Праграма БЕЛАРУСКАЙ ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ДЭМАКРАТЫІ
ПРАГРАМА
ПАРТЫІ БХД
“НАРОДНАЯ ПАРТЫЯ З ХРЫСЦІЯНСКІМ СЭРЦАМ”
Менск, 2015
ЗМЕСТ
ПРЭАМБУЛА |
5 |
НАШЫ КАШТОЎНАСЦІ: БОГ, ЧАЛАВЕК, БЕЛАРУСЬ Бог Чалавек Беларусь |
7 7 7 8 |
1. НАРОД І КРАІНА |
9 |
1.1. Адраджэнне |
9 |
1.2. Беларуская нацыянальная ідэя |
9 |
1.3. Аб’яднанне народа |
10 |
1.4. Лідэрства БХД |
11 |
1.5. Месца і роля нацыянальных і канфесійных меншасцяў |
11 |
1.6. У сферы нацыянальнай палітыкі БХД выступае за… |
11 |
2. ЦАРКВА |
13 |
2.1. Царква – сэрца грамадства |
13 |
2.2. Царкоўныя арганізацыі і свабода сумлення |
13 |
2.3. Правы цэркваў |
14 |
2.4. Актыўныя цэрквы – адраджэнне краіны |
15 |
3. АСОБА І СУПОЛЬНАСЦЬ |
16 |
3.1. Свабода, салідарнасць і адказнасць |
16 |
3.2. Актыўныя грамадзяне ў вырашэнні грамадскіх праблем |
17 |
3.3. Свабода слова і інфармацыі. Сродкі масавай інфармацыі |
18 |
3.4. У галіне СМІ БХД выступае за… |
20 |
3.5. Развіццё навукі як нацыянальны прыярытэт |
21 |
4. ДЗЯРЖАЎНЫ ЛАД |
23 |
4.1. Дзяржаўны лад і выбарчае заканадаўства |
23 |
4.2. Арганізацыя рэспубліканскай улады |
23 |
4.3. Арганізацыя дзяржаўнай улады на павятовым узроўні |
24 |
4.4 Выбары |
25 |
4.5. У сферы дзяржаўнага кіравання БХД выступае за… |
26 |
5. СІСТЭМА МЯСЦОВАГА І РЭГІЯНАЛЬНАГА КІРАВАННЯ І |
27 |
5.1. Рэформа |
27 |
5.2. Вынікі рэалізацыі рэформы (АТП) |
28 |
5.3. Рэгіянальнае і мясцовае |
29 |
5.4. Арганізацыя мясцовага |
29 |
5.5. Аб’яднаная |
30 |
5.6. У сферы самакіравання БХД выступае за… |
31 |
5.7. Фінансава-эканамічная аснова самакіравання |
32 |
5.8. У галіне фінансавання самаўрадаў БХД выступае за… |
32 |
6. ЗАМЕЖНАЯ ПАЛІТЫКА |
34 |
6.1. Знешняя палітыка |
34 |
6.2. Міжнароднае |
34 |
6.3. Еўрапейскі выбар Беларусі |
35 |
6.4. Адносіны з Расійскай Фэдэрацыяй |
35 |
6.5. Балта-Чарнаморскае партнёрства |
36 |
6.6. Нашы |
36 |
6.7. У сферы міжнароднай палітыкі БХД выступае за… |
37 |
7. БЯСПЕКА І ПРАВААХОВА |
39 |
7.1. Нацыянальная бяспека |
39 |
7.2. Інфармацыйная бяспека і кіберзлачыннасць |
40 |
7.3. Незаконная міграцыя |
40 |
7.4. Канфігурацыя органаў нацыянальнай бяспекі і |
41 |
7.5. Міністэрства ўнутраных спраў |
42 |
7.6. Беларускае войска |
43 |
7.7. У галіне бяспекі |
44 |
8. ПРАВАСУДДЗЕ |
45 |
8.1. |
45 |
8.2. Судовая |
45 |
8.3. Суды |
45 |
8.4. |
46 |
8.5. Гаспадарчыя |
47 |
8.6. |
47 |
8.7. Судовае |
47 |
8.8. У справе |
48 |
8.9. Праваахоўныя |
48 |
8.10. У галіне |
49 |
8.11. Знішчэнне |
50 |
9. ЭКАНОМІКА, |
51 |
9.1. Сацыяльная |
51 |
9.2. Канкурэнтны |
52 |
9.3. Аснова новай |
52 |
9.4. Прыватная |
53 |
9.5 Свабоднае |
54 |
9.6. Наёмныя |
54 |
9.7. Прамысловасць |
55 |
9.8. Сельская |
55 |
9.9. Народная |
56 |
9.10. |
57 |
9.11. У сферы |
58 |
9.12. Энэргетыка |
59 |
9.13. Мясцовыя крыніцы энэргіі і энэргаэфектыўнасць |
60 |
9.14. Атамная энэргетыка |
60 |
9.15. Адказнае энэргетычнае гаспадаранне |
61 |
10. САЦЫЯЛЬНАЯ АБАРОНА |
63 |
10.1. Сацыяльная палітыка БХД |
63 |
10.2. Пенсійная сістэма |
63 |
10.3. У галіне сацыяльнай |
64 |
10.4. Сістэма аховы здароўя |
65 |
10.5. У галіне |
66 |
10.6. Страхаванне |
67 |
10.7. У галіне страхавання БХД выступае за… |
68 |
10.8. Прафсаюзны рух |
68 |
10.9. У сферы прафсаюзнай дзейнасці БХД выступае за… |
69 |
11. ПРЫРОДА І ЭКАЛОГІЯ |
70 |
11.1. Ахова навакольнага асяроддзя і экалагічныя праблемы Беларусі |
70 |
11.2. Арганізацыйная аснова экалагічнай палітыкі |
70 |
11.3. Падыходы да экалагічнай палітыкі |
71 |
11.4. Экасістэмы, біялагічная разнастайнасць і рэкрэацыя |
73 |
11.5. У сферы аховы прыроды і экалогіі БХД выступае за… |
74 |
12. МОЛАДЗЬ, СЯМ’Я І АДУКАЦЫЯ |
76 |
12.1. Моцная сям’я – моцная Беларусь |
76 |
12.2. Абарона жыцця |
78 |
12.3. Рэпрадуктыўнае здароўе |
79 |
12.4. Праграмы па падтрымцы сем’яў |
79 |
12.5. Роўнасць і рознасць мужчынаў і жанчынаў |
81 |
12.6. Сацыяльная небяспека хатняга гвалту |
82 |
12.7. Пазіцыі і планы БХД у сферы сямейнай палітыкі |
83 |
12.8. Моладзевая палітыка і адукацыя |
84 |
12.9. Актыўны ўдзел моладзі ў жыцці грамадства |
86 |
12.10. Праблемы сістэмы адукацыі |
86 |
12.11. Рэформа сістэмы адукацыі |
87 |
12.12. У галіне адукацыі БХД выступае за… |
90 |
Для нататак |
92 |
Прэамбула
НАРОДНАЯ ПАРТЫЯ
З ХРЫСЦІЯНСКІМ СЭРЦАМ
Мы, беларускія хрысціянскія дэмакраты, на пачатку ХХІ стагоддзя,
усведамляючы сваю адказнасць перад Богам і Бацькаўшчынай, стварылі новую
палітычную сілу – партыю “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”, якая грунтуецца
на хрысціянскіх каштоўнасцях,
дэмакратычных прынцыпах і беларускім патрыятызме.
Мы з’яўляемся спадкаемцамі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі першай
паловы ХХ стагоддзя і нашчадкамі традыцыі нацыянальнага і духоўнага адраджэння
Беларусі. Арыенцірам у нашай дзейнасці з’яўляецца праца такіх беларускіх
дзяржаўных дзеячоў-хрысціянаў, як Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, князі
Астрожскія, Францішак Скарына, Астафій Валовіч, Леў Сапега, Язэп Руцкі,
беларускія хрысціянскія дэмакраты першай паловы ХХ стагоддзя.
Дактрына “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі” увабрала ў сябе вопыт і
дасягненні БХД 1920-1930-х і 2000-х гадоў, Хрысціянска-Дэмакратычнага саюзу
Нямеччыны і іншых хрысціянска-дэмакратычных
партыяў Еўропы.
Партыя
“Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” з’яўляецца народнай партыяй і ажыццяўляе
дактрыну сучаснай хрысціянскай дэмакратыі ў Беларусі. БХД аб’ядноўвае людзей
шырокага ідэйнага спектра: хрысціянскіх дэмакратаў, прыхільнікаў цэнтрысцкай
хрысціянска-сацыяльнай плыні, а таксама прыхільнікаў каштоўнаснага
кансерватызму.
Мы
бачым сваёй сацыяльнай базай вернікаў-хрысціянаў, моладзь, сем’і,
прадпрымальнікаў, нацыянальна-арыентаваную інтэлігенцыю, інжынераў, кваліфікаваных рабочых і усіх, хто падзяляе палажэнні гэтай праграмы,
незалежна ад рэлігійных перакананняў і сацыяльнага статуса.
На
сённяшні дзень Беларусь ахоплена крызісам у эканоміцы і сацыяльнай сферы. Беларусаў
пазбавілі магчымасці абіраць уладу на свабодных дэмакратычных выбарах. Беларусаў
кожны год становіцца ўсё менш. Пераследуюцца і кідаюцца за краты беларускія
патрыёты, у краіне зневажаюцца палітычныя, грамадзянскія і сацыяльныя правы
чалавека. Беларусь перажывае крызіс маральнасці.
У
гэтых умовах БХД імкнецца прыйсці да ўлады ў краіне і рэалізаваць сваю
праграму. У праграме партыі прадстаўлена яснае бачанне таго, як павінна быць
уладкавана дзяржаўная ўлада, эканоміка і грамадства, якую палітыку неабходна
праводзіць у Беларусі ў пераходны перыяд пасля падзення аўтарытарызму, каб
пабудаваць дэмакратыю, грамадзянскую супольнасць і эфектыўную рынкавую
эканоміку.
БХД
вызнае неґвалтоўныя метады барацьбы і спрыяе кансалідацыі беларускага
грамадства.
БХД
імкнецца аб’яднаць беларускі народ вакол ідэяў свабоды і дэмакратыі, незалежнай
дзяржаўнасці, сацыяльнай рынкавай эканомікі, правоў чалавека на цвёрдым грунце
сутнасна хрысціянскіх каштоўнасцяў і нацыянальных традыцыяў.
НАШЫ КАШТОЎНАСЦІ
БОГ
Мы верым, што сэнс чалавечага жыцця – імкнуцца да Бога, Які стварыў гэтую
зямлю, Які любіць свет настолькі, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага Ісуса
Хрыста на крыж у ахвяру за нашы грахі, і натхняе нас Духам Святым.
Ён стварыў сусвет разумна і дасканала і працягвае апекавацца ім (Провід). Яго Воляй з’яўляецца скіраванне чалавека да
Дабра каб дасягнуў шчасця. Дзеля гэтага Ён дзейнічае ў гісторыі праз чалавека. Ён устанавіў прыродны і маральны законы. Таму гэтыя законы
нязменыя і неадменныя. Ён удзяліў чалавеку ўладу –
адказнасць згодна гэтым законам парадкаваць свет.
Больш
за тысячагоддзе Беларусь з’яўляецца хрысціянскай краінай, часткай еўрапейскай
хрысціянскай цывілізацыі. Біблія выступае для нас мерай таго, што такое ісціна,
дабро, прыгажосць і справядлівасць. Гісторыя ведала шмат прыкладаў паўстання супраць
таго, што ёсць ісціна, дабро, прыгажосць і справядлівасць па-хрысціянску.
Многія спрабавалі даць сваю меру і тлумачэнне гэтым каштоўнасцям, многія
спрабавалі палепшыць і ўдасканаліць тое, што прапаноўваецца ў Бібліі, але ўсе
гэтыя спробы прыводзілі або да паўтору біблейскіх запаведзяў і прынцыпаў, або
да пагаршэння іх і да памылак. Бог даў чалавеку свабоду волі, свабоду спазнання
дабра і зла. Карыстаючыся гэтай воляй спазнання дабра і зла, мы прыходзім да
высновы, што ўяўленні пра дабро і зло трэба не змяняць, але спазнаваць і
разумець.
Многія народы, і беларусы ў іх ліку, адмаўляліся ад хрысціянства
на карысць атэізму. Заўсёды гэтая адмова суправаджалася стратай ў праўдзе,
дабры, прыгажосці і справядлівасці. Усе народы і кожны чалавек асобна свабодныя
абіраць і веру сваю, і шлях свой. Наш выбар – хрысціянскі і дэмакратычны. У
свеце квітнеюць тыя краіны і народы, што не ўхіляюцца ад хрысціянскага шляху.
Свой шлях мы выбіраем самі, але правільнасць яго звяраем па Божых Запаветах.
ЧАЛАВЕК
Мы вызнаем, што чалавек створаны на вобраз і падабенства Божае. Разам з
тым грэх, які ўвайшоў у чалавеччу прыроду, не дае магчымасці для
самавыпраўлення – і, як хрысціянскія дэмакраты, мы бачым адказ на ўсе пытанні
чалавечага існавання ў Богачалавеку Ісусе Хрысце.
Разуменне
аднаго чалавека абмяжоўвае магчымасць дзеяння для іншага. Усякае чалавечае
разуменне недасканалае, таму ніхто не можа навязваць свае погляды іншаму. Правы
і свабоды кожнага чалавека на ўладкаванне свайго ўласнага жыцця абмяжоўваюць
нашы магчымасці па ўладкаванні Беларусі. Гэта адзінае абмежаванне мы лічым
праўдзівым і справядлівым. Тое, што гэта абмежаванне адзінае, але непарушнае,
мы лічым дабром.
Хрысціянская
дэмакратыя засноўваецца на ідэі персаналізму, які прызнае асобу першаснай
творчай рэчаіснасцю і вышэйшай духоўнай каштоўнасцю.
Чалавек
створаны як мужчына і жанчына. У першую чаргу гэта азначае, што чалавек ад
стварэння мае характар грамадскі, можа рэалізавацца толькі ў лучнасці з
грамадствам. Сувязі будуюцца, беручы пад увагу як індвідуальныя, так і
сацыяльныя патрэбы чалавека. Грамадскія сувязі накладаюць адпаведную адказнасць
на асобу згодна з
прынцыпам салідарнасці ды ў свядомасці супольнага дабра.
Чалавек мае індывідуалістычную, сацыяльную і духоўную
прыроду. Хрысціянская дэмакратыя разглядае чалавека як асобу, якая спалучае
гэтыя тры аспекты чалавечай прыроды. Усялякая аднабаковасць і спроба
абсалютызаваць адзін аспект чалавечай прыроды за кошт іншых вядзе да памылковых
рашэнняў і негатыўных наступстваў. Чалавек не з’яўляецца поўнасцю аўтаномным і
ізаляваваным, таксама як і не з’яўляецца механічным складнікам калектыву,
другасным у параўнанні з калектывам. Хрысціянская дэмакратыя ўяўляе чалавека як
асобу, надзеленую годнасцю, з індывідуалістычнымі памкненнямі, якая рэалізуе
сябе ў зносінах і супрацоўніцтве з іншымі людзьмі і мае патрэбу ў духоўным
быцці, як неад’емнай сутнасці чалавечага жыцця.
БЕЛАРУСЬ
Беларусь для нас – і Радзіма, і Пакліканне. Бог даў нам нарадзіцца на
гэтай зямлі таму што наш лёс непарыўна звязаны з беларусамі, беларускай гісторыяй,
мовай і культурай, а таксама місіяй, укладзенай у Беларусь звыш.
Мы маем патрэбу асэнсаваць ня толькі гістарычную спадчыну Беларусі, але і
актуальны стан нацыянальнага развіцця. Узяць адказнаць за мінулае і сучаснасць –
значыць даць належную ацэнку як негатыўным так і пазітыўным падзеям нашай
гісторыі.
Народы
Еўропы абіраюць розныя варыянты ўладкавання сваіх краін. Як кожны чалавек
вольны ўладкоўваць свой дом, так і кожны народ вольны ўладкоўваць сваю краіну.
Мы народжаныя ў Беларусі, гэта нашая краіна, і ніхто акрамя нас не ўладкуе яе
так, як нам трэба. Беларусь – гэта наша свабода, свабода жыць і дзейнічаць
згодна з нашым разуменнем праўды, дабра, прыгажосці і справядлівасці.
Справядліва, што толькі мы самі свабодныя ўладкаваць яе ў дабры і прыгажосці;
праўдзіва, што мы адказныя за адсутнасць у ёй дабра і прыгажосці.
1. НАРОД І
КРАІНА
1.1. Адраджэнне
1.1.1. Наш вобраз Беларусі – гэта незалежная,
дэмакратычная дзяржава, дзе абараняюцца правы і свабоды чалавека, краіна
хрысціянскага адраджэння ў сэрцы Еўропы.
1.1.2.
Уся Заходняя цывілізацыя вось ужо 2000 гадоў будуецца на хрысціянскіх
падмурках, таму сапраўды еўрапейская Беларусь можа паўстаць толькі з магутным
духоўным рухам, са светапоглядным абнаўленнем усяго грамадства. Беларуская
нацыянальная ідэя бачыцца нам як самарэалізацыя народа Беларусі ў найважнейшых
формах – незалежнай дзяржаве, беларускай мове, паважных міжнародных стасунках,
дасягненні дабрабыту, сучаснай культуры – на падставе хрысціянскага зместу.
1.1.3.
Мы супраць бездухоўнасці, амаральнасці і спустошанасці. Беларусі неабходна
поўнамаштабнае духоўнае абуджэнне, адраджэнне ў людскіх душах стваральнага,
жыццясцвярджальнага і аптымістычнага, сутнасна хрысціянскага і патрыятычнага
светапогляду. Гэта з’яўляецца найпершай, найгалоўнейшай задачай БХД.
1.1.4.
З пачуцця нацыянальнай саматоеснасці вынікаюць і любоў да роднай краіны, і
павага да іншых народаў, і разуменне сваёй адказнасці перад тымі, хто быў, і за
тых, хто будзе пасля.
1.2. Беларуская
нацыянальная ідэя
1.2.1. Мы грунтуемся на тым, што беларуская нацыянальная
ідэя зыходзіць з падставовых прынцыпаў хрысціянскага светапогляду: свабоды,
веры, любові, справядлівасці, роўнасці, салідарнасці і адказнасці. Спазнанне
гэтых найвышэйшых ісцін, следаванне ім у паўсядзённым жыцці і ёсць сутнасцю
духоўнага адраджэння.
1.2.2.
Беларуская нацыянальная ідэя – гэта місія, сэнс існавання беларускага народу.
Любая нацыянальная ідэя абумоўлена адпаведнай гісторыяй, тэрыторыяй, часам,
менталітэтам, узаемадачыненнямі з суседзямі. Адчуванне гэтага Богам дадзенага
наканавання, усведамленне сваёй унікальнасці і непаўторнасці, свайго
прызначэння менавіта на гэтай зямлі, у гэты час і ёсць нацыянальнай ідэяй. У
кожнай нацыі ёсць вялікая задума Божая, кожнаму народу Бог дае непаўторныя
дарункі – духоўныя, культурніцкія, светапоглядавыя. Кожны народ мусіць несці
адказнасць перад Богам за гэтыя дарункі і служыць ім, і іншым народам, і ўсяму
свету.
1.2.3.
Мы лічым, што нашы гістарычныя нацыянальныя сімвалы – бел-чырвона-белы сцяг, як
плашчаніца з крывёю ўкрыжаванага і ўваскрослага Хрыста, герб “Пагоня” з крыжам
Святой Ефрасінні, гімн “Магутны Божа”, якія найбольш поўна выражаюць змест
спрадвечнага імкнення беларускага народу да хрысціянскай чысціні і духоўнасці,
рашучасць высілкаў нацыі для дасягнення праўды і справядлівасці – павінны стаць
дзяржаўнымі сімваламі Беларусі. Мы заклікаем да вяртання, павагі і шанавання
нацыянальнай гістарычнай сімволікі Беларусі як неад’емнай часткі нашай
гістарычнай і культурнай спадчыны.
1.2.4. Мы таксама прызнаем права на існаванне і выкарыстанне
любой іншай сімволікі, якая прымаецца канстытуцыйным чынам беларускім
грамадствам, за выключэннем сімволікі, звязанай з прапагандай нацысцкай,
бальшавіцкай ці любой іншай ідэалогіі, не сумяшчальнай з хрысціянствам,
годнасцю і свабодай чалавека.
1.2.5. Для нас нацыянальная ідэя – гэта не тое, што народ
думае пра сябе ў часе, а тое, што Бог думае пра гэты народ у вечнасці. Мы
пазнаем замысел Божы для Беларусі ў хрысціянскім змесце нацыянальнай ідэі,
нацыянальных сімвалах, асаблівасцях менталітэту, гістарычнай місіі і культуры,
асобах герояў. Для нас відавочна – нацыянальная свядомасць робіць веру ў Хрыста
больш глыбокай, а вера адкрывае несвядомаму Радзіму.
1.3. Аб’яднанне
народа
1.3.1. Мы разумеем паняцце “народ” у біблейскім
сэнсе – як сукупнасць мінулых, сённяшніх і будучых пакаленняў, з’яднаных у
гістарычную супольнасць месцам жыхарства, паходжаннем, свядомасцю, мовай,
культурай і асаблівым духоўным кодам, пакліканнем і прызначэннем. Мы адказныя
за сваю краіну найперш перад Богам і суайчыннікамі, а таксама перад продкамі і
нашчадкамі.
1.3.2. Найважнейшая задача БХД – кансалідацыя грамадства
вакол ідэяў духоўнага адраджэння Беларусі, незалежнасці, дэмакратыі,
гістарычнай пераемнасці і адказнасці за нацыянальную гісторыю і культуру,
стварэнне на гэтай базе шматаблічнага і паўсюднага нацыянальнага руху. Абарона
хрысціянскіх каштоўнасцяў, суверэнітэту і дэмакратыі, змаганне са спадчынай
таталітарнага савецкага рэжыму, з русіфікацыяй і наступствамі Чарнобылю, заслон
спробам паняволення, распродажу Беларусі, адпор агрэсіі крыміналу патрабуюць
гуртавання ў адзіны народны рух усіх здаровых сіл грамадства: палітычных партыяў
і арганізацыяў, сацыяльных груп і асобных грамадзян.
1.3.3. З сённяшнім цяжкім становішчам у краіне пад сілу
справіцца толькі ўсяму народу, свядомасць якога прасякнута духам хрысціянскага
адраджэння і нацыянальнай ідэяй. Пакліканне БХД заключаецца ў тым, каб стаць
ідэалагічным і арганізацыйным ядром такога ўсенароднага руху. Такім чынам,
стварэнне дзейснага нацыянальнага руху, угрунтаванага на хрысціянскіх
каштоўнасцях, з’яўляецца галоўнай аб’яднаўчай стратэгіяй БХД, а таксама
асноўным матывам міжпартыйных дачыненняў і пагадненняў. Пры правядзенні
агульнанацыянальных кампаніяў, выбараў ці акцыяў пратэсту мы павінны быць
упэўненыя ў тым, што нашыя хаўруснікі адстойваюць менавіта маральныя
каштоўнасці, нацыянальныя інтарэсы і перспектывы адраджэння, і што вынікі нашай
супольнай працы не будуць супярэчыць нашым памкненням.
1.3.4. БХД лічыць, што беларускія населеныя пункты, вуліцы
і плошчы не павінны насіць імёнаў тых людзей, якія выкаранялі веру, знішчалі
беларусаў за іх беларускасць, забівалі невінаватых пад лозунгамі “класавай
барацьбы” і “сусветнай рэвалюцыі”, а таксама адпаведных падзеяў і з’яваў:
Леніна, Дзяржынскага, Карла Маркса, Кірава, Свярдлова, Суворава і іншых,
Кастрычніцкай рэвалюцыі, камунізму і да т. п. Як толькі зменіцца ўлада – БХД
правядзе перайменаванне адпаведных назваў пакетам, маючы на мэце найперш
ушанаванне памяці выбітных землякоў і аднаўленне ў тапаніміцы гістарычнай справядлівасці.
1.4. Лідарства
БХД
1.4.1. У нацыянальным руху БХД мусіць імкнуцца да
найбольшай адказнасці і ролі авангарду ў кожнай сферы дзейнасці. З гэтага
вынікае імператыў ініцыятывы і лідарства БХД у грамадска-палітычным працэсе ў
Беларусі.
1.4.2.
Лідзіруючае становішча БХД у першую чаргу мусіць дасягацца праз гуртаванне
вакол партыі нацыянальнай эліты.
1.4.3. БХД лічыць, што неабходна развіваць нацыянальную
свядомасць кожнага чалавека. Толькі чалавек з высокай нацыянальнай свядомасцю,
які валодае маральна-этычнымі каштоўнасцямі і любіць сваю Бацькаўшчыну, здольны
ў большай ступені прыносіць карысць грамадству, сваёй сям’і і самому сабе.
1.5. Месца і
роля нацыянальных і канфесійных меншасцяў у Беларусі
1.5.1. У Беларусі, якая спрадвеку знаходзіцца на геапалітычным
скрыжаванні, сумежжы цывілізацыяў і культур, нацыянальная ідэя спалучае многія
этнічныя і светапоглядавыя элементы. Мы
падтрымліваем усе нацыянальныя меншасці краіны ў іх праве ствараць
шматаблічнасць беларускага грамадства. Беларусь усёй сваёй гісторыяй сцвярджае
ідэал верацярпімасці і ўзаемапавагі ў суіснаванні розных народаў і рэлігіяў.
1.5.2.
Мы падкрэсліваем, што ідэя стварэння нацыянальнага руху ў нашым разуменні ніяк
не азначае дыскрымінацыі нацыянальных ці канфесійных меншасцяў, а наадварот,
адкрывае ўсім грамадзянам Беларусі, незалежна ад іх паходжання, нацыянальнасці
ці веравызнання, магчымасць для паўнавартаснага ўдзелу ў грамадскім жыцці. БХД
павінна праявіць сваю салідарнасць з усімі нацыянальнымі супольнасцямі
Рэспублікі Беларусь у іх правах.
1.5.3. БХД лічыць, што распальванне нацыянальнай
нянавісці, дыскрымінацыя грамадзян паводле этнічных і расавых прыкмет
несумяшчальная з хрысціянскімі прынцыпамі і павінна карацца законам.
1.6. У сферы
нацыянальнай палітыкі БХД выступае за:
1.6.1.
– духоўнае абуджэнне на падставе хрысціянскіх прынцыпаў і светапогляду, у
аснове якіх палягаюць свабода, вера, любоў, справядлівасць, роўнасць,
салідарнасць і адказнасць;
1.6.2. – незалежную, дэмакратычную Беларусь, дзе
абараняюцца правы і свабоды чалавека;
1.6.3. – вяртанне нашых нацыянальных сімвалаў –
бел-чырвона-белага сцяга, герба “Пагоня”, гімна “Магутны Божа”;
1.6.4. – вяртанне гістарычных назваў населеных пунктаў, вуліц
і плошчаў, увекавечанне памяці беларускіх нацыянальных дзеячаў і герояў веры;
1.6.5. – належную абарону, аднаўленне і рэстаўрацыю
помнікаў архітэктуры, гісторыі і культуры;
1.6.6. – кансалідацыю грамадства вакол ідэяў духоўнага
адраджэння Беларусі, незалежнасці, дэмакратыі, гістрычнай пераемнасці і
адказнасці за нацыянальную гісторыю і культуру;
1.6.7. – згуртаванне ўсіх здаровых сіл грамадства ў
барацьбе з наступствамі Чарнобыльскай трагедыі, выміраннем беларускай нацыі,
алкагалізмам, наркаманіяй і маральнай дэградацыяй;
1.6.8. – павагу да іншых народаў і культур, свабоднае
развіццё нацыянальных меншасцяў, іх моў і культур Беларусі;
1.6.9. – лідарства партыі хрысціянскай дэмакратыі ва ўсіх
сферах грамадскага жыцця як партыі народнай большасці.
2. ЦАРКВА
2.1. Царква – сэрца
грамадства
2.1.1. Хрысціянства – нацыятворчая сіла беларускай гісторыі і
аснова беларускай нацыянальнай ідэі. Без веры ў Бога, без Бібліі, без Царквы
немагчыма ані ўявіць сабе Беларусь, ані зразумець яе.
Хрысціянства стала падмуркам беларускай дзяржаўнасці,
нацыянальнай палітыкі і культуры. Часы найвялікшага росквіту Беларусі былі
неадрыўна звязаныя з развіццём хрысціянства на беларускіх землях.
Таму ацаленне грамадства і адбудова Беларусі як дзяржавы
немагчыма без умацавання Царквы і хрысціянскага адраджэння краіны.
2.1.2. Мы вызнаем, што Царква – эпіцэнтр гісторыі, якую творыць
Бог. Менавіта стан хрысціянскіх цэркваў тысячу гадоў вызначаў аблічча і змест
Беларусі, характар пакаленняў, маральнае здароўе грамадства і моц дзяржавы.
Таму эфектыўнае і ўстойлівае развіццё беларускага грамадства ў сацыяльных,
эканамічных, культурных і палітычных галінах магчыма толькі на падмурку
хрысціянскіх каштоўнасцей.
2.1.3. БХД прызнае роўныя правы за
трыма братэрскімі канфесіямі – праваслаўем, каталіцтвам і пратэстантызмам.
Беларускае хрысціянскае трыадзінства – падмурак для яднання нацыі і зарука адкрытасці
Беларусі ўсяму свету.
2.1.4. У сваёй міжканфесійнай працы,
палітыцы і ўзаемадачыненнях, якія патрабуюць удзелу вернікаў розных вызнанняў,
мы зыходзім з прынцыпу святога Аўгустына: у галоўным – адзінства, у малазначным
– свабода, але ва ўсім – любоў.
2.1.5. У сваёй грамадскай і палітычнай працы мы арыентуемся на сацыяльныя канцэпцыі
хрысціянскіх канфесіяў як на крыніцу
глыбокіх сутнасных адказаў на выклікі і праблемы сучаснасці.
2.1.6. Мы разумеем: замяніць дзясяткі тысячаў карумпаваных
чыноўнікаў і кіраўнікоў у выніку змены ўлады павінны сумленныя і адказныя людзі
– без гэтага рэформы асуджаныя на правал. Патэнцыял усеахопнага, ачышчальнага
кадравага абнаўлення мы бачым найперш ва ўцаркоўленых верніках. Толькі праз
асабісты прыклад актыўнага удзелу хрысціянаў-прафесіяналаў у палітычным і
грамадскім жыцці краіны, нормы біблейскай этыкі могуць быць распаўсюджаны і
прыняты ўсім грамадствам. Адпаведна, ядром партыі БХД мы бачым уцаркоўленых
вернікаў і сумленных прафесіяналаў у сваіх сферах дзейнасці. Евангельская
мараль з’яўляецца асновай для пабудовы ўнутрыпартыйных стасункаў і працы нашай
партыі ў грамадстве.
2.1.7. У палітычнай дзейнасці мы лічым мэтазгодным спрыяць суверэнітэту
Царквы. Гэты суверэнітэт стварае ўмовы, каб аўтарытэтны голас царкоўных
супольнасцяў гучаў ясна ды дзейсна ў грамадстве.
2.2.
Царкоўныя арганізацыі і свабода сумлення
2.2.1. БХД
разглядае свабоду сумлення як свабоду трымацца тых або іншых прынцыпаў,
поглядаў і перакананняў, свабоду вызнаваць тую ці іншую рэлігію альбо не
вызнаваць ніякай. Згодна з поглядамі БХД, свабода сумлення з’яўляецца
найважнейшым правам чалавека ў дэмакратычнай дзяржаве. Свабода веравызнання
палягае ў тым, што кожная канфесія мае права свабодна існаваць і развівацца ў
Беларусі, калі яна не парушае законы Рэспублікі Беларусь.
2.2.2. Кожны
чалавек мае права выбіраць форму вызнання той або іншай рэлігіі публічна ці
патаемна, аднаасобна ці сумесна з іншымі людзмі. Не павінна існаваць ніякіх
абмежаванняў свабоднаму распаўсюду рэлігійных поглядаў і перакананняў. Кожны
чалавек павінен мець права на вольнае навучанне асновам выбранай ім рэлігіі,
мець права на вольныя рэлігійныя аб’яднанні і царкоўныя суполкі.
2.2.3.
Царкоўныя арганізацыі таксама як і грамадскія арганізацыі павінны мець магчымасць
свабодна ўзнікаць і дзейнічаць. БХД выступае за рэгістрацыю царкоўных суполак
заяўным прынцыпам. Рэгістрацыя рэлігійнай арганізацыі з’яўляецца яе правам, а
не абавязкам. Гэта значыць, што дзяржаўная рэгістрацыя царкоўных суполак не
павінна быць абавязковай, калі самі суполкі не лічаць яе патрэбнай.
Недапушчальна любое ўмяшальніцтва дзяржавы ў справы царкоўных арганізацыяў, за
выключэннем выпадкаў, калі маюць месца парушэнні закона.
2.3. Правы цэркваў
2.3.1. Царкоўныя арганізацыі акрамя ўласна рэлігійнай
дзейнасці могуць ажыццяўляць і царкоўна-сацыяльную актыўнасць – дабрачынныя
акцыі і мерапрыемствы, нядзельныя школы і царкоўныя пачатковыя школы,
удзельнічаць у ажыццяўленні сацыяльнай палітыкі ў якасці суб’екта нароўні з
грамадскімі арганізацыямі.
2.3.2. БХД
лічыць неабходным забяспечыць наступныя правы царкоўных супольнасцяў:
-права на публічныя
пропаведзі і набажэнствы;
-права на выкладанне
рэлігіі ў дзяржаўных і прыватных навучальных установах;
-права на выданне,
куплю і продаж рэлігійнай літаратуры, часопісаў і газет;
-права на карыстанне
сродкамі масавай інфармацыі, радыё і тэлебачаннем;
-права на
дабрачынную дзейнасць і збор ахвяраванняў, гэтак жа як і на іншыя формы
гаспадарчай і фінансавай дзейнасці, якія не супярэчаць закону;
-права на
місіянерскую дзейнасць і на арганізацыю паломніцтва вернікаў да святых мясцін;
-права на ўтварэнне
дзіцячых рэлігійных таварыстваў пры абавязковым захаванні прынцыпу
добраахвотнасці;
-права на роўныя і
справядлівыя адносіны з боку дзяржавы пры аказанні матэрыяльнай або іншай
дапамогі;
-права на
садзейнічанне з боку дзяржавы пры вяртанні і аднаўленні канфіскаваных або
разбураных святыняў і пабудоў, што належалі рэлігійным арганізацыям;
-права на
рэабілітацыю бязвінна рэпрэсаваных вернікаў, як святароў, так і міранаў, з
абавязковай кампенсацыяй канфіскаванай маёмасці і прызначэннем адпаведнай
пенсіі і іншай дапамогі;
-права на асабісты
характар рэлігійных перакананняў ці іх адсутнасць з забаронай прымусовага
атрымання звестак аб рэлігійных перакананнях грамадзян.
