоўваў і абараняў веру, якую прыняў ад бацькоў і спадзяваўся на Госпада ва ўсіх сваіх справах – таму поспех і Божае дабраславенне заўсёды былі з ім.

 

Калі сучасная моладзь, сучасныя палітыкі будуць браць прыклад з такіх людзей як Канстанцін Астрожскі, я ўпэўнены, што Гасподзь дабраславіць Беларусь і беларусаў на новыя перамогі – у культуры, палітыцы, духовым жыцці. І гэтыя перамогі будуць не менш значныя за перамогу пад Воршай.

Віталь Рымашэўскі, сустаршыня БХД