Беларускі Хрысьціянскі Хіт

У беларускіх музычных крамах, маладзёвых тусоўках і цэрквах зьявілася надзвычай цікавая навінка: CD “Беларускі Хрысьціянскі Хіт”.

Год таму група энтузіястаў-вернікаў (праваслаўных, каталікоў і пратэстантаў) вырашыла сабраць на адным кампакт-дыску найлепшыя беларускамоўныя хрысьціянскіе сьпевы. (Дзіўна, што ў хрысьціянскай краіне Беларусі да гэтага дайшло толькі цяпер). І калі спачатку арганізатары сумняваліся, ці набярэцца такіх хітоў хаця б на адзін музычны альбом, дык ужо праз два месяцы ва ўнушальнай фанатэцы апынулася больша за 1000(!) адпаведных кампазыцыяў. Часта творчасьць аднаго гурта не выходзіла на рамкі касьцельнай ці баптысцкай грамады; іншыя ж сьпевы перапяваліся па-свойму адразу некалькімі канфэсіямі.

50 адабраных паводле строгіх крытэраў хітоў прайшлі ратацыю ў 10 хрысьціянскіх фокус-групах (адпаведна, праваслаўный, каталіцкай, грэка-каталіцкай, баптысцкай, поўнаэвангельскай – і г.д.) – і вернікі самі адабралі 21 найлепшы сьпеў. Трэба адзначыць, што на гэтым этапе канкурэнцыі ня вытрымалі й вылецелі са “складанкі” такія раскручаныя кампазыцыі як “Матка Боска Вастрабрамска” з “Народнага Альбому”, “Ісус” “Мясцовага Часу”, Крамаўскі “Анёл” – але засталіся мацнейшыя.

Найбольш хітовымі выканаўцамі вернікі прызналі гурты “Тэзаўрус”, “Псальмяры”, “DVA” і Алесю Унукоўскую. Пра сэнсавы ўзровень можна меркаваць паводле аўтарства тэкстаў – тут і Янка Купала (“Хрыстос Уваскрос”), і Рыгор Барадулін (“Ерусалім”), і Уладзімір Караткевіч (“На Беларусі Бог жыве”). Пачынаецца “Беларускі Хрысьціянскі Хіт”, вядома, гімнам “Магутны Божа” у выкананьні Гарадзенскай капэлы; завяршаецца – харавым “Ойча наш” (праваслаўны хор Брацтва Трох Віленскіх Мучанікаў). Сярод выканаўцаў – вядомыя барды Андрэй Мельнікаў, Інэса Леаданская. Аўтарства некаторых хітоў адшуканых у глыбінцы, устанавіць не ўдалося – яны практычна сталі народнымі.

Яшчэ адна безумоўная вартасьць “Беларускага Хрысьціянскага Хіта” – у тым, што многіе сьпевы (напрыклад, “Магутны Божа”, “Весяліся”, “Чакае Цябе Беларусь”) – рэальна паліканфэсійныя, і выконваюцца як на праваслаўных фэстах, так і ў касьцёле, і падчас пратэстанцкіх набажэнстваў.

Апроч гэтага, “Беларускі Хрысьціянскі Хіт” выконвае вельмі важную справу б е л а р у с і з а ц ы і беларускіх хрысьціянскіх асяродкаў. Пры панаваньні царкоўнаславянскай мовы ў прыходах РПЦ, польскім уплыве ў Касьцёле, дамінаваньні расейскай сярод пратэстантаў “Беларускі хрысьціянскі хіт” можа даць моцны штуршок да духовага й нацыянальнага адраджэньня.

Такім чынам, незвычайны CD – ня толькі ўнікальны музычны, але і міжканфэсійны, і культурніцкі праект. Больш таго, колькасьць назапашаных аўдыёматар’ялаў падштурхнула арганізатараў “Беларускага Хрысьціянскага Хіта” да выпуску цэлае сэрыі: “Беларускі Калядны Хіт”, “Беларускі Велікодны Хіт”, “Беларускі Хрысьціянскі Рок”, “Бардаўскі Хрысьціянскі Хіт” і г.д.

Бліжэйшым часам пройдуць прэзэнтацыі “Беларускага Хрысьціянскага Хіта” у Менску ды іншых гарадох Беларусі.

Пытайцеся Альбом у крамах ды ў незалежных распаўсюднікаў!