2.4.
Актыўныя цэрквы – адраджэнне краіны
2.4.1. Відавочна, што дзяржава не ў стане спраўляцца з усімі
сацыяльнымі праблемамі – і БХД выступае за дэлегаванне як мага большага ўдзелу
ў іх вырашэнні цэрквам. Цэрквы могуць цёпла і годна рупіцца пра сіротаў,
непаўнаспраўных, пажылых, аказваць дапамогу ў рэабілітацыі нарка- і
алказалежных. Адначасова дзяржава мусіць аказваць бюджэтную падтрымку тым
арганізацыям і ініцыятывам, якія актыўна займаюцца дабрачыннасцю. БХД – за
перадачу ва ўласнасць такіх цэркваў і грамадскіх арганізацыяў пустуючых
будынкаў, зямлі для пабудовы рэабілітацыйных цэнтраў, хоспісаў і дзіцячых
летнікаў.
2.4.2. БХД будзе дамагацца фармавання дзяржаўнага заказу ў
галіне сацыяльнай абароны з парытэтным фінансаваннем дабрачынных праграмаў
уладай, цэрквамі і грамадскімі арганізацыяі праз сістэму тэндараў.
2.4.3. БХД за тое, каб грамадзяне і юрыдычныя асобы, якія
фінансуюць дабрачынную дзейнасць, ільгатаваліся.
2.4.4. БХД выступае за тое, каб надаць магчымасць царкоўным і
грамадскім дабрачынным арганізацыям атрымліваць у арэнду аб’екты
рэспубліканскай і камунальнай уласнасці без праходжання конкурсных працэдураў
(аўкцыёнаў).
2.4.5. БХД за
вызваленне рэлігійных арганізацыяў ад выплаты падатку на дабаўленую вартасць
пры ўвозе ў краіну багаслужбовай літаратуры і прадметаў, неабходных для
рэлігійнай дзейнасці.
2.4.6. БХД патрабуе вяртання адабраных савецкай уладай храмаў і
капліцаў ва ўласнасць цэркваў. Землі, якімі валодалі цэрквы (да 1917 года) у
большасці выпадкаў вярнуць немагчыма – але з улікам прымусовай і гвалтоўнай
канфіскацыі ў часы камузнізму ўлада мусіць прапанаваць участкі пад дапаможныя
пабудовы ды царкоўную гаспадарку.
2.4.7. БХД будзе дамагацца таго, каб надаць рэлігійным
арганізацыям права на стварэнне ўстановаў духоўнай адукацыі, і ўвядзенне іх у
пералік установаў адукацыі, нароўні з іншымі, замацаванымі заканадаўча, а
таксама за ўраўнаванне ў правах студэнтаў і выкладчыкаў духоўных навучальных
установаў са студэнтамі і выкладчыкамі іншых установаў адукацыі.
2.4.8. БХД выступае за тое, каб замацаваць за царкоўнымі
арганізацыям права на стварэнне прыватных школаў і агульнаадукацыйных
навучальных установаў.
2.4.9. БХД выступае за стварэнне ўплывовых назіральных радаў з
удзелам прадстаўнікоў цэркваў на асноўных дзяржаўных і грамадскіх тэлеканалах.
3. Асоба і супольнасць
БХД выступае за пабудову Беларусі як дэмакратычнай,
прававой дзяржавы ў еўрапейскай супольнасці народаў. Вынікам дзяржаўнага
будаўніцтва мы бачым грамадства, заснаванае на прынцыпах самакіравання вольных
грамадзян. Правы кожнага грамадзяніна павінны знаходзіцца ў гарманічнай
раўнавазе з правамі дзяржавы і сям’і.
3.1. Свабода,
салідарнасць і адказнасць
3.1.1. Кожны чалавек вольны ў вызначэнні свайго лёсу, ён
сам выбірае сабе жыццёвы шлях. Свабода дадзена чалавеку ад Бога і таму ні
грамадства, ні дзяржаўны лад, ні якія-небудзь ідэалагічныя догмы не могуць
пазбавіць чалавека свабоды.
3.1.2.
Кожны чалавек мае права свабодна развіваць сваю асобу і ўдзельнічаць у
палітычным, эканамічным і культурным жыцці так, як ён абярэ.
3.1.3.
БХД лічыць, што дзяржава павінна абараняць і гарантаваць усе асноўныя правы
чалавека:
-свабоду сумлення і
свабоду перакананняў як свабоду прытрымлівацца любой ідэалогіі і права
распаўсюджваць розныя ідэі, акрамя прапаганды ґвалту, парнаграфіі,
міжнацыянальнай, сацыяльнай і рэлігійнай варожасці.
-свабоду слова;
-свабоду стварэння
палітычных партыяў, грамадскіх і рэлігійных арганізацыяў (абмежаванню належаць
толькі арганізацыі, якія распаўсюджваюць ідэі нянавісці, ґвалту і вайны);
-свабоду
веравызнанняў, місіянерства, пропаведзі, рэлігійнага выхавання і адукацыі,
доступу веруючых да сродкаў масавай інфармацыі;
-недатыкальнасць
асобы, яе жылля і прыватнай уласнасці.
3.1.4.
Cправядлівасць грунтуецца на аднолькавай павазе годнасці кожнага чалавека.
Прынцып справядлівасці патрабуе аднолькавай роўнасці перад законам, роўных умоў
у палітычным, эканамічным і сацыяльным жыцці.
3.1.5.
Салідарнасць – гэта гатоўнасць кожнага чалавека падтрымліваць адзін аднаго,
узаемадапамога людзей. Спагада, спачуванне, узаемапавага – аснова салідарнасці.
Салідарнасць дае тое, чаго немагчыма дасягнуць прымусам. Гэта падмурак
агульнага дабрабыту і дабрабыту кожнага з нас.
3.1.6.
Адказнасць азначае захаванне і развіццё духоўнай, культурнай, матэрыяльнай
спадчыны, якую мы атрымалі ад мінулых пакаленняў. Задача сённяшняга пакалення
палягае ў адраджэнні нашай прыроднай, гістарычнай, культурнай і духоўнай спадчыны,
пераасэнсаванні мінулага шляху Беларусі – і ў нацыянальным пакаянні.
3.1.7.
БХД выступае за:
-прававую дзяржаву,
у якой усе роўныя перад законам;
-грамадства, заснаванае
на прынцыпе самакіравання вольных грамадзян;
-недапушчэнне
прыгнёту і дыскрымінацыі ні паводле рэлігійных, палітычных перакананняў, ні
паводле сацыяльнай, этнічнай, нацыянальнай, прафесійнай прыналежнасці, ні
паводле полавага ці ўзроставага падзелу альбо на якой-небудзь іншай падставе;
-свабоду асобы
развівацца, абіраць свой жыццёвы шлях, мець перакананні і дзейнічаць адпаведна
з імі;
-абарону палітычных,
грамадзянскіх і сацыяльных правоў.
3.2. Актыўныя
грамадзяне ў вырашэнні грамадскіх праблем
3.2.1. БХД зыходзіць з таго, што развітая грамадзянская
супольнасць з’яўляецца гарантыяй паспяховага вырашэння сацыяльных праблем, дае
магчымасць паменшыць дзяржаўную прысутнасць у розных сферах грамадскага жыцця
за кошт самаарганізацыі грамадзян і іх актыўнага ўдзелу ў жыцці супольнасцяў і
грамадства ў цэлым.
3.2.2. У нашым разуменні грамадзянская супольнасць – гэта
сукупнасць форм актывізму ў прасторы сацыяльных адносін, куды не ўваходзіць
барацьба за палітычную ўладу, дзяржаўнае кіраванне і бізнэс. Такімі формамі
актывізму з’яўляюцца адносіны паміж людзьмі, іх дзеянні, дамоўленасці, формы
ўзаемадачыненняў, якія маюць не прыватны, а сацыяльны характар. Такі актывізм
часта набывае арганізаванасць у выглядзе фармальных і нефармальных грамадскіх
арганізацыяў, ініцыятыў, рухаў і асацыяцыяў грамадзян. Яны існуюць дзеля
прадстаўніцтва і прасоўвання інтарэсаў шматлікіх сацыяльных груп, дзеля садзеяння
вырашэнню грамадскіх праблем, дзеля спрыяння самаарганізацыі грамадзян,
укаранення ў грамадстве каштоўнасцяў плюралізму і дэмакратыі, дзеля
вынаходніцтва новых ведаў, удзелу ў сацыялізацыі грамадзян, пашырэнні
сацыяльнага капіталу ў грамадстве, аказання грамадска значных паслуг.
3.2.3.
БХД бачыць некалькі асноўных праблем, якія мы мусім вырашаць у грамадзянскай
супольнасці. Гэтыя праблемы з’яўляюцца асноватворнымі з гледзішча якаснага
развіцця грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі.
3.2.4.
Па-першае, перад беларускімі грамадскімі арганізацыямі стаіць неабходнасць дасягнення
кансэнсусу па базавых каштоўнасцях як, напрыклад, дэмакратычны лад у дзяржаве,
адраджэнне беларускай мовы, незалежнасць беларускай дзяржавы.
3.2.5. Па-другое, нізкая ступень грамадзянскай і
палітычнай мабілізацыі насельніцтва, што звязана, у тым ліку, з моцнай
унутранай ізаляванасцю, калі людзі самаадхіляюцца ад удзелу ў грамадскім жыцці,
замкнёныя на самастойнае вырашэнне прыватных праблем, якія маюць сацыяльныя
карані. Што тычыцца нізкай мабілізацыі насельніцтва, то гэта з’яўляецца
галоўнай пагрозай развіцця дэмакратыі знізу. Мы разумеем, што пасля ўсталявання
дэмакратычнага ладу ў Беларусі паспяховаць і хуткасць станаўлення дэмакратычных
працэдур будзе залежаць ад палітычнай і грамадзянскай актыўнасці людзей і іх
даверу да новых уладаў як на рэспубліканскім узроўні, так і на месцах.
3.2.6. Мы бачым неабходнасць фармавання мадэлі
трохбаковага партнёрства паміж грамадзянскай супольнасцю, дзяржавай і бізнэсам
дзеля ўстойлівага развіцця і вырашэння грамадскіх праблем. Прычым такое
партнёрства не азначае, што грамадзянская супольнасць стане правадніком
дзяржаўнай палітыкі, палітычных інтарэсаў ці інтарэсаў бізнэса. Грамадзянская
супольнасць у дачыненнях з дзяржавай і бізнэсам будзе раўнапраўным партнёрам. Наша
бачанне такога партнёрства грунтуецца на ўяўленні пра няздатнасць дзяржавы
вырашаць усе грамадскія праблемы самастойна і абмежаванасць рынкавых адносін
для сацыяльнай сферы грамадства. З гэтага вынікае зацікаўленасць абмежаванай
дзяржавы і сацыяльна адказнага бізнэсу ў сумеснай працы з грамадзянскай
супольнасцю дзеля агульнага дабра.
3.2.7. У дзяржаўнай палітыцы ў розных галінах, у тым ліку
ў сацыяльнай і моладзевай палітыцы, урад будзе фармуляваць асноўныя кірункі,
мэты і прыярытэты палітыкі, але ў яе рэалізацыі значная роля належыць паветам,
мясцоваму самакіраванню, а таксама грамадскім арганізацыям. Частка сродкаў
будзе размяркоўвацца ў паветах і на месцах сярод грамадскіх арганізацыяў, якія
працуюць у сацыяльным сектары.
3.2.8. БХД выступае за свабоднае ўтварэнне грамадскіх
арганізацыяў і іх рэгістрацыю заяўным прынцыпам. Кантролем над дзейнасцю
грамадскіх арганізацыяў займаецца Міністэрства юстыцыі. Грамадская арганізацыя
можа быць ліквідавана толькі па рашэнні суда ў выпадку грубага і сістэматычнага
парушэння заканадаўства.
3.2.9. БХД лічыць неабходным спрыяць дзяржаўнай падтрымцы
тых грамадскіх арганізацый, якія аказваюць дапамогу дзецям-сіротам, пацярпелым,
непаўнаспраўным, выхоўваць падлеткаў і моладзь на грунце хрысціянскай маралі,
патрыятызму: хоспісам, дабрачынным установам, асветніцкім і рэабілітацыйным
цэнтрам, арганізацыям, таварыствам ананімных алкаголікаў, ахвярам палітычных
рэпрэсій і г.д.
3.3. Свабода
слова і інфармацыі. Сродкі масавай інфармацыі
3.3.1. БХД разглядае свабоду слова як адну з асноўных
дэмакратычных свабод, без якой немагчыма існаванне дэмакратычнай дзяржавы. У
грамадстве маюць права агучвацца самыя разнастайныя ідэі і погляды, калі яны не
з’яўляюцца злачыннымі. БХД лічыць неабходным свабоднае асвячэнне дзейнасці
дзяржаўных органаў, палітыкаў, чыноўнікаў, калі гэта не парушае дзяржаўныя
сакрэты. Свабоднае асвятленне дзейнасці дзяржаўных органаў мусіць ажыццяўляцца
на падставе прынцыпу свабоды інфармацыі, што патрабуе спецыяльнага закона. БХД
будзе дамагацца прыняцця адпаведнага закона, згодна з якім усе палітычныя
партыі, грамадскія аб’яднанні, СМІ і любы грамадзянін могуць атрымаць поўны
доступ да інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных органаў.
3.3.2. Свабода інфармацыі будзе з’яўляцца інструментам
рэалізацыі грамадскага кантролю над дзяржаўнымі органамі, барацьбой з карупцыяй
і злоўжываннямі ўладай. У тых выпадках, калі закон “Аб свабодзе інфармацыі” не
будзе распаўсюджвацца на дзяржаўныя сакрэты, але гэтая інфармацыя звязана з
расследаваннем злачынстваў, то пры наяўнасці абгрунтаваных падстаў да яе можна
будзе атрымаць доступ па рашэнні суда.
3.3.3. БХД таксама выступае за свабоднае асвятленне
дзейнасці прыватных прадпрыемстваў і асоб, калі гэта дзейнасць мае грамадскае
значэнне. Пры гэтым не павінна парушацца камерцыйная таямніца, патэнтнае
заканадаўства або права на недатыкальнасць і таямніцу прыватнага жыцця.
Выключэнні могуць складаць толькі сітуацыі, звязаныя з захаваннем жыцця,
бяспекі і здароўя людзей. Любое парушэнне таямніцы прыватнага жыцця, калі гэта
не звязана з расследаваннем злачынстваў, павінна карацца паводле закону.
Грамадства і кожны персанальна чалавек мае права доступу да любой грамадска
значнай інфармацыі. Дзеля гэтага мусяць свабодна існаваць і працаваць у роўных
умовах самыя разнастайныя сродкі масавай інфармацыі. Свабодныя і незалежныя СМІ
з’яўляюцца неабходнай умовай для добрага грамадскага абмеркавання.
3.3.4. Уступленне чалавецтва ў інфармацыйную эру, шырокі
распаўсюд інтэрнэту і новых тэхналогіяў дазваляюць забяспечваць дзяржаўныя
паслугі насельніцтву на якасна іншым ўзроўні. Паколькі БХД бачыць дзяржаву як
інстытут, які закліканы да эфектыўнага задавальнення надзённых патрэбаў
грамадства, то мы будзем рэалізоўваць і развіваць у Беларусі праграму “Інтэрнэт-урад”
– сістэму мер па абслугоўванні грамадзян і павышэнні эфектыўнасці
функцыянавання органаў улады і дзяржаўных устаноў праз выкарыстанне віртуальнай
прасторы і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў.
3.3.5. Рэалізацыя праграмы “Інтэрнэт-урада” будзе
ажыццяўляцца з удзелам бізнэсу як на рэспубліканскім узроўні, так і на
рэгіянальным і мясцовым узроўнях, што будзе спрыяць павышэнню якасці бюракратычных
і грамадскіх паслуг. Мэтазгодна паступова пашыраць гэтую практыку (выкарыстанне
інтэрнэту і новых тэхналогіяў) на самыя розныя сферы жыцця грамадства.
3.3.6. БХД выступае за стварэнне ў Беларусі Нацыянальнага
тэлебачання і радыё. Новая тэлерадыёкампанія будзе знаходзіцца ва ўласнасці
грамадства, кіраванне якой будзе ажыццяўляць Рада з прадстаўнікоў вядучых
палітычных партыяў, грамадскіх арганізацыяў, прафсаюзаў, цэркваў, вядомых
грамадскіх і культурных дзеячаў. Гэта дазволіць выпрацоўваць збалансаваную і
незалежную эфірную палітыку, не падпарадкаваную інтарэсам асобных груп. Фінансаванне
грамадскай тэлерадыёкампаніі будзе ажыццяўляцца за кошт адмысловага абаненцкага
збору, які будуць сплочваць усе ўладальнікі тэле- і радыёпрымачоў. Нацыянальная
тэлерадыёкампанія будзе мець цэнтральны офіс і рэгіянальныя аддзяленні, што
дазволіць ствараць агульнанацыянальную частку эфіру, а таксама інфармацыйны
прадукт спецыяльна для кожнага з рэгіёнаў.
3.3.7. Стварэнне Нацыянальнага тэлебачання накіравана на
фармаванне і развіццё грамадзянскай супольнасці, нацыянальнай самасвядомасці і
маралі. Яно мусіць спрыяць пазітыўнаму грамадзянскаму і сацыяльнаму выхаванню,
трансляваць у грамадства станоўчыя мадэлі паводзін, прапагандаваць здаровы лад
жыцця, хрысціянскія маральныя прынцыпы і нацыянальную культуру. Нацыянальная
тэлерадыёкампанія мусіць стаць вядучым сродкам масавай інфармацыі па крытэрыі
якасці эфіра, прафесіяналізму журналістаў і ахопу аўдыторыі. Нацыянальная
тэлерадыёкампанія мусіць ствараць інфармацыйны прадукт, накіраваны на ўсе
ўзроставыя катэгорыі, разнастайны па сваіх жанрах: духоўны, аналітычны,
навінны, навукова-пазнавальны, развіццёвы, забаўляльны, мастацкі і г.д., то бок
мусіць арыентавацца на інтарэсы ўсяго грамадства.
3.3.8. Асаблівае значэнне займае глабальная інфармацыйная
сетка інтэрнэт, якая стала на сённяшні дзень галоўнай крыніцай распаўсюду
інфармацыі. Інтэрнэт дае вялікія магчымасці для СМІ і кожнага чалавека ў
атрыманні і распаўсюдзе інфармацыі, выказванні сваіх думак. БХД разумее
важнасць максімальна шырокага распаўсюду інтэрнэту, канкурэнцыі на рынку
правайдараў, павелічэння якасці інтэрнэт-паслуг і памяншэння іх кошту. Наша
мэта заключаецца ў тым, каб забяспечыць бясплатны інтэрнэт у навуковых
установах і ва ўстановах адукацыі: у школах, сярэдніх спецыяльных установах і
вышэйшых навучальных установах. БХД лічыць, што інтэрнэт мусіць заставацца
свабодным асяроддзем і выступае супраць палітычнай цэнзуры ў інтэрнэце. Разам з
тым, неабходна вялікую ўвагу надаваць барацьбе са злачыннасцю у
інтэрнэт-прасторы.
3.3.9. Дзяржава мусіць мець выразную медыйную палітыку,
накіраваную на абарону грамадства ад разбуральнай інфармацыі. Да такой
інфармацыі адносяцца парнаграфічныя матэрыялы, прапаганда гвалту,
дыскрымінацыі, знявагі чалавека, амаральнай мадэлі паводзін у выглядзе відэа,
аўдыё-матэрыялаў, літаратурных твораў, любых візуальных выяў і тэатральных
пастановак. Недапушчальная дэманстрацыя такіх інфармацыйных матэрыялаў у
дзяржаўных і грамадскіх СМІ, а таксама любым іншым чынам у ранішні, дзённы і
ранні вячэрні час, у грамадскіх месцах, дзе магчымая прысутнасць дзяцей і
падлеткаў.
3.3.10. БХД выступае за прыняцце Кодэксу журналісцкай
этыкі, які будзе прызнаны ўсёй журналісцкай супольнасцю Беларусі незалежна ад
віду медыйнага рэсурса і формы ўласнасці. У гэтым Кодэксе будуць замацаваныя
асноватворныя прынцыпы адказнасці журналіста перад грамадствам, законам і
журналісцкай супольнасцю.
3.4. У галіне СМІ БХД выступае за:
3.4.1. свабоду слова
як фундаментальнае права і адну з асноўных умоў функцыянавання дэмакратыі;
3.4.2. прыняцце закона
“Аб свабодзе інфармацыі”;
3.4.3. гарантаванне і
захаванне камерцыйнай таямніцы і таямніцы прыватнага жыцця;
3.4.4. развіццё
сістэмы мер па абслугоўванні насельніцтва пад назвай “Інтэрнэт-урад” і шырокае
прымяненне ва ўсіх сферах жыцця грамадства інтэрнэту і новых тэхналогіяў;
3.4.5. свабоду
інтэрнэту і недапушчэнне палітычнай цэнзуры і іншых абмежаванняў, калі гэта не
парушае закон;
3.4.6. канкурэнцыю ў
сферы прадастаўлення паслуг доступу да інтэрнэту, павелічэнне якасці паслуг і
зніжэнне коштаў на інтэрнэт-паслугі;
3.4.7. рынкавыя
адносіны ў медыйнай прасторы;
3.4.8. разнастайнасць
сродкаў масавай інфармацыі, іх роўнасць і гарантыю журналістам свабоднага
ажыццяўлення сваёй прафесійнай дзейнасці;
3.4.9. стварэнне Нацыянальнай
тэлерадыёкампаніі;
3.4.10. абарону дзяцей
і падлеткаў ад разбуральнай інфармацыі (парнаграфіі, прапаганды гвалту, дыскрымінацыі, знявагі да
чалавека, амаральнай мадэлі паводзін);
3.4.11.
прыняцце кодэксу журналісцкай этыкі.
3.5. Развіццё навукі
як нацыянальны прыярытэт
3.5.1. Навука для нас – гэта спосаб даследавання і
спазнання свету, створанага Богам. Мэтай гэтага спосабу ёсць не столькі
выяўленне матэрыяльных магчымасцей і не змяненне закладзеных Творцам у чалавека
законаў жыцця – а найперш агульнае дабро.
3.5.2. Мы памятаем, што Беларусь дала свету геніяльных
навукоўцаў – даследчыкаў Азіі і Амерыкі: Мікалая Пржавальскага, Яна Чэрскага,
Ігната Дамейку, Язэпа Гашкевіча; палеагеографа Гаўрыла Гарэцкага, заснавальніка
глебазнаўства Васіля Дакучаева, вынаходніка ракетаў Казіміра Семяновіча і
стваральніка звышгукавых рэактыўных самалетаў Паўла Сухога, вядучых
канструктараў амерыканскай астранаўтыкі Барыса Кіта і савецкай касманаўтыкі Сямёна
Косбэрга, прабацьку радыё Якуба Наркевіча-Ёдку і патрыярха кібернэтыкі
Аляксандра Маліноўскага, нобелеўскіх лаўрэатаў у галіне хіміі Ілью Прыгожына і
фізікі Жарэса Алфёрава, заснавальніка сучаснай медыяіндустрыі Давіда Сарнова,
многіх іншых – і згадваем, што большасць з іх сумяшчала адданасць навуцы з
верай у Бога.
3.5.3. Навука ў сучасным свеце робіцца галоўнай вытворчай сілай
грамадства. Мы ганарымся тым, што Беларусь дала чалавецтву столькі вынаходнікаў
і навуковых адкрыццяў. Беларусь імкнецца заняць месца сярод навукаёмістых і
тэхналагічных эканомік свету, таму развіццё навуковых даследаванняў,
выкарыстанне навуковых распрацовак у вытворчасці з’яўляецца для нас важнай
задачай. Гэта патрабуе перагледзець сістэму фінансавання навукі. БХД выступае
за стварэнне дзяржаўных фондаў для фінансавання навуковых даследаванняў, якія
будуць размяркоўваць бюджэтныя сродкі і вылучаць гранты на правядзенне
навуковых даследаванняў. Дзяржава мусіць звяртаць увагу і аказваць падтрымку
ўсім навукам – і прыродазнаўчым, і тэхнічным, і сацыяльным, і гуманітарным.
3.5.4. Неабходна аднавіць самакіраванне Нацыянальнай Акадэміі
навук. БХД лічыць неабходным стварыць асобнае Міністэрства навукі і
тэхналогіяў, якое будзе займацца выпрацоўкай і ажыццяўленнем дзяржаўнай
палітыкі ў галіне падтрымкі і развіцця навукі, садзеяннем развіццю навукі і
навуковага патэнцыялу, інфраструктуры і чалавечага рэсурса навукі, паглыбленнем
сувязяў з сусветнымі ўстановамі навукі. Навуковыя даследаванні мэтазгодна
перавесці з НДІ ва ўніверсітэты.
3.5.5. У кантэксце сацыяльнай адказнасці бізнэсу будзе вітацца
актыўны ўдзел у падтрымцы навукі прыватнага капіталу, стварэнне прыватных
фондаў і мецэнацтва. БХД з’яўляецца прыхільніцай глыбокай міжнароднай
кааперацыі ў навуцы і даследаваннях.
3.5.6. Для паўнавартаснага развіцця навукі неабходна вярнуць
навуковай працы прэстыж і павагу ў беларускім грамадстве, забяспечыць высокія
заробкі навуковым супрацоўнікам на ўзроўні сярэднееўрапейскіх.
4. ДЗЯРЖАЎНЫ
ЛАД
4.1. Дзяржаўны лад і выбарчае заканадаўства
4.1.1.
Беларусь павінна быць незалежнай нацыянальнай і дэмакратычнай дзяржавай.
4.1.2.
У грамадска-палітычным жыцці БХД спавядае асноватворны прынцып размеркавання
адказнасці і паўнамоцтваў – прынцып субсідыярнасці. Так, рашэнні павінны
прымацца на тым узроўні, на якім яны найбольш эфэктыўна выконваюцца. Мы
выступаем за абмежаванне паўнамоцтваў дзяржавы, за кампактны ўрад і моцнае
мясцовае самакіраванне.
4.1.3.
Паводле дзяржаўнага ўладкавання Беларусь мусіць заставацца ўнітарнай дзяржавай.
4.1.4.
Мы выступаем за рэальнае існаванне і адасабленне двух тыпаў улады ў Беларусі:
дзяржаўнай і муніцыпальнай.
4.1.5.
БХД лічыць неабходным правесці адміністрацыйна-тэрытарыяльную рэформу і
скасаваць існуючы сёння ў Беларусі адміністрацыйны падзел на 118 раёнаў і 6
абласцей. З пункту погляду аптымізацыі дзяржаўнага кіравання мэтазгодна ўвесці
адміністрацыйны падзел на 21 павет і сталічны горад Менск як асобную
адміністрацыйную адзінку. Рэформа адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу
Беларусі скароціць колькасць бюракратычных узроўняў. Такім шляхам мы знізім
выдаткі на ўтрыманне чыноўнікаў, якіх стане значна менш, і павысім якасць
кіравання дзяржавай з перадачай істотных паўнамоцтваў у рэгіёны і на месцы – у
паветы, муніцыпалітэты і воласці.
4.2. Арганізацыя
рэспубліканскай улады
4.2.1.
Галоўным прынцыпам у вызначэнні кіруючых асоб усіх узроўняў будзе выбарнасць.
4.2.2.
Найбольш прымальнай формай дзяржаўнага ладу для Беларусі з’яўляецца змешаная прэзідэнцка-парламенцкая рэспубліка.
Уладныя паўнамоцтвы павінны быць размеркаваны паміж галінамі ўлады такім чынам,
каб адна галіна кантралявала іншую і паміж імі быў баланс. У Беларусі павінна
паўстаць такая сістэма, каб было немагчыма ўзнікненне дыктатуры. Уся паўната
дзяржаўнай улады не можа быць засяроджана ў адных руках, але адначасна нельга дапусціць
анархіі і безадказнасці.
4.2.3. Прэзідэнт з’яўляецца кіраўніком
дзяржавы, абіраецца ўсенародным галасаваннем тэрмінам на 4 гады і не больш чым
на 2 тэрміны. Прэзідэнт вызначае знешнюю палітыку, валодае пытаннямі
нацыянальнай бяспекі і абароны, з’яўляецца гарантам Канстытуцыі. Прэзідэнту
належаць прадстаўнічыя функцыі, а менавіта прадстаўніцтва Беларусі на
міжнароднай арэне і акрэдытацыя дыпламатычных місіяў. Прэзідэнт можа накласці
вета на законапраект, але Сойм і Сенат могуць пераадолець вета Прэзідэнта 2/3
галасоў. Прэзідэнт валодае правам заканадаўчай ініцыятывы. Прэзідэнт уносіць
кандыдатуры суддзяў вышэйшых судовых інстанцыяў, вышэйшых вайсковых камандзіраў
і іншых вышэйшых дзяржаўных службоўцаў для зацвярджэння іх Сенатам Рэспублікі.
Прэзідэнт можа распусціць Сойм у выпадку працяглага парламенцкага крызісу,
немагчымасці фармавання ўрада і прызначыць новыя выбары.
4.2.4. Канцлер узначальвае Ўрад. Канцлер
вызначае са згоды Сойма палітыку па сацыяльна-эканамічных і ўнутрыпалітычных
пытаннях. Кандыдатуру Канцлера прапаноўвае на зацвярджэнне Сойму Прэзідэнт.
Вызначэнне Канцлера і фармаванне Ўрада
залежыць ад растаноўкі палітычных сіл у Сойме. Канцлер прызначае міністраў.
Урад у сваёй дзейнасці падсправаздачны Сойму і Прэзідэнту.
4.2.5.
Мы лічым мэтазгодным, каб ПарламентБеларусі складаўся з дзвюх палат: ніжняй палаты – Сойма і верхняй палаты –
Сената.
4.2.6. Сойм абіраецца на ўсеагульных выбарах
тэрмінам на 4 гады па прапарцыйнай выбарчай сістэме. Для праходжання ў Сойм
будзе ўведзены 4-працэнтны электаральны бар’ер, каб забяспечыць стабільнасць
палітычнага прадстаўніцтва. Колькасць дэпутатаў Сойма павінна складаць 135
дэпутатаў. Найважнейшымі функцыямі Сойма павінны стаць прыняцце законаў,
вызначэнне Канцлера і фарміраванне Ўрада, зыходзячы з палітычнай расстаноўкі
сіл у Сойме, кантроль за Ўрадам. Сойм узначальвае Маршалак соймавы, які абіраецца дэпутатамі Сойма з іх ліку.
4.2.7. Сенат складаецца з 45 дэпутатаў: па 2
сенатары ад кожнага павета і 3 ад горада Менска, якія будуць абірацца на прамых
выбарах насельніцтвам павета на 5 гадоў. Гэты інстытут палітычнай сістэмы
дазволіць паветам прымаць удзел у вызначэнні дзяржаўнай палітыкі і ажыццяўленні
дзяржаўнай улады на рэспубліканскім узроўні. Усе рэспубліканскія законапраекты
павінны прайсці адабрэнне ў Сенаце, каб стаць законамі. Тым самым, будуць
забяспечаны інтарэсы паветаў. Сенат будзе зацвярджаць на пасадах суддзяў
вышэйшых судовых інстанцыяў, вышэйшых вайсковых камандзіраў і кандыдатуры на
іншыя дзяржаўныя пасады. Сенат узначальвае Маршалак
вялікі.
4.2.8. Парламент можа адхіліць Прэзідэнта ад улады ў выпадку
здзяйснення ім злачынства або стварэння пагрозы незалежнасці. Для гэтага Сойм
можа вынесці абвінавачанне, якое разглядае Сенат. Для прыняцця рашэння
неабходна кваліфікаваная большасць галасоў (2/3) у Сенаце.
4.3. Арганізацыя дзяржаўнай улады на павятовым узроўні
4.3.1.
БХД лічыць неабходным перадаць у паветы істотныя ўладныя паўнамоцтвы, якія
будуць падзелены паміж выканаўчай і прадстаўнічай уладамі павета.
4.3.2.
Выканаўчая ўлада ў павеце належыць Павятоваму
Старасце, які абіраецца непасрэдна насельніцтвам павета тэрмінам на 4 гады.
Павятовы Стараста ажыццяўляе непасрэднае кіраўніцтва паветам, ён
падсправаздачны зямельнаму органу прадстаўнічай улады – Сойму павятоваму.
4.3.3.
Выканаўчая ўлада павета павінна забяспечыць ажыццяўленне палітыкі на сваіх тэрыторыях
па такіх кірунках, як ахова грамадскага парадку і барацьба са злачыннасцю, адукацыя,
ахова навакольнага асяроддзя, ахова здароўя, рэгіянальнае эканамічнае развіццё,
сямейная, моладзевая палітыка, паслугі ў сферы культуры, спорту, турызму і
вольнага часу, грамадзянская абарона, будаўніцтва і эксплуатацыя дарог
рэгіянальнага значэння.
4.3.4. Сойм павятовы – орган прадстаўнічай
улады павета, які абіраецца насельніцтвам павета на прамых выбарах па мажарытарнай
сістэме простай большасці тэрмінам на 4 гады. З ліку дэпутатаў абіраецца Маршалак павятовы.
4.3.5. Колькасць дэпутатаў Сойма павятовага вызначаецца ў залежнасці ад колькасці жыхароў
павета, якія валодаюць выбарчым правам, і павінна складаць не менш за:
21
– у павеце з колькасцю жыхароў да 250 000;
31
– у павеце з колькасцю жыхароў ад 250 000 да 400 000;
41
– у павеце з колькасцю жыхароў болей за 400 000
4.3.6. Сойм
павятовы, надзелены заканадаўчай ініцыятывай, кантралюе дзейнасць адміністрацыі
Павятовага Старасты, уводзіць рэгіянальныя падаткі і зборы і выконвае іншыя
функцыі, аднесеныя ў кампетэнцыю рэгіянальнага ўзроўню. Рашэнні Павятовай
Асамблеі па пытаннях, якія знаходзяцца ў яе выключнай кампетэнцыі, не
падлягаюць адмысловаму кантролю з боку рэспубліканскіх улад. Аднак гэтыя
рашэнні могуць быць разгледжаны адміністрацыйным судом у парадку абскарджання
жыхарамі павета або адменены Канстытуцыйным судом у выпадку парушэння Канстытуцыі
Рэспублікі Беларусь.
4.4. Выбары
4.4.1.
Свабодныя дэмакратычныя частыя выбары з’яўляюцца асноўнай формай функцыянавання дэмакратыі. БХД выступае за
палітыку, якая засноўваецца на свабодным волевыяўленні грамадзян. Па выніках
выбараў мусяць фармавацца ўладныя органы рэспубліканскага, павятовага і
мясцовага ўзроўняў. БХД выступае за прамое абранне Прэзідэнта, Сойма, Сената,
Павятовага Старасты, Павятовага Сойма, муніцыпальных Радаў і мэраў
адміністрацыйных адзінак. Акрамя таго, некаторыя службовыя асобы на пявятовым і
мясцовым узроўнях мусяць абірацца насельніцтвам, як, напрыклад, кіраўнік
павятовай паліцыі, акружныя і міравыя суддзі.
4.4.2.
БХД выступае за ўсталяванне правілаў, па якіх выбарчы працэс будзе празрыстым,
дэмакратычным і канкурэнтным. Дзеля гэтага неабходна пазбавіць выканаўчую уладу
кантроля за падлікам галасоў – участковыя камісіі мусяць камплектавацца з
сябраў ці прыхільнікаў тых палітычных сіл ці кандыдатаў, якія ўдзельнічаюць у
выбарчым працэсе. Менавіта ім павінна аддавацца перавага пры фармаванні
выбарчых камісіяў. Акрамя ўласна зацікаўленых прадстаўнікоў палітычных сіл
браць удзел у працы выбарчых камісіяў могуць і прадстаўнікі грамадскіх
аб’яднанняў і самавылучэнцы.
4.4.3.
Мы лічым неабходным замацаванне даверу да інстытуту выбараў і да дэмакратычна
абраных органаў улады. Таму працэс падліку галасоў будзе галосным і адкрытым –
усе назіральнікі змогуць свабодна сачыць за працэсам падліку галасоў і
запаўненнем пратаколаў. БХД выступае за выкарыстанне
інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў у выбарчым працэсе, якія дазволяць
весці маніторынг на выбарчых участках і анлайн сачыць за выбарчым працэсам у
краіне.
4.4.4. Волевыяўленне грамадзян мусіць быць свабодным. БХД
выступае за адмену датэрміновага галасавання. Замест яго прапануецца ўвесці
магчымасць галасавання на іншым выбарчым участку на аснове адмацавальнага
бюлетэню. Любы ціск на выбарцаў з мэтай прымусіць галасаваць насуперак іх
уласнай волі будзе пераследавацца і карацца паводле закону.
4.4.5. Тэхнічным арганізатарам выбараў будзе Цэнтральная
выбарчая камісія, склад якой зацвярждаецца Сенатам.
4.4.6. У выпадку непрызнання выбараў міжнароднай супольнасці
БХД выступае за поўную замену асабовага складу выбарчых камісій усіх узроўняў.
4.5. У сферы
дзяржаўнага кіравання БХД выступае за:
4.5.1. – выбарнасць
кіруючых асоб і ўладных органаў усіх узроўняў;
4.5.2. – частыя,
рэгулярныя, свабодныя і дэмакратычныя выбары як базавую ўмову функцыянавання
дэмакратыі;
4.5.3.
– размеркаванне адказнасці і
паўнамоцтваў, прынцып субсідыярнасці, згодна з якім рашэнні павінны прымацца на
тым узроўні, на якім яны найбольш эфэктыўна выконваюцца;
4.5.4.
– рэальнае існаванне і
адасабленне двух тыпаў улады ў Беларусі: дзяржаўнай і муніцыпальнай;
4.5.5.
– прэзідэнцка-парламенцкую
рэспубліку, у якой уладныя паўнамоцтвы павінны быць размеркаваны паміж галінамі
ўлады такім чынам, каб адна галіна кантралявала другую і паміж імі быў баланс;
4.5.6.
– моцны Парламент, які фармуе Ўрад
і ўраўнаважвае прэзідэнцкую ўладу;
4.5.7.
– стабільныя моцныя палітычныя
партыі, якія прадстаўляюць інтарэсы розных груп беларускага грамадства і
здольныя несці адказнасць за краіну, бараніць незалежнасць і дэмакратыю ў
Беларусі;
4.5.8. – перадачу
ў паветы істотных уладных паўнамоцтваў, падзеленых паміж выканаўчай і
прадстаўнічай ўладамі павета.
5. Сістэма
мясцовага і рэгіянальнага кіравання і самакіравання
БХД лічыць неабходным давяраць
мясцовым супольнасцям і рэгіёнам як мага болей кіраўнічых задач. Умяшальніцтва
Ўрада ў справы муніцыпалітэтаў і рэгіёнаў
патрабуецца толькі там, дзе без яго нельга абысціся. Паміж мясцовымі і
рэгіянальнымі ўзроўнямі самакіравання і кіравання мусіць быць забяспечаны
сапраўдны падзел ўлады, паўнамоцтваў і рэсурсаў для
выканання лакальных і рэгіянальных задач. БХД лічыць неабходным паэтапнае рэфармаванне
існуючай сістэмы адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу з мэтай паляпшэння
эканамічнай асновы мясцовых самакіраванняў і рэгіёнаў для самастойнага
вырашэння задач мясцовага і рэгіянальнага значэння.
5.1. Рэформа адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу
(АТП) Беларусі
5.1.1.
Мэтай рэформы АТП з’яўляецца стымуляванне развіцця рэгіёнаў і мясцовых
супольнасцяў за кошт стварэння ўмоў для пераразмеркавання да іх рэсурсаў ад
сталічнага горада Менска і абласных цэнтраў, спрашчэння працэдур выканання
мясцовымі ўладамі сваіх задач, павелічэння іх самакіравання і
падсправаздачнасці мясцовым супольнасцям, а таксама забеспячэння мэт устойлівага
і сбалансаванага развіцця Рэспублікі Беларусь агулам.
5.1.2. З улікам такіх асаблівасцяў Рэспублікі Беларусь, як памер тэрыторыі,
колькасць насельніцтва і фінансавыя магчымасці мясцовых самакіраванняў,
найбольш рацыянальнай формай тэрытарыяльнай арганізацыі дзяржавы з’яўляецца
двухузроўневая сістэма адміністрацыйнага ўладкавання.
5.1.3. БХД лічыць неабходным стварыць з улікам меркавання мясцовых супольнасцяў
ад 350 да 390 адміністрацыйных адзінак ніжняга муніцыпальнага ўзроўню (валасцей)
і 22 адміністрацыйныя адзінкі рэгіянальнага ўзроўню (паветаў).
5.1.4. З мэтай забеспячэння ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця
адміністрацыйных адзінак прадугледжваецца фармаванне валасцей (адзінкі
самакіравання ў сельскай мясцовасці) у межах тэрыторыяў з колькасцю насельніцтва не менш за 10 тыс. чалавек.
Гэта ўмова забяспечыць моцную фінансавую базу для развіцця мясцовых
самакіраванняў і значную частку прыбыткаў бюджэту самакіраванняў за кошт
падаходнага падатка.
5.1.5. БХД лічыць мэтазгодным фармаванне 21 павета згодна з наступнымі
крытэрамі: час транспартнай даступнасці да адміністрацыйнага цэнтра на працягу максімум
гадзіны, радыюс зоны прыцягнення 80-100 км, плошча 7-15 тысяч кв. км, колькасць
насельніцтва ў межах 200-600 тысяч чалавек. Сталічны горад Менск вылучыцца у
асобную адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку, якая паводле статусу сумяшчае
павятовы і муніцыпальны ўзровень. Адміністрацыйнымі цэнтрамі паветаў стануць:
Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, Брэст, Віцебск, Ворша, Гомель, Глыбокае, Гродна,
Кобрын, Крычаў, Ліда, Магілёў, Мазыр, Маладэчна, Менск, Смаргонь, Пінск,
Полацк, Рэчыца, Слонім, Слуцк.
5.1.6. БХД лічыць неабходным забяспечыць муніцыпальныя Рады правам дзяліць
гарады з насельніцтвам больш за 300 тыс. чалавек на больш дробныя ўтварэнні.
Гэтыя тэрыторыі не маюць статуса адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, якімі
валодаюць муніцыпалітэты. Іх кіраванне павінна забяспечвацца прадстаўніком
муніцыпальнай Рады, які прызначаецца мэрам горада.
5.1.7. Мясцовае самакіраванне паводле БХД. Назвы.
Населены пункт |
Заканадаўчы |
Выканаўчы ворган |
Глава выканаўчай |
Вёска |
Рада |
Управа |
Стараста |
Воласць |
Валасны Соймік |
Валасная Управа |
Войт |
Павет |
Павятовы Сойм |
Павятовая Управа |
Стараста Павятовы |
Горад |
Магістрат |
Гарадская Управа |
Бургамістр (кашталян) |
Раён |
Раённая Рада |
Раённая Управа |
Стараста раённы |
5.2. Вынікам
рэалізацыі рэформы АТП хрысціянскія дэмакраты бачаць:
-павелічэнне
статуса і прывабнасці новых рэгіянальных і муніцыпальных цэнтраў;
-забеспячэнне
збалансаванасці эканамічнага развіцця гарадоў рознага ўзроўню, а не толькі
сталічнага горада Менска і абласных цэнтраў за кошт іншых рэгіёнаў;
-вырашэнне
праблемы перагружанасці сталіцы насельніцтвам;
-дэмаграфічнае
адраджэнне рэгіёнаў, сярэдніх і невялікіх гарадоў, сельскіх населеных пунктаў;
-паляпшэнне
эфектыўнасці кіравання рэгіёнамі за кошт змяншэння плошчы рэгіёнаў;
-забеспячэнне
гнуткасці і эфектыўнасці пры рашэнні мясцовых задач за кошт набліжэння мясцовых
і рэгіянальных улад да грамадзян;
-улік існуючага
прамысловага, транспартнага, рынкавага, экалагічнага патэнцыялу і гістарычнай
асновы ў новай сістэме АТП;
-паэтапны пераход да
новай сістэмы АТП (з улікам існуючага АТП – падзелу краіны на раёны);
-паступовае
переразмеркаванне функцыяў раёнаў на ўзровень муніцыпалітэтаў/валасцей і
паветаў;
-дэбюракратызацыю і змяншэнне
колькасці чыноўнікаў за кошт скарачэння колькасці звёнаў АТП: замест існуючых
трох звёнаў “вобласць-раён-сельсавет” будзе створана два звяна
“павет-муніцыпалітэт/воласць”;
-шчыльную сувязь
рэформы АТП краіны з падаткавай рэформай і развіццём мясцовага і рэгіянальнага
самакіравання.
5.3. Рэгіянальнае і мясцовае кіраванне і самакіраванне
5.3.1.
БХД падтрымлівае выразнае размеркаванне сфер кампетэнцыі паміж павятовым і
муніцыпальным/валасным узроўнем, самастойнасць крыніц фінансавання і сродкаў
для выканання іх задач. Паміж узроўнямі кіравання не павінна быць сумяшчэння
кампетэнцыяў і адпаведна заканадаўчых падстаў для ўмяшання вышэйшага павятовага
ўзроўню ў справы ніжэйшага муніцыпальнага ўзроўню. Дзяржаўная адміністрацыя на
месцах павінна займацца ў асноўным наглядам і кантролем за дзейнасцю мясцовых і
рэгіянальных органаў улады.
5.3.2. Хрысціянскія
дэмакраты падтрымліваюць рэальнае пашырэнне паўнамоцтваў мясцовых і
рэгіянальных органаў самакіравання і кіравання з адначасовым кантролем з боку
вярхоўнай улады за законнасцю іх дзейнасці.
5.3.3.
Муніцыпалітэты і паветы з’яўляюцца найбольш набліжанымі да грамадзян і бізнэсоўцаў
у прадастаўленні паслуг, што патрабуе адпаведнага пашырэння фінансавай базы
мясцовых і рэгіянальных органаў улады для забеспячэння іх кампетэнцыяў і
абавязкаў.
5.4.
Арганізацыя мясцовага самакіравання
5.4.1.
БХД, кіруючыся прынцыпамі і духам Еўрапейскай хартыі мясцовага самакіравання і
прынцыпам субсідыярнасці, лічыць неабходным забеспячэнне самастойнасці
мясцовага самакіравання ў межах сваіх паўнамоцтваў ад дзяржаўнага кіравання.
Органы мясцовага самакіравання павінны разглядацца як асобныя органы мясцовай
улады, якія не ўваходзяць у сістэму дзяржаўных органаў улады.
5.4.2. Муніцыпальная/валасная Рада з’яўляецца прадстаўнічым, кантрольным і
распарадчым органам гарадскога муніцыпалітэта або сельскай воласці, якую абралі
на падставе прамога галасавання па мажарытарнай сістэме простай
большасці тэрмінам на 4 гады.
Колькасць чальцоў муніцыпальнай/валасной
Рады вызначаецца ў залежнасці ад колькасці жыхароў самакіравання, якія
валодаюць выбарчым правам і павінна складаць не меней за:
11
– у самакіраванні з колькасцю жыхароў да 20000;
21
– у самакіраванні з колькасцю жыхароў ад 20000 да 35000;
31
– у самакіраванні з колькасцю жыхароў ад 35000 да 75000;
41
– у самакіраванні з колькасцю жыхароў ад 75000 да 125000;
51
– у самакіраванні з колькасцю жыхароў болей за 125000.
5.4.3
Муніцыпальная/валасная Рада, надзеленая заканадаўчай ініцыятывай, кантралюе дзейнасць
адміністрацыі, кіраўніка мясцовага выканаўчага органа, ўводзіць мясцовыя
падаткі і зборы, зацвярджае бюджэт і выконвае іншыя задачы мясцовага значэння. Рашэнні муніцыпальнай Рады па пытаннях, якія знаходзяцца
ў яе выключнай кампетэнцыі, не падлягаюць адмысловаму кантролю з боку дзяржавы.
Аднак гэтыя рашэнні могуць быць разгледжаны адміністрацыйным судом у парадку
абскарджання іх жыхарамі муніцыпалітэта/воласці.
5.4.4.
Выканаўчым органам у муніцыпалітэце/воласці з’яўляецца Управа, у склад якой
ўваходзіць Стараста ў воласці або Бургамістр (Кашталян) у горадзе, якія
абіраюцца на прамых выбарах жыхарамі мясцовага самакіравання і выконваюць ролю
старшыні праўлення. Іх намеснікі і астатнія чальцы праўлення абіраюцца
муніцыпальнай/валасной Радай або з ліку дэпутатаў, або шляхам прызначэння чыноўнікаў,
і дзейнічаюць у межах паўнамоцтваў, якія прадастаўлены Радай паводле Статуту
муніцыпалітэта/воласці. Праўленне выконвае пастановы муніцыпальнай/валасной
Рады і прадпісаныя заканадаўствам задачы муніцыпалітэта/воласці. Пры выкананні
асабістых задач самакіравання праўленне падпарадкоўваецца выключна
муніцыпальнай/валасной Радзе.
5.4.5. Кампетэнцыя ўлад муніцыпалітэтаў і валасцей
павінна ў асноўным канцэнтравацца на выкананні такіх задач мясцовага характару,
як дашкольная, пачатковая, сярэдняя і пазашкольная адукацыя; тэхнічная і
сярэдняя спецыяльная адукацыя; абслугоўванне маламаёмасных і састарэлых
жыхароў; жыллёвае будаўніцтва; гандлёвае і бытавое абслугоўванне ў сельскай
мясцовасці; водазабеспячэнне і каналізацыя; збор і вываз бытавых адыходаў; асвятленне
вуліц; грамадскі транспарт; добраўпарадкаванне вуліц гарадоў і эксплуатацыя дарог
мясцовага значэння; электра- газазабеспячэнне і ацяпленне; грамадская бяспека;
пажарная служба; мясцовая гаспадарка і эканамічнае развіццё; паслугі і аб’екты
ў сферы культуры, спорту, турызму і вольнага часу.
5.5. Аб’яднаная адміністрацыя мясцовых самакіраванняў і
паветаў
5.5.1. На муніцыпальным/валасным, як і на павятовым, узроўнях БХД бачыць
неабходным стварэнне адміністрацыі, якая складаецца з кіраўнікоў служб, інспекцыяў
і органаў правапарадку і персаналу гэтых служб, якія разам складаюць аб’яднаную
адміністрацыю муніцыпалітэтаў/валасцей і паветаў. Паняцце адміністрацыя ў
дадзеным выпадку азначае не асобную структуру прамежкавага ўзроўню, а прынцып
надзялення і размеркавання паўнамоцтваў паміж паветамі і
муніцыпалітэтамі/валасцямі.
5.5.2. Праз асобных кіраўнікоў муніцыпальных/валасных або павятовых служб
(кіраўнік паліцыі, кіраўнік пажарнай службы, санітарны інспектар, ветэрынарны
інспектар, інспектар па будаўніцтву, інспектар па экалогіі) ажыццяўляецца
ўрадавае кіраванне.
5.5.3. Агульныя задачы ўсіх служб рэгулююць на павятовым узроўні – Павятовы
Стараста, на узроўні мясцовага самакіравання – Бургамістр або Валасны Стараста.
Кіраўнікі адмысловых служб падпарадкоўваюцца на ўзроўні павета – Павятоваму Старасце,
на ўзроўні мясцовага самакіравання – Бургамістру
або Валасному старасце, а па службовай дзейнасці – адпаведным структурам
павятовай і ўрадавай адміністрацыі. Размеркаванне функцыяў гэтых служб паміж
павятовым і муніцыпальным/валасным узроўнем залежыць ад памера і колькасці
жыхароў муніцыпальнай/валасной адзінкі.
5.5.4. Кіраўнікі спецыяльных служб на ўзроўні мясцовых самакіраванняў
прызначаюцца Валасным Старастам або Бургамістрам па ўзгадненню з павятовай або
ўрадавай службай ці прызначаюцца вышэйстаячымі органамі па ўзгадненню з
Валасным Старастам або Бургамістрам. Кіраўнікі спецыяльных служб на ўзроўні
паветаў прызначаюцца Павятовым Старастам па ўзгадненню з урадавай службай ці
прызначаюцца вышэйстаячымі органамі па ўзгадненню з Павятовым Старастам.
5.6. У сферы самакіравання БХД
выступае за:
5.6.1. – пашырэнне кампетэнцыі рэгіянальных і
мясцовых органаў улады ў адпаведнасці з прынцыпам субсідыярнасці, што дазволіць
ім выконваць больш эфектыўна лакальныя задачы;
5.6.2. – падпарадкаванне
выканаўчых органаў рэгіянальнага і муніцыпальнага ўзроўню прадстаўнічым органам
улады;
5.6.3. – скасаванне
іерархічнай падпарадкаванасці органаў самакіравання і
кіравання;
5.6.4. – выразнае
размеркаванне функцыяў паміж мясцовымі, рэгіянальнымі і нацыянальнымі органамі
ўлады, што зменшыць адміністрацыйныя і фінансавыя выдаткі;
5.6.5. – упарадкаванне
заканадаўчай базы дэлегаваных урадам паўнамоцтваў мясцовым і рэгіянальным
органам улады;
5.6.6. – удасканаленне
сістэмы дзяржаўнага кіравання і мясцовага самакіравання і кіравання, што
палепшыць якасць паслуг, якія яны прадастаўляюць жыхарам сваіх тэрыторыяў;
5.6.7. – скарачэнне
выдаткаў на ўтрыманне дзяржаўнага апарата і мясцовых адміністрацыяў;
5.6.8. – абранне
кіраўніцтва выканаўчых органаў на мясцовым і рэгіянальным узроўнях
насельніцтвам, што павялічвае адказнасць і эфектыўнасць кіравання;
5.6.9. – змяншэнне
ўзроўню карупцыі дзякуючы дэцэнтралізацыі, падсправаздачнасці рэгіянальных і
муніцыпальных органаў улады мясцоваму насельніцтву, атрыманне імі максімальнай
колькасці юрыдычных і фінансавых паўнамоцтваў.
5.6.10. – паглыбленне
міжнароднага супрацоўніцтва мясцовых і рэгіянальных улад у межах агульнаеўрапейскіх
асацыяцыяў мясцовых улад, што дазволіць палепшыць інвестыцыйныя, знешнеэканамічныя
магчымасці рэгіёнаў і самакіраванняў;
5.6.11. – інтэнсіфікацыю памежнага
супрацоўніцтва ў межах еўрарэгіёнаў, што дазволіць павялічыць эканамічны патэнцыял
перыферыйных тэрыторыяў.
5.7. Фінансава-эканамічная аснова самакіравання
5.7.1. Аснова эффектыўнасці мясцовага самакіравання
– забяспечанасць сродкамі. БХД выступае за тое, каб падаткі, што збіраюцца на
тэрыторыі пэўнай воласці/муніцыпалітэту размяркоўваліся на тры роўныя часткі:
на фінансаванне воласці/муніцыпалітэту, на патрэбы павета і на нацыянальныя
патрэбы.
5.7.2. Рэальная ўлада мясцовых і рэгіянальных
органаў самакіравання і кіравання залежыць ад іх фінансавай самастойнасці і
адказнасці. БХД лічыць неабходным павелічэнне фінансавай дэцэнтралізацыі і
самастойнасці мясцовых і рэгіянальных бюджэтаў. Мясцовым і рэгіянальным ўладам
павінна быць гарантавана большая ступень падатковай ўлады.
5.7.3. Камунальная гаспадарка, інфраструктура, маёмасць і
фінансы выступаюць асновай мясцовай улады. Паветы і муніцыпалітэты/воласці з’яўляюцца
інвестарам, вытворцам і спажыўцом шматлікіх відаў тавараў і паслуг. Камунальная
гаспадарка і мясцовыя фінансы на лакальным і рэгіянальным узроўнях павінны
самастойна забяспечваць мінімальна даступны комплекс публічных сацыяльна неабходных
паслуг незалежнай якасці.
5.8. У галіне фінансавання
самаўрадаў БХД выступае за:
5.8.1. – устойлівыя ў
фінансавым плане рэгіёны і самакіраванні, якія прадастаўляюць сваім грамадзянам
высокі ўзровень сучасных паслуг;
5.8.2. – павелічэнне
асабістых прыбыткаў мясцовых і рэгіянальных бюджэтаў і забеспячэнне іх
неабходнымі рэсурсамі, што вядзе да ўзмацнення іх фінанасавай самастойнасці і
змяншэння датацыйнасці;
5.8.3. – выдзяленне
мясцовых фінансаў з агульнадзяржаўнай сістэмы фінансаў і наданне ім самастойнага
характару функцыянавання;
5.8.4. – падзел
паступленняў ад падаткаў на: 1/3 – у мясцовы бюджэт, 1/3 – на павятовы і
1/3– у нацыянальны;
5.8.5. – вывядзенне
сістэмы мясцовых фінансаў са сферы дзейнасці “Закона аб бюджэце” і рэгуляванне
сістэмы муніцыпальных фінансаў шляхам “Бюджэтнага кодэкса”, “Закона аб мясцовых
фінансах і мясцовых бюджэтах”, “Закона аб муніцыпальным крэдыце”;
5.8.6. – замацаванне
за мясцовымі і рэгіянальнымі органамі ўлады на пастаяннай аснове падаткавых і
непадаткавых крыніц фармавання мясцовых бюджэтаў;
5.8.7. – перадачу
паўнамоцтваў прадастаўлення грамадскіх паслуг на ўзровень бюджэтнай сістэмы,
якая ажыццяўляе іх фінансаванне;
5.8.8. – прывядзенне
ў адпаведнасць колькасці персаналу з аб’ёмам і колькасцю спажыўцоў грамадскіх
паслуг, якія прадастаўляюцца мясцовымі і рэгіянальнымі службамі;
5.8.9. – прыцягненне
арганізацыяў розных арганізацыйна-прававых формаў да прадастаўлення паслуг,
якія аплачваюцца за кошт бюджэтных сродкаў;
5.8.10. – пераход
да метадаў фармавання бюджэта, якія арыентуюцца на вынік;
5.8.11. – павелічэнне
долі ў прыбытковай частцы мясцовых бюджэтаў падаткаў, плацяжоў і збораў,
звязаных з нерухомасцю, уласнасцю і зямлёй, што дазволіць паменшыць залежнасць
ад падаходнага падатку, асабліва ў муніцыпалітэтах/валасцях – спадарожніках
буйных гарадоў;
5.8.12. – фармаванне
стабільнай нарматыўнай базы раздзялення падаткаў паміж мясцовым, рэгіянальным і
рэспубліканскім бюджэтамі, што вядзе да зацікаўленасці паветаў і
муніцыпалітэтаў да павелічэня асабістай падаткавай базы;
5.8.13. – адкрыццё
ў муніцыпалітэтах агульных рахункаў рэспубліканскага бюджэту, што дазволіць
пазбегнуць сустрэчных бюджэтных плыняў у працэсе фармавання мясцовых бюджэтаў і
выдаткаў кіравання міжбюджэтнымі адносінамі;
5.8.14. – пераход
да прыбыткова-расходнай мадэлі фінансавага выраўноўвання, якая ўлічвае разам з
расходнымі патрэбамі і прыбытковыя (падатковыя) здольнасці адміністрацыйна-тэрытарыяльных
адзінак;
5.8.15. – выразную
залежнасць аб’ёма датацыяў (трансфертаў), субсідыяў, субвенцыяў ад падатковых
намаганняў мясцовага органа ўлады;
5.8.16. – пазбяганне
ператварэння датацыяў (трансфертаў), субсідыяў, субвенцыяў у інструменты
палітычнага і эканамічнага ўплыву вышэйшай улады;
5.8.17. – развіццё механізма муніцыпальных
пазык як важнага інструмента мясцовага фінансавага кіравання.
6. ЗАМЕЖНАЯ ПАЛІТЫКА
6.1. Знешняя палітыка
6.1.1.
Галоўнай мэтай знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь мусіць быць забеспячэнне
ўласных палітычных, эканамічных, культурных і духоўных нацыянальных інтарэсаў
на міжнароднай арэне, у міжнародных арганізацыях і ў адносінах з іншымі
дзяржавамі.
6.1.2.
Межы Беларусі з’яўляюцца недатыкальнымі. Беларусь не мае тэрытарыяльных
прэтэнзіяў ні да адной краіны, мы лічым неабходным развіваць толькі
добрасуседскія і партнёрскія адносіны з усімі краінамі.
6.1.3.
Беларусь прытрымліваецца прынцыпаў неўмяшання ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў
і вырашэння канфліктаў мірным шляхам.
6.1.4.
БХД выступае за пазаблокавы статус Беларусі. Гэта азначае, что Беларусь павінна
выйсці з Арганізацыі дагавору аб калектыўнай бяспецы. Далучэнне Беларусі да
Арганізацыі паўночна-атлантычнай дамовы (NATO) можа быць здзейснена толькі ў выніку
усенароднага рэферэндуму.
6.1.5.
БХД бачыць Беларусь як актыўнага ўдзельніка міжнароднай і рэгіянальнай
інтэграцыі, якая накіравана на ўмацаванне міру, міждзяржаўнага партнёрства і
эканамічнага супрацоўніцтва.
6.1.6. БХД выступае за свабоднае перамяшчэнне людзей і
будзе дамагацца спрашчэння ці адмены візавых бар’ераў для беларусаў з развітымі
краінамі свету.
6.2. Міжнароднае супрацоўніцтва
6.2.1.
Беларусь з’яўляецца краінай – заснавальніцай Арганізацыі аб’яднаных нацыяў і прымала
самы актыўны ўдзел у яе працы з моманту заснавання ў 1945 годзе. Мы ганарымся
нашым удзелам у станаўленні і дзейнасці ААН. Глабальныя праблемы патрабуюць
адпаведных рашэнняў праз супрацоўніцтва і дыялог усіх краін свету. ААН
з’яўляецца адзіным глабальным форумам і займае асаблівае месца ў міжнародным
супрацоўніцтве. Паспяховасць міжнароднай кааперацыі для вырашэння глабальных
праблем залежыць ад умацавання і рэформы ААН. Мы лічым, што старая канфігурацыя
сілы і размеркаванне ўплыву ў ААН, якая сягае ў часы “халоднай вайны”, страціла
актуальнасць і не адпавядае сённяшняму дню. Беларусь будзе ў саюзе з іншымі
дзяржавамі спрыяць рэформе ААН, каб пашырыць колькасць чальцоў Рады Бяспекі і
абмежаваць “права вета” пастаянных чальцоў Рады Бяспекі. Беларусь павінна
прымаць актыўны ўдзел у працы ААН і прасоўваць ідэалы хрысціянскай дэмакратыі.
БХД бачыць важным пашырэнне барацьбы з галечай на прынцыпе развіццёвага
салідарызму. Беларусь мусіць спрыяць умацаванню міру і негвалтоўнага вырашэння
канфліктаў ва ўсім свеце.
6.2.2.
БХД бачыць вялікі патэнцыял ад развіцця ідэі кааперацыі краін ЕС з краінамі Ўсходняга
партнерства. Гэтая форма рэгіянальнага супрацоўніцтва накіравана на ўцягванне ў
арбіту еўрапейскага ўплыву дзяржаў Усходняй Еўропы і Закаўказзя. Актыўны ўдзел
і развіццё ідэі Ўсходняга партнёрства можа даць адчувальныя вынікі ў
міжрэгіянальным развіцці ў палітычным, грамадзянскім і эканамічным вымярэннях.
6.3. Еўрапейскі
выбар Беларусі
6.3.1.
БХД разглядае Беларусь як неад’емную частку еўрапейскай цывілізацыі,
грунтаванай на хрысціянскіх каштоўнасцях. Гістарычна Беларусь заўсёды была ў
арэале агульнаеўрапейскіх працэсаў і мае багатую еўрапейскую гісторыю часоў
Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Таму мы бачым месца Беларусі ў
сям’і еўрапейскіх народаў.
6.3.2.
Беларусь будуе свае адносіны з Эўрапейскім Зьвязям у залежнасці ад таго,
наколькі Эўразьвяз захоўвае хрысціянскія каштоўнасці.
6.3.3.
Еўрапейскі Саюз на сённяшні дзень з’яўляецца адным з галоўных нашых гандлёвых
партнёраў. Далучэнне Беларусі да еўрапейскага рынку дасць нашай прадукцыі
дадатковыя магчымасці для паспяховай канкурэнцыі на еўрапейскім вельмі ёмістым
рынку. Еўрапейская прамысловасць арыентуецца на высокія тэхналогіі і
навукаёмістасць, што надае ёй вялізны прыярытэт у сусветным падзеле працы, таму
далучэнне Беларусі да еўрапейскага рынку будзе садзейнічаць сучаснаму развіццю
нашай эканомікі.
6.3.4.
Разам з тым БХД разумее, што паўнавартаснае ўступленне Беларусі ў Еўрапейскі
Саюз з’яўляецца аддаленай перспектывай, якая дасягаецца толькі паступовым рухам
і сур’ёзнымі рэформамі. Беларусь павінна стаць на шлях еўрапейскай інтэграцыі,
але БХД не разглядае ўступленне Беларусі ў Еўрапейскі Саюз як першачарговую
мэту і блізкую перспектыву. Найбольш актуальным для нас з’яўляецца далучэнне да
Еўрапейскай эканамічнай прасторы, якая дазволіць нам інтэгравацца ў агульны
еўрапейскі рынак, але захаваць свабоду ў фіскальнай, манетарнай, бюджэтнай
палітыцы і ў іншых галінах, якія рэгулююцца дырэктывамі Брусэля для краін – чальцоў
ЕС. БХД разглядае ўдзел Беларусі ў Еўрапейскай эканамічнай прасторы як форму
асацыяцыі з Еўрапейскім Саюзам з найбольш поўным захаваннем уласнага
суверэнітэту.
6.3.5. Беларусь прыязна ставіцца да многіх ініцыятыў
еўрапейскай палітыкі і зможа прымаць удзел у іх ажыццяўленні, з’яўляючыся асацыяваным
сябрам Еўрапейскага Саюза.
6.4. Адносіны з Расійскай Фэдэрацыяй
6.4.1.
Расійская Федэрацыя з’яўляецца для Беларусі найбуйнейшым суседам. Беларусь хоча
будаваць адносіны з Расійскай Федэрацыяй на ўзаемавыгаднай парнёрскай аснове,
прытрымліваючыся прынцыпаў роўнасці і добрасуседства. Мы лічым, што такі
інтэграцыйны праект, як Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі супярэчыць беларускім
нацыянальным інтарэсам і не мае будучыні. БХД выступае за ліквідацыю гэтага
інтэграцыйнага праекта. Але мы павінны захаваць усе сацыяльныя здабыткі, якія
тычацца свабоднага перамяшчэння людзей, адукацыі, аказання медыцынскіх паслуг і
г.д. Гэтыя магчымасці рэгулююцца адпаведнай заканадаўчай базай на аснове
двухбаковых дамоў.
6.4.2.
Агрэсія Расіі супраць Украіны і анэксія Крыму, міжнародныя санкцыі ствараюць
новую геапалітычную сітуацыю, якая патрабуе выразнага вызначэння. БХД не прымае
перагляду межаў і збройнага гвалту, асуджае імперскую, захопніцкую палітыку
Крамля на постсавецкай прасторы і лічыць неабходным рыхтавацца да абароны
беларускай незалежнасці.
6.4.3.
Расійская Федэрацыя з’яўляецца натуральным гандлёвым партнёрам Беларусі, таму мы
зацікаўленыя ва ўсталяванні тавараабмену без “гандлёвых войнаў”. Разам з гэтым
мы лічым неабходным паменшыць эканамічную залежнасць Беларусі ад Расіі,
зменшыць вялізны дысбаланс у знешнім гандлі, які прыходзіцца на Расію.
6.4.4.
Пазаблокавы статус Беларусі і агрэсіўная палітыка Крамля вымушаюць нас спыніць
удзел у Арганізацыі дагавору аб калектыўнай бяспецы (АДКБ). Ваеннае
супрацоўніцтва Беларусі і Расійскай Федэрацыі мусіць ажыццяўляцца з улікам
нашага пазаблокавага статуса. Беларусь не будзе размяшчаць на сваёй тэрыторыі
ваенныя базы іншых дзяржаў. БХД выступае за вывад з тэрыторыі Беларусі
расійскіх ваенных баз. Тэрміны і ўмовы вываду будуць вырашацца шляхам
двухбаковых перамоў.
6.4.5. БХД будзе спрыяць развіццю добрасуседскіх сувязяў
паміж Беларуссю і Расійскай Федэрацыяй для агульнага дабра нашых народаў.
6.5. Балта-Чарнаморскае
партнёрства
6.5.1. Для нас Балта-Чарнаморская супольнасць за яе
пакутнай гісторыяй, творчай сілай і глыбокімі хрысціянскімі традыцыямі –
сапраўднае сэрца Эўропы.
6.5.2. БХД лічыць неабходным і абумоўленным з эканамічных
і палітычных прычын развіццё інтэграцыі дзяржаў, якія ўваходзяць у
Балта-Чарнаморскі рэгіён: Беларусі, Літвы, Украіны, Малдовы, Латвіі і Эстоніі. Гэтыя краіны маюць цесныя гістарычныя сувязі
перадусім часоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Акрамя таго,
прыналежнасць да аднаго геаграфічнага рэгіёну робіць гэтыя краіны натуральнымі
хаўруснікамі і партнёрамі ў сучасных палітычных і эканамічных адносінах.
6.5.3. Балта-Чарнаморскі рэгіён знаходзіцца паміж
высокатэхналагічным еўрапейскім рынкам і сыравіннымі рынкамі Расіі і Азіі, паміж
заможнымі паўночнымі дзяржавамі і дынамічнымі краінамі арабскага ўсходу і
Турцыяй. Гэтая асаблівасць надае перадусім актуальнасць развіццю супрацоўніцтва
ў галіне шляхоў камунікацыі (дарожнай, чыгуначнай, воднай і трубаправоднай) і
энэргетычных сістэм. Беларусь знаходзіцца ў цэнтры гэтага рэгіёну паміж партамі
прыбалтыйскіх дзяржаў і Ўкраіны, што забяспечвае нам найбольш удалае месца ў
працэсе развіцця кааперацыі ў Балта-Чарнаморскім рэгіёне.
6.6. Нашы
суайчыннікі ў замежжы
6.6.1.
ХХ стагоддзе было для беларускага народа трагічным часам войнаў і
таталітарызму. Так склалася, што па-за межамі Беларусі засталося шмат этнічных
беларусаў, якія цяпер жывуць у суседніх краінах – у Польшчы, Літве, Латвіі,
Расіі і Украіне. Акрамя беларусаў у суседніх дзяржавах вялікая колькасць нашых
суайчыннікаў жыве ў краінах далёкага замежжа. Вялікія дыяспары беларусаў ёсць у
ЗША, Велікабрытаніі, Канадзе, Аўстраліі, Ізраілі, Аргентыне і ў іншых краінах.
6.6.2.
Сёння стратэгічна важнай задачай з’яўляецца аднаўленне нацыянальнай цэласнасці
і еднасці, усталяванне самых цесных кантактаў з беларускім замежжам, адстойванні
яго інтарэсаў і падтрымка іхных намаганняў да захавання самастоеснасці. Такое
пашырэнне беларускага ўплыву ў сусветным маштабе адкрывае беспрэцэнтныя
магчымасці для правядзення нашае міжнароднае палітыкі.
6.6.3. Наяўнасць вялікай колькасці нашых суайчыннікаў у
замежжы дае дадатковую магчымасць для знешняй беларускай палітыкі, у якой
беларусы замежжа могуць стаць сродкам “народнай дыпламатыі” і садзейнічаць
росту цікавасці да Беларусі. БХД лічыць
неабходным забяспечыць беларусам замежжа права на адукацыю і працу ў Беларусі,
а таксама права на спрошчанае атрыманне беларускага грамадзянства.
6.7. У сферы міжнароднай палітыкі БХД выступае за:
6.7.1.
– добрасуседскія партнерскія
адносіны на ўзаемавыгаднай аснове з усімі краінамі;
6.7.2.
– актыўны ўдзел Беларусі ў працы
Арганізацыі аб’яднаных нацыяў, яе структурных падраздзяленняў і іншых
міжнародных і рэгіянальных арганізацыях;
6.7.3.
– пазаблокавы ваенны статус
Беларусі;
6.7.4.
– вывад з тэрыторыі Беларусі
расійскіх ваенных баз;
6.7.5.
– наладжванне шчыльных
інтэнсіўных палітычных і эканамічных адносін з Еўрапейскім Саюзам, ЗША, Канадай
і іншымі перадавымі краінамі свету;
6.7.6.
– уступленне у Еўрапейскую
эканамічную прастору, удзел у еўрапейскай энэргетычнай палітыцы і ў іншых
фарматах узаемадзеяння з ЕС, у тым ліку ў межах еўрапейскай палітыкі суседства
і праекта Ўсходняга партнёрства;
6.7.7.
– ліквідацыю Саюзнай дзяржавы
Беларусі і Расіі;
6.7.8.
– развіццё адносін з Расійскай
Федэрацыяй як адным з асноўных нашых партнераў на аснове роўнасці і
незалежнасці Беларусі. Максімальна магчымае захаванне ўсіх здабыткаў
двухбаковых адносін у галіне перамяшчэння людзей і сацыяльных гарантыяў нашым
грамадзянам на тэрыторыі Беларусі і Расіі;
6.7.9.
– актыўны ўдзел Беларусі ў
працэсах інтэграцыі ў Балта-Чарнаморскім рэгіёне. Развіццё камунікацыяў, у тым
ліку дарожнай, чыгуначнай, воднай і трубаправоднай і энэргетычных сістэм;
6.7.10.
– паглыбленне гандлёвых і
эканамічных сувязяў з краінамі Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну, Лацінскай
Амерыкі і Персідскай Затокі;
6.7.11.
– развіццё сувязяў з беларусамі
замежжа, падтрымку беларускай культуры і мовы ў беларускіх супольнасцях за
мяжой.
7. БЯСПЕКА І
ПРАВААХОВА
7.1.
Нацыянальная бяспека
7.1.1. Ваенная пагроза на працягу гісторыі з’яўлялася
галоўным выклікам існавання дзяржавы і дабрабыту яе народу. Пагроза ваенных
канфліктаў і сёння застаецца актуальным пытаннем, але акрамя яе ў сучасным
свеце набылі распаўсюд і іншыя выклікі, якія пагражаюць дзяржаўнай
незалежнасці, нацыянальнай бяспецы і грамадскай стабільнасці.
7.1.2. БХД ставіць сваёй першачарговай мэтай
дэсаветызацыю, беларусізацыю і гуманізацыю ўсей сістэмы бяспекі і правааховы.
На месца колішніх сталінскіх “карных ворганаў” мусіць прыйсці традыцыя
правасвядомасці, адказнасці і справядлівасці, запачаткаваная Статутамі Вялікага
Княства Літоўскага.
7.1.3. Мы разумеем наш дзяржаўны суверэнітэт як вяршэнства
беларускіх законаў і дзяржаўнай волі, якую рэалізуюць палітыкі, абраныя
беларускім народам, на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Таму законы і дзяржаўная
воля мусяць быць накіраваныя на абарону дзяржаўнага суверэнітэту ад знешняга
ўмяшальніцтва і навязвання чужых інтарэсаў. Мы лічым, што для беларускага
народа нацыянальная дзяржаўнасць і незалежнасць з’яўляюцца найвышэйшай
каштоўнасцю, таму БХД будзе заўсёды выступаць у абарону дзяржаўнага
суверэнітэту і незалежнасці Беларусі.
7.1.4. З’яўляючыся ўдзельнікам інтэграцыйных працэсаў,
Беларусь натуральна дэлегуе частку свайго суверэнітэту наднацыянальным органам.
Гэта неад’емная з’ява сучасных міжнародных адносін і ўзамен на гэта дзяржавы
атрымоўваюць карысць ад удзелу ў розных інтэграцыйных працэсах. Аднак БХД
выступае супраць тых інтэграцыйных праектаў, якія стратэгічна небяспечныя для
існавання дзяржаўнасці і суверэнітэту Беларусі.
7.1.5. Складовай часткай пагрозы незалежнасці з’яўляецца
пагроза эканамічнага суверэнітэту, якая заключаецца ў паступовым усталяванні
замежнымі эканамічнымі суб’ектамі свайго кантролю над стратэгічнымі
прадпрыемствамі і галінамі прамысловасці Беларусі. Удзел замежнага капіталу ў
беларускай эканоміцы з’яўляецца безумоўнай карысцю: БХД будзе забяспечваць усе
ўмовы для замежных інвестараў і будзе вітаць прыход у Беларусь буйнога
замежнага капіталу. Аднак намі разглядаюцца як непрымальныя спробы замежных
дзяржаў або замежных эканамічных суб’ектаў праз эканамічны ціск здабыць у
Беларусі для сябе асаблівыя прэферэнцыі ці дамагчыся мэтаў, якія супярэчаць
інтарэсам беларускай дзяржавы. Такая дзейнасць з’яўляецца парушэннем прынцыпу
свабоднай канкурэнцыі, разглядаецца намі як варожая і патрабуе спынення і
адэкватнага рэагавання.
7.1.6. БХД лічыць неабходным распрацоўкі Закона аб
назвычайным становішчы – акту, які арганізуе працу дзяржавы ў выпадку пагрозы
незалежнасці, цэласнасці і канстытуцыйнаму ладу Беларусі.
7.1.7. Тэрарыстычная пагроза ахапіла ўсе часткі свету і ў
многіх краінах рэгулярна адбываюцца тэракты, якія забіваюць і калечаць мірных
жыхароў, сеюць хаос і наносяць эканамічныя страты. На вялікі жаль тэрарыстычная
пагроза не абмінула і Беларусь. Небяспека, якая сыходзіць ад тэрарызму,
заключаецца ў вялікім дэстабілізуючым патэнцыяле гэтай з’явы, а таксама
прымяненні новых сродкаў для масавых атак, у тым ліку і зброі масавага
знішчэння. Усведамляючы ўсю небяспеку ад тэрарыстычнай пагрозы, БХД выступае за
сістэмныя рашэнні для прадухілення тэрактаў у Беларусі. Яны звязаны з
увядзеннем сучасных тэхналогіяў для барацьбы з тэрарызмам, развіццём
аналітычнай складаючай у працы органаў нацыянальнай бяспекі, павышэннем
кваліфікацыі супрацоўнікаў праваахоўных органаў, усталяваннем шчыльнага
міжнароднага партнёрства для каардынацыі дзеянняў з іншымі краінамі.
7.1.8. Акрамя дзейнасці для прадухілення тэрактаў у
Беларусі неабходна супрацьдзейнічаць выкарыстанню тэрыторыі Беларусі для перамяшчэння
людзей, рэчываў і матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца ў тэрарыстычнай дзейнасці.
Беларусь павінна абмежаваць партнёрскія і дзяржаўныя кантакты з тымі
палітычнымі рэжымамі, якія падтрымліваюць тэрарыстычныя групоўкі.
7.2. Інфармацыйная
бяспека і кіберзлачыннасць
7.2.1.
На сённяшні дзень інфармацыя паміж людзьмі, краінамі і кантынентамі
перамяшчаецца за секунды. Усё чалавецтва аб’яднана агульнай інфармацыйнай
прасторай інтэрнэту. Гэта абсалютна новая з’ява, якая існуе толькі некалькі
дзесяцігоддзяў, але развіццё інтэрнэту і інфармацыйна-камунікацыйных
тэхналогіяў адбываецца настолькі імкліва, што ўсё новыя сферы грамадскага і
асабістага жыцця чалавека прымаюць гэтую з’яву. Інтэрнэт і сучасныя
інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі даюць каласальныя магчымасці для
развіцця асобы, атрымання адукацыі, зносін паміж людзмі, працы, арганізацыі
адпачынку і г.д. БХД выступае за свабоднае функцыянаванне інтэрнэту і свабодную
канкурэнцыю ў галіне прадастаўлення інтэрнэт-паслуг.
7.2.2.
Аднак намі ўсур’ёз успрымаецца небяспека, якая сыходзіць ад злачыннасці ў
інтэрнэт-прасторы. Гандаль забароненымі матэрыяламі, наркотыкамі, людзьмі,
парушэнні правоў чалавека, кібератакі, парнаграфія, махлярствы і фінансавыя
злачынствы ў інтэрнэт-прасторы – гэта праблемы, якія патрабуюць кампетэнтнага
адказу. БХД прапаноўвае стварыць у структуры Мінстэрства ўнутраных спраў на
базе існуючага Ўпраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогіяў
адмысловую кіберпаліцыю, у кампетэнцыю якой будзе ўваходзіць прадухіленне і
барацьба са злачынствамі ў інтэрнэт-прасторы і з выкарыстаннем
інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў.
7.3.Незаконная
міграцыя
7.3.1.
БХД бачыць Беларусь адкрытай краінай, якая добразычліва і з павагай ставіцца да
замежных грамадзян, якія наведваюць нашу краіну. Але нестабільнасць, войны,
сацыяльныя праблемы, палітычны пераслед прымушаюць тысячы людзей з праблемных
краін шукаць іншыя месцы для жыцця. Мы са спачуваннем і разуменнем ставімся да
праблем імігрантаў і гатовыя аказаць пасільную дапамогу на міжнародным узроўні
ў вырашэнні праблем вымушаных перасяленцаў. Мы таксама гатовыя забяспечваць
прытулак для некаторых катэгорыяў замежных грамадзян, але ў абмежаваным аб’ёме
і строга ў адпаведнасці з будучым міграцыйным заканадаўствам. БХД выступае катэгарычна супраць незаконнай
іміграцыі ў Беларусь і будзе прымаць усе захады на нацыянальным і міжнародным
узроўнях, каб прадухіліць незаконнае перасяленне ў Беларусь замежных грамадзян.
7.3.2.
Некантралюемая іміграцыя пагражае стабільнасці сацыяльнай сістэмы – накладае цяжар
на ўстановы медыцыны і адукацыі, пагражае распаўсюдам злачыннасці і цяжкіх
захворванняў. Дзяржава мусіць прымаць меры па сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі
імігрантаў у беларускае грамадства, што магчыма рабіць толькі ва ўмовах
кантралюемага і законнага перасялення замежных грамадзян у Беларусь. БХД лічыць
неабходным процідзейнічаць стварэнню моцных этнічных супольнасцяў на аснове
кампактнага пражывання з ліку імігрантаў – гэта становіцца перашкодай да
інтэграцыі імігрантаў у беларускае грамадства, пераймання культурных традыцыяў,
грамадскіх норм і мовы беларускага народу.
7.3.3. Атрыманне беларускага грамадзянства перасяленцамі
мусіць быць абумоўлена працяглым пражываннем на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь
(5-7 гадоў), плённай працай, сацыяльнай бяспечнасцю, веданнем беларускай мовы і
гісторыі.
7.4. Канфігурацыя органаў нацыянальнай бяспекі і сілавых
структур
7.4.1.
Да органаў нацыянальнай бяспекі адносяцца: Рада нацыянальнай бяспекі, Служба
нацыянальнай варты і іншыя спецыяльныя службы.
7.4.2.
Рада нацыянальнай бяспекі дзейнічае пры Прэзідэнце і займаецца пытаннямі
ваеннага, палітычнага, эканамічнага і сацыяльнага характару, звязанымі з
нацыянальнай бяспекай. У Раду нацыянальнай бяспекі ўваходзяць Прэзідэнт,
Памочнік Прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы, кіраўнік Соймавага камітэта па
бяспецы, Канцлер, Міністр замежных спраў, Міністр абароны, Старшыня Службы
нацыянальнай варты, Міністр унутраных спраў, Спікер Сойма, Старшыня Сената і
іншыя дзяржаўныя службоўцы, удзел якіх абумоўлены павесткай дня Рады нацыянальнай
бяспекі. Рада нацыянальнай бяспекі мае свой апарат, у які ўваходзяць
спецыялісты і аналітыкі з адпаведных галін. Рада нацыянальнай бяспекі
з’яўляецца адным з органаў, які займаецца выпрацоўкай замежнай палітыкі. Акрамя
таго, Рада нацыянальнай бяспекі займаецца аналітычнай дзейнасцю, накіраванай на
дапамогу прыняцця Прэзідэнтам і ўрадам ключавых рашэнняў па пытаннях знешняй
палітыкі, нацыянальнай стратэгіі і ваеннай дактрыны.
7.4.3.
Служба нацыянальнай варты з’яўляецца спецыяльным органам, які займаецца практычнай
дзейнасцю ў абароне нацыянальнай бяспекі ў розных галінах, барацьбой з
тэрарызмам, экстрэмізмам, супрацьдзейнічае выведвальнай дзейнасці іншых дзяржаў
на тэрыторыі Беларусі. Кандыдатуру Старшыні Службы нацыянальнай варты ўносіць
Прэзідэнт на зацвярджэнне Сенатам і Соймам. Служба нацыянальнай варты
знаходзіцца па-за межамі палітычнай барацьбы і не павінна выконваць функцыі
палітычнай паліцыі. У структуры Службы нацыянальнай варты будзе ўтвораны Аналітычны
цэнтр, які стане інтэлектуальнай складовай практычнага забеспячэння
нацыянальнай бяспекі.
7.4.4.
Дзеля прадухілення засяроджання ў адной структуры самых розных кірункаў
дзейнасці і празмерных паўнамоцтваў неабходна стварыць асобныя службы:
-Служба бяспекі
дзяржаўнай інфармацыі;
-Служба дзяржаўнай аховы,
якая займаецца мерапрыемствамі па ахове органаў улады, кіраўнікоў краіны і
лідэраў парламенцкай апазіцыі.
На дзейнасць спецыяльных служб мусіць распаўсюджвацца
парламенцкі кантроль.
7.5. Міністэрства ўнутраных спраў
7.5.1. Міністэрства ўнутраных
спраў узначальвае Міністр унутраных спраў, які з’яўляецца палітычнай фігурай.
Міністр унутраных спраў вызначаецца кіруючай партыяй альбо кіруючай кааліцыяй,
якая мае большасць у Сойме. Міністэрства ўнутраных
спраў павінна забяспечваць надзейную ахову правоў і свабод грамадзян,
дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў ад злачынных замахаў, своечасовае выяўленне
злачынстваў і прыцягненне вінаватых да адказнасці, ахову грамадскага парадку.
7.5.2. У структуру МУС уваходзяць наступныя органы:
-Крымінальная
паліцыя – займаецца прадухіленнем, барацьбой і дазнаннем па цяжкіх злачынствах,
карупцыі, эканамічных злачынствах і г.д.
-Дарожная паліцыя –
займаецца бяспекай дарожнага руху, дзяржаўным рэгуляваннем і кіраваннем, а
таксама дзяржаўным кантролем у галiне дарожнага руху.
-Упраўленне па
барацьбе з незаконным зваротам наркотыкаў.
-Кіберпаліцыя –
займаецца расследаваннем злачынстваў у інтэрнэт-прасторы і з выкарыстаннем
інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў.
-Экалагічная паліцыя
– займаецца расследаваннем злачынстваў у галіне прыродаахоўнага і экалагічнага
заканадаўства.
-Паліцэйскія сілы
хуткага рэагавання, паліцэйскі спецназ і групы антытэрору;
-Іншыя органы і
падраздзяленні.
7.5.3. Міністэрства
ўнутраных спраў павінна забяспечыць надзейную ахову правоў і свабод грамадзян,
дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў ад злачынных замахаў, своечасовае выяўленне злачынстваў і прыцягненне вінаватых да адказнасці, ахову грамадскага
парадку. Для эфектыўнай барацьбы са злачыннасцю Міністэрства ўнутраных спраў
неабходна вызваліць ад неўласцівых яму функцыяў: выпраўлення і перавыхавання
асуджаных; нагляду за асобамі, якія асуджаны да пакарання без пазбаўлення волі;
пашпартызацыі насельніцтва; рэгістрацыі ўезду і выезду грамадзян.
7.5.4. На рэгіянальным узроўні павятовая паліцыя
займаецца забеспячэннем грамадскага парадку, недапушчэннем і прафілактыкай
крымінальных злачынстваў, расследаваннем менш значных злачынстваў, аховай
грамадскай і прыватнай маёмасці, рэгуляваннем дарожнага руху і разбіральніцтвам
дарожна-транспартных здарэнняў. Кіраўнікі павятовай паліцыі ўваходзяць у склад
адміністрацыі Павятовага Старасты.
7.6. Беларускае войска
7.6.1.
Беларусь з’яўляецца мірнай дзяржавай, нікому не пагражае і будуе свае адносіны
з суседзямі і ўсімі краінамі на партнёрскай аснове. Беларусь не мае
тэрытарыяльных прэтэнзіяў ні да адной краіны.
7.6.2.
Мы зыходзім з таго, што канфлікты і супярэчнасці павінны вырашацца
дыпламатычнымі мірнымі захадамі. Але дзеля гарантыі ўласнага суверэнітэту і
незалежнасці, Беларусь павінна мець баяздольнае і добра ўзброенае войска. Сучасныя
войны вядуцца невялікімі мабільнымі арміямі з прымяненнем высокатэхналагічных
узбраенняў. Таму беларуская армія мусіць адпавядаць сучасным патрабаванням
ваеннай стратэгіі і тактыкі.
7.6.3.
БХД прапаноўвае усталяваць колькасць беларускай арміі на ўзроўні 50 тыс.
чалавек. Фармаванне арміі будзе адбывацца як на прафесійнай аснове, так і за
кошт прызыву тэрмінам на 6 месяцаў. Падчас праходжання тэрміновай ваеннай
службы будзе зроблены ухіл менавіта на ваеннай падрыхтоўцы: навучанне ваеннай
справе, рэгулярныя і частыя стрэльбы, правядзенне часткі службы ў палявых
умовах. Усе аспекты тэрміновай службы, якія не тычацца прафесійнай падрыхтоўкі
ваенных, будуць ліквідаваны. Беларускае войска мусіць быць забяспечана сучаснай
тэхнікай , афіцэры і салдаты павінны несці службу ў незалежных умовах і мець
годнае забеспячэнне. Дзеля гэтага мы лічым неабходным фінансаваць выдаткі на
абарону ў памеры 3 % ад валавога ўнутранага прадукту.
7.6.4.
Вызваленне ад прызыву будзе магчыма толькі праз медычныя паказанні. Разам з тым
будзе дадзена магчымасць у поўнай меры рэалізаваць канстытуцыйнае права на
альтэрнатыўную службу. Грамадзяне, якія з-за рэлігійных, пацыфісцкіх ці іншых
абгрунтаваных перакананняў не могуць прайсці 6-месячную ваенную падрыхтоўку,
будуць мець права на альтэрнатыўную службу ў сістэме аховы здароўя або
дабрачынных установаў.
7.6.5.
Праблема “дзедаўшчыны” або нестатутных адносін будзе вырашана кардынальна –
кароткі 6-месячны тэрмін праходжання тэрміновай службы ў сукупнасці з паасобнай
службай кожнага набору прызыўнікоў і адказнасцю афіцэраў за нестатутныя
адносіны.
7.6.6.
Унутраныя войскі як асобная структурная адзінка вайскавога тыпу ў складзе
Міністэрства ўнутраных спраў – будуць
ліквідаваны. Сілы спецыяльнага прызначэння і хуткага рэагавання застануцца ў складзе
МУС. Часткова функцыі, якія сёння выконваюць унутраныя войскі па падтрыманню
канстытуцыйнага парадку і тэрытарыяльнай абароне, будуць перададзены новаму ваеннаму
ўтварэнню – Беларускаму Нацыянальнаму Легіёну.
7.6.7.
Беларускі Нацыянальны Легіён – элітны касцяк беларускай арміі. Будзе фармавацца
на прафесійнай аснове і яго колькасць будзе складаць каля 20 тыс. чалавек.
Беларускі нацыянальны Легіён будзе грунтавацца на беларускім патрыятызме і
нацыянальным духу, як надзейная гарантыя незалежнасці Беларусі. Беларускі Нацыянальны
Легіён будзе забяспечаны самымі лепшымі ўзорамі сусветнага ўзбраення, у ім
будзе падтрымлівацца высокі баявы дух і прафесійны ўзровень. Мэтазгодна, каб
менавіта сілы Легіёну выкарыстоўваліся ў міратворчых аперацыях пад эгідай ААН.
7.6.8.
У структуры Беларускага Нацыянальнага Легіёну будуць пяхотныя, бранетанкавыя,
ваенна-дэсантныя, ваенна-паветраныя, тылавыя, медычныя адзінкі, а таксама
ваенны спецназ. Размяшчэнне пяхотных батальёнаў будзе грунтавана на
тэрытарыяльным прынцыпе.
7.6.9. Беларускім вайскоўцам будзе забяспечаны высокі
заробак і ўсе сацыяльныя гарантыі, у тым ліку бясплатнае службовае жыллё з
правам атрымання яго ва ўласнасць.
7.7. У галіне бяспекі БХД выступае за:
7.7.1.
– прыняцце Канцэпцыі
нацыянальнай бяспекі, у якой будуць адлюстраваны сучасныя выклікі і праблемы,
прагнозы іх развіцця і меры рэагавання;
7.7.2.
– фармаванне органаў
нацыянальнай бяспекі ў складзе, Рады нацыянальнай бяспекі, Службы нацыянальнай
варты, Службы бяспекі дзяржаўнай інфармацыі, Службы дзяржаўнай аховы;
7.7.3.
– узмацненне інфармацыйнай і
планава-аналітычнай дзейнасці ў органах нацыянальнай бяспекі дзеля прадухілення
негатыўных для Беларусі з’яў, адэкватнага і своечасовага рэагавання на праблемы
нацыянальнай бяспекі;
7.7.4.
– арганізацыйную рэформу
Міністрэрства ўнутраных спраў, усталяванне аптымальнай колькасці супрацоўнікаў
на ўзроўні прыблізна 400 – 500 чалавек на 100000 насельніцтва;
7.7.5. – вызваленне
праваахоўных органаў ад неўласцівых ім функцыяў і канцэнтрацыі на выкананні іх
непасрэдных задач;
7.7.6.
– ліквідацыю Ўнутраных войск як
адзінкі ў складзе Міністэрства ўнутраных спраў;
7.7.7.
– усталяванне колькасці
беларускай арміі на ўзроўні 50 тыс. чалавек;
7.7.8.
– ліквідацыю ўсіх аспектаў
тэрміновай службы, якія не тычацца прафесійнай падрыхтоўкі ваенных;
7.7.9.
– права на альтэрнатыўную
службу;
7.7.10. – стварэнне
Беларускага Нацыянальнага Легіёну – элітнага касцяка беларускай арміі, які
будзе фармавацца на прафесійнай аснове і грунтавацца на беларускім патрыятызме
і нацыянальным духу.
8. ПРАВАСУДДЗЕ
8.1. Судова-прававая сістэма
8.1.1. Хрысціянскія дэмакраты лічаць неабходным стварэнне ў Беларусі
судова-прававой сістэмы, якая ў стане забяспечыць функцыянаванне прававой
дзяржавы. Гэта прадугледжвае замацаванне
самастойнасці і незалежнасці судовай улады як асноўнага гаранта правоў і свабод
грамадзян. У беларускім заканадаўстве ў адпаведнасці з каштоўнасцямі
хрысціянскай дэмакратыі павінны быць зацверджаны дэмакратычныя прынцыпы
дзейнасці, арганізацыі і самаарганізацыі праваахоўных органаў, якія адпавядаюць
агульнапрызнаным нормам міжнароднага права.
8.1.2. Аднаўленчае правасуддзе. Замест карнага
характару правасуддзя, уласцівага Царскай Расеі і Савецкаму Саюзу, БХД мае
збудаваць у Беларусі сістэму аднаўленчага правасуддзя. Галоўнай мэтай дзяржавы
мусіць стаць не пакаранне злачынцы, а аднаўленне справядлівасці і ладу –
кампенсацыя ўрону, пакаянне зламысніка і прымірэнне бакоў. Галоўнай асобай у
працэсе аднаўленчага правасуддзя мусіць стаць не злачынца, а пацярпелы (зараз –
асоба бяспраўная і другасная).
8.1.3. Судова-прававая рэформа павінна
прадугледжваць комплекс мер па заканадаўчаму забеспячэнню і арганізацыйнаму
пераўтварэнню дзейнасці ўсёй сістэмы юстыцыі Беларусі, якую неабходна разумець
як сукупнасць усіх праваахоўных органаў ад паліцыі да ўстаноў натарыята і
судоў.
8.2. Судовая
ўлада
8.2.1. БХД
лічыць неабходным зрабіць суд галоўным органам у сістэме праваахоўных органаў.
Гэта патрабуе змены статуса суда, пераўтварэння яго ў самастойны і незалежны
орган улады з удакладненнем яго прызначэння як арбітра ў спрэчках бакоў і як
абаронцу правоў грамадзяніна. Суд павінен знаходзіцца па-за межамі ўплыву
прыватных інтарэсаў і быць па-за палітычнай барацьбой. Спроба падкупіць суд або
спроба суддзі вырашыць справу праз хабар будзе прыраўнаваная да цяжкага
злачынства.
8.2.2. Судовая рэформа
павінна карэнным чынам змяніць прававы статус суддзяў, замацаваць іх
незалежнасць, забяспечыць незмяняльнасць і недатыкальнасць, прыстойнае
матэрыяльна-бытавое і сацыяльнае становішча. Гарантыі судзейскай незалежнасці
ад выканаўчай улады, мясцовых, палітычных і іншых уплываў забяспечваюцца праз
новы парадак фармавання судзейскага корпуса.
8.3. Суды агульнай юрысдыкцыі
8.3.1. БХД
лічыць неабходным стварыць чатырохузроўневую сістэму агульных судоў. Гэта
забяспечыць неабходную дэцэнтралізацыю і незалежнасць судовай сістэмы ад
выканаўчых органаў, мясцовых самакіраванняў, прыватных і іншых уплываў.
8.3.2. Першым звяном сістэмы агульных судоў
павінен стаць міравы суддзя, у кампетэнцыі якога знаходзіцца разгляд малазначных
грамадзянскіх спраў, асобных катэгорыяў крымінальных спраў і спраў аб
адміністрацыйных правапарушэннях. Міравы суддзя абіраецца насельніцтвам
адпаведнай муніцыпальнай/валасной адзінкі тэрмінам на 5 гадоў.
8.3.3. Асноўным
звяном судовай сістэмы з’яўляецца акружны суд, у кампетэнцыі якога – разгляд
крымінальных і грамадзянскіх спраў. Акружны суд дзейнічае на міжмуніцыпальным
узроўні. Суддзі акружнога суда абіраюцца насельніцтвам адпаведных
адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак тэрмінам на 10 гадоў.
8.3.4. Праверачнай
інстанцыяй і судом першай інстанцыі па асабліва цяжкіх злачынствах з’яўляецца
павятовы (Мінскі акружны) суд.
8.3.5. На ўзроўні
акружных і павятовых судоў мэтазгодна ўвядзенне інстытуту прысяжных для
разгляду складаных крымінальных спраў.
8.3.6. Ваенныя суды ўваходзяць у сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі
і дзейнічаюць ва Ўзброеных Сілах.
8.3.7. Вышэйшай судовай
інстанцыяй з’яўляецца Вярхоўны Суд. Ён правярае судовыя пастановы ў парадку
нагляду. Суддзі Вярхоўнага Суда абіраюцца на
бестэрміновай аснове Сенатам па прапанове Прэзідэнта.
8.3.8. Пры вылучэнні суддзяў на кіруючыя пасады або ў суды больш высокай інстанцыі
неабходна ўлічваць рэкамендацыі судовай супольнасці.
8.4. Канстытуцыйны Суд
8.4.1. Канстытуцыйны суд ажыццяўляе
нагляд за адпаведнасцю законаў і іншых нарматыўных актаў Канстытуцыі і
міжнародна-прававым абавязальніцтвам Рэспублікі Беларусь. Прыняцце
Канстытуцыйным Судом заключэння аб неадпаведнасці закона, міжнароднай дамовы
або іншага абавязальніцтва, указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – Канстытуцыі або міжнародна-прававым
пактам, якія ратыфікаваны Рэспублікай Беларусь, прыпыняе іх дзеянне, а праз два
месяцы, ў выпадку іх неперагляду Парламентам або Прэзідэнтам, спыняе іх дзеянне
на тэрыторыі краіны.
8.4.2. Суддзі Канстытуцыйнага Суда прызначаюцца на пасаду Сенатам
тэрмінам на 12 гадоў для забеспячэння незалежнасці іх працы ад
палітычных зменаў у краіне. Старшыня Канстытуцыйнага Суда абіраецца таемным
галасаваннем суддзяў Канстытуцыйнага Суда.
8.4.3. Правам звароту ў Канстытуцыйны Суд
надзяляюцца суб’екты, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы, а таксама
іншыя суды Рэспублікі Беларусь.
8.4.4.
Месцам пастаяннага знаходжання Канстытуцыйнага Суда з’яўляецца горад Наваградак.
8.5. Гаспадарчыя суды
8.5.1. Гаспадарчыя суды вырашаюць усе спрэчкі ў галіне эканамічных адносін
паміж усімі ўдзельнікамі гаспадарчай дзейнасці ў незалежнасці ад форм
уласнасці. У аснове юрысдыкцыі гэтых судоў знаходзіцца прынцып абароны правоў і
законных інтарэсаў усіх суб’ектаў гаспадарання.
8.5.2. Вышэйшы Гаспадарчы Суд з’яўляецца вышэйшым органам судовай улады ў
сферы эканамічных адносін. Ён ажыццяўляе кіраўніцтва і арганізуе працу ўсёй
сістэмы гаспадарчых судоў.
8.5.3. БХД выступае за ўмацаванне самастойнасці і незалежнасці Вышэйшага
Гаспадарчага Суда і ніжэйстаячых гаспадарчых судоў ад органаў дзяржаўнага
кіравання і іншых удзельнікаў эканамічных адносін, што грунтуецца на
павелічэнні ролі судовай улады ў краіне.
8.6. Спецыялізаваныя суды
8.6.1. БХД лічыць неабходным стварыць у
краіне адміністрацыйныя суды, а ў перспектыве і іншыя спецыялізаваныя суды –
сямейныя, падаткавыя, ліцэнзійна-патэнтавыя і інш.
8.6.2. Сістэма адміністрацыйных судоў
складаецца з Вышэйшага Адміністрацыйнага Суда і акружных адміністрацыйных
судоў, якія дзейнічаюць на міжпавятовым узроўні. Адміністрацыйныя суды
разглядаюць скаргі грамадзян на рашэнні, дзеянне (бяздзеянне) органаў кіравання
і самакіравання, адміністрацыі і чыноўнікаў.
8.6.3. Стварэнне судоў для
непаўнагадовых запатрабавана з-за неабходнасці асаблівай увагі да асобы непаўнагадовага,
высвятлення чыннікаў, якія сталі падставай для здзяйснення правапарушэння, а
таксама вызначэння асаблівых мер пакарання.
8.7. Судовае самакіраванне
8.7.1.
Для забеспячэння незалежнасці і самастойнасці судовай улады БХД лічыць
неабходным умацаванне судовага самакіравання і яго максімальнай незалежнасці ад
адміністрацыі. Гэта магчыма праз
стварэнне судзейскай карпарацыі.
8.7.2. Судзейская карпарацыя павінна валодаць шэрагам кампетэнцыяў:
прымаць удзел у прызначэнні кваліфікацыйных класаў суддзям, абараняць інтарэсы
суддзяў, пазбаўляць судовых паўнамоцтваў і даваць заключэнні аб вызваленні суддзі з пасады, прадстаўляць
кандыдатуры на пасады старшыняў судоў і іх намеснікаў, а таксама прадстаўляць
суддзяў да прызначэння ганаровых званняў і ўзнагарод.
8.7.3. Кандыдаты ў кваліфікацыйныя калегіі павінны падбірацца за
кошт чальцоў, якія не звязаны паміж сабой адносінамі падпарадкавання.
8.8. У справе судовай рэформы БХД выступае за:
8.8.1. – сістэму
аднаўленчага правасуддзя як замену карнага савецкага;
8.8.2. – дэцэнтралізацыю
судовай сістэмы за кошт функцыянальнага падзелу форм судовай улады;
8.8.3. – максімальнае
набліжэнне суда да грамадзяніна, экстэрытарыяльнага характару асноўнага звяна
судовай сістэмы;
8.8.4. – сумяшчэнне
адзінаасабовага і калегіяльнага разгляду спраў;
8.8.5. – удзел
народа ў здзяйсненні правасуддзя ў якасці прысяжных;
8.8.6. – стварэнне
спецыялізаваных адміністрацыйных судоў;
8.8.7. – абранне
насельніцтвам міравога суддзі як ніжэйшага звяна сістэмы судоў агульнай
юрысдыкцыі, а таксама суддзяў акружнога ўзроўню;
8.8.8. – вызваленне судоў ад
неўласцівых ім функцыяў;
8.8.9. – памяншэнне памеру
дзяржаўнай мыты да ўзроўню, калі яна не з’яўляецца перашкодай для звароту ў
суды;
8.8.10.– забеспячэнне
роўных умоў для развіцця ўсіх форм уласнасці і гарантыі іх роўнай прававой
абароны.
8.9.
Праваахоўныя органы і юрыдычная дапамога
8.9.1. Праваахоўныя органы Рэспублікі Беларусь
павінны пазбавіцца ад неўласцівых ім функцыяў, у тым ліку палітычнага вышуку.
Паўнамоцтвы праваахоўных органаў абмяжоўваюцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь
і іншымі нарматыўна-прававымі актамі.
8.9.2. БХД лічыць неабходным перагледзець і дакладна акрэсліць
ролю Міністэрства юстыцыі ў судова-прававой сістэме.
8.9.3. Пракуратураз’яўляецца органам, які забяспечвае ад імя дзяржавы нагляд за дакладным i
аднолькавым выкананнем законаў на тэрыторыі рэспублікі. Функцыі і аб’ём
паўнамоцтваў пракуратуры павінны адпавядаць прыродзе пракурорскага нагляду.
Праз пракурорскі нагляд рэалізуюцца прынцыпы стрыманняў і супрацьваг у сістэме юстыцыі.
Варта вызваліць пракуратуру ад неўласцівых ёй функцыяў у галіне нагляду за
судом.
8.9.4. Вышэйшым органам фінансава-эканамічнага кантролю Рэспублікі
Беларусь з’яўляецца Кантрольная палатаРэспублікі Беларусь. Кантрольная палата ўтвараецца Парламентам Рэспублікі
Беларусь і падсправаздачная яму. Сойм абірае старшыню і палову аўдытараў, Сенат
абірае двух намеснікаў старшыні і другую палову аўдытараў тэрмінам на 4 гады.
Кантрольная палата Рэспублікі Беларусь складаецца з калегіі і апарату.
8.9.5. Следчы камітэт павінен стаць адзіным
органам папярэдняга следства ў краіне. Хрысціянскія дэмакраты выступаюць за
ўмацаванне незалежнасці і самастойнасці Следчага
камітэту, які павінен падпарадкоўвацца Міністэрству юстыцыі. Старшыня Следчага
камітэту пры пракуратуры прызначаецца і вызваляецца з пасады Сенатам па
прапанове Прэзідэнта.
8.9.6. Цэнтральным
органам крымінальна-выканаўчай сістэмы з’яўляецца Пенітэнцыярная служба Беларусі. Дзейнасць Пенітэнцыярнай службы
павінна накіроўвацца і каардынавацца Міністэрствам юстыцыі. Мы выступаем за
павелічэнне выкарыстання альтэрнатыўных мер пакарання замест зняволення ў
турмах і калоніях. Незалежныя назіральнікі павінны мець магчымасць кантролю за
ўтрыманнем асуджаных ва ўстановах зачыненага тыпу. Неабходным з’яўляецца
працяглая праграма адукацыі і павышэння кваліфікацыі супрацоўнікаў турмаў і
калоніяў.
8.9.7. БХД лічыць:
пазбаўленыя волі могуць быць толькі тыя, хто небяспечны для грамадства або
здзейснілі цяжкае злачынства. Савецкая сістэма турм і “зонаў” арыентаваная на
падаўленне, прыніжэнне і ламанне чалавека. Галоўнай задачай службы стане
рэальнае перавыхаванне асуджаных.
8.9.8. У прававой
дзяржаве адвакатура бачыцца
хрысціянскімі дэмакратамі як незалежная, прафесійная, самакіраваная і
грамадская арганізацыя. Разам з калегіямі адвакатаў прафесійнай праваабарончай
дзейнасцю могуць займацца іншыя аб’яднанні і асобы.
8.9.9. Карпаратыўнасць юрыстаў варта разглядаць як важкі фактар у рэалізацыі
прынцыпаў прававой дзяржавы і правядзенні судова-прававой рэформы. Грамадскія
аб’яднанні юрыстаў, якія маюць функцыі органаў самакіравання, павінны
ўдзельнічаць у вырашэнні пытанняў дысцыплінарнай вытворчасці ў дачыненні да
юрыстаў, выдачы ліцэнзіяў на занятак прафесійнай юрыдычнай дзейнасцю,
прысваення квалiфiкацыйных класаў, чыноў, званняў, прадстаўлення да ўзнагарод і
ў іншых выпадках, калі неабходна адзнака маральных якасцяў юрыстаў.
8.9.10 Асновай самакіравання юрыстаў з’яўляецца
захаванне дэмакратычных працэдур абрання, дзейнасці і справаздачнасці кіруючых
і рабочых органаў, іх скіраванасць на падтрымку высокага прэстыжу і сацыяльнага
статусу юрыдычных прафесіяў.
8.10. У галіне
юрыспрудэнцыі БХД
выступае за:
8.10.1. – развіццё прыватнай адвакацкай
дзейнасці і прыватнага натарыяту;
8.10.2.– забеспячэнне
незалежнасці Следчага камітэта ад Прэзідэнта і яго падпарадкаванне Міністэрству
юстыцыі;
8.10.3. – дэкрыміналізацыю шэрагу
злачынстваў, якія тычацца ў першую чаргу эканамічных правапарушэнняў;
8.10.4. – перадачу органам
Мінюста ўсіх паўнамоцтваў па арганізацыі выканання судовых рашэнняў, у тым ліку
стварэнне судовай паліцыі (прыставаў) пры Мінюсце, якая займалася б прымусовым
выкананнем судовых рашэнняў і іншых выканаўчых дакументаў, наглядам за асобамі,
якія асуджаны да пакарання без пазбаўлення волі, аховай судоў, судовых
работнікаў і ўдзельнікаў працэсу падчас яго правядзення;
8.10.5. – перадачу
Мінюсту кіраўніцтва выканаўча-папраўчымі ўстановамі (акрамя іх аховы),
падрыхтоўку кадраў для гэтых устаноў, распрацоўку і рэалізацыю мер па
рэсацыялізацыі асуджаных;
8.10.6. – аб’яднанне пад
кіраўніцтвам Мінюста экспертна-крыміналістычных падраздзяленняў, якія
знаходзяцца ў падпарадкаванні розных праваахоўных ведамстваў;
8.10.7. – перадачу ў юрысдыкцыю Мінюста служб
пашпартызацыі, рэгістрацыі, выдачу ліцэнзіяў на права заняцця прафесійнай
юрыдычнай дзейнасцю;
8.10.8.–карэнную рэформу пенітэнцыярных устаноў і забеспячэнне асуджаным нармальных
умоў адбывання пакарання, якія дазволяць захоўваць годнасць асобы.
8.11. Знішчэнне
карупцыі
8.11.1. Карупцыя – надзвычай разбуральны вынік
гаспадарання каммуністычнай сістэмы і рэжыму Лукашэнка. Практычна ўсе сілай чынавенства
паражаныя крадзяжом як нормай. БХД дасць 3 месяцы для прылюднага пакаяння,
вяртання скрадзеных сродкаў і кампенсацыі урону, нанесенага дзяржаве карумпнаванымі
чыноўнікамі. Тыя, хто зробіць гэта добраахвотна, будуць амніставаныя. У
дачыненні да астатніх падазраваных на працягу 6 месяцаў будзе прадпрынятае
следства, і пры доказах віны такім чыноўнікам адначасова з канфіскацыяй маёмасці
будзе пажыццёва забаронена займаць дзяржаўныя пасады. Грошы, вернутыя ў бюджэт
пасля хуткага і рашучага разбору карупцыі, будуць забеспячэннем для праграмы
празрыстых і сумленных рэформаў.
8.11.2.
Дзеля змагання з карупцыяй БХД ініцыюе распрацоўку так званага “Закона
Лінкальна”, аналагі якога дзейнічаюць ва ўсіх развітых краінах: грамадзяне,
якія праявілі судовую ініцыятыву і даказалі факт крадзяжу ў дзяржавы, маюць
права на 25% ад вернутай ў бюджэт сумы. Сусветны досвед паказвае выключную
эфектыўнасць гэтага заканадаўства.
8.11.3.
БХД – за ўвядзенне ў Беларусі інстытута прыватнага сыску.
9. ЭКАНОМІКА, Бізнэс
і праца
9.1. Сацыяльная
рынкавая эканоміка і субсідыярнасць
9.1.1. БХД з’яўляецца партыяй, якая прапануе беларускаму
народу эканамічную мадэль сацыяльнай рынкавай эканомікі. Мы лічым, што яна з’яўляецца
найбольш эфектыўнай мадэллю, паспяхова рэалізаванай у пасляваеннай ФРГ і
посткамуністычнай Польшчы. Мадэль эфектыўна працуе як у пераходны перыяд, так і
на наступным этапе эканамічнага развіцця. БХД адхіляе камандную эканоміку, у
якой дзяржава выконвае функцыі прыватнага бізнэсу, як неэфектыўную і прыгнятаючую
свабоду і годнасць чалавека.
9.1.2. У той жа час, БХД не з’яўляецца прыхільніцай
поўнага лібералізму ў эканоміцы, стыхійнага рынку, у якім дзяржава
абмяжоўваецца роляй заканадаўца і збіральніка падаткаў, паколькі гэта
прыводзіць да відавочнай няроўнасці і іншых сацыяльных праблем.
9.1.3. Сацыяльная рынкавая эканоміка зыходзіць з таго,
што асобны чалавек з’яўляецца тварэннем Божым і яго годнасць з’яўляецца
недатыкальнай. Сацыяльная рынкавая эканоміка з’яўляецца ладам, пры якім
свабода, салідарнасць і справядлівасць дапаўняюць адна адну.
9.1.4. Кіруючым прынцыпам ў грамадстве ў цэлым і ў
эканоміцы, у прыватнасці, павінен быць прынцып субсідыярнасці. У дачыненні да
грамадства субсідыярнасць азначае дапаўняючае актыўнае ўмяшальніцтва ў мэтах
дапамогі з боку вялікіх сацыяльных утварэнняў, такіх як дзяржава і іншых
грамадскіх інстытутаў на карысць асобных людзей і меншых жыццёвых сфер. Падобна
да таго, як індывіда нельга пазбаўляць ініцыятывы і даваць грамадству рабіць
тое, што ён можа рабіць па ўласнай ініцыятыве і сваімі сіламі, гэтак жа
парушаецца справядлівасць, калі тое, што могуць зрабіць больш дробныя супольнасці,
бяруць на сябе вялікія супольнасці. Да таго ж гэта надзвычай нявыгадна і
заблытвае ўвесь грамадскі лад. Чым лепш вытрымліваецца паслядоўнасць розных
грамадскіх працэсаў шляхам строгага выканання прынцыпа субсідыярнасці, тым
мацнейшая грамадская ўлада і сіла ўздзеяння грамадства, і тым больш паспяхова
ідуць справы ў грамадстве. Дзейнасць грамадства ў гэтым выпадку дапаўняе
дзейнасць індывіда, сям’і, прафесійнай групы.
9.1.5. Сацыяльная рынкавая эканоміка чэрпае сваю сілу з
таго, што свабода і адказнасць, канкурэнцыя і салідарнасць ўтвараюць адзінства
і падтрымліваюць адзін аднаго. Яна з’яўляецца непадзельным спалучэннем вольнага
эканамічнага і салідарнага сацыяльнага ладу. Сацыяльная рынкавая эканоміка з’яўляецца
сацыяльнай, таму што яна дае людзям магчымасць жыць у адпаведнасці са сваім
прызначэннем да самастойнасці і самому клапаціцца пра сябе і пра сваіх блізкіх.
Яна з’яўляецца сацыяльнай, таму што вядзе сілы індывіда да грамадскага
ўзаемадзеяння. Яна з’яўляецца сацыяльнай, таму што робіць эканамічна магчымай
салідарнасць, на якой грунтуюцца арганізаваныя дзяржавай сістэмы сацыяльнай
абароны. Сацыяльная рынкавая эканоміка робіць магчымым для ўсіх дабрабыт і
бяспеку. Сацыяльная рынкавая эканоміка азначае саўдзел таксама для тых, хто не
можа ўласнымі сіламі дасягнуць адпаведнага жыццёвага ўзроўню. Так яна
ажыццяўляе сацыяльную справядлівасць.
9.2. Канкурэнтны
эканамічны парадак
9.2.1. Сацыяльная рынкавая эканоміка з’яўляецца ладам
канкурэнтнага парадку. Гэты парадак закліканы забяспечыць канкурэнцыю ўсюды,
дзе яна магчыма, ажыццяўляючы рэгуляванне там, дзе гэта неабходна. Дзяржава
мусіць забяспечыць рэалізацыю прынцыпаў канкурэнтнага эканамічнага парадку, канстытуючымі
прынцыпамі якога з’яўляюцца:
-цэнавы механізм, які спраўна працуе на ўсіх шматлікіх рынках
у нацыянальнай эканоміцы;
-стабільнасць пакупной здольнасці грошай;
-адкрытыя рынкі, прыватная ўласнасць як дамінуючая форма
ўласнасці ў эканоміцы, эканамічная адказнасць гаспадарчых суб’ектаў за вынікі
сваёй дзейнасці;
-нязменнасць эканамічнай палітыкі, якая стварае спрыяльныя
магчымасці для інвестыцыяў у эканоміку і прытоку капіталу, адзінства і
комплекснае прымяненне вышэйназваных прынцыпаў.
9.2.2. Рэгулюючымі прынцыпамі канкурэнтнага эканамічнага
парадку з’яўляюцца кантроль за дзейнасцю натуральных манаполіяў і
антыманапольная палітыка ў іншых галінах, барацьба з нядобрасумленнай
канкурэнцыяй, палітыка ў галіне даходаў, мэтай якой з’яўляецца памяншэнне
няроўнасці матэрыяльных шанцаў грамадзян Беларусі.
9.2.3. Канкурэнцыя з’яўляецца важнай умовай для надзейнай
абароны спажыўца, паколькі любая манапалізацыя, якая абмяжоўвае канкурэнцыю,
абмяжоўвае разнастайнасць і свабоду выбару спажыўцоў. Правы спажыўцоў з’яўляюцца
грамадзянскімі правамі, таму абарона спажыўца з’яўляецца надзённай палітычнай
задачай. Яна павінна быць часткай шырокай спажывецкай палітыкі, якая шукае
раўнавагу паміж інтарэсамі спажыўцоў і эканомікі для таго, каб забяспечыць у
Беларусі высокую ступень якасці жыцця.
9.2.4. Надзейная, шырокая і дзелавая інфармацыя аб
прадуктах і іх якасці робіць магчымым адказныя спажывецкія паводзіны. Абарона
спажыўца – гэта справа не толькі дзяржавы, яна залежыць таксама ад удзелу і
адказнасці вытворцаў, перапрацоўшчыкаў, гандлюючых прадпрыемстваў і спажыўцоў.
БХД не вітае аніякага кіравання спажываннем з боку дзяржавы.
9.3. Аснова новай эканомікі Беларусі
9.3.1. Беларусь ІІІ тысячагоддзя бачыцца нам як сэрвісны
, фінансавы, тэхналагічны, навуковы інфармацыйны цэнтр рэгіянальнага ўзрозню на
ключавым геапалітычным скрыжаванні. Інфраструктура транзытных шляхоў, лагістычных
цэнтраў, індустрыя гасціннага абслугоўвання, турызму і адпачынку; сфера
банкаўскага капіталу і высакаякаснай тэхналагічнай зборкі мусяць стаць асновай
эканомікі Беларусі. Інфармацыйныя тэхналогіі, электроніка і бытавая эхніка,
інавацыі, легкая прамысловасць і харчаванне у перспектыве здольныя ператварыцца
ў візытоўку нашай краіны.
9.3.2. Працавітае, адукаванае, гасціннае і руплівае
насельніцтва Беларусі – ідэальныя удзельнікі еўрапейскага рынку паслуг і
інфармацыйных тэхналогіяў. Транзытны сэрвіс, абслугоўванне фінансавых,
навукова-тэхнічных патокаў паміж Еўропай і Азіяй, Балтыйскім і Чарнаморскім
рэгіёнамі, інфармацыйная індустрыя і сфера турызму – магістральны шлях развіцця
беларускай эканомікі.
9.3.3. БХД – за стварэнне эфэктыўнай рынкавай эканомікі,
якая б дазваляла напоўніцу, развіваць
вытворчыя сілы народу і адначасова захоўвала б сацыяльную раўнавагу у грамадстве. Прынцып вольнага рынку i вядучая роля ў iм прыватнае уласнасці не павінныя
супярэчыць дзяржаўнаму рэгуляванню стратэгічных галінаў гаспадаркі, якія
фармуюць эканамічную бяспеку краіны: энэргетыка,
камунальная сыстэма, транспарт, структураўтваральныя
прадпрыемствы.
9.3.4. Эканамічная мадэль БХД абапіраецца на развіццё ўнутранага попыту як
галоўнага фактару дыверсіфікавання і мадэрнізацыі эканомікі, росту айчыннай
вытворчасці. Галоўным стымулам росту нашай эканомікі павінны стаць не нізкі
кошт працы, а высокія прыбыткі грамадзян. Па прынцыпе: “Заможныя людзі – высокі
спажывецкі і прамысловы попыт – развітая айчынная вытворчасць – моцная эканоміка
– заможныя людзі”.
9.3.5. Зыходным пунктам будаўніцтва
канкурэнтнага рынкавага парадку, і гэта асабліва важна для Беларусі, з’яўляецца
забеспячэнне стабільнасці пакупной здольнасці грошай. У Беларусі павінна быць
уведзена нацыянальная валюта (талер), якая ў поўнай меры будзе выконваць
функцыі меры кошту, сродка звароту і сродка назапашвання. Нестабільнасць
нацыянальнай валюты, якая існуе ў Беларусі ўжо больш за 20 гадоў, не дазваляе
ёй эфектыўна выконваць функцыю меры кошту, якую па-ранейшаму выконвае даляр ЗША.
Пасля ўвядзення новай валюты Нацыянальны банк павінен праводзіць грашова-крэдытную
палітыку, накіраваную на ўтрыманне тэмпу інфляцыі ў межах 3% у год. Гэта
створыць неабходныя спрыяльныя ўмовы для працы рынкаў і ўсіх суб’ектаў
гаспадарання.
9.4. Прыватная ўласнасць
9.4.1. Прыватная ўласнасць павінна стаць дамінуючай
формай уласнасці ў эканоміцы. Гэта павінна адбыцца ў ходзе транспарэнтнай і
справядлівай прыватызацыі часткі дзяржаўных прадпрыемстваў (за выключэннем тых,
якія вырабляюць прадукцыю абароннага прызначэння, прадпрыемстваў чыгуначнага
транспарту, трубаправодаў, газасховішчаў, прадпрыемстваў, якія здабываюць
стратэгічна важную для Беларусі калійную соль, іншых вытворчасцяў, якія маюць
асаблівую важнасць для краіны, прадпрыемстваў, якія вырабляюць алкагольныя
напоі і тытунёвую прадукцыю).
9.4.2. БХД зыходзіць з таго, што прыватная ўласнасць з’яўляецца
элементам, які забяспечвае ў рынкавай эканоміцы прыняцце гнуткіх
дэцэнтралізаваных рашэнняў, асабліва ў галіне інвестыцыяў. Больш за тое,
прыватная ўласнасць з’яўляецца умовай рэалізацыі свабоды індывіда. Калі ў
грамадстве пануе калектыўная ўласнасць на сродкі вытворчасці, тады
усталёўваецца панаванне над індывідам эканамічнай улады, якая, карыстаючыся
сваёй магутнасцю, абмяжоўвае яго свабоду. У выніку індывід ў межах сацыяльнага
парадку мае слабую і несамастойную пазіцыю.
9.4.3. Прыватная ўласнасць гарантуе чалавеку незалежнасць,
свабоду і самастойнасць. Прыватная ўласнасць знаходзіцца, такім чынам, у цеснай
сувязі з асабістай годнасцю і асабістымі правамі чалавека. Прыватная ўласнасць
служыць выразнаму вылучэнню і размежаванню кампетэнцыяў і сфер адказнасці ў
эканоміцы. Яна адпавядае патрэбнасці чалавека ў бяспецы і клопаце, што
перадусім мае значэнне для сям’і.
9.4.4. Для ладу, заснаванага на прыватнай уласнасці,
характэрны актыўны эканамічны абмен, які злучае адну з адной галіны эканомікі і
народы на мірнай і добраахвотнай аснове, а не афіцыйна праз службовых асоб.
Прыватная ўласнасць дае магчымасць людзям рабіць дабро іншым, самааддана дапамагаючы
ім. Дзяржаўная апека дзейнічае халодна і абыякава. У той час як прыватная
ўласнасць служыць выразнай дыферэнцыяцыі кампетэнцыяў і сфер адказнасці ў
эканоміцы, агульнасць маёмасці вядзе да беспарадку і няяснасці. Пры магутным
апараце кіравання вытворчасцю сучаснай эканомікі агульнасць маёмасці азначае перадусім
велізарную канцэнтрацыю ўлады, якая можа выклікаць непераадольныя спакусы
злоўжывання уладай.
9.5. Свабоднае
прадпрымальніцтва як умова сацыяльнай рынкавай эканомікі
9.5.1. Прадпрымальнікі і кіраўнікі прадпрыемстваў са
сваёй крэатыўнасцю і гатоўнасцю да дасягненняў уяўляюць сабой апору сацыяльнай
рынкавай эканомікі. Для поспеху Беларусі важна, каб яе мужчыны і жанчыны былі
гатовыя засноўваць прадпрыемствы і браць на сябе рызыкі. Усё грамадства мае
выгаду ад прадпрыемстваў, якія працуюць прадуктыўна і дамагаюцца прыбытку.
Імкненне да прыбытку служыць забеспячэнню і працягу развіцця прадпрыемства і,
тым самым, выкананню грамадскіх задач.
9.5.2. БХД прызнае сябе прыхільніцай свабоднага прадпрымальніцтва,
якое нясе сацыяльную адказнасць. Прадпрымальнікі і кіраўнікі прадпрыемстваў
ствараюць надзейныя ў будучым працоўныя месцы і сваёй рэпутацыяй і сваёй
культурнай ідэнтычнасцю фармуюць таксама імідж Беларусі ў свеце.
Прадпрымальнікам для паспяховай дзейнасці патрэбна вольная прастора, а таксама
прыдатныя рамачныя ўмовы і стымулы. Пры гэтым развіццё прадпрыемства павінна
адбівацца на яго фінансавай сітуацыі або на кіраўніку прадпрыемства.
9.5.3. Хто дзейнічае як прадпрымальнік, той бярэ на сябе
адказнасць. Гэта датычыцца дзелавых і грамадскіх адносін, навакольнага асяроддзя
і будучых пакаленняў і зусім непасрэдна да супрацоўнікаў і іх сем’яў. Гэта
прадугледжвае таксама падтрыманне роўнасці паміж мужчынамі і жанчынамі (прынцып
роўнай аплаты за роўную працу). Дальнабачныя прадпрыемствы ведаюць, што гэта ў
іх жа ўласных інтарэсах. Узорам сацыяльнай рынкавай эканомікі з’яўляецца адказны
ўласнік-прадпрымальнік.
9.6. Наёмныя
работнікі
9.6.1. Для наёмных мэнэджараў ў Беларусі павінна быць
ўзмоцнена асабістая адказнасць. Наёмныя работнікі, таксама як і
прадпрымальнікі, сваёй працай, працаздольнасцю і гатоўнасцю працаваць значна
спрыяюць поспеху прадпрыемстваў, народнай гаспадаркі ў цэлым і, тым самым,
дабрабыту і развіццю нашай краіны. Такім чынам, яны ўносяць адначасова значны
ўклад у забеспячэнне свайго існавання і існавання сваіх родных. Прадпрыемствам
патрэбны добра адукаваныя, крэатыўныя і матываваныя супрацоўнікі, каб здолець
дамагчыся поспеху.
9.6.2. Наёмным работнікам патрэбны магчымасці для ўдзелу,
адказнасць і свабода дзеянняў, каб здолець шырока і паспяхова раскрыць свае
здольнасці. Адукацыя і павышэнне кваліфікацыі гарантуюць ім большыя магчымасці
для занятасці і працаздольнасці. Адначасова наёмныя работнікі маюць патрэбу для
планавання свайго уласнага жыцця ва ўмовах удалай страхавой сістэмы. Яны маюць
права на суразмерны ўдзел у грамадскім дабрабыце.
9.6.3. БХД выступае за тое, каб асобны наёмны работнік
больш актыўна, чым да гэтага часу, удзельнічаў у поспеху і капітале
прадпрыемстваў. Гэта адкрывае для працоўных дадатковыя крыніцы даходаў,
дадатковае забеспячэнне па старасці, стварае больш справядлівасці і павышае
ідэнтыфікацыю супрацоўнікаў са сваім прадпрыемствам. Страхаванне
неплацежаздольнасці павінна быць максімальна карпаратыўным і ўлічваць асаблівыя
ўмовы пэўнага прадпрыемства.
9.6.4. БХД выступае за ўсеагульную занятасць. Праблемы
беспрацоўя мы прапануем вырашаць за кошт сістэмы грамадзкіх працаў (аплатнае
упарадкаванне, уладкаванне, азеляненне, упрыгожванне гарадоў і мястэчак, весак,
дарогаў; служэнне ў дабрачынных установах; удзел у сацыяльных праектах, якія
замаўляюць муніцыпалітэты і паветы). Шырокае укараненне сістэмы грамадзкіх
працаў здольна надаць працэсу пераменаў наглядны і ўсеахопны характар.
9.7. Прамысловасць
9.7.1. Беларуская індустрыя мусіць
пазбаўляцца ад цяжкай спадчыны савецкай
гігантаманіі і вайскова-прамысловага комплексу.
Вытворчасць III тысячагодздзя– гэта навукаёмістыя і працаёмістыя
высокатэхналагічныя галіны, здольныя сфармаваць экспартны патэнцыял Беларусі:
машынабудаванне і біяхімія,радыёэлектроніка і электратэхніка, выраб сродкаў тэлекамунікацый i экалагічных
будаўнічых матэрыялаў, фармацэўтыкі і палімераў, высокаякасных тавараў лёгкай
прамысловасці і прадуктаў харчавання.
9.7.2. Важнай задачай у
справе перабудовы прамысловасці будзе карэнная змена яе структуры: праца – і навукаёмістыя вытворчасці атрымаюць ільготы, матэрыяла- і-
энэргаёмістыя – новыя падаткі; экалагічна шкодная прамысловасць саступіць месца
альтэрнатыўным ды інавацыйным праектам; прыярытэт будзе нададзены экспартным
галінам і вырабу канкурэнтаздольнай на сусветным рынку прадукцыі.
9.8. Сельская гаспадарка
9.8.1. Беларусь мае цудоўную базу для вядзення сучаснай сельскай гаспадаркі: на кожнага жыхара краіны прыпадае па 0,7 гектары ворнай зямлі (гэта адзін з
самых высокіх паказчыкаў у свеце). Эфэктыўна выкарыстаць гэтае велізарнае багацце змогуць як буйнатаварныя, так i індывідуальныя
фермерскія гаспадаркі Своеасаблівы імпульс
аграрным адносінам павінная прыдаць прыватная
ўласнасць на зямлю. Беларусь, традыцыйна
моцная у галіне сельскагаспадарчай вытворчасці,
мае ўсе перадумовы не только для забеспячэння уласных патрэбаў у харчаванні, але i для экспарту канкурэнтаздольнай прадукцыі суседзям.
9.8.2. У сельскай гаспадарцы
БХД выступае за перадачу зямлі тым, хто на ёй працуе. Наш прыярытэт – развіццё
фермерскіх гаспадарак. Аграрная рэформа мусіць ісці паслядоўна, але хутка. На
першым этапе паспяховыя (даходныя) сельскагаспадарчыя прадпрыемствы атрымаюць
права арэнды зямлі і пэўныя льготы на 5 гадоў, а ворная зямля, што знаходзіцца
ў карыстанні стратных ААТ, былых калгасаў, саўгасаў, стане асноваю зямельнага
рынку Беларусі. Ворыва можна будзе выкупіць або арандаваць, атрымаўшы крэдыт на
набыццё тэхнікі, угнаенняў, насення праз адмысловы Зямельны банк. Купляць зямлю
будуць мець права толькі грамадзяне Беларусі. Права распараджэння і
размеркавання зямлі будзе нададзена ворганам мясцовага самакіравання.
9.8.3. На другім этапе
рэформы рынак зямлі будзе створаны вакол гарадоў, з улікам патрэбы пад забудову
– там распараджацца наданнем зямлі ў валоданне ці арэнду будуць павятовыя
улады.
9.8.4. Трэці этап рэформы –
прыватызацыя буйных і даходных вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі.
9.8.5. Нарэшце на апошнім
этапе ўмовы і падаткі для ўсіх , хто працуе на зямлі, будуць ураўнаваныя. У
выніку рэформы кожны кавалак ворыва атрымае гаспадара, а кожны гектар
дзяржаўнай зямлі – эфектыўнага карыстальніка ці распарадчыка.
9.9. Народная падтрымка эканамічнай палітыкі і макраэканамічныя мэты
9.9.1. Дзяржаўная эканамічная палітыка павінна быць
зразумелай грамадзянам, паслядоўнай, адкрытай і сумленнай. Палітыкі павінны
пераканаць людзей у яе правільнасці. Яна павінна быць тактычна правільна
выбудавана, гэта значыцца арыентавацца не толькі на доўгатэрміновы, канчатковы
вынік, але і дэманстраваць сваю пераканаўчасць і эфектыўнасць у разумныя, з
пункту гледжання чакання насельніцтва, тэрміны.
9.9.2. У макраэканамічнай палітыцы БХД бачыць дасягненне
чатырох узаемазвязаных мэт без абсалютызацыі якой-небудзь з іх:
-Устойлівыя тэмпы эканамічнага росту. Высокія тэмпы росту рэальнага ВУП на
душу насельніцтва не павінны станавіцца дамінуючай мэтай, а быць натуральным
вынікам працы эканомікі і эканамічнай палітыкі.
-Дасягненне высокай занятасці: беспрацоўе не павінна перавышаць натуральнага
ўзроўню. Пры гэтым павінна быць зведзена да мінімуму схаванае беспрацоўе і
забяспечана годная сацыяльная абарона беспрацоўных.
-Стабільная пакупная здольнасць грошай. Гадавая інфляцыя не павінна
перавышаць ўзроўню ў 3%. Гэта асабліва важна для Беларусі, якая больш за
дваццаць гадоў пакутуе ад высокай інфляцыі.
-Раўнавага знешняга гандлю. Дасягненне дадатнага сальда гандлёвага баланса ў
памеры 1-2%.
9.9.3. Нашай галоўнай мэтай з’яўляецца фармаванне
ўстойлівага даверу да эканомікі Беларусі. Дзяржава павінна гарантаваць абарону
інтарэсаў прыватных і карпаратыўных інвестараў, перш за ўсё ад свавольства
кантралюючых органаў, бюракратыі і карупцыі.
9.9.4. Фіскальная
палітыка дзяржавы павінна грунтавацца на павазе да падаткаплацельшчыкаў,
што павінна выяўляцца ў простых, празрыстых і зразумелых формах выплат падаткаў
і збораў. Колькасць падаткаў павінна быць зведзена да мінімуму пры максімальнай
прастаце і празрыстасці. Істотныя змены ў падатковым заканадаўстве павінны
ўступаць у сілу не раней, чым праз каляндарны год пасля іх заканадаўчага
прыняцця.
9.10. Прыватызацыя
9.10.1. БХД выступае за адкрытую, паслядоўную і прадуманую
прыватызацыю дзяржаўнай уласнасці ад дробнага да буйнага пры захаванні прынцыпа
прывілеяванага ўдзелу ў ёй грамадзян Беларусі. Прыватызацыя дзяржаўнай уласнасці
заклікана засцерагчы грамадзян Рэспублікі Беларусь ад эканамічнай
неабароненасці і беднасці. Працэдура прыватызацыі і далейшае кіраванне актывамі
павінна насіць абсалютна празрысты характар. Прыватызацыя дзяржаўнай уласнасці
павінна ажыццяўляцца на прынцыпах справядлівасці і роўнай даступнасці для
грамадзян Беларусі.
9.10.2. БХД выступае за паступовае ўцягванне ў абарот
часткі зямельных рэсурсаў. Правы валодання зямельнымі надзеламі павінны быць
дадзеныя бязвыплатна ўсім грамадзянам Рэспублікі Беларусь, пры гэтым памер
надзела павінен залежаць ад месцазнаходжання ўчастка. За плату грамадзяне
Беларусі павінны мець магчымасць купляць зямлю на свабодных аўкцыёнах.
Грамадзяне замежных дзяржаў павінны мець права атрымліваць зямлю ў арэнду на
спецыяльных аўкцыёнах.
9.10.3. БХД прапануе адкрыты, паслядоўны і абдуманы
пераход сельскай гаспадаркі ў рукі эфектыўных уласнікаў. У бліжэйшай будучыні
павінна захавацца існуючая практычна ва ўсіх развітых краінах датацыйнасць
сельскай гаспадаркі, якая, аднак, не павінна заахвочваць неэфектыўных
сельскагаспадарчых вытворцаў.
9.10.4. У эканамічнай сферы дзяржава павінна
канцэнтраваць свой удзел на развіцці важнейшых сектараў эканомікі, якія маюць
стратэгічнае значэнне. Гэта, у першую чаргу, навука, інавацыі, высокія тэхналогіі,
развіццё інфраструктуры, траспартныя і транзітныя магчымасці.
9.10.5. БХД выступае за больш хуткае ўступленне Беларусі
ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА). Гэта ў найбольшай меры дасць
магчымасць атрымаць адкрытай эканоміцы Беларусі выгады ад міжнароднага гандлю і
міжнароднага падзелу працы.
9.10.6. Найлепшай асновай сацыяльнай палітыкі дзяржавы з’яўляецца
эфектыўна працуючая эканоміка. У сучасным свеце краіны з такімі эканомікамі маюць
і найбольш развітыя сістэмы сацыяльнай абароны.
9.11. У сферы
гаспадаркі БХД выступае за:
9.11.1. – сацыяльна арыентаваную рынкавую эканоміку, якая дае
магчымасць самому клапаціцца пра сябе і пра сваіх блізкіх, робіць эканамічна
магчымай салідарнасць, дабрабыт і бяспеку для ўсіх, саўдзел для тых, хто не
можа ўласнымі сіламі дасягнуць прымальнага жыццёвага ўзроўню;
9.11.2. – канкурэнтны эканамічны парадак закліканы забяспечыць
канкурэнцыю ўсюды, дзе яна магчыма, ажыццяўляючы рэгуляванне там, дзе гэта
неабходна;
9.11.3. – кантроль за дзейнасцю натуральных манаполіяў і
антыманапольную палітыку ў іншых галінах;
9.11.4. – абарону правоў спажыўца і прадастаўленне надзейнай
праўдзівай інфармацыі пра прадукцыю;
9.11.5. – уведзенне новай нацыянальнай валюты – талера, які ў поўнай меры будзе
выконваць функцыі меры кошту, сродка звароту і сродка назапашвання;
9.11.6. – утрыманне тэмпа інфляцыі ў межах 3% у год;
9.11.7. – дасягненне дадатнага сальда гандлёвага баланса ў памеры
1-2%;
9.11.8. – свабоднае развіццё прадпрымальніцтва ў Беларусі;
9.11.9. – дамінаванне прыватнай ўласнасці ў эканоміцы;
9.11.10. – транспарэнтную і справядлівую прыватызацыю часткі
дзяржаўных прадпрыемстваў (за выключэннем прадпрыемстваў абароннага комплекса, чыгуначнага
транспарта, трубаправодаў, газасховішчаў, алкагольнай і тытунёвай прадукцыі, “Беларуськалія”);
9.11.11. – прывілеяваны ўдзел ў прыватызацыі грамадзян Беларусі;
9.11.12. – перадачу ва ўласнасць зямельных надзелаў для ўсіх
грамадзян Беларусі;
9.11.13. – права прыватнай ўласнасці на зямлю для грамадзян
Беларусі;
9.11.14. – простыя, празрыстыя і зразумелыя формы выплат падаткаў і
збораў, колькасць якіх павінна быць зведзена да мінімуму пры максімальнай
прастаце і празрыстасці;
9.11.15. –стабільнасць падаткавага заканаўства: істотныя змены павінны ўступаць у
сілу не раней чым праз каляндарны год пасля іх заканадаўчага прыняцця;
9.11.16. – інфармаванасць народа пра мэты эканамічнай палітыкі для дасягнення
разумення ў працэсе ажыццяўлення рынкавых рэформ, якія абавязкова мусяць быць
абмежаваныя разумнымі тэрмінамі;
9.11.17. – уступленне Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю.
9.12. Энэргетыка
9.12.1. БХД бачыць энэргетычную бяспеку Рэспублікі
Беларусь у некалькіх вымярэннях: эканамічным, палітычным і экалагічным. Сённяшняя
энэргетыка Беларуа – неэфэктыўная, цалкам залежная ад паставак расейскага палівa – з’яўляецца
сапраўднай эканамічнай праблемай. У будучыні Беларусі неабходна яе карэнная
мадэрнізацыя і экалагізацыя, пераарыентаванне на пастаўкі энэрганосьбітаў з
розных крыніцаў (напрыклад, паводле схемы Балта-Чарнаморскага калектару),
развіццё альтэрнатыўнай (ветравой, сонечнай, біялагічнай) энэргетыкі. Перспектыўнае
інвеставанне ў будаўніцтва ЦЭС i АЭС
на тэрыторьі суседніх дзяржаў з наступным атрыманнем долі электраэнэргіі. Разам
з тым, еўрапейскім стандартам з’яўляецца строгая эканомія энэргіі – i таму
беларусы павінныя вучыцца ставіцца да цяпла і святла
вельмі ашчадна.
9.12.2. Пры залежнасці Беларусі ад імпарту
паліўна-энэргетычнай сыравіны надзейнае, экалагічна нейтральнае і эканамічна
мэтазгоднае энэргазабеспячэнне з’яўляецца палітычным пытаннем першачарговай
важнасці.
9.12.3. Энэргетычная бяспека краіны ў значнай ступені
залежыць ад вырашэння пытання паставак энэрганосьбітаў. БХД лічыць неабходным
зменшыць рызыкі залежнасці нашай краіны ад імпарта энэргарэсурсаў.
9.12.4. Дыверсіфікацыя маршрутаў дастаўкі і транзіту
энэргетычных рэсурсаў зменшыць залежнасць Беларусі ад аднаго пастаўшчыка і,
адпаведна, звядзе да мінімуму звязаныя з гэтым патэнцыйныя рызыкі. Крыніцы
атрымання і шляхі паставак паліўна-энэргетычнай сыравіны павінны быць пашыраны.
9.12.5. Бяспека паставак энэрганосьбітаў спрыяльна
паўплывае на лібералізацыю ўнутранага энэргетычнага рынку краіны і ўнутраныя
цэны на энэргію.
9.12.6. БХД лічыць неабходным павялічваць супрацоўніцтва
з ЕС і суседнімі краінамі ў шматбаковых
супольных ініцыятывах у сферы энэргетыкі.
9.12.7. Энэргетычнае партнёрства з
дзяржавамі-пастаўшчыкамі і дзяржавамі-транзіцёрамі павінна быць інтэнсіфікавана
праз далучэнне нашай краіны да агульнай энэргетычнай палітыкі ЕС. Рэалізацыя ў
Беларусі канцэпцыі энэргетычнай бяспекі “Усходняга партнёрства” дазволіць
вырашыць шэраг экалагічных і эканамічных праблем краіны.
9.12.8. Пашырэнне інфраструктуры для транспамежнага
гандлю электраэнэргіяй, газам і нафтай станоўча паўплывае на развіццё
энэргетычнага рынку і коштаў.
9.13. Мясцовыя крыніцы энэргіі і энэргаэфектыўнасць
9.13.1 Асновай энэргетычнай бяспекі нашай краіны з’яўляецца выкарыстанне
шырокага і сбалансаванага спектру розных крыніц энэргіі. Павелічэнне ў
энэргабалансе краіны долі мясцовых відаў паліва і альтэрнатыўных крыніц энэргіі
дазволіць зменшыць залежнасць ад паставак энэрганосьбітаў з іншых краін.
9.13.2. Узнаўляльныя крыніцы энэргіі – такія як мясцовыя віды
энэрганосьбітаў – могуць зрабіць істотны ўнёсак у павелічэнне энэргетычнай
бяспекі і захаванне экалагічнай раўнавагі. Яны ствараюць шанцы для эканамічнага
росту, развіцця інавацыйных тэхналогіяў і новых працоўных месцаў.
9.13.3. Ва ўмовах абмежаванага рэсурснага патэнцыялу Беларусі БХД бачыць
неабходным павышэнне эфектыўнасці выкарыстання паліўна-энэргетычных рэсурсаў на
аснове навукова-тэхнічных дасягненняў. Для павелічэння канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі
і забеспячэння высокага ўзроўню жыцця грамадзян энэргаёмістасць нашай
прамысловасці і сельскай гаспадаркі неабходна знізіць як мінімум у два разы.
9.13.4. У адпаведнасці з прынцыпам субсідыярнасці хатнія
гаспадаркі, прадпрыемствы і мясцовыя супольнасці павінны граць большую ролю ў
фармаванні контураў сістэмы энэргазабеспячэння краіны.
9.14. Атамная энэргетыка
9.14.1. У бліжэйшы час немагчыма адмовіцца ад выкарыстання атамнай
энэргетыкі ў вытворчасці электраэнэргіі ў Беларусі. На сённяшні дзень Беларусь
імпартуе электраэнэргію, вырабленую на атамных станцыях за мяжой. Рэалізацыя
ўласнага атамнага праекту дазволіць павысіць энэргетычную дыверсіфікацыю і
зменшыць залежнасць краіны ад імпарту вуглевадародных энэргарэсурсаў. Разам з
тым БХД выступае супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС, бо лічыць гэты праект
палітычна абумоўленым энэргетычнай стратэгіяй Расіі і не адпаведным
нацыянальным інтарэсам.
9.14.2. Пры рэалізацыі атамнага праекту неабходна ўлічваць, што з яго
дапамогай немагчыма цалкам вырашыць праблему энэргазабеспячэння і энэргетычнай
незалежнасці. Для працы атамнай станцыі неабходна закупаць ядзернае паліва,
якога Беларусь не мае, а краін –прадаўцоў ядзернага паліва значна менш, чым
краін – прадаўцоў вуглевадароднай сыравіны. Таксама існуе пытанне
вычарпальнасці сыравіны для ядзернага паліва пры тых тэхналогіях, якія цяпер
прымяняюцца ў атамнай энэргетыцы. Актуальным пытаннем застаецца надзейнае захоўванне
і ўтылізацыя радыёактыўных адыходаў. Дзяржава мусіць максімальна сур’ёзна
падыходзіць да пытання бяспекі АЭС, пралічваць усе магчымыя негатыўныя
наступствы і мець план на выпадак надзвычайных сітуацыяў на АЭС.
9.14.3. Развіццё навукі і тэхналогіяў падводзіць чалавецтва да сапраўды
надзейнай, экалагічна бяспечнай і невычарпальнай энэргетыкі на аснове
тэрмаядзернага сінтэзу, што літаральна з’яўляецца энэргіяй Сонца на Зямлі. Але
вытворчаць у прамысловых маштабах тэрмаядзернай энэргіі з’яўляецца далёкатэрміновай
перспектывай.
9.14.4. Улічваючы трагічны досвед катастрофы на
Чарнобыльскай АЭС, падчас якой найбольш за ўсіх пацярпела Беларусь, і тыя
жудасныя наступствы ад катастрофы, БХД лічыць магчымым рэалізацыю атамнага
праекта ў Беларусі толькі па выніках шырокага экспертнага абмеркавання і
усенароднага рэферэндуму.
9.15. Адказнае энэргетычнае гаспадаранне
9.15.1. Энэргаэфектыўнасць, эканомія і выкарыстанне
ўзнаўляльных альтэрнатыўных крыніц энэргіі з’яўляюцца асноўнымі задачамі нашай
палітыкі ў сферы аховы навакольнага асяроддзя.
Каб зменшыць пагрозы энэргетычнай бяспекі Беларусі, БХД
выступае за:
9.15.2. – развіццё
энэргазберагальных тэхналогіяў і прыцягненне еўрапейскіх інвестыцыяў у
энэргетычны сектар краіны;
9.15.3. – структурную
перабудову эканомікі краіны разам са зніжэннем у ёй долі энэргаёмістых галін;
9.15.4. – стварэнне
справядлівых ўмоў для энэргетычнага бізнэсу, стабільнага і законнага
інвеставання ў энэргетыку краіны;
9.15.5. – змяншэнне
долі прыроднага газу ў вытворчасці цеплавой і электрычнай энэргіі да 40-45% да
2020 года;
9.15.6. – павелічэнне
аб’ёму стратэгічных запасаў асноўных паліўна-энэргетычных рэсурсаў, у тым ліку
за кошт пашырэння аб’ёму захоўвання газа ў падземных сховішчах газа краіны;
9.15.7. – паскарэнне мадэрнізацыі вытворчых фондаў у
цеплаэнэргетычным комплексе за кошт прыватызацыі і прыцягнення інвестараў, у
тым ліку замежных;
9.15.8. – павелічэнне
колькасці ветравых установак і давядзенне іх выкарыстання да максімальна магчымай
магутнасці да 2020 года;
9.15.9. – удасканаленне
арганізацыйных і эканамічных механізмаў стымулявання энэргазберажэння;
9.15.10. – змяншэнне
спажывання цеплавой энэргіі за кошт рэформы ў сістэме жыллёва-камунальнай
гаспадаркі;
9.15.11. – распрацоўку
праграмы па ўстойліваму будаўніцтву і павелічэнню энэргаэфектыўнасці існуючых
будынкаў;
9.15.12. – правядзенне
шырокай публічнай дыскусіі ў беларускім грамадстве і ўсенароднага рэферэндуму
наконт развіцця атамнай энэргетыкі ў Беларусі;
9.15.13. – далучэнне
Беларусі да агульнаеўрапейскай сістэмы энэргетычнай бяспекі праз ратыфікацыю і паўнавартаснае выкананне
палажэнняў Энэргетычнай хартыі;
9.15.14. – развіццё
рэгіянальнага супрацоўніцтва ў галіне энэргетыкі з удзелам Беларусі, Украіны,
Польшчы, Літвы;
9.15.15. – рэалізацыю праекту транзіта электраэнэргіі паміжБеларуссю,
Украінай, Польшчай і Літвой і
стварэнне паўнавартаснага энэргетычнага рынку, інтэграванага ў энэргетычны
рынак ЕС;
9.15.16. –
пашырэнне кааперацыі з краінамі Паўночнай Еўропы, Персідскай Затокі,
Цэнтральнай Азіі як асноўных рэгіёнаў – пастаўшчыкоў энэргетычных рэсурсаў;
9.15.17. – перамовы
з Польшчай і Украінай у галіне распрацоўкі залежаў сланцавага газа;
9.15.18. – распрацоўку праграм эксплуатацыі вугальнага метана ў
кансорцыюме з Украінай.
10. САЦЫЯЛЬНАЯ АБАРОНА
10.1.
Сацыяльная палітыка БХД
10.1.1. Сацыяльная
палітыка БХД накіравана на паляпшэнне жыццёвых шанцаў людзей і ўзмацненне
салідарнасці, справядлівасці, адказнасці і спагады ў грамадстве. Спалучэнне
асабістай адказнасці, дзяржаўных паслуг і грамадзянскай актыўнасці з’яўляецца
неабходным для гарантавання сацыяльнай бяспекі.
10.1.2. Падчас фармавання
сістэм сацыяльнай абароны мы павінны арыентавацца на тры прынцыпы: яны павінны
замацоўваць прынцып асабістай адказнасці, адпавядаць прынцыпу салідарнасці
пакаленняў і не парушаць прынцып справядлівасці паслуг. Сістэмы сацыяльнага
страхавання павінны ўлічваць розныя патрэбы, жыццёвыя сітуацыі і этапы жыцця
чалавека.
10.1.3. Мы выступаем за
ўзмацненне празрыстасці, эфектыўнасці, канкурэнцыі, дэцэнтралізацыі і прынцыпу
субсідыярнасці ва ўсіх сістэмах сацыяльнага страхавання.
10.1.4. Фінансавай
базай сацыяльнай абароны БХД бачыць адмысловыя пазабюджэтныя дзяржаўныя фонды –
Пенсійны фонд, Фонд сацыяльнага страхавання на выпадак часовай
непрацаздольнасці, мацярынства і няшчасных выпадкаў, Дзяржаўны фонд
медыцынскага страхавання і рэгіянальныя фонды абавязковага медыцынскага
страхавання.
10.1.5. Рашэнне задач сацыяльнага забеспячэння і медыцынскага абслугоўвання
павінна быць максімальна набліжана да жыхароў краіны. БХД лічыць неабходным
павялічыць ролю мясцовых самакіраванняў і прафсаюзаў у пытаннях сацыяльнага
забеспячэння, а ў пытаннях аховы здароўя – рэгіянальнай адміністрацыі і
самакіравання.
10.2. Пенсійная
сістэма
10.2.1. Існуючая ў Беларусі пенсійная сістэма вычарпала
сябе і ўжо зараз не можа забяспечваць годнага існавання грамадзян пенсійнага
ўзросту. Дэмаграфічны крызіс і старэнне насельніцтва, якія няўхільна
прагрэсуюць у Беларусі, абумоўліваюць адыход ад аднаўзроўневай размеркавальнай
пенсійнай сістэмы.
10.2.2. БХД бачыць паляпшэнне ўзроўню жыцця грамадзян пенсійнага ўзросту і
непрацаздольных грамадзян за кошт спалучэння абавязковага і дадатковага
добраахвотнага пенсійнага страхавання, размеркавальных і накапляльных
механізмаў фінансавання.
10.2.3. Найлепшым для Беларусі шляхам па ўдасканаленню пенсійнай сістэмы
з’яўляецца ўвядзенне трохузроўневай
сістэмы. Яна спалучае, з аднаго боку, салідарнасць пакаленняў, а з другога –
асабістую зацікаўленасць кожнага чалавека ў забеспячэнні сваёй будучыні.
10.2.4. Першы ўзровень пенсійнай сістэмы складаюць сацыяльныя пенсіі, другі
– працоўныя (страхавыя) і трэці – дадатковыя недзяржаўныя пенсіі.
10.2.5. Сацыяльныя пенсіі гарантуюцца дзяржавай. Сродкі на першую ступень
паступаюць у выглядзе адмысловых унёскаў наймальнікаў і прадпрымальнікаў у
дзяржаўны Пенсійны фонд. Памер гэтай часткі пенсіі адпавядае пражытковаму
мінімуму альбо пэўнай частцы ад сярэдняга заробку па краіне.
10.2.6. Другая ступень уяўляе накапляльную сістэму, якая прадугледжвае
персанальныя рахункі ў Накапляльным фондзе як частцы дзяржаўнага Пенсійнага
фонду. Выплаты ў Накапляльны фонд паступаюць як ад дзяржавы, так і прыватных
асоб. Накапляльны фонд скіроўвае свае сродкі ў каштоўныя паперы і іншыя
фінансавыя інструменты для атрымання прыбытку. Прыбыткі Фонда накіроўваюцца на
выплату другой накапляльнай часткі
пенсіі. Пасля смерці пенсіянера рэшту яго назапашванняў у Накапляльным фондзе
атрымліваюць яго спадкаемцы. Накапляльны фонд уключае ў сябе таксама
прафесійнае пенсійнае страхаванне асобных катэгорыяў работнікаў.
10.2.7. Трэці ўзровень уяўляе сабой дадатковую і дабраахвотную частку
пенсійнай сістэмы. Грамадзяне могуць ствараць дадатковыя накапленні для сваёй
будучай пенсіі, робячы ўнёскі ў прыватныя пенсійныя фонды. Грашовыя сумы,
сплочваемыя ў прыватныя фонды, інвестуюцца ў каштоўныя паперы, акцыі і іншыя
інвестыцыйныя праекты. У выніку, заробленыя дывідэнты могуць павялічваць
выплочваемыя сумы пенсійнага фонду.
10.2.8.
Сацыяльныя віды пенсіяў па інваліднасці, па дагляду, па адсутнасці карміцеля
павінны адпавядаць памеру пражытковага мінімуму па краіне.
10.2.9.
Пенсійная рэформа праводзіцца адначасова з рэформамі ў іншых сферах эканомікі.
Неабходным з’яўляецца забеспячэнне стабільнасці нацыянальнай валюты і нізкага
ўзроўню інфляцыі, стварэнне развітага ўнутранага фінансавага рынку і фармаванне
інстытуцыйнай базы сістэмы назапашвання, а менавіта кіруючых кампаніяў, дэпазітарыяў,
кантралюючых і наглядных органаў.
10.2.10. Сённяшнія пенсіянеры зрабілі вялікі ўнёсак у
стварэнне нацыянальнага багацця нашай краіны. Яны не могуць быць пазбаўлены
магчымасці атрымання сваёй долі ў размеркаванні прыбыткаў ад прыватызацыі
дзяржаўнай маёмасці.
10.3. У галіне сацыяльнай абароны БХД выступае за:
10.3.1. – стварэнне
Накапляльнага пенсійнага фонду і персанальных накапляльных рахункаў, на якія
работнікі адлічваюць да 6,5% свайго заробку;
10.3.2. – перадачу ў
Накапляльны пенсійны фонд не менш за 25% акцыяў буйных дзяржаўных
прадпрыемстваў або 25% сродкаў ад прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці;
10.3.3.
– паступовае пераразмеркаванне
абавязковай страхавой нагрузкі паміж працадаўцам і работнікам;
10.3.4.
– удасканаленне механізма
стымулявання больш позняга выхаду на пенсію;
10.3.5.
– спрыянне прысутнасці сталых
людзей на рынку працы;
10.3.6.
– выраўноўванне ўзросту выхаду
на пенсію для мужчын і жанчын – да 60 гадоў з 2020 года і да 2025-2028 гадоў – да
63 гадоў;
10.3.7.
– фінансаванне датэрміновых пенсіяў
за кошт мэтавых унёскаў працадаўцы;
10.3.8.
– развіццё прыватных пенсійных
інвестыцыйных фондаў;
10.3.9.
– аднясенне страхавых унёскаў па
страхаванню дадатковых пенсіяў на сабекошт пры адлічэнні як у дзяржаўныя, так і
недзяржаўныя пенсійныя фонды;
10.3.10.– сістэму
надбавак да пенсіі асобам, якія маюць не менш за двух дзяцей;
10.3.11. – заканадаўчае
рэгуляванне сістэмы пажыццёвай рэнты.
10.4. Сістэма аховы здароўя і медыцынскае страхаванне
10.4.1. БХД імкнецца, каб у
Беларусі, незалежна ад даходаў, узросту і рызыкі, кожны чалавек атрымліваў
якаснае, набліжанае да месца пражывання медыцынскае забеспячэнне. З увагі на
дэмаграфічныя змены, медыцынскі і медыка-тэхнічны прагрэс павінны развівацца
структура, арганізацыя і фінансаванне беларускай медыцыны.
10.4.2. Для паляпшэння фінансавання нашай медыцыны
мы лічым неабходным паступовы пераход ад бюджэтнага фінансавання медыцыны да
сістэмы абавязковага і добраахвотнага медыцынскага страхавання, стварэння
роўных умоў для дзяржаўных і прыватных медыцынскіх устаноў.
10.4.3. Фонд абавязковага медыцынскага страхаванняпавінен быць перададзены дзяржаўным страхавым кампаніям. Сродкамі
добраахвотнага медыцынскага страхавання могуць кіраваць як дзяржаўныя, так і
недзяржаўныя страхавыя кампаніі.
10.4.4. Мы бачым неабходнасць
правядзення рэформы першаснай тэрапеўтычнай дапамогі з увядзеннем такіх
інстытутаў, як сямейныя лекары (больш
падрабязна пра сямейных лекараў гл. у раздзеле “Моцная сям’я – моцная
Беларусь”) і прыватныя медыцынскія кабінеты першага (нізавога) ўзроўню
медыцынскай дапамогі.
10.4.5.
Кожны чалавек нясе адказнасць і зацікаўлены ў захаванні свайго здароўя і
папярэджанні захворванняў. Важным крокам да ўзмацнення асабістай адказнасці,
прафілактыкі і падтрымання здароўя грамадзян з’яўляецца пашырэнне механізму
суплацяжоў за медыцынскія паслугі. Узровень суплацяжоў чалавека за медыцынскія
паслугі павінен залежаць ад ўзроўня яго даходаў.
10.4.6.
Рэфармаванне на макраўзроўні павінна пачынацца з рэформ кіравання сістэмай
аховы здароўя, абароны навакольнага асяроддзя і сацыяльнай абароны
насельніцтва. БХД лічыць неабходным інтэграцыю службаў аховы здароўя і
сацыяльнай абароны шляхам стварэння Міністэрства аховы здароўя і сацыяльнага
развіцця. Беларуская сістэма аховы здароўя павінна імкнуцца
да дэцэнтралізацыі сваіх структур і асноўвацца на прынцыпах плюралізма і
самакіравання.
10.5. У галіне аховы здароўя БХД выступае за:
10.5.1. – вызначэнне дакладных дзяржаўных абавязальніцтваў
у дачыненні да відаў і аб’ёмаў медыцынскай дапамогі насельніцтву. Гэта
прадугледжвае ўвядзенне базавага набору медыцынскай дапамогі за кошт
абавязковага медыцынскага страхавання;
10.5.2. – прырост выдаткаў на ахову здароўя на 1,5% ад ВУП кожныя
2-3 гады і давядзенне гэтага паказніка да 10-12%
ад ВУП;
10.5.3. – адлічэнне
ў фонд абавязковага
медыцынскага страхавання сродкаў ад абароту спіртных напояў,
табачных вырабаў, гульнявога бізнесу, штрафаў за экалагічныя парушэнні;
10.5.4. – падатковыя ільготы для сацыяльна адказных кампаніяў;
10.5.5. – увядзенне празрыстага механізму суплацяжоў насельніцтва пры аказанні
медыцынскай дапамогі: набыццё хворымі лекаў, харчаванне за свой кошт,
выкарыстанне асабістай пасцельнай бялізны і посуду ў стацыянары. Суплацяжы,
якія ўносіць грамадзянін за год, не павінны перавышаць сумы мінімальнага
месячнага заробку па краіне.
10.5.6. – вызначэнне
ўрадам ліміту росту выдаткаў на стацыянарную дапамогу;
10.5.7. – увядзенне інстытуту сямейных лекараў;
10.5.8. – папраўкі
ў дзеючае падатковае заканадаўства, якія прадугледжваюць вылік асабістых
выдаткаў на медыцынскую дапамогу з базы падаткаабкладання пры вылічэнні
падаходнага падатку;
10.5.9. – інфармацыйную сістэму маніторынгу
дзяржаўных гарантыяў у галіне аховы здароўя разам са стварэннем для гэтых мэт
адмысловага центра – Цэнтральнага НДІ
арганізацыі і інфарматызацыі аховы здароўя;
10.5.10. – забарону практыкі “платных кабінетаў” пры бюджэтных
паліклініках;
10.5.11. – адкрыццё медыцынскіх прадпрыемстваў гаспадарча-разліковай
формы;
10.5.12. – увядзенне свабоднага цэнаўтварэння для арганізацыяў, якія
не фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэту;
10.5.13. – маніторынг коштаў на платныя медыцынскія паслугі
дзяржавай шляхам паведамляльнага характару рэгістрацыі прэйскурантаў коштаў;
10.5.14. – замацаванне “падатковага выліку” як у выпадку набыцця
поліса добраахвотнага страхавання па кампенсацыі медыцынскіх выдаткаў, так і
пры непасрэднай аплаце за лячэнне ў касу медыцынскай арганізацыі;
10.5.15. – льготы
арганізацыям і асобам, якія займаюцца медыцынскай дабрачыннасцю;
10.5.16. – стварэнне
“пазітыўных” і “негатыўных” спісаў лекаў, выдаткі на набыццё якіх пакрываюцца
ці не пакрываюцца дзяржавай за кошт медыцынскай страхоўкі, выкарыстанне
лекаў-джэнэрыкаў;
10.5.17. – стварэнне
фармулярнай сістэмы лекавых сродкаў;
10.5.18. – ажыццяўленне
механізму дэцэнтралізацыі сістэмы забеспячэння лекамі;
10.5.19. – гарманізацыю
заканадаўства ў сферы лекавага звароту і фармацэўтычнай дзейнасці з
міжнароднымі дакументамі;
10.5.20. – узмацненне
дзяржаўнай падтрымкі айчыннай медыцынскай і фармацэўтычнай прамысловасці з
мэтай зніжэння дэфіцыту айчынных і высокіх коштаў імпартных лекавых сродкаў і
вырабаў медыцынскага прызначэння;
10.5.21. – удасканаленне структуры
санітарна-эпідэміялагічнай службы шляхам узбуйнення устаноў, стварэння
міжмуніцыпальных і міжрэгіянальных лабараторных цэнтраў і цэнтраў
Дзяржэпіднагляду;
10.5.22. – павелічэнне
грамадскага ўдзелу ў фармаванні прыярытэтнасці здаровага ладу жыцця і
прапагандзе медыцынскіх ведаў як асновы санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту
насельніцтва;
10.5.23. – накіраванне эканоміі сродкаў на развіццё аховы здароўя і
матэрыяльнае стымуляванне працы медыцынскіх работнікаў.
10.6. Страхаванне па часовай непрацаздольнасці,
мацярынству і няшчасных выпадках
10.6.1. Сродкі на страхаванне па часовай
непрацаздольнасці, мацярынству і няшчасных выпадках павінны акумулявацца ў
пазабюджэтным Фондзе сацыяльнага страхавання Рэспублікі Беларусь (ФСС). ФСС бачыцца як самастойная дзяржаўная
фінансава-крэдытная установа. Каардынацыя дзейнасці ФСС павінна ажыццяўляцца
Міністэрствам аховы здароўя і сацыяльнага развіцця Рэспублікі Беларусь з
ўдзелам агульнабеларускіх аб’яднанняў прафсаюзаў і мясцовых самакіраванняў.
10.6.2. У разглядзе спраў і
размеркаванні сацыяльнай дапамогі на нізавым узроўні павінны актыўна
ўдзельнічаць муніцыпальныя камісіі з прадстаўнікоў мясцовых самакіраванняў і
грамадскіх арганізацыяў. Прафесійныя саюзы павінны кантраляваць выдаткі і
ўдзельнічаць у фармаванні сацыяльнай палітыкі па санаторна-курортнаму лячэнню і
аздараўленню дарослага насельніцтва і дзяцей.
10.6.3.
БХД лічыць неабходным узмацненне высілкаў дзяржавы па падтрымцы сям’і ў межах
адмысловай дзяржаўнай праграмы “Сямейны капітал” (больш падрабязна пра сямейны капітал гл. у раздзеле “Моцная сям’я –
моцная Беларусь”).
10.6.4.
Дапамога па даглядзе за дзецьмі павінна даваць магчымасць і жанчынам, і мужчынам
сумяшчаць працоўнае жыццё з сямейным. Тэрмін выплаты дапамогі можа дзяліцца паміж
абодвума бацькамі пароўну.
10.6.5.
Страхаванне па беспрацоўі з’яўляецца салідарным страхаваннем. Дапамога па
беспрацоўі павінна забяспечваць годнае існаванне грамадзяніна на тэрмін, які
неабходны для пошуку працы. Працягласць атрымання дапамогі па беспрацоўю
павінна залежыць ад працягласці выплаты ўнёскаў работніка і ў працэнтных
суадносінах гарантаваць атрыманне дастаткова высокай часткі яго прыбыткаў ад
папярэдняй занятасці.
10.6.6. Палітыка дзяржавы ў адносінах да страхавання ад
няшчасных выпадкаў на вытворчасці павінна стымуляваць працадаўцаў да паляпшэння
ўмоў працы і прафілактыкі траўматызму.
10.7. У галіне страхавання БХД выступае
за:
10.7.1. – перадачу ў ФСС не
менш за 15% акцыяў буйных дзяржаўных прадпрыемстваў або 15% сродкаў ад
прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці;
10.7.2.
– распрацоўку і прыняцце
дзяржаўнай праграмы “Сямейны капітал”, якая накіравана на павелічэнне
сацыяльнай абароны і дзяржаўнай дапамогі сем’ям з двума і болей дзецьмі;
10.7.3. – прадастаўленне
бацькам нованароджаных права на 14 дзён адпачынку з 100% аплатай у сувязі з нараджэннем дзіцяці;
10.7.4. – шырокае выкарыстанне рынкавых механізмаў
і надбавак для страхавацеляў у залежнасці ад ўзроўню траўматызму і прафесійных
захворванняў на канкрэтным прадпрыемстве;
10.7.5.
– стварэнне комплексу мер па
павелічэнні зацікаўленасці працадаўцаў у змяншэнні ўзроўню траўматызму, прафілактыцы
няшчасных выпадкаў і прафесійных захворванняў;
10.7.6.
– павелічэнне памераў падатковых
вылікаў на дзяцей да 18 гадоў і ўтрыманцаў да 50% памеру бюджэта пражытковага
мінімума на кожнае дзіця, а для асоб, якія маюць права на атрыманне такога
выліку ў павялічаным памеры (удовы, ўдаўцы, адзінокія бацькі, апекуны,
папячыцелi і інш), – 100% памеру бюджэта пражытковага мінімума на кожнае дзіця;
10.7.7. – павелічэнне
дапамогі па беспрацоўю да 65% прыбыткаў ад папярэдняй занятасці на працягу
першых трох месяцаў, 50% – падчас наступных трох месяцаў і 35% – падчас
наступных 6 месяцаў, але не менш за бюджэт пражытковага мінімума.
10.8. Прафсаюзны
рух
10.8.1. БХД выступае за гарантыі правоў усіх працоўных на
годную працу і асабістае жыццё. Работнікі павінны валодаць правам на
арганізацыю прафесійных саюзаў на ўсіх
прадпрыемствах, ва ўсіх арганізацыях і ўстановах пры любых формах уласнасці.
10.8.2. Вольныя і незалежныя арганізацыі работнікаў і
працадаўцаў з’яўляюцца незаменнымі і раўнапраўнымі партнёрамі дзяржавы ў дасягненні
сацыяльнай справядлівасці і эканамічнага развіцця краіны на агульнанацыянальным, рэгіянальным і лакальным
узроўнях.
10.8.3. БХД, кіруючыся прынцыпам субсідыярнасці, лічыць
неабходным перадаць прафсаюзам асобныя функцыі ў сацыяльным страхаванні, забеспячэнні
матэрыяльных умоў жыцця работнікаў і кантролі бяспекі працы. Паўсюднае
заключэнне калектыўных працоўных дамоваў павінна стаць гарантыяй абароны правоў
работнікаў на прадпрыемствах усіх форм уласнасці. БХД выступае за больш
шчыльнае супрацоўніцтва з прафсаюзным рухам Беларусі дзеля забеспячэння правоў наёмных работнікаў. Гэта будзе спрыяць выкананню агульных для БХД і
прафсаюзаў задач па паляпшэнню эканамічнага і сацыяльнага становішча працоўных.
10.8.4. Паглыбленне супрацоўніцтва паміж
БХД і прафсаюзамі дазволіць замацаваць прынцыпы хрысціянскай дэмакратыі ў працоўным
асяроддзі краіны.
10.9. У сферы прафсаюзнай дзейнасці БХД
выступае за:
10.9.1. – права на стварэнне незалежных прафесійных саюзаў у
паведамляльным парадку без атрымання папярэдняга дазволу дзяржаўных органаў;
10.9.2. – ліквідацыюперашкодаў,
якія могуць быць выкліканы патрабаваннем аб юрыдычным адрасе і 10-працэнтнай мінімальнай колькасцю сябраў
прафсаюза ад агульнай колькасці работнікаў прадпрыемства;
10.9.3. – забеспячэнне празрыстасці палажэнняў, якія рэгулююць
парадак утварэння прафсаюза;
10.9.4. – стварэнне эфектыўнага механізму абароны ад
антыпрафсаюзнай дыскрымінацыі і іншых рэпрэсіўных мер у дачыненні да актывістаў
працоўнага руху;
10.9.5. – узмацненне
адказнасці чыноўнікаў дзяржаўных органаў і кіраўніцтва прадпрыемстваў за ўмяшанне
ў дзейнасць прафсаюзаў;
10.9.6. – адмову
ад тэрміновых працоўных кантрактаў, за выключэннем абмежаванай колькасці
катэгорыяў працоўных;
10.9.7. – прывядзенне
норм закона “Аб правядзенні масавых мерапрыемстваў” у адпаведнасць з правам прафесійных
саюзаў і арганізацыяў працадаўцаў адстойваць правы працоўных;
10.9.8.
– распрацоўку і ўкараненне
сістэмы падаткавых ільгот для сацыяльна адказных
кампаніяў.
11. ПРЫРОДА І ЭКАЛОГІЯ
11.1. Ахова навакольнага асяроддзя і экалагічныя праблемы
Беларусі
11.1.1. Мы лічым, што эфэктыўная рынкавая эканоміка
цалкам сумяшчальная з еўрапейскімі прынцыпамі ашчаднага выкарыстання рэсурсаў,
безадкіднасці тэхналогіяў і павагі да Божага тварэння. Грамадзяне Беларусі
валодаюць правам на спрыяльнае навакольнае асяроддзе як неад’емны паказчык
якасці жыцця чалавека. Таму дзяржава мусіць прыкладаць усе намаганні для
захавання прыроднага патэнцыялу Беларусі і развіцця экалагічнай бяспекі ў нашай
краіне.
11.1.2. БХД зыходзіць з таго, што пасля катастрофы на
Чарнобыльскай АЭС Беларусь стала зонай экалагічнага бедства. Забруджаныя
радыёнуклідамі тэрыторыі сталі небяспечнымі для пражывання людзей і мала прыдатныя
для вядзення сельскай гаспадаркі. БХД лічыць заніжанымі ацэнкі катастрофы на
Чарнобыльскай АЭС як па колькасці чалавечых ахвяр, так і па наступствах ад
трагедыі у сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве.
11.1.3. Назіраецца шматразовае перавышэнне нарматыўнага
ўзроўню забруджвання паветранага басейна ў гарадах з высокім узроўнем
канцэнтрацыі экалагічна небяспечных вытворчасцяў і вялікай плынню
аўтатранспарту.
11.1.4. Працягваецца небяспечнае забруджванне
прамысловымі, камунальнымі і павярхоўнымі сцёкавымі водамі акваторыяў
унікальных водных аб’ектаў як, напрыклад, азёр Нарач, Свіцязь, Блакітных, Браслаўскіх
і іншых водных аб’ектаў.
11.1.5. Інтэнсіўная трансфармацыя вадазборных басейнаў і
воднага рэжыму рачной сеткі ў выніку буйнамаштабнага асушэння забалочаных
зямель прывяла да знікнення мноства малых рэк і ручаёў.
11.1.6. Праблемная экалагічная сітуацыя ў сельскай
мясцовасці звязана са шматгадовым уздзеяннем на навакольнае асяроддзе адыходаў
буйных жывёлагадоўчых комплексаў, з хімізацыяй сельскай гаспадаркі, выманнем
урадлівых зямель для нясельскагаспадарчых мэт, эрозіяй глеб антрапагеннага
паходжання, ўсыханнем лясоў і трансфармацыяй глеб у выніку непрадуманай
буйнамаштабнай меліярацыі і г.д.
11.1.7. Акрамя ўласных крыніц забруджвання тэрыторыя
Беларусі падвяргаецца забруджванню шкоднымі прымешкамі, якія выкідаюцца ў паветра
ў суседніх краінах, а потым трапляюць да нас.
11.1.8. Актуальным пытаннем з’яўляецца захаванне відавой
разнастайнасці жывёльнага і расліннага свету.
11.2. Арганізацыйная
аснова экалагічнай палітыкі
11.2.1. На сённяшні дзень у Беларусі існуе Міністэрства
прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. БХД лічыць неабходным
захаванне гэтай адзінкі ў структуры выканаўчай улады. Міністэрства выпрацоўвае
і праводзіць дзяржаўную палітыку ў галіне выкарыстання, захавання і аховы
прыродных рэсурсаў, экалагічнай бяспекі. Міністэрства займаецца маніторынгам
экалагічнай сітуацыі і стану прыродных рэсурсаў, праводзіць даследаванні ў гэтай
галіне. Зыходзячы з прынцыпу партнёрства дзяржавы і грамадзянскай супольнасці, Міністэрства
мусіць займацца каардынацыяй дзейнасці дзяржаўных органаў улады і неўрадавых
арганізацыяў па пытаннях экалогіі і прыродакарыстання, а таксама займацца
распрацоўкай спецыяльных праграм і праектаў па экалагічнай палітыцы і
размяркоўваць гранты сярод неўрадавых арганізацыяў на выкананне праграм і
праектаў.
11.2.2.
Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя будзе палітычнай фігурай,
якую займае прадстаўнік, вызначаны правячай партыяй ці кааліцыяй. Ён нясе
палітычную адказнасць за выкананне дзяржаўнай экалагічнай палітыкі перад Урадам
і Соймам.
11.2.3.
БХД лічыць неабходным прыцягваць да выканання дзяржаўных праграм і праектаў па
экалагічнай палітыцы на нацыянальным, рэгіянальным і мясцовым узроўнях няўрадавыя
арганізацыі.
11.2.4.
Замест цяперашняй Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры
Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь будзе створана экалагічная паліцыя, якая будзе
ўваходзіць у структуру Міністэрства ўнутраных спраў. Асноўнымі задачамі
экалагічнай паліцыі будуць:
-выяўленне, спыненне
і папярэджанне правапарушэнняў у галіне аховы навакольнага прыроднага
асяроддзя;
-ўсталяванне
фізічных, юрыдычных і службовых асоб, вінаватых у іх здзяйсненні;
-забеспячэнне
кантролю за экалагічнай бяспекай;
-узаемадзеянне з
дзяржаўнымі прыродаахоўнымі, санітарна-эпідэміялагічнымі і іншымі ўстановамі
аховы здароўя і кантралюючымі органамі.
11.3. Падыходы
да экалагічнай палітыкі
11.3.1. Прырода не ведае нацыянальных межаў, таму высілкі
ўсіх дзяржаў, перадусім Балта-Чарнаморскага рэгіёну і Еўропы ў цэлым мусяць
грунтавацца на разуменні супольнай адказнасці за наваколле. БХД будзе весці
актыўную працу і браць абавязкі па ахове навакольнага асяроддзя як на
міжнародным узроўні, так і на нацыянальным. Галоўнай мэтай дзяржаўнай
экалагічнай палітыкі з’яўляецца захаванне і аднаўленне навакольнага прыроднага
асяроддзя Беларусі. Акрамя гэтай агульнай мэты дзяржаўная экалагічная палітыка
мусіць быць накіравана на:
-ахову і паляпшэнне
якасці навакольнага асяроддзя;
-ахову здароўя
чалавека;
-разумнае і
рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў;
-міжнароднае
супрацоўніцтва па выпрацоўцы мер, накіраваных на вырашэнне як рэгіянальных, так
і сусветных экалагічных праблем.
11.3.2.
Асабліва важнай экалагічнай праблемай, па якой неабходна актывізаваць
міжнародную кааперацыю, з’яўляецца радыяцыйнае забруджванне пасля катастрофы на
Чарнобыльскай АЭС. Актуальнай міжнароднай праблемай з’яўляецца забеспячэнне
бяспекі ахоўных збудаванняў над чацвёртым энэргаблокам ЧАЭС і недапушчэнне
магчымага дадатковага радыяцыйнага забруджвання. На нацыянальным узроўні будзе
спынена цяперашняя палітыка асваення тых тэрыторыяў, дзе досыць небяспечна
пражыванне чалавека і шкодным з’яўляецца вядзенне гаспадарчай дзейнасці.
Асаблівая ўвага па чарнобыльскай праблеме будзе нададзена навукова-даследчай
дзейнасці, медыцынскаму абслугоўванню і прафілактыцы насельніцтва на
забруджанных тэрыторыях, што патрабуе адпаведнага паўнавартаснага дзяржаўнага
фінансавання.
11.3.3.
БХД падзяляе прынцыпы экалагічнай дзейнасці ЕС, замацаваныя ў Амстэрдамскай
дамове 1996 года, рэалізацыя якіх у Беларусі патрабуе дасканалення і змен у
нарматыўна-прававой базе:
11.3.4.
Прынцып папераджальнага дзеяння, згодна з якім дзеянні дзяржавы накіраваны на
папярэджанне, прафілактыку забруджвання або іншай шкоды навакольнаму асяроддзю,
пагроза нанясення якой мусіць быць улічана загадзя да прыняцця рашэння.
11.3.5.
Прынцып засцярогі, у адпаведнасці з якім недахоп вынікаў навуковых
даследаванняў па канкрэтнай праблеме не можа з’яўляцца прычынай адмены або
адтэрміноўкі мерапрыемстваў па прафілактыцы забруджвання навакольнага асяроддзя.
У некаторых выпадках немагчыма дакладна прадказаць негатыўны ўплыў на
навакольнае асяроддзе, але нават і ў такіх выпадках пры наяўнасці гіпатэтычнай
магчымасці экалагічнага парушэння неабходна прымяняць прыродаахоўныя меры.
11.3.6.
Прынцып ліквідацыі наступстваў і пакрыццё шкоды навакольнаму асяроддзю, які
абавязвае, у выпадках немагчымасці пазбегнуць шкоды, мінімізаваць яе,
абмежаваць маштаб яе распаўсюджвання і пасля ліквідаваць яе ў самыя кароткія
тэрміны.
11.3.7.
Прнцып, згодна з якім вінаваты ў шкодзе аплочвае яе пакрыццё, то бок выдаткі на
прэвентыўныя меры, ачыстку і кампенсацыю за забруджванне кладуцца на вінаватых
у ёй. Гэты пранцып адлюстроўвае тэндэнцыю перавагі метадаў фінансавага
стымулявання, распрацаваных на рынкавай аснове, якія з’яўляюцца больш
эфектыўнымі, чым метады адміністрацыйнага характару, абавязальніцтвы альбо
забароны.
11.3.8.
БХД выступае за далучэнне Беларусі да спецыяльнага органа ЕС, які займаецца
пытаннямі навакольнага асяроддзя, – Еўрапейскага агенцтва па навакольнаму
асяроддзю, што будзе азначаць удзел Беларусі ў агульнаеўрапейскай экалагічнай
палітыцы.
11.3.9.
Мы з’яўляемся прыхільнікамі больш гнуткіх рынкавых метадаў у экалагічнай
палітыцы, у тым ліку прынцыпу “падзеленай адказнасці” паміж усімі ўдзельнікамі
– дзяржавай, бізнэсам, грамадскасцю, спажыўцамі. Акрамя таго асобныя грамадзяне
таксама павінны быць уключаны ў прыродаахоўную дзейнасць, задзейнічаны ў працэсах
падрыхтоўкі, маніторынгу і кантролю за парушэннямі экалагічных норм. Грамадзяне
маюць права на інфармацыю, удзел у падрыхтоўцы прававых актаў, права звяртацца
ў суд па пытаннях абароны навакольнага асяроддзя.
11.3.10.
Рынкавыя механізмы ў экалагічнай палітыцы стымулююць вытворцаў і спажыўцоў да
змены паводзін на карысць экалагічна эфектыўнага выкарыстання прыродных
рэсурсаў, а таксама да развіцця і распрацоўкі інавацыйных прыродазберагальных
тэхналогіяў.
11.3.11.
Да рынкавых механізмаў належаць:
-гандлёвыя дазволы
(квоты) для зніжэння выкідаў або эканоміі прыродных рэсурсаў;
-экалагічныя
падаткі, якія ўводзяцца для зменаў коштаў і, такім чынам, уплываюць на
паводзіны вытворцаў і спажыўцоў;
-экалагічныя
субсідыі і ільготы, якія ўводзяцца для стымулявання развіцця новых тэхналогіяў,
стварэння новых рынкаў экалагічных тавараў, а таксама для падтрымкі высокіх узроўняў
абароны навакольнага асяроддзя кампаніямі;
-схемы адказнасці і
кампенсацыі для адэкватнага пакрыцця наступстваў небяспечных для навакольнага
асяроддзя дзеянняў, а таксама для прадухілення шкоды.
11.3.12. БХД прытрымліваецца пераканання, што неабходна паступова
памяншаць цяжар на навакольнае асяроддзе, які ўтвараецца з-за дзейнасці
чалавека. Немалаважную ролю ў дасягненні гэтай мэты адыгрывае якасць
аўтамабільнага транспарту, які з’яўляецца адным з самых распаўсюджаных фактараў
забруджвання навакольнага асяроддзя. Беларусь не мае ўласнай легкавой
аўтамабільнай вытворчасці, але цяперашнія мыты на імпартныя аўтамабілі з’яўляюцца
непрымальна высокімі. БХД лічыць неабходным для аўтамабіляў, старэйшых за 5
гадоў, скараціць мыты як мінімум у 2 разы і поўнасцю адмяніць мыты для новых
аўтамабіляў і аўтамабіляў да 5 гадоў. Гэтая мера будзе спрыяць большай экалагічнай
бяспецы аўтамабільнага парку краіны і стымуляваць грамадзян набываць новыя
аўтамабілі.
11.4. Экасістэмы, біялагічная разнастайнасць і рэкрэацыя
11.4.1.
Вялікай памылкай была неабдуманая маштабная меліярацыя за савецкім часам. У
выніку яе ажыццяўлення многія асушаныя землі сталі непрыдатнымі для сельскай
гаспадаркі, а такія з’явы як апустыньванне, усыханне лясоў, знікненне малых
рэчак, сталі характэрнай асаблівасцю гэтых земляў. БХД лічыць неабходным па
магчымасці аднавіць многія балотныя экасістэмы, дзе гэта найбольш апраўдана і
не прывядзе да негатыўных эканамічных наступстваў ад вынятку гэтых земляў з
сельскагаспадарчага абароту. Таксама трэба адмовіцца ад планаў па далейшай меліярацыі
і торфараспрацовак прыродных балот, якія захаваліся да сённяшняга дня.
11.4.2.
Нягледзячы на тое, што Беларусь захавала дастаткова вялікую біялагічную
разнастайнасць жывёльнага і расліннага свету, неабходна прымаць дадатковыя меры
па ахове прыроднай разнастайнасці. Асабліва гэта тычыцца тых відаў, якія
занесены ў Чырвоную кнігу і знаходзяцца на мяжы знікнення. Мы выступаем за
ўмацаванне міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы абароны выміраючых відаў
жывёльнага і расліннага свету.
11.4.3.
Павага да Божага тварэння абавязвае нас да адказных паводзін у адносінах да жывёл.
Абарона жывёл з’яўляецца для нас важнай задачай.
11.4.4. Беларусь мае вялізныя запасы пітной вады, вялікія
лясныя масівы, у нас маюцца выдатныя мясціны для адпачынку. БХД будзе вялікую
ўвагу надаваць развіццю зон рэкрэацыі і экалагічнага турызму, ствараючы
максімальна прывабныя ўмовы для інвестыцыяў у гэтую галіну. Экалагічны турызм
павінен стаць істотнай крыніцай папаўнення бюджэту, але разам з тым
арганізаваны такім чынам, каб не аказваць негатыўнага эфекту на прыроду. Акрамя
зон адпачынку ў сельскай мясцовасці і экалагічнага турызму, неабходна надаць
шмат увагі развіццю зялёных зон у гарадах. На сённяшні дзень беларускія гарады
маюць вельмі мала зялёных зон, таму неабходна ствараць паркі, скверы і
захоўваць ужо існуючыя зоны адпачынку і зялёныя насаджэнні. Трэба адмовіцца ад
планаў па забудове такіх паркаў, як, напрыклад, Севастопальскі парк і парк
Дружбы народаў у Менску.
11.5. У сферы аховы прыроды і экалогіі БХД выступае за:
11.5.1.
– мінімізацыю уплываў на здароўе
людзей катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, спыненне практыкі асваення небяспечных
для жыцця тэрыторыяў, неабходнасць даследаванняў уплыву малых доз радыяцыі на
чалавека, павышэнне якасці медыцынскага абслугоўвання на забруджаных
тэрыторыях;
11.5.2.
– міжнародную кааперацыю па
праблеме пераадолення наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС;
11.5.3.
– адмову ад рэалізацыі праекту
Астравецкай АЭС;
11.5.4.
– шырокае экспертнае і
грамадскае абмеркаванне перспектыў развіцця атамнай энэргетыкі ў Беларусі,
правядзенне ўсенароднага рэферэндуму па пытанні будаўніцтва атамнай станцыі;
11.5.5.
– стварэнне экалагічнай паліцыі
ў структуры Міністэрства ўнутраных спраў;
11.5.6.
– партнёрства дзяржавы і
грамадзянскай супольнасці у сферы аховы навакольнага асяроддзя;
11.5.7.
– далучэнне Беларусі да
еўрапейскай экалагічнай палітыкі і ўступленне ў Еўрапейскае агенцтва
навакольнага асяроддзя;
11.5.8.
– выкарыстанне рынкавых метадаў
у экалагічнай палітыцы, а менавіта гандлёвых дазволаў (квот), экалагічных
падаткаў, экалагічных субсідыяў і ільгот, схем адказнасці і кампенсацыі,
прынцыпа “падзеленай адказнасці”;
11.5.9.
– зніжэнне мытаў на аўтамабілі
мінімум у 2 разы ад цяперашняга ўзроўню і адмену мыт на новыя аўтамабілі і аўтамабілі
не старэйшыя за 5 гадоў;
11.5.10.
– захаванне і абарону існуючых
балотных экасістэмаў і аднаўленне асушаных балотаў там, дзе гэта магчыма і
мэтазгодна;
11.5.11.
– падтрымку біялагічнай
разнастайнасці жывёльнага і расліннага свету;
11.5.12.
– узмацненне адказнасці як за
жорсткае абыходжанне з жывёламі, так і за утрыманне небяспечных жывёлаў;
11.5.13.
– стварэнне прыдатных пляцовак ў
гарадах для выгула сабакаў, прытулкаў і могілак для хатніх жывёлаў;
11.5.14.
– забарону ўтрымання ў гарадскіх
кватэрах сабакаў небяспечных пародаў;
11.5.15.
– развіццё экалагічнага турызму
і развіццё зон адпачынку;
11.5.16.
– захаванне ў беларускіх гарадах
існуючых зялёных зонаў, недапушчэнне іх вырубкі пад будоўлі, а таксама
павелічэнне колькасці паркаў і сквераў.
12. МОЛАДЗЬ, СЯМ’Я
І АДУКАЦЫЯ
12.1. Моцная сям’я – моцная Беларусь
12.1.1. За апошнія 18 гадоў насельніцтва Беларусі значна
паменшылася і значна састарэла. Па дадзеных на 1 верасня 2014 года колькасць насельніцтва
Беларусі склала 9464 тыс. чалавек, што на 718 тыс. чалавек менш, чым у
1996 годзе. Кожны год колькасць памерлых перавышае колькасць народжаных.
Дэмаграфічная піраміда ў нашай краіне ўсе больш пераварочваецца дагары нагамі,
таму што яе аснова (людзі актыўнага ўзросту, моладзь, дзеці) памяншаецца. Гэты працэс
мае месца таксама і ў развітых краінах Заходняй Еўропы, але ў Беларусі ён
ускладняецца моцным жаданнем моладзі з’ехаць за мяжу і рэалізоўваць свой
патэнцыял у іншых краінах. Адна з галоўных прычын адтоку маладых людзей –
адсутнасць перспектыў, умоў для развіцця і рэалізацыі ў Беларусі.
Антыканстытуцыйная практыка прымусовага размеркавання маладых спецыялістаў і
жабрацкая аплата працы штурхае маладых беларусаў да пошуку лепшага жыцця за
мяжой.
12.1.2.
Нізкая нараджальнасць з’яўляецца характэрнай праблемай для многіх еўрапейскіх
краін і для многіх развітых краін свету. Аднак для Беларусі важнай абставінай
гэтай праблемы з’яўляецца ўстрыманне ад нараджэння дзіцяці з-за фінансавых
цяжкасцяў, бо большасць маладых сем’яў у Беларусі жывуць амаль на мяжы беднасці.
Вялікая праблема і бяда для Беларусі – гэта вялізная колькасць абортаў, у
выніку чаго кожны год на свет так і не нараджаюцца дзесяткі тысяч дзяцей.
Дэмаграфічны крызіс і яго паглыбленне, што адбываецца сёння ў нашай краіне,
уяўляе сабой вялізную небяспеку. Ён можа прывесці да разбурэння краіны. БХД
лічыць, што вырашэнне гэтай праблемы жыццёва важна для будучыні Беларусі як
незалежнай і моцнай дзяржавы.
12.1.3. Калі
нізкая нараджальнасць – з’ява знаёмая для Заходняй Еўропы, то разрыў пакаленняў
падаецца характэрнай з’явай для Беларусі. Сёння улада імкнецца кантраляваць усе аспекты жыцця
кожнага беларуса, і таму спрабуе забяспечыць грамадзяніна пэўным мінімумам у
абмен на яго пасіўную ролю ў палітычных, сацыяльных і эканамічных працэсах.
Выхаванне патэрналісцкіх настояў у маладых людзей прыводзіць да надзеяў і
чаканняў чалавека ад дзяржавы, а не ад паспяховасці сваёй рэалізацыі, у тым
ліку праз стварэнне сям’і. Такім чынам, ад сям’і залежыць усё менш, што спрыяе
парыванню сямейных сувязяў.
12.1.4.
Аўтарытарны рэжым імкнуцца стварыць уражанне, што гісторыя нашай краіны
пачалася не раней, чым 90 гадоў таму (дастаткова паглядзець на помнікі і назвы
вуліц у беларускіх гарадах ці афіцыйныя святы). Сама дзяржаўная эліта
сімвалічна і ментальна звязвае сябе з савецкім мінулым. Навязванне так званай
“ідэалогіі беларускай дзяржавы”, якая з’яўляецца па сутнасці апраўданнем
антынацыянальнай палітыкі, адсутнасць сапраўднага нацыянальнага патрыятычнага
выхавання прыводзяць да таго, што большасць маладых людзей не ведаюць сваей
гісторыі і культуры, помнікаў, славутых імён Беларусі. Медыйная палітыка
цяперашніх улад фактычна прасоўвае нізкаякасныя з’явы перыферыйнай масавай
культуры.
12.1.5.
Савецкі час – гэта далёка не адзінае і не галоўнае, што прывяло да існавання
беларускай дзяржавы, і што вызначае яе будучыню. Гэта важны гістарычны перыяд
для сучаснай Беларусі, аднак праблема ў тым, што цяпер ён прэзентуецца як
адзіны складнік беларускай гісторыі, і ў той жа час замоўчваецца наша славутая
мінуўшчына, нышы хрысціянскія карані, еўрапейскія цывілізацыйныя сувязі і
элементы ментальнасці. Моладзь свядома ці падсвядома адчувае гэты падман, але ў
асноўным не мае пазітыўнай замены яму, што вядзе да нацыянальнага нігілізму.
Дадзеная палітыка спрыяе адрыванню беларускай моладзі ад сваіх каранёў, ад
гісторыі сваёй Радзімы, ад культурнай традыцыі і гісторыі сваёй сям’і. Такім
чынам, рвуцца культурныя і гістарычныя сувязі з папярэднімі пакаленнямі.
12.1.6. Сям’я ўяўляе сабой асноўную ячэйку
грамадства. У межах сям’і дзеці атрымоўваюць самы першы сацыяльны вопыт,
пераймаюць галоўныя сацыякультурныя традыцыі і веды, успрымаюць мадэлі
паводзінаў мужчыны і жанчыны. Сям’я – гэта самая важная
сфера ідэнтычнасці чалавека, адчування блізкасці і супольнасці. Жыццёвы
вопыт, які чалавек у дзяцінстве пераняў у сям’і сваіх бацькоў, адбіваецца на
будаванні і адносінах унутры сваёй уласнай сям’і. Гэта азначае, што выхаванне
асобы ў моцнай абароненай, маральна здаровай і стабільнай сям’і з’яўляецца
прыярытэтам для грамадства. Таму дзяржаўная палітыка, асабліва ва ўмовах
дэмаграфічнага, сацыяльнага і духоўнага крызісу, павінна быць накіраванна на
ўсебаковую падтрымку сям’і і асабліва шматдзетнай сям’і. Дзяржава
абавязана бараніць сям’ю і ўспрымаць яе як галоўнага аб’екта для сацыяльнай і моладзевай
палітыкі, праз прызму сямейных каштоўнасцяў дзяржава мусіць глядзець на
эканамічную палітыку.
12.1.7. У апошні час ў Беларусі пашыраецца такая з’ява,
як сужыццё мужчыны і жанчыны і нараджэнне дзяцей без афіцыйнага афармлення
адносінаў. Гэтая тэндэнцыя ўяўляе вялікую
небяспеку і размывае інстытут шлюбу. Разумеючы гэта, БХД выступае за распаўсюд
сямейных сацыяльных гарантыяў, якія мы будзем рабіць істотнымі і адчувальнымі,
толькі на афіцыйна зарэгістраваныя сем’і. Такая мера будзе ўяўляць эканамічны
стымул для афармлення фактычных сямейных адносінаў у паўнавартасны шлюб.
12.1.8. Шлюб уяўляе сабой грамадскі інстытут, які
надзяляе сям’ю юрыдычнай дадзенасцю, то бок накладае пэўныя абавязкі і
забяспечвае правы, якія гарантуюцца законам. Ад моманту заключэння шлюбу сям’я
карыстаецца ўсімі сацыяльнымі гарантыямі і становіцца аб’ектам дзяржаўнай
сямейнай палітыкі.
12.1.9. Шлюб узнік як найважнейшая частка чалавечага
жыцця для фармалізацыі адносінаў менавіта мужчыны і жанчыны. Шлюб ніколі ў
чалавечай гісторыі не быў уласцівы сексуальным меншасцям, шлюб – гэта
сацыякультурны феномен, уласцівы выключна гетэрасэксуальным адносінам. Таму БХД
выступае катэгарычна супраць надзялення правам абірацца шлюбам прадстаўнікоў
сэксуальных меншасцяў. БХД прызнае асабістую свабоду чалавека, а значыцца і
права самастойна вызначаць свой лад жыцця. Існуе практыка сумеснага сужыхарства
прадстаўнікоў сэксуальных меншасцяў і многія маёмасныя, побытавыя пытанні можна
рэгуляваць для такіх людзей на падставе існуючага заканадаўства без абрання шлюбам.
Права абірацца шлюбам не з’яўляецца фундаментальным правам чалавека, а
з’яўляецца біблейскім запаветам, здабыткам гэтерасэксуальнай культуры,
значыцца, прадстаўнікі сэксуальных меншасцяў проста не маюць права прэтэндаваць
на абранне шлюбам.
12.1.10. БХД таксама катэгарычна выступае супраць
магчымасці выхавання дзяцей у гомасэксуальных і лесбійскіх фактычных саюзах, бо
ў межах дадзеных адносінаў немагчыма перадача традыцыйных каштоўнасцяў, мадэляў
паводзін у сям’і (успрымання мужчынскіх і жаночых роляў) і паўнавартаснага
выхавання. Мы лічым, што сам факт выхавання дзіцяці у гомасэксуальным ці лесбійскім
саюзе будзе фактарам дыскрымінацыі дзіцяці і парушэннем яго правоў. Гэтыя
асаблівасці цягнуць за сабой небяспечныя наступствы як для асобы, так і для грамадскага
развіцця ў цэлым.
12.1.11. БХД выступае супраць сурагатнага мацярыства: яно
з’яўляецца відам таварна-грашовых адносін, аб’ектам якіх выступаюць народжаныя
дзеці. Гэта з’яўляецца парушэннем этыкі і разрывае тую духоўную сувязь, якая
ўзнікае паміж жанчынай і яе дзіцём.
12.2. Абарона
жыцця
12.2.1. Права на жыццё ёсць фундаментальнае права кожнага
чалавека. Жыццё пачынаецца з моманту апладнення, таму немагчыма разглядаць
права жанчын распараджацца “сваім целам” як безумоўнае права. Людзі маюць права
выбіраць, уступаць ці не ўступаць у палавыя зносіны, аднак пасля моманту апладнення
жанчына не павінна мець права свабодна распараджацца плодам, які яна мае ва ўлонні.
12.2.2. БХД выступае ў абарону жыцця ад пачатку яго
зараджэння і лічыць гвалтоўнае перарыванне цяжарнасці недапушчальным (за
выняткам пагрозы жыццю маці).
12.2.3. БХД прапаноўвае прыняць наступныя абмежавальныя
меры, звязаныя з абортамі:
12.2.4. Медыцынскімі паказчыкамі да аборту могуць быць
толькі паказчыкі, звязаныя з пагрозай жыцця жанчыны (пры ўмове яе згоды).
12.2.5. Выключыць усе сацыяльныя паказчыкі для
правядзення аборту за выпадкам, калі цяжарнасць наступіла ў выніку згвалтавання.
12.2.6. Неабходна гарантаваць права лекара і медычнага
персаналу адмовіцца ад правядзення аборту па сваіх этычных і рэлігійных перакананнях.
12.2.7. У Беларусі будуць забаронены клінічныя
выпрабаванні і вопыты над чалавечымі эмбрыёнамі і выкарыстанне іх у медыцынскіх,
касметычных і вытворчых мэтах, а таксама будуць забаронены вопыты па кланіраванню
эмбрыёна чалавека.
12.2.8. Здараюцца выпадкі, калі жанчыны вырашаюць
пазбавіцца ад сваіх народжаных немаўлят і пакідаюць іх абы дзе. Дзяржава мусіць
стварыць спецыяльныя пункты пры медыцынскіх установах і магчыма пры цэрквах для
прымання такіх дзяцей. Гэты прынцып называецца “акно жыцця”: жанчына можа
апусціць немаўля ў спецыяльнае акно і бесперашкодна пакінуць месца, у той час
як сігналізацыя апавесціць супрацоўнікаў пра пакладзенае немаўля. БХД будзе
рэалізоўваць гэты праект па ўсёй краіне, каб выратаваць многія дзіцячыя жыцці.
12.3. Рэпрадуктыўнае
здароўе
12.3.1. У Беларусі прыблізна кожная пятая сямейная пара сутыкаеццаз праблемай бясплоддзя, прычым, у кожнай другой з іх гэта звязана з
мужчынскім фактарам. БХД лічыць неабходным
прыняцце дзяржаўнай праграмы па захаванню і паляпшэнню рэпрадуктыўнагаздароўя насельніцтва. Дадзеная праграма
мусіць уключаць у сябе распрацоўку і ўкараненне ў практыку эфектыўных медыцынскіх тэхналогіяўдыягностыкі, ранняе выяўленне і лячэнне парушэнняў рэпрадуктыўнай функцыі, сістэматычнае лячэнне бясплоддзя ў жанчыні мужчын.
12.3.2. Для паляпшэння рэпрадуктыўнага здароўя неабходна
змагацца з тымі фактарамі, якія прыводзяць да праблем і захворванняў палавой сістэмы
і парушэнняў рэпрадуктыўнай функцыі. Такімі фактарамі з’яўляюцца курэнне,
ужыванне алкагольных напояў, наркотыкаў падлеткамі. Масавая культура адкрыта
прапагандуе сэксуальную разбэшчанасць як норму паводзін. Між тым у Беларусі
колькасць захворванняў інфекцыямі, што перадаюцца палавым шляхам, мае
ўстойлівую тэндэнцыю да росту, а гэта можа стаць прычынай бясплоддзя. Таксама павялічваецца
колькасць ВІЧ-інфікаваных і хворых на СНІД. Прычым на палавы шлях інфікавання прыходзіцца абсалютная большасць выяўленых
выпадкаў – прыблізна 75%.
12.3.3. Для пераадолення фактараў, якія пагаршаюць
рэпрадуктыўнае здароўе моладзі і насельніцтва ў цэлым, неабходна:
-Забяспечыць доступ да высакаякаснага медыцынскага абслугоўвання і
выпрацаваць сістэму ранняй прафілактыкі захворванняў палавой сістэмы і
парушэнняў рэпрадуктыўнай функцыіі ў мужчын і жанчын.
-Садзейнічаць распаўсюду інфармацыі па захаванню рэпрадуктыўнага здароўя.
-Прапагандаваць здаровы лад жыцця, духоўную культуру, сямейныя каштоўнасці і
палавую стрыманасць.
-Узмацніць барацьбу з курэннем, алкагалізмам і наркаманіяй, асабліва сярод
моладзі.
-Пашыраць праграмы, накіраваныя на барацьбу з распаўсюдам ВІЧ/СНІД.
-Забяспечыць дастатковае фінансаванне мер па захаванню рэпрадуктыўнага
здароўя насельніцтва.
-Актыўна заахвочваць да ажыццяўлення ўзгаданных мер неўрадавыя арганізацыі і
цэрквы.
12.4.
Праграмы па падтрымцы сем’яў
12.4.1. Сямейная
медыцына. БХД лічыць неабходным увесці інстытут сямейнага лекара. Ён
павінен мець высокую кваліфікацыю, валодаць ведамі і навыкамі не
толькі ў галіне тэрапіі, але і ў галіне сумежных вузкіх спецыяльнасцяў, такіх
як афтальмалогія, аталарынгалогія, неўралогія, дэрматалогія, гастраэнтэралогія
і кардыялогія. Сямейны лекар ўмее ставіць дыягназ і лячыць не толькі прастуды,
але і простыя формы вузкаспецыялізаваных захворванняў, праводзіць розныя
дыягнастычныя даследаванні.
12.4.2. Сямейны лекар вядзе пастаяннае назіранне ўсіх чальцоў
сям’і, з’яўляецца асабістым лекарам. У яго задачы ўваходзяць: поўнае першаснае
абследаванне, штогадовая дыягностыка, правядзенне медычных працэдур і лячэнне. Сямейны
лекар заўсёды накіроўвае пацыента да вузкага спецыяліста, калі пытанне патрабуе
больш стараннага і дэталёвага вывучэння.
12.4.3. Сямейная медыцына дае магчымасць у некалькі разоў
скараціць час пацыента на абследаванне і дыягностыку. За кошт таго, што сямейны
лекар забяспечвае бесперапыннае назіранне за здароўем пацыента, захворванне
фіксуецца на ранняй стадыі, а гэта заклад эфектыўнага лячэння.
12.4.4. Сямейны
капітал арыентаваны на стымуляванне нараджэння другіх і наступных дзяцей, а
таксама на інвестыцыі ў чалавечы капітал краіны. Простыя арыфметычныя падлікі
гавораць, што для павелічэння колькасці насельніцтва неабходна, каб сем’і
нараджалі трох і болей дзяцей. Па дадзеных перапісу насельніцтва 2009 года,
сярод сем’яў з дзецьмі больш за 66% мелі адно дзіця, 28% – два дзіцяці і толькі
каля 5% былі шматдзетнымі. Між тым, дэмаграфічныя ўстаноўкі насельніцтва
сведчаць пра жаданне мець другое дзіця, і стрымліваючым фактарам у гэтым
пытанні з’яўляюцца эканамічныя меркаванні. Стварэнне сямейнага капіталу
дазволіць узмацніць планы сямей па нараджэнні другіх і наступных дзяцей.
Сямейны капітал можа быць выкарыстаны на санаторна-курортнае аздараўленне, медыцынскае
абслугоўванне, паляпшэнне жыллёвых умоў сям’і, адукацыю.
12.4.5. На гэты момант складана вызначыць тэрмін, на які
будзе распаўсюджвацца магчымасць асваення сямейнага капіталу і яго памер на
дзіця. Гэтае пытанні патрабуюць дэталёвага вывучэння і прапрацоўкі з улікам
крыніц фінансавання. Сродкі на фінансаванне сямейнага капіталу павінны
прадастаўляцца з рэспубліканскага бюджэту ў форме безнаяўных грашовых сродкаў.
Памер сямейнага капіталу мусіць індэксавацца з улікам інфляцыі. Распараджэнне сямейным
капіталам павінна належаць абодвум бацькам у роўнай ступені. У тых выпадках,
калі адзін з бацькоў раней ажыццявіў злачынства ў дачыненні да свайго дзіцяці,
то ён пазбаўляецца права распараджацца расходаваннем сямейнага капіталу.
12.4.6. Жыллёз’яўляецца самым надзённым пытаннем сямейнага жыцця. Для вырашэння жыллёвага
пытання БХД прапануе сем’ям з двума дзецьмі выдаваць ільготныя крэдыты на будаўніцтва
жылля, сем’ям з трыма дзецьмі, акрамя ільготнага крэдыту – пагашаць за кошт
дзяржаўнага бюджэту 50% кошту жылля, а сем’ям з чатырма і болей дзецьмі –поўнасцю
пагашаць кошт жылля. Акрамя таго, на паляпшэнне жыллёвых умоў можна будзе
выкарыстаць сямейны капітал, што асабліва актуальна для маладых сем’яў.
12.4.7. БХД прапаноўвае дыферэнцаваны падыход да
надзялення сям’і жыллём. Напрыклад, для сельскай мясцовасці і малых гарадоў
апраўдана ўвесці больш лагодныя ўмовы набыцця жылля сем’ямі. Зыходзячы з неабходнасці
замацавання насельніцтва, прыцягнення спецыялістаў, а таксама з улікам больш
нізкіх коштаў на жыллё у сельскай мясцовасці і малых гарадах, мэтазгодна сем’ям
з двума дзецьмі прадастаўляць беспрацэнтныя займы на жыллё, а сем’ям з трыма і
болей дзецьмі – прадастаўляць ва ўласнасць жыллё за дзяржаўны кошт. Гэтыя
дадатковыя палёгкі ў атрыманні жылля ў сельскай мясцовасці і малых гарадах
будуць садзейнічаць прыцягненню сем’яў з горада. Пры чым на павятовым узроўні,
а таксама ў муніцыпалітэтах і валасцях могуць існаваць дадатковыя магчымасці
для вырашэння жыллёвага пытання для сем’яў.
12.4.8.Сямейнае прадпрымальніцтваз’яўляецца механізмам, які будзе спрыяць умацаванню сям’і і адраджэнню ў нашым
грамадстве сямейных каштоўнасцяў. Сямейнае прадпрымальніцтва – гэта тое
сацыяльнае асяроддзе, якое дазволіць фармавацца больш цывілізаванаму
прадпрымальніку. Сямейнае прадпрымальніцтва з’яўляецца спосабам самазанятасці –
індывідуальнай працоўнай дзейнасці і мяжуе з найдрабнейшым бізнэсам. Найбольш
распаўсюджаныя сферы такога роду дзейнасці – бытавое абслугоўванне, дробны
гандаль, саматужная вытворчасць, фермерская гаспадарка і іншыя віды дзейнасці.
12.4.9.
Ва ўмовах сямейнай справы магчыма гнуткасць працоўнага дня і падзел працы. Гэта
дазваляе часткова ўцягваць у вытворчасць і тыя катэгорыі насельніцтва, якія
інакш былі б “за бортам”: жанчын з дзецьмі, навучэнцаў і іншыя катэгорыі асоб,
неканкурэнтаздольных на звычайных рынках працоўнай сілы. Для дзяцей і падлеткаў пасільны ўдзел у
сямейнай справе – найбольш мяккі і сацыяльна прымальны спосаб ўключэння ў
працоўную дзейнасць і прадпрымальніцтва. БХД будзе спрыяць развіццю сямейнага
прадпрымальніцтва, будзе прыняты закон “Аб сямейным прадпрымальніцтве”, у якім
будуць замацаваны самыя лагодныя падатковыя ўмовы і вызваленне ад падатку на
прыбытак, будзе прадугледжана сістэма ільготнага крэдытавання і
мікракрэдытавання для такіх сямейных прадпрыемстваў.
12.5. Роўнасць
і рознасць мужчынаў і жанчынаў
12.5.1. Мужчына і жанчына створаныя Богам роўнымі ў сваім
чалавецтве і рознымі паводле свайго паклікання. Мы абавязаныя шанаваць і
ахоўваць як адпачатную рознасць, так і падставовую роўнасць мужчыны і жанчыны.
Неабходна з вялікай асцярожнасцю і развагай падыходзіць да пытання роўнасці або
рознасці правоў і абавязкаў асобаў абодвух полаў, абараняючы каштоўнасць як
асобы, так і сям’і, і ўсяго грамадства ў цэлым. Мы адмаўляемся дасягаць
абсалютнай палавой роўнасці любым коштам (бо гэта немагчыма з натуральных
прычынаў) – і прапаноўваем паважаць асаблівасці і ўнікальнасць як мужчынскага,
так і жаночага паклікання.
12.5.2.
У сацыяльнай ролі ў грамадстве і прафесійнай дзейнасці важна зразумець, што
ўмовы жыцця мужчын і жанчын значна адрозніваюцца паміж сабой у пэўнай ступені
з-за рэпрадуктыўнай функцыі жанчын. Жанчыны выношваюць і нараджаюць дзіця,
займаюцца яго кармленнем і даглядам. Таксама абмежаваныя магчымасці прымяненне
жаночай працы ў цяжкай вытворчасці і ў вайсковай справе. Сам Бог заклаў паміж
мужчынай і жанчынай адрозненне, і гэта з’яўляецца натуральным нязменным станам
рэчаў.
12.5.3.
Пытанне не ў наяўнасці гэтых адрозненняў, а ў тым, што яны не павінны негатыўна
адбівацца на ўмовах жыцця мужчын і жанчын, весці да дыскрымінацыі, а,
наадварот, адпаведным чынам ўлічвацца.
12.5.4.
БХД разглядае пытанне роўнасці полаў у непарыўнай сувязі з сямейнай палітыкай.
Жанчыны, якія выношваюць дзіця або знаходзяцца ў адпачынку па дагляду за дзіцём
(роўна як і мужчыны), мусяць мець магчымасць дыстанцыйнага навучання з
дапамогай інтэрнэту і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў у вышэйшых навучальных
установах, курсах і г. д., у тым ліку і за кошт дзяржаўнага бюджэту.
12.5.5.
БХД будзе ствараць гнуткую сістэму перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі для
жанчын, якія займаюцца даглядам дзіцяці. Стварэнне сям’і і нараджэнне дзяцей не
павінна станавіцца перашкодай да павышэння або набыцця адукацыі і прафесійных
навыкаў жанчын. БХД будзе садзейнічаць стварэнню працоўных месцаў “удома” з
вольным графікам працы, а таксама пашыраць гнуткія формы занятасці. Неабходна
стварыць умовы для спалучэння асабістага і прафесійнага развіцця з хатнімі
абавязкамі і выхаваннем дзяцей, стварыць механізмы прыцягнення мужчын да
дагляду за дзецьмі.
12.5.6.
Дзеля большага ўцягвання жанчын у эканамічную сферу і барацьбы з жаночым
беспрацоўем неабходна спрыяць развіццю жаночага прадпрымальніцтва. Дзяржава
мусіць надаць істоную ўвагу бізнэс-навучанню жанчын, падтрымцы ініцыятыў па
кансультаванню жаночага прадпрымальніцтва і адкрыцці банкамі праграм
мікракрэдытавання.
12.6. Сацыяльная
небяспека хатняга гвалту
12.6.1. Актуальнай праблемай Беларусі з’яўляецца хатні
гвалт, які падрывае цэласнасць сям’і, здароўе, годнасць, бяспеку і незалежнасць
асобы. Гвалт у сям’і можа быць фізічным, псіхалагічным, сэксуальным, а таксама
эканамічным. Сёння ў Беларусі ў органы ўнутраных спраў штодзень паступае каля
500 паведамленняў аб фактах сямейна-бытавых канфліктаў, з якіх больш за 70%
складаюць выпадкі хатняга гвалту ў адносінах да жанчын і дзяцей. У той жа час
значная колькасць выпадкаў гвалту не фіксуецца, паколькі многія жанчыны альбо схільныя
мірыцца з яго праявамі, альбо баяцца звяртацца з заявамі ў афіцыйныя органы.
12.6.2.
Назіраецца моцная сувязь паміж распаўсюджанасцю хатняга гвалту і
сацыяльна-эканамічным становішчам сям’і: калі ў малазабяспечаных сем’ях ад
пабояў пацярпела кожная трэцяя з апытаных жанчын, то ў сем’ях з добрым
дастаткам такія факты сустракаюцца ў 5% выпадкаў. БХД выступае за прыняцце
закона “Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту”, які будзе змяшчаць тлумачэнні ўсіх
відаў гвалту, санкцыі за ўчыненыя дзеянні і сістэму экстраных мер па
прадухіленню і абароне ахвяр хатняга гвалту. У гэтым законе мусіць быць
прадстаўлены комплекс мер па прафілактыцы выпадкаў хатняга гвалту і роля ў
прафілактыцы ўсіх органаў і арганізацыяў: паліцыі, сацыяльных служб, мясцовага
самакіравання, цэркваў і неўрадавых арганізацыяў.
12.6.3.
Дзеля вырашэння сітуацыі з хатнім гвалтам дзяржава мусіць праводзіць
комплексную бестэрміновую інфармацыйную кампанію, накіраваную як на
прадухіленне хатняга гвалту, так і на выпраўленне яго наступстваў. Трэба распаўсюджваць
інфармацыю пра небяспечнасць для цэласнасці сям’і і цяжкіх наступстваў ад
хатняга гвалту. Неабходна стварыць гарачыя тэлефонныя лініі для хуткага
рэагавання на небяспеку хатняга гвалту і на вострую сітуацыю.
12.6.4.
Усе дзяржаўныя ведамствы і органы ўлады, якія маюць дачыненне да вырашэння
праблемы хатняга гвалту (паліцыя, пракуратура, сацыяльныя службы, медыцынскія ўстановы,
суды, органы мясцовага самакіравання), мусяць быць праінфармаваныя пра дадзеную
праблему, яе цяжкія сацыяльныя наступствы і стратэгіі вырашэння праблемы.
Патрабуецца вывучэнне замежнага вопыту барацьбы з хатнім гвалтам, правядзенне
адукацыйных мерапрыемстваў і абмен вопытам з замежнымі партнёрамі.
12.6.5. Неабходна выпрацаваць механізм рэабілітацыі ахвяр
хатняга гвалту з аказаннем медыцынскай і псіхалагічнай дапамогі, забяспечыць
ахвяр хатнага гвалту кароткатэрміновым і доўгатэрміновым прытулкам у тых
выпадках, калі гэтага патрабуе сітуацыя. Дзеля гэтага дзяржава мусіць распрацаваць
праграму па фінансаванні агучаных мер у дастатковай ступені па ўсёй краіне.
12.7. У сферы сямейнай палітыкі БХД:
12.7.1.
– разглядае сям’ю як асноўны
аб’ект дзяржаўнай увагі ў сацыяльнай палітыцы і разглядае палітыку ў іншых
галінах праз патрэбы сям’і як асноўнай ячэйкі грамадства;
12.7.2.
– праводзіць палітыку,
накіраваную на адраджэнне сямейных каштоўнасцяў, маральнасці і духоўнасці
сямейных адносін, выхаванне ў маладога пакалення імкнення ствараць устойлівыя і
шчаслівыя сем’і;
12.7.3.
– выступае ў падтрымку
традыцыйных шлюбаў, у тым ліку праз выкарыстанне эканамічных стымулаў;
12.7.4.
– выступае катэгарычна супраць
узаконьвання гомасэксуальных і лесбійскіх партнёрстваў як шлюбаў, а таксама
супраць выхавання дзяцей у такіх фактычных саюзах;
12.7.5.
– выступае супраць абортаў.
Аднак не бачыць у заканадаўчай забароне абортаў эфектыўнай меры па барацьбе з
гэтай ганебнай і злачыннай практыкай. Замест гэтага БХД прапаноўвае комплекс
абмежавальных мер і практык, накіраваных на няўхільнае скарачэнне абортаў з мэтай іх выкаранення;
12.7.6.
– удасканальваць прафілактыку і
ствараць сістэму ранняга выяўлення захворванняў рэпрадуктыўнай сістэмы,
паляпшаць якасць медыцынскага абслугоўвання;
12.7.7.
– павялічыць аднамомантную
выплату пры нараджэнні дзіцяці да 2000 еўра, пры нараджэнні другога і
наступных дзяцей – да 3000 еўра ў эквіваленце. Штомесячную дапамогу на
дзіця да 3-х гадоў усталяваць у памеры не меншым за пражытковы мінімум. Будзе
перагледжана метадалогія разліку пражытковага мінімуму, што прывядзе да яго
павышэння. Адпаведна павялічацца іншыя выплаты на дзяцей, прадугледжаныя
цяперашнім заканадаўствам;
12.7.8.
– уключаць у працоўны стаж
жанчыны час яе знаходжання ў адпачынку па дагляду за дзецьмі;
12.7.9.
– аддаваць прыярытэт дзіцячым
дамам сямейнага тыпу, умацоўваць эканамічныя стымулы сем’ям браць дзяцей на
выхаванне;
12.7.10.
– прыняць нацыянальную праграму
“Сямейная медыцына”, якая прадугледжвае ўвядзенне сямейных лекараў – тэрапеўтаў
з ведамі ў сумежных вузкаспецыяльных галінах медыцыны;
12.7.11.
– прыняць нацыянальную праграму
“Сямейны капітал”, якая стане крыніцай для паляпшэння жыллёвых умоў маладых
сем’яў, медыцынскага і санаторна-курортнага абслугоўвання, адукацыі;
12.7.12.
– садзейнічаць на нацыянальным
узроўні вырашэнню жыллёвага пытання для шматдзетных сем’яў, пачынаючы з
ільготных крэдытаў для сем’яў з двума дзецьмі і да поўнай аплаты кошту жылля
для сямей з чатырма і болей дзецьмі;
12.7.13.
– спрыяць павелічэнню дапамогі
шматдзетным сем’ям на мясцовым узроўні;
12.7.14.
– прыняць закон “Аб сямейным
прадпрымальніцтве”;
12.7.15. – развіваць
бяспечную даступную інфраструктуру для сям’яў: дзіцячыя садкі (дзяржаўныя,
прыватныя і муніцыпальныя), школы, дзіцячыя пляцоўкі і месцы для адпачынку
сем’яў і г.д.;
12.7.16. – магчымасць
атрымання адукацыі, павышэння кваліфікацыі і працы на даму па гнуткаму графіку
для тых жанчын, якія даглядаюць дзіця. Такімі ж правамі мусяць карыстацца і
мужчыны, якія знаходзяцца ў адпачынку па дагляду за дзецьмі;
12.7.17. – спрыянне
развіццю жаночага прадпрымальніцтва;
12.7.18. – прыняцце
нацыянальнай праграмы і закона “Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту”.
12.8.
Моладзевая палітыка і адукацыя
12.8.1. Моладзевая палітыка БХД зыходзіць з таго, што
гэта ёсць жыццёва неабходная частка дзяржаўнай палітыкі ў цэлым. Яна павінна
будавацца на хрысціянскіх маральных
каштоўнасцях, і асноўным аб’ектам гэтай палітыкі павінна з’яўляцца традыцыйная
сям’я. Моладзевая палітыка будуецца на прынцыпе субсідыярнасці і непарыўна
звязана з палітыкай ў галіне адукацыі, а таксама ў іншых сферах, як напрыклад,
у дзяржаўным будаўніцтве, эканоміцы, сацыяльнай сферы, ахове здароўя і іншых
сферах. Адукацыйная палітыка мусіць быць накіравана на выхаванне грамадзяніна,
свядомай, адказнай за сябе і сваю краіну асобы, арыентавана на сучасныя веды і
самастойнае мысленне.
12.8.2. Апатыя большай часткі моладзі. Аўтарытарны
рэжым робіць усё магчымае, каб моладзь не прымала актыўнага ўдзелу ў
грамадска-палітычным жыцці краіны. Студэнты мусяць выбіраць паміж
грамадска-палітычнай актыўнасцю і навучаннем/працай. Перспектыва прымусовага
размеркавання, жабрацкай заработнай платы, нізкія перспектывы забяспечыць
годнае існаванне новай маладой сям’і і дзяцей ствараюць атмасферу безнадзейнасці
і апатыі. Але адна з самых галоўных прычын гэтаму – абмежаваныя магчымасці для
рэалізацыі сваіх ідэяў і ініцыятывы. Гэта абумоўлівае тое, што большая частка
моладзі не можа і не хоча ўдзельнічаць ў жыцці краіны. Адсюль узнікае жаданне
моладзі рэалізоўваць свой патэнцыял у іншай краіне, бо любы
нармальны чалавек жадае самарэалізацыі і дасягненняў. Таму шмат маладых людзей
не бачаць перспектывы тут і хочуць з’ехаць ці надоўга, ці назаўжды. Такое
жаданне прысутнічае ў вялізнай часткі маладых грамадзян Беларусі.
12.8.3. Шляхі развіцця моладзевай палітыкі ў
Беларусі. Зыходзячы з Праграмы БХД і нашага ўяўлення пра грамадскія справы,
мы бачым наступныя два галоўныя накірункі дзяржаўнай моладзевай палітыкі:
-Развіццё і
падтрымка сям’і як асноўнай ячэйкі грамадства.
-Развіццё і
падтрымка эканамічнай, палітычнай і сацыяльнай актыўнасці ў моладзевым
асяроддзі.
12.8.4. Паўнавартаснае выхаванне шчаслівых дзяцей і
падлеткаў магчыма ў нармальнай традыцыйнай сям’і. Дзяржава павінна заахвочваць
маладых людзей ствараць трывалыя сем’і і мець дзяцей, заахвочваць сталых людзей
захоўваць свае сем’і і павышаць іх дэмаграфічную перспектыўнасць. Грамадская
вартасць сям’і значна большая, чым простая сума вартасцяў мужа, жонкі і дзяцей
як асобных грамадзян. Таму менавіта сям’я з’яўляецца асноўным атрымальнікам
дзяржаўнай падтрымкі для моладзі.
12.8.5. Дзяржаўная падтрымка мусіць быць карыснай для
сям’і ў цэлым. Маладыя людзі карыстаюцца падтрымкай дзяржавы пераважна ў
кантэксце сям’і, спачатку як дзеці і падлеткі ў сям’і бацькоў (да 18 гадоў), а
затым як стваральнікі маладой сям’і (да 31 года), ці як ўдзельнікі ў выхаванні
сірот.
12.8.6. Неабходна распрацаваць стратэгію развіцця
дэмаграфічнага патэнцыялу ў Беларусі. Асобным кірункам у працэсе павышэння
дэмаграфічнага патэнцялу з’яўляецца заахвочванне грамадзян удзельнічаць у
выхаванні сірот. БХД лічыць, што выхаванне прыёмных дзяцей мусіць ажыццяўляцца
перадусім у сем’ях і дамах сямейнага тыпу. БХД распрацуе адмысловую дзяржаўную
праграму для выхавання сірот у сямейных інтэрнатах, а сем’і, якія бяруць на
выхаванне прыёмнае дзіця, будуць карыстацца дзяржаўнай грашовай дапамогай у
памеры, неабходным для выхавання дзіцяці.
12.8.7. Пры ажыццяўленні моладзевай палітыкі ўрад будзе
фармуляваць асноўныя кірункі, мэты і прыярытэты моладзевай палітыкі, але ў яе
рэалізацыі галоўная роля належыць рэгіёнам і асабліва мясцоваму самакіраванню,а
таксама грамадскім арганізацыям. Цэнтральны ўрад будзе вызначаць толькі
агульную суму выдаткаў і яе размеркаванне паміж рэгіёнамі, а ўжо ў межах
рэгіёнаў і муніцыпалітэтаў вызначаюцца прыярытэты з улікам лакальных
асаблівасцяў. Таксама частка сродкаў будзе размяркоўвацца ў рэгіёнах сярод
неўрадавых арганізацыяў, якія працуюць з моладзю і маладымі сем’ямі.
12.9. Актыўны
ўдзел моладзі ў жыцці грамадства
12.9.1. Наша задача – стварыць для беларускай моладзі
вобраз краіны 1000-гадовай высокай цывілізацыі, грунтаванай на хрысціянскіх
падмурках, духоўнага і творчага сэрца Еўропы, дзяржавы з агромністым
патэнцыялам магчымасцяў, інфармацыйнай і інавацыйнай сталіцы свету, крыніцы
празрыстага і адкрытага ўсяму чалавецтву багацця веры, любові, справядлівасці,
міласэрнасці, салідарнасці.
12.9.2. Заахвоціць моладзь працаваць на карысць сваей
краіны можна толькі тады, калі маладыя людзі змогуць бачыць магчымасці
самарэалізацыі ў Беларусі. Такая рэалізацыя можа быць у сферах эканомікі,
палітыкі, грамадскай працы, навукі, адукацыі, культуры і іншых сферах.
Неабходна развіваць і падтрымліваць эканамічную
актыўнасць ў моладзевым асяроддзі, у прыватнасці, шляхам падтрымкі
прадпрымальніцтва як стварэння працоўных месцаў (як мінімум для самога
прадпрымальніка). БХД лічыць неабходным развіваць бізнэс інкубатары для моладзі
з магчымасцю атрымання істотных падатковых ільгот дзеля запачаткоўвання ўласнай справы.
12.9.3. Моцным падмуркам для ўсебаковага развіцця моладзі
ёсць разуменне хрысціянскіх каштоўнасцяў як светапогляднай сістэмы, як
прынцыпаў, якімі людзі мусяць карыстацца ў паўсядзённым жыцці для новага
пакалення, здольнага адбудаваць новую Беларусь, дзе узаемадапамога,
салідарнасць, спагада, вера і любоў куды важней за моду, “круцізну” або выгаду.
12.9.4. Вобраз маладога чалавека, сучаснага і творчага ,
які валодае беларускай мова і актыўна карыстаецца ёй, ведае гісторыю ды
культуру сваёй краіны, мусіць быць у цэнтры дзяржаўнай маладзёвай палітыкі і
выхавання патрыятызму.
12.10. Праблемы
сістэмы адукцыі
12.10.1.
Перманентная рэформа сістэмы адукацыі, якая ажыццяўляецца ў Беларусі ўжо
дзесяцігоддзе, не прывяла да станоўчых зрухаў. Наадварот, мы назіраем
паглыбленне крызісных з’яў.
12.10.2.
Адна з праблем у адукацыі – нізкія заробкі настаўнікаў сярэдніх навучальных
устаноў і прафесарска-выкладчыцкага складу вышэйшых навучальных устаноў.
Асабліва востра стаіць пытанне аплаты працы выкладчыкаў сярэдніх навучальных
устаноў, сярод якіх пераважаюць жанчыны менавіта з-за нізкай зарплаты і
непрэстыжнасці працы ў школе.
12.10.3.
Сярэдняя адукацыя не арыентавана на развіццё асобы згодна з індывідуальнымі
прыярытэтамі асобы – уніфікаваныя навучальныя планы і праграмы, адсутнасць
прафесійнай дыферэнцыяцыі ў старэйшых класах ускладняюць вучням выбар будучай
прафесіі адпаведна сваім схільнасцям. На сённяшні дзень у Беларусі сярэдняя
адукацыя страціла выхаваўчую функцыю. Замест гэтага робіцца ўхіл на дасягненне
нейкіх абстрактных фармальных паказчыкаў, хаця галоўнай функцыяй сярэдняй
адукацыі мусіць быць выхаванне годнай асобы, перадача гэтай асобе пазітыўных
мадэляў сацыяльных паводзін і арыентацыя на будучую прафесію. Сёння ў Беларусі
поўнасцю ліквідавана патрыятычнае і нацыянальна арыентаванае выхаванне – у
школьнай праграме скажоныя вельмі важныя акцэнты нацыянальнай гісторыі,
колькасць беларускамоўных школ і класаў проста мізэрная. Праводзіцца мэтанакіраваная
палітыка па вынішчэнні нацыянальнай самасвядомасці і замена яе на ідэалагічны
сурагат фальшывых ідэяў.
12.10.4.
Беларуская вышэйшая адукацыя на сённяшні дзень з’яўляецца адной з самых
адсталых у Еўропе. Выключэнне складаюць толькі асобныя прыродазнаўчыя і
тэхнічныя дысцыпліны, але і яны ў сваёй большасці працягваюць развівацца па
інэрцыі, закладзенай яшчэ за савецкім часам. У большасці астатніх галін якасць
адукацыі вельмі нізкая, што выражаецца ў:
-фармалізме
навучальнага працэсу;
-закасцянеласці
падыходаў да навучання;
-адсутнасці
нацыянальнага грунта і хрысціянскага светапогляду ў гуманітарных дысцыплінах;
-слабай тэхналагічнай
базе навучальнага працэсу;
-поўнай ізаляванасці
беларускай адукацыі ад еўрапейскіх адукацыйных працэсаў;
-адсутнасці
студэнцкай мабільнасці, аўтаноміі ўніверсітэтаў і поўнай залежнасці вышэйшых навучальных
устаноў ад дзяржавы;
-палітычнымі рэпрэсіямі
супраць іншадумства;
-табуяванні асобных
тэм па гуманітарных і сацыяльных навуках і навязванні псеўданавуковай і антынацыянальнай
“ідэалогіі дзяржавы”.
12.10.5. У Беларусі было ўведзена па сутнасці прыгоннае
права для моладзі, якая навучалася на бюджэтнай аснове – размеркаванне маладых
спецыялістаў, што ва ўмовах прымусовай працы і жабрацкай аплаты працы
з’яўляецца відам рабства.
12.11. Рэформа
сістэмы адукацыі
12.11.1.
Сфера адукацыі беспрэцэдэнтна важная для Беларусі, бо Беларусь мае патрэбу ў
выхаванні нацыянальна свядомых і духоўнамоцных пакаленняў моладзі,
падрыхтаванай да жыцця ў незалежнай, еўрапейскай, дэмакратычнай краіне.
Галоўнай мэтай рэформы сістэмы адукацыі БХД бачыць пераадоленне цяперашніх
крызісных з’яў.
12.11.2.
Прыярытэтам пачатковай і сярэдняй адукацыі стане выхаванне асобы, якая будзе
годнай часткай грамадства. Настаўнікі не павінны займацца акрамя сваіх непасрэдных
абавязкаў яшчэ іншымі відамі дзейнасці, якія навешваюцца сёння чыноўнікамі ад
адукацыі. Высокі ўзровень заработнай платы настаўнікаў, які паступова павінен
быць павялічаны да сярэднееўрапейскага ўзроўню, і высокі сацыяльны статус
прафесіі гарантуюць павышэнне якасці адукацыі. Неабходна вярнуць павагу ў
грамадстве да прафесіі настаўніка, як гэта было раней у Беларусі.
12.11.3.
БХД прапаноўвае развіваць дыферэнцыяцыю сярэдняй адукацыі: профільныя сярэднія
навучальныя ўстановы з паглыбленым вывучэннем пэўных прадметаў, куды мусяць
ісці вучні з адпаведнымі схільнасцямі, а таксама профільныя кірункі ў старэйшых
класах агульнаадукацыйных навучальных устаноў (напрыклад, спартыўны,
прыродазнаўчы, гуманітарны, інфарматыкі і інш.). Падзел старэйшых класаў на
профілі дазволіць больш эфектыўна выкарыстоўваць час навучання у плане развіцця
індывідуальных схільнасцяў вучняў, пазбягаць іх хранічнага адставання і
заахвочваць да засваення новых ведаў адпаведна іх цікавасцям. Гэты этап
навучання з’яўляецца падрыхтоўкай да ўласна прафесійнай дзейнасці і паступлення
ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.
12.11.4.
Асаблівы ўхіл у выхаваўчым і навучальным працэсах у сярэдняй школе трэба надаць
патрыятычнаму выхаванню, вывучэнню нацыянальнай беларускай мовы, гісторыі і
літаратуры. Колькасць гадзін па гэтых прадметах мусіць быць істотна павялічана,
асабліва да пачатку падзелу навучання паводле профіляў.
12.11.5.
БХД выступае за абавязковае вывучэнне ў сярэднеадукацыйных навучальных
установах асноў хрысціянскай культуры і этыкі. Дзеля гэтага неабходна адкрыць у
педагагічных установах адпаведную спецыяльнасць для падрыхтоўкі кваліфікаваных
педагогаў. Таксама можна звяртацца да практыкі запрашэння на урокі
прадстаўнікоў духавенства ўсіх традыцыйных канфесіяў Беларусі. Школьны курс па
асновах хрысціянскай культуры і этыкі будзе накіраваны на вывучэнне базавых
прынцыпаў хрысціянскіх канфесіяў у Беларусі, іх развіцця, гісторыі, а таксама
на іх мірнае суіснаванне з нехрысціянскімі традыцыямі ў Беларусі – юдаізмам і
ісламам. Гэты курс будзе накіраваны на
выхаванне павагі да ўсіх рэлігійных канфесіяў, на павышэнне ўзаемнага даверу ў
грамадстве паміж прадстаўнікамі розных канфесіяў.
12.11.6.
БХД лічыць неабходным аптымізаваць навучальныя планы. Напрыклад, прадмет
фізкультура будзе пераведзены ў шэраг абавязковых факультатываў без выстаўлення
адзнак і здачы нарматываў. Замест гэтага падчас заняткаў па фізкультуры будуць
праводзіцца камандныя і развіццёвыя гульні, заняткі па фізічнаму дасканаленню
вучняў. Недапушчальна цяперашняя практыка, калі непасрэдна перад дыктоўкай па
мове вучняў ганяюць на фізкультуры – усе заняткі па фізкультуры мусяць быць
перанесеныя на канец раскладу і ва ўстановах адукацыі мусяць быць забяспечаныя
ўмовы для заняткаў (душ, спартыўны інвентар, нармальныя распранальні і інш.).
Падчас навучальнага працэсу трэба больш увагі надаваць эксперыментальным формам
правядзення заняткаў, выкарыстанню высокіх тэхналогіяў у працэсе навучання
(кампутараў падчас заняткаў у класе, інтэрнэту).
12.11.7.
БХД будзе развіваць беларускамоўную адукацыю праз стварэнне беларускамоўных дзіцячых
садкоў, школ і класаў. Такі працэс мы бачым як паступовы, без гвалтоўных
захадаў, ён павінен ажыццяўляцца на аснове свабоднага выбару дзяцей і бацькоў.
Пры гэтым намі будуць забяспечаны ўсе магчымасці для набыцця пачатковай і
сярэдняй адукацыі на мове нацыянальных меншасцяў.
12.11.8.
Улічваючы патрэбы беларускай эканомікі ў кадрах працоўных спецыяльнасцяў, БХД
надае асаблівую увагу развіццю сярэдне-тэхнічных і сярэдне-спецыяльных
навучальных устаноў. Неабходна пазбавіцца стэрэатыпу, што паступленне ва
ўніверсітэт ёсць гарантыя працаўладкавання і неабходнасць для паспяховай
кар’еры. Трэба вярнуць павагу і цікавасць маладых людзей да працоўных
спецыяльнасцяў. Для гэтых устаноў будзе забяспечана неабходная тэхналагічная
база, каб навучэнцы маглі на практыцы засвоіць перадавыя тэхналогіі і метады
працы.
12.11.9.
БХД створыць умовы для развіцця і паўсюднага ўкаранення прыватнай адукацыі, у
тым ліку дамашніх настаўнікаў, прыватных школаў, каледжаў і ўніверсітэтаў. Мы
перакананыя, што выхаванне і навучэнне дома або ў прыватнай установе, больш
глыбокае і якаснае, можа стварыць альтэрнатыву сістэме агульнай пачатковай,
сярэдней і вышэйшэй адукацыі і даць чалавеку выбар.
12.11.10.
БХД будзе спрыяць пашырэнню хрысціянскай адукацыі – ад вывучэння Закона Божага
ў школах і ідэалогіі ва універсітэтах, да спрыяння адкрыццю канфесійных ды
міжканфесійных навучальных установаў.
12.11.11.
Асноўнай задачай у галіне адукацыі стане павышэнне яе якасці і
канкурэнтаздольнасці. Для нас важна пераадолець ізаляванасць беларускай
адукацыі ад еўрапейскіх і сусветных працэсаў, неабходна далучыцца да Балонскага
працэсу, ажыццявіць узаемнае прызнанне дыпломаў з развітымі краінамі свету.
Трэба пазбавіць вышэйшую адукацыю ад застарэлых схем і падыходаў. Беларускія
студэнты мусяць мець магчымасць праходзіць частку свайго навучання ў іншых
установах Беларусі і за мяжой. Вышэйшыя навучальныя ўстановы павінны карыстацца
аўтаноміяй, то бок самастойна выбіраць свае органы кіравання і займацца
падборам кадраў, ажыццяўляць навучальную, навуковую і гаспадарча-фінансавую
дзейнасць, мець статут і г.д. У вышэйшых
навучальных установах набходна існаванне студэнцкага самакіравання.
12.11.12.
Для вышэйшай адукацыі і навукі мусіць быць уