Прынцыпы – Дактрына БХД

Прынцыпы працы БХД:

 

  1. Дыскрымінацыя па рэлігійнай, нацыянальнай, сацыяльнай і інш. прыкметах недапушчальная;
  2. БХД не змагаецца супраць чалавека, а змагаецца супраць зла. (Пр. : не супраць Лукашэнкі, а супраць дыктатуры, за Беларусь на хрысціянска- дэмакратычным падмурку)
  3. Адзіным крытэрам ацэнкі дзейнасці кожнага сябра партыі ёсць вынікі яго працы. (судзіць пра чалавека можна толькі па пладах, па выніках працы, а не па чутках і меркаваннях).
  4. Забарнена стварэнне партыйных структураў БХД па канфесійнай прыкмеце (хаця нейкія праекты БХД могуць быць накіраваныя на працу з той ці іншай канфесіяй, але забароненае стварэнне ўласна каталіцкіх, праваслаўных ці пратэстанцкіх суполак);
  5. У межах БХД забароненая ўласна рэлігійная дзейнасць (БХД – не Царква і не займаецца дзейнасцю ўласна царкоўных супольнасцяў – місіянерствам з мэтай далучэння да пэўнай царквы, катэхізацыяй, набажэнствамі і г.п.) ;
  6. Рэалізацыя праграмных мэтаў і прынцыпаў БХД ўнутры партыйных структураў (унутраная дэмакратыя, адказнасць, субсідыярнасць, напрыклад: калі мы супраць таго, каб Прэзідэнт РБ выбіраўся больш, чым на 2 тэрміны, тады і старшыня БХД, калі ён будзе, ня можа выбірацца больш, чым на 2 тэрміны і г.д.);
  7. У сваёй дзейнасці БХД аддае перавагу негвалтоўным метадам барацьбы і робіць усе магчымыя намаганні дзеля ўсталявання грамадзянскага міру ў Беларусі на фундаменце хрысціянска-дэмакратычных каштоўнасцей;
  8. Амаральныя паводзіны ў БХД недапушчальныя (Пр. п’янства, брыдкаслоўе, разбэшчанасць. Калі чалавек гэта дапускае, альбо не можа справіцца з алкагалічнай, наркатычнай залежнасцю і г.п.,  яго мусяць перавесці ў статус кандыдата ў БХД да выпраўлення, пры адсутнасці выпраўлення ў далейшым — выключыць).
  9. БХД ажыццяўляе свае праграмныя мэты і задачы “ТУТ І ЦЯПЕР”. Гэта азначае, што мы не чакаем прыходу да ўлады дзеля таго каб пачаць рэформы беларускага грамадства, а робім усе магчымыя змены ўжо зараз. (Пр. забарона рэкламы акультызму, змена Закона аб свабодзе сумлення, беларусізацыя грамадства  і інш. )

 

маральна-этычныя прынцыпы БХД:

  1. Крытыкаваць канфесіі маюць права ў першую чаргу прадстаўнікі гэтых канфесіяў (тыя людзі, якія найперш нясуць адказнасць за гэтую канфесію);
  2. Кіраўнікамі гарадскіх, абласных, рэгіянальных структураў БХД могуць быць толькі ўцаркоўленыя хрысціяне (крытэр – калі святар, ксёндз, епіскап, пастар, кіраўнік брацтва, царкоўнай супольнасці можа засведчыць пра гэтага чалавек, што ён  – сапраўды чалец той ці іншай царквы ці царкоўнай суполнасці);
  3. У працы з іншымі арганізацыямі, партыямі, палітычнымі апанентамі пераход на абразы недапушчальны;
  4. Адказнасць за наступствы самастойных рашэнняў бярэ тая суполка БХД, якая прыймае рашэнне (калі, згодна з прынцыпам субсідыярнасці, мясцовая суполка БХД прыймае рашэнне па тым ці іншым пытанні самастойна, не параіўшыся з кіраўніцтвам БХД, яна цалкам бярэ адказнасць за ўсе наступствы гэтага рашэння, у тым ліку матэрыяльныя).

 

Місія БХД:  Усталяваць у Беларусі дзяржаўны лад, заснаваны на хрысціянска-дэмакратычных каштоўнасцях, даць прыклад новай палітычнай культуры.

Місія БХД ажыццяўляецца праз прыход да ўлады, а таксама праз арганізацыю грамадскіх кампаній і акцый, накіраваных на  дасягненне мэтаў і задач БХД.

 

Стратэгічная задача БХД – стварыць партыю ідэі (не партыю лідэра), таму

кожны актыўны сябра БХД мусіць ведаць і прымаць:

  • ідэалогію БХД;
  • стратэгію БХД;
  • прынцы працы і маральна-этычныя прынцыпы БХД.

 

 

Дактрына БХД


Гэта непарушныя дактрынальныя палажэньні БХД. Менавіта гэтымі палажэньнямі мы правяраем слушнасьць, разумнасьць і маральнасьць усіх дзеяньняў і рашэньняў у нашай краіне, як сваіх уласных, так і нашых партнэраў і апанэнтаў.

 

СЯМ’Я.

Дзяржавы на тэрыторыі Беларусі зьмяняліся, а сям’я заставалася. Людзі жывуць у першую чаргу ў сям’і. Сям’я – гэта продкі і нашчадкі. Продкі працавалі і пакідалі спадчыну нам, мы памнажаем яе і пакінем нашчадкам. Гарады, мястэчкі, хаты і дарогі зробленыя рукамі нашых продкаў, якія жылі ў Савецкім Саюзе, у Расійскай Імпэрыі, у Вялікім княстве Літоўскім. Усё гэта спадчына продкаў сем’яў, якія жывуць цяпер. Хай гэтыя сем’і жывуць вечна ў сваіх нашчадках – грамадзянах свабоднай Беларусі. Традыцыі беларускіх сем’яў – аснова нашай дзяржаўнасьці і права беларусаў жыць так, як ім жадаецца.

Мы за такую дзяржаву, якая стварае максымальна спрыяльныя ўмовы для росквіту сям’і – месцы нараджэньня і жыцьця беларусаў.

 

ПРАВЫ І СВАБОДЫ ЧАЛАВЕКА.

Мы – гэта тыя, хто падзяляе палажэньні гэтай дактрыны. Але любы чалавек у Беларусі свабодны думаць і жыць так, як лічыць слушным. Толькі тады краіна сувэрэнная і свабодная, калі кожнаму гарантаванае права жыць так, як ён лічыць патрэбным, калі кожны яе жыхар свабодны. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе ўсім правы і свабоды, дзяржава забясьпечвае захаваньне гэтых правоў і свабодаў.

Мы за дзяржаву свабодных грамадзян. Мы за гарантыю правоў чалавека.

 

ПРЫВАТНАЯ ЎЛАСНАСЬЦЬ.

Чалавек свабодны толькі тады, калі яго жыцьцё забясьпечана ім самім. Самому забясьпечыць сваё жыцьцё можна толькі маючы ўласнасьць. Свабодныя грамадзяне – свабодная дзяржава, багатыя грамадзяне – багатая дзяржава. Людзі могуць імкнуцца да багацьця толькі тады, калі гэта іх багацце, іх прыватная ўласнасьць. Прыватная ўласнасьць – гэта тады, калі ўласнасьць можна пакінуць дзецям і нашчадкам. Прыватная ўласнасьць – аснова сям’і. Забарона прыватнай уласнасьці знішчае сям’ю.

Мы за прыватную ўласнасьць.

 

ЗАКОН.

Законы дзяржавы – прадукт творчасьці і высілкаў многіх пакаленьняў людзей. Законы могуць быць недасканалымі. Але няма ніводнага чалавека, якую б высокую пасаду ён ні займаў, які можа грэбаваць законам. Законы можна і трэба зьмяняць і ўдасканальваць, але ніхто ня можа парушаць і пераступаць Закон.

Мы за пяршынства Закона ва ўсіх сфэрах жыцьця.

 

СУВЭРЭНІТЭТ.

Беларусь – нашая Бацькаўшчына, нашая зямля. Мы гаспадары на сваёй зямлі. Мы любім яе такой, якая яна ёсьць, мы любім яе такой, якой яна павінна стаць. Праца і любоў нашых продкаў зрабілі Беларусь такой, якая яна ёсьць. Нашая праца і любоў зробяць яе квітнеючай, багатай і прыгожай. Мы адказваем за гэта самі. Менавіта гэтая адказнасьць і ёсьць сутнасьцю сувэрэнітэту народа Беларусі. У гэтым яе свабода.

Таму мы за сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь.

 

ВАЙНА І МІР.

Вайна пакінула крывавыя сьлед у кожнай беларускай сям’і. Мы вельмі добра ведаем, што такое вайна. Беларусь ня мае ворагаў сярод блізкіх і далёкіх краінаў. БХД – за мірную беларускую дзяржаву. Аднак Беларусь павінна мець войска, здольнае бараніць краіну. Беларускае войска – гарант незалежнасьці – мы бачым прафэсійным, мабільным і сапраўды беларускім.

Мы за невялікае прафэсійнае войска і кароткую вайсковую падрыхтоўку для маладых мужчын з магчымасьцю альтэрнатыўнай службы.

СЬВЕТ, ЭЎРОПА І СУСЕДЗІ.

Беларусь мяжуе зь пяцьцю краінамі. З кожнай нас зьвязваюць цесныя сувязі сучаснай палітыкі і старажытныя традыцыі. Нам няма падставаў вылучаць некага з суседзяў, арыентаваць палітыку краіны ў адным напрамку. Тэрыторыя Беларусі ляжыць на шляху з Эўропы ў Расею. Беларусь мае выгоднае геаграфічнае становішча і наш абавязак – разумна карыстацца з гэтага.

Мы за адкрытую палітыку ў адносінах з ўсім сьветам.

 

КУЛЬТУРА.

Мы – беларусы, і гэтым адрозьніваемся ад усіх іншых народаў. Ва ўсім астатнім мы такія ж, як усе. Нам трэба кантактаваць з усімі народамі, гэта ўзбагаціць нас і нашую культуру. Мы цікавыя іншым народам толькі тым, чым адрозьніваемся ад іх, тым, чым можам узбагаціць іх культуру. Нам трэба разьвіваць сваё – беларускае, гэтага ніхто акрамя нас ня зробіць. Нам патрэбныя таксама і дасягненьні іншых культураў.

Мы за разьвіцьцё беларускай культуры і дыялёг зь іншымі культурамі.

 

ЭКАЛЁГІЯ І ПРЫРОДА.

Зямля, вада, лясы і палі нашай Бацькаўшчыны занядбаныя. Чарнобыль вывеў з выкарыстаньня ладную частку зямель – забрудзіў радыяцыяй. Гэта наступствы неразумнай гаспадарчай дзейнасьці. Зараз мы самі сувэрэнныя гаспадары нашай краіны і адказваем за яе прыроду перад сваімі нашчадкамі, якім на ёй жыць. Нашая гаспадарчая дзейнасьць павінна быць разумнай. Мы захаваем прыроду зямлі, якую любім.

Мы за разумнае экалягічнае гаспадараньне на сваёй зямлі.

 

РЭЛІГІЯ І СВАБОДА СУМЛЕНЬНЯ.

Мы разглядаем свабоду сумленьня як свабоду трымацца тых або іншых прынцыпаў, поглядаў і перакананьняў, свабоду вызнаваць тую ці іншую рэлігію альбо не вызнаваць ніякай. Свабода сумленьня зьяўляецца найважнейшым правам чалавека ў дэмакратычнай дзяржаве. Кожны чалавек мае права выбіраць форму вызнаньня тае або іншае рэлігіі публічна ці патаемна, аднаасобна ці сумесна зь іншымі. Не павінна існаваць ніякіх абмежаваньняў свабоднаму распаўсюду рэлігійных поглядаў і перакананьняў, за выключэньнем тых, што неабходны для абароны правоў чалавека і яго свабод. Кожны чалавек павінен мець права на вольнае навучаньне асновам выбранай ім рэлігіі, мець права на вольныя рэлігійныя аб’яднаньні і таварыствы. Мы лічым, што рэлігійныя таварыствы і аб’яднаньні павінны дзейнічаць незалежна ад дзяржавы і рэгістравацца заяўным парадкам. Зьяўляецца недапушчальным любое ўмяшаньне дзяржавы ў справы рэлігійных аб’яднаньняў, за выключэньнем выпадкаў, калі маюць месца крымінальна караныя дзеяньні. Рэлігійныя арганізацыі павінны мець ўсе правы юрыдычнай асобы. БХД лічыць недапушчальным умяшальніцтва дзяржавы ва ўнутранае жыцьцё царквы.

Мы за свабоду сумленьня.

 

 

КАНФЭСІЙНАСЬЦЬ

 БХД зьяўляецца неканфэсійнай партыяй. Мы ў сваей дзейнасьці лічым неабходным адстойваць інтарэсы вернікаў усіх хрысьціянскіх канфэсіяў, існуючых на Беларусі. БХД імкнецца ствараць роўныя ўмовы дзеля ўдзела ў партыйным жыцьці, палітычных праектах і кампаніях БХД прадстаўнікам усіх канфэсіяў. Беларусь – гістарычна шматканфэсійная краіна і нашая задача – спрыяньне мірнаму і дабразычліваму суіснаваньню ўсіх канфэсіяў, разьвіццю міжканфэсійнага дыялогу і супрацоўніцтва. Таму БХД лічыць недапушчальным і разбураючым узьнікненьне ў Беларусі палітычных партыяў паводле канфэсійнай прыналежнасьці іх сябраў. Мы разумеем неабходнасьць поўнамаштабовага духовага абуджэньня, адраджэньня ў людзкіх душах стваральнага, жыцьцясьцьвярджальнага й аптымістычнага, сутнасна хрысьціянскага й патрыятычнага сьветапогляду. Мы выступаем за шчыльнае супрацоўніцтва ўсіх хрысьціянаў як у супольным дыяканічным, сацыяльным, культурным, так і ў палітычным служэньні.

Мы за неканфэсійнасьць партыяў і за разьвіцьцё міжканфэсійнага дыялёгу і супрацоўніцтва.

 

Партыя ідэі

БХД, заснаваная на хрысьціянскіх каштоўнасьцях і беларускім партыятызме, – ня партыя інтарэсаў, не перадвыбарчы праект і не масоўка для лідэра. БХД – клясычная партыя ідэі. Ідэя БХД – гэта ідэя Беларусі, якая жыве паводле хрысьціянскіх прынцыпаў.

Таму, як партыя ідэі, БХД мусіць мець выразную, скрышталізаваную ідэю – ад праграмы, стратэгіі, заканадаўчых праектаў да сыстэмных тэкстаў (кніг, буклетаў, бюлетэняў, сайтаў, зборнікаў) і актуальных лёзунгаў.

Як партыя ідэі БХД павінна акцэнтаваць увагу грамадзтва на пытаньнях маралі, правапарадку, законнасьці, прыватнай уласнасьці, сям’і, патрыятызму, правоў вернікаў, адраджэньні нацыянальнай і духоўнай сьвядомасьці.

Дзеля зьмены палітычнага ладу ў Беларусі неабходная палітычная сіла, здольная прапанаваць плян лепшага ўладкаваньня беларускага грамадзтва і даць прыклад іншай палітычнай культуры. Гэтая сіла мусіць быць добра палітычна і ідэалягічна адукаванай, арганізаванай і дысцыплінаванай. Яна мусіць быць здольнай павесьці за сабою большасьць беларускага грамадзтва і мець жыцьцяздольны плян прыходу да ўлады.

 

Масавая партыя

Беларусь патрабуе моцнай палітычнай сілы, здольнай павесьці ўсю краіну і ўсё грамадзтва да духовага і нацыянальнага абуджэньня на хрысьціянскіх прынцыпах.

Як паказвае досьвед Беларусі, партыя можа лічыцца масавай і дзейнічаць у нацыянальным маштабе маючы парадку 7-10 тысячаў сябраў. Прыблізна столькі налічвалі прафсаюзы ў час уздыму рабочага руху ўвесну 1991 г., столькі сябраў было ў БНФ сярэзіны 90-х гг., столькі валанцёраў налічвала кампанія С.Домаша ў 2001 г. (было сабрана больш 250 тысячаў подпісаў у падтрымку кандыдата).

Толькі масавая партыя здольная арганізаваць абыход “ад дзьвярэй да дзьвярэй” па усёй краіне, вылучыць 110 кандыдатаў на парлямэнцкіх выбарах, сабраць больш 100 тысячаў подпісаў на прэзыдэнцкіх выбарах, а выніку перамогі – скласьці касьцяк кадраў мясцовага самакіраваньня, вядучую фракцыю ў парлямэнце ці сфармаваць дзеяздольны ўрад.

БХД мусіць быць масавай партыяй, здольнай ахапіць сваёю дзейнасьцю шырокія пласты насельніцтва, а колькасьць яе сябраў за 2-3 гады наблізіцца да 7-10 тысячаў чалавек.

 

Новая (хрысьціянская) палітычная культура

БХД мусіць даць прыклад новай, хрысьціянскай палітычнай культуры, прынесьці хрысьціянскія прынцыпы ў палітыку.

Адны з асноўных прынцыпаў палітычнай дзейнасьці БХД:

  • сумленнасьць (выкананьне абяцаньняў, адмова заведамай хлусьні);
  • прыстойнасьць (павага да іншых, у тым ліку, да ворагаў і апанэнтаў);
     асабісты маральны прыклад сябраў БХД;
  • прафэсійнасьць;
  • салідарнасьць;
  • невыкарыстаньне благіх сродкаў у добрых мэтах;
  • негвалтоўная палітычная барацьба.

 

Адносіны зь існуючымі суб’ектамі палітыкі:

  • з палітычнымі партыямі: разам, калі супадаюць мэты
  • з уладай: “ня супраць улады, а супраць зла”. На мясцовым узроўні можна рабіць супольныя праекты з органамі ўлады, калі гэта будзе магчыма.
  • з грамадзкімі арганізацыямі: разам, калі супадаюць мэты
  • з канфэсіямі: а) незалежнасьць ад канфэсіяў; б) строгае разьмежаване партыйнай і канфэсійнай дзейнасьці; в) роўнае стаўленьне да ўсіх канфэсіяў; г) шчыльнае супрацоўніцтва (супольныя сацыяльныя праекты, абарона правоў канфэсіяў)

КОДЭКС БХД (прынцыпы працы)

 

  1. Ад імя БХД ня можа праводзіцца ніякая рэлігійная дзейнасьць (чытаньне й разбор Пісаньня, набажэнствы, місія і г.д.).
  2. БХД – неканфэсійная партыя і стварэньне структураў па канфэсійным прынцыпе лічыцца недапушчальным.
  3. Сябра БХД мусіць паважліва ставіцца да да ўсіх хрысьціянскіх канфэсіяў і не дапускаць абразьлівых альбо зьняважлівых выказваньняў ці дзеяньняў ні ў чый бок.
  4. П’янства, брыдкаслоўе, прапаганда сэксуальнай разбэшчанасьці і іншыя амаральныя паводзіны лічацца недапушчальнымі для сябра БХД.
  5. Парушэньне партыйных дамоваў, невыкананьне ўзятых на сябе абавязкаў, заведамая хлусьня лічацца недапушчальнымі для сябра БХД.

За нанясеньне шкоды іміджу БХД, парушэньня вышэйпералічаных правілаў паводзінаў любы чалавек можа быць выключаны зь сябраў БХД. Працоўная група можа прыпыніць сяброўства такой асобы ў Аргкамітэце і працоўнай групе да наступнага скліканьня Аргкамітэту.

 

Прынцыпы працы з канфэсіямі:

  • пажадана дабраславеньне альбо згода (прыхільнасьць) царкоўнай герархіі на дзейнасьць БХД (неабходна праводзіць працу зь герархіяй усіх канфэсіяў.)
  • пажадана правядзеньне супольных грамадзкіх акцыяў (супраць алкагалізму, абортаў, прастытуцыі і г.д.)
  • праца на лякальным узроўні з клірам, знакавымі (аўтарытэтнымі і ўплывовымі) асобамі ў канфэсіях.
  • БХД не бярэ на сябе функцыі канфэсіі (малітоўную, богаслужбовую) — БХД нерэлігійная арганізацыя.
  • неабходна імкнуцца да канфэсійнай раўнавагі ў складзе БХД. БХД ня мусіць быць канфэсійнай партыяй.

 

Малітва на сустрэчах БХД:

  • абвяшчэньне перад малітвай для неверуючых, аб тым, што яны могуць не ўдзельнічаць у малітве;
  • малітва не павінна супярэчыць Сымбалю веры.

 

 

Кантакты:

 

220109, г. Мінск, а/с 290;

www.bchd.info

[email protected]