Гісторыя

На пачатку ХХ стагоддзя, калі актывізаваўся беларускі нацыянальны адраджэнскі рух, пачаўся і беларускі хрысціянскі рух, перш за ўсё ў асяроддзі маладога беларускага каталіцкага духавенства: у Віленскай каталіцкай духоўнай семінарыі і Каталіцкай духоўнай акадэміі ў Пецярбургу. У гэтых вучэльнях утварыліся беларускія гурткі.

Менавіта ў гэты перыяд адраджэнскага руху і пазней адзначыліся сваёй нацыянальнай свядомасьцю каталіцкія святары, выхадцы з Беларусі, якія скончылі Віленскую духоўную семінарыю і Каталіцкую духоўную акадэмію ў Пецярбургу. Гэта былі Адам Станкевіч, Станіслаў Глякоўскі, Антон Шышка, Канстанцін Стаповіч, Язэп Германовіч, Фабіян Абрантовіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Аляксандар Астрамовіч і іншыя.

 

Хрысціянская Дэмакратычная Злучнасць (травень 1917 – лістапад 1927 гг.)

 

У верасні 1915 г., падчас першай сусветнай вайны, Заходняя Беларусь была акупавана нямецкімі войскамі. Пачынаючы з 1917 г., ва ўсходняй і цэнтральнай частках Беларусі каталіцкі Касцёл апынуўся ў новых абставінах. Адразу пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. у Расіі Часовы ўрад сваім дэкрэтам надаў Касцёлу такія ж правы, як і Царкве. Часовы ўрад дазволіў аднавіць адміністрацыі каталіцкіх дыяцэзій (біскупстваў). Касцёлу была вернута маёмасць, раней канфіскаваныя будынкі, дазволена дзейнасць манаскіх ордэнаў.

         Рэлігійная праца суправаджалася і грамадска-палітычнай. Яшчэ ў 1915 г. у заходняй частцы Беларусі, акупаванай нямецкімі войскамі, была створана грамадская арганізацыя “Хрысціянская злучнасць”. Сярод яе арганізатараў быў віленскі біскуп Э. Рон, ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, ксёндз Аляксандр Астрамовіч ды іншыя. У склад “Хрысціянскай злучнасці” увайшлі прадстаўнікі буржуазіі, землеўладальнікаў, сярэдніх гарадскіх пластоў, рабочых і сялян. Арганізацыя мела ліберальна-канстытуцыйны напрамак.

         Ужо ў траўні 1917 г. у Петраградзе клерыкальнымі дзеячамі з інтэлегенцыі, блізкай да Каталіцкай духоўнай акадэміі, была створана беларуская клерыкальная дэмакратычная нацыянальная партыя – Хрысціянская дэмакратычная злучнасць, якая пазней стала называцца Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД). Дзейнасць яе хутка была перанесена ў Менск, дзе з 1916 г. актывізавалася грамадска-палітычная праца каталіцкага духавенства.

         24-26 траўня 1917 г. у Менскім кафедральным касцёле, калі была адноўлена Менская дыяцэзія, адбыўся з’езд беларускага каталіцкага духавенства, на якім сабраліся 30 чалавек. Адзін з арганізатараў з’езда, ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, прачытаў на з’езде два рэфераты: 24 траўня “Акцыя палітычна-народная каталіцкага духавенства на Беларусі ў нашых часах” і 25 траўня – “Стварэнне каталіцкай партыі”. Разам з гэтымі дакладамі на з’езде абмяркоўваліся даклады ксяндза Адама Станкевіча аб беларускім руху і яго яго стасунках да касцёльнага жыцця і да каталіцкай працы, ксяндза Фабіяна Абрантовіча аб асветніцкай дзейнасці ды іншыя.

         Менскі з’езд фармальна завяршыў стварэнне хрысціняска-дэмакратычнай партыі, якая дзейнічала да ліпеня 1917 г. яна атрымала назву Беларуская Хрысціянска-Дэмакратычная Злучнасць (БХДЗ), а потым Беларуская Хрысціянская дэмакратыя. З’езд прыняў пастановы аб арганізацыі Хрысціянска-Дэмакратычнай партыя, аб беларусізацыі каталіцкага Касцёлу на ўсёй прасторы Беларусі, аб імкненні (на той час) шырокай аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай Рэспублікі. Былі таксама прыняты рашэнні аб навучанні клерыкаў-беларусаў па-беларуску, заснаванні беларускіх газет і часопісаў, кніжак каталіцкага напрамку.

Прадстаўнікі партыі ўваходзілі ў Беларускі нацыянальны камітэт, а потым і ў Вялікую Беларускую раду. БХДЗ вітала акт 25 сакавіка 1918 году, які абвяшчаў незалежнасць Беларусі.

Як арганізацыя дэмакратычная, БХД арыентавалася на эвалюцыйны шлях развіцця грамадства і парламэнцкія формы барацьбы. Выступала супраць таталітарызму — фашызму і бальшавізму.

У 1918 годзе ў Менску адчынілася Каталіцкая духоўная сэмінарыя на чале з а. Фабіянам Абрантовічам. Амаль усе навучэнцы ў ёй былі беларусамі. Айцец Ф.Абрантовіч намагаўся  заснаваць у Менску Беларускую каталіцкую акадэмію, але не здолеў давесьці гэтую справу да канца з-за ўсталявання ў сьнежні 1918 года савецкай улады.

Пасля Рыжскай змовы (1921) Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя працягвала дзейнасьць на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая адышла да Польшчы (сядзіба партыі знаходзілася ў Вільні). Партыя пашырала нацыянальную свядамасьць сярод беларускага насельніцтва вёсак і мястэчкаў, заклікала адстойваць права на беларускую мову ў школах і ў рэлігійным жыцці. Для ўзмацнення свайго ўплыву сярод сялянаў хрысціянскія дэмакраты заклалі ў 1926 годзе ў Вільні Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры.

У тым жа 1926 годзе мітрапалітам, арцыбіскупам Віленскім быў прызначаны Рамуальд Яблжыкоўскі, які адразу пачаў праводзіць антыбеларускі курс у сваёй архідыяцэзіі. Былі забаронены казанні на беларускай мове, а ксяндзоў-беларусаў пераводзілі ў мясцовасьці з польскім насельніцтвам. У Віленскай духоўнай сэмінарыі ўзмацнілася паланізацыя. Р.Яблжыкоўскі забараніў беларусам-католікам уступаць у Беларускую Хрысціянскую Дэмакратыю і асуджаў каталіцкую газэту “Беларуская Крыніца”.

Айцец Вінцэнт Гадлеўскі за сваю нацыянальна-рэлігійную дзейнасць быў двойчы арыштаваны і ў 1927 году асуджаны на два гады турэмнага зняволеньня.

 

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя (лістапад 1927 – верасень 1939 гг.)

 

6 лiстапада 1927 г., у Вiльнi хадэцкiя актывiсты, што гуртавалiся вакол выдаванай Адамам Станкевiчам газеты “Беларуская Крынiца”, правялi ўстаноўчы сход партыi “Беларуская Хрысцiянская Дэмакратыя”.

У 2-й праграме, прынятай на Сходзе гаварылася, што “БХД імкнецца да самастойнасці беларускага народу на ўсіх яго землях, аб’яднаных у незалежную дэмакратычную рэспубліку”.

 

Ад 1927 году сябрамі партыі, паводле зменаў у Статуце, маглі быць не толькі каталікі, але і праваслаўныя. Гэты крок даў БХД магчымасць стаць адным з лідэраў сярод партыяў Заходняй Беларусі.

Павялічэнне колькасці сяброў БХД не магло не турбаваць тагачасныя акупацыйныя польскія ўлады. Асабліва ўзмацнілі яны кантроль за Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыяй пасля таго, як у лютым 1936 года паміж Беларускім інстытутам гаспадаркі і культуры і Таварыствам беларускай школы было падпісанае пагадненне ў справе змагання за школу на роднай мове. Тым часам у самой партыі ў сувязі з рэарганізацыяй яе ў Беларускае Нацыянальнае Аб’яднаньне адбыўся падзел на дэмакратаў і кансэрватараў. Кансэрватары на чале з В.Гадлеўскім утварылі арганізацыю, якая атрымала найменьне Беларускі Нацыянальны Фронт, а Беларускае Народнае Аб’яднаньне ўзначаліў Янка Пазняк.

Пасля далучэньня ў верасні 1939 году Заходняй Беларусі да СССР дзейнасьць партыяў была забаронена, многія хрысціянскія дэмакраты былі рэпрэсаваныя (сярод іх Янка Пазняк, Адам Станкевіч, Станіслаў Грынкевіч, Фабіян Абрантовіч, Янка Шутовіч, Язэп Германовіч, Андрэй Цікота), некаторыя пэўны час як маглі працягвалі працу на карысць Бацькаўшчыны, іншыя выехалі за мяжу.

Улетку 1941 году Віленскі арцыбіскуп Р.Яблжыкоўскі накіраваў з Вільні ва Ўсходнюю Беларусь ксяндзоў (Станіслава Глякоўскага, Дзяніса Мальца, Пятра Татарыновіча, Казіміра Рыбажтоўскага), якія павінны былі ўзнавіць дзейнасьць касьцёлаў. Аднак ужо ў снежні 1941 году нямецкія ўлады арыштавалі ў Менску ксяндзоў Д.Мальца і С.Глякоўскага і, праўдападобна, расстралялі. Ксяндзы П.Татарыновіч і К.Рыбалтоўскі былі вымушаныя пакінуць Усходнюю Беларусь. У снежні 1942 году у сваім службовым кабінеце быў арыштаваны менскім СД айцец В.Гадлеўскі і потым закатаваны. Айцец К.Рыбалтоўскі быў расстраляны нацыстамі ў ліпені 1943 году.

 

БХД у савецкія часы (верасень 1939- кан. 1980-х гг.)

 

У савецкія часы дзейнасць любых палітычных партыяў апрача КПСС была забаронена. Носбітамі хрысціянска-дэмакратычных ідэяў заставаліся асобныя нацыянальна арыентаваныя вернікі, якія былі вымушаныя дзейнічаць падпольна і не мелі магчымасцяў ствараць адпаведных арганізацый.

 

Спроба адраджэння БХД на пачатку 1990-х гг.


На пачатку 1990-х у вiры нацыянальнага руху ў Беларусi ўзнiкла адразу некалькi хрысцiянска-дэмакратычных партый: Беларуская Хрысцiянска-Дэмакратычная Злучнасць, Хрысцiянска-Дэмакратычны Выбар, Беларуская Хрысцiянска-Дэмакратычная Партыя. Праўда, спрабуючы заняць палiтычную нiшу, гэтыя партыйныя ўтварэннi не здолелi здабыць шырокай падтрымкi вернiкаў ды патрыётаў i засталiся хутчэй знакам запатрабаванасцi самой хрысцiянска-дэмакратычнай iдэi ў Беларусi.

 

Сучасная Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя (ад 2005 года)


У пачатку 2000-х гадоў з групы былых актывістаў Маладога Фронту паўстала ініцыятыва па адраджэнні БХД. Ініцыятыва пазыцыянавала сябе як сіла, што грунтуе сваю дзейнасць на хрысціянскіх каштоўнасцях і беларускім патрыятызме. У адрозненні ад сваіх папярэднікаў, сучасная БХД пазыцыянуе сябе як міжканфэсіянальная партыя, арыентаваная таксама на праваслаўных вернікаў і пратэстантаў.

Арганізацыйны камітэт партыі пачаў актыўную працу ў 2005 годзе. У яго ўвайшлі як ужо вядомыя ў Беларусі дэмакратычныя палітыкі-хрысціяне, так і новыя грамадскія лідэры. Сустаршыні БХД: Георгі Дмітрук, Віталь Рымашэўскі, Павал Севярынец, Аляксей Шэін.

 

Устаноўчы З’езд


На пачатку 2009 года Аргкаміэтам па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” было прынятае рашэнне аб неабходнасці правядзення Устаноўчага з’езду і дзяржаўнай рэгістрацыі Партыі.

Цягам студзеня/лютага па ўсёй краіне адбываліся рэгіянальныя сходы сяброў БХД, дзе вылучаліся дэлегаты на Устaноўчы з’езд. Усяго было вылучана 205 дэлегатаў.

28 лютага ў Менску, у Палацы культуры “МАЗ” адбыўся Устаноўчы з’езд Партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя. На з’ездзе прысутнічалі 204 дэлегата, а таксама госці, прадстаўнікі СМІ – агулам больш за 600 чалавек. На з’ездзе былі прынятыя Праграма і Статут Партыі, абранае кіраўніцтва – Нацыянальная Рада і сустаршыні.

12 сакавіка 2009 году дакуманты, неабходныя для дзяржаўнай рэгістрацыі, Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” былі перададзены ў Міністэрства юстыцыі. 12 траўня Міністэрства юстыцыі Беларусі адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі партыі.

Паводле заяваў кіраўніцтва партыі, рашэнне не мела пад сабой прававой базы. Таму заснавальнікі партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) падалі пазоў у Вярхоўны суд адносна рашэння Міністэрства юстыцыі.

22 ліпеня, суддзя Вярхоўнага суда выказаўся за тое, каб пакінуць рашэнне мінюсту без змяненняў. Лідэры БХД адразу назвалі гэтае рашэнне палітычным. Разам з тым, паводле заяўлення адказнага сакратара партыі Дзяніса Садоўскага, БХД плануе працягваць сваю дзейнасць нягледзячы на адсутнасць дзяржаўнай рэгістрацыі.

На сходзе Нацыянальнай Рады, які адбыўся 25 ліпеня 2009 году ў Менску, было прынятае рашэнне аб паўторнай спробе рэгістрацыі партыі. Пазней была прызначана дата З’езду – 31 кастрычніка 2009 г.

Сярод асноўных мэтаў сучаснай Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі – дэмакратычныя змены ў Беларусі, прамоцыя хрысціянскіх каштоўнасцяў у беларускім грамадстве і абарона правоў вернікаў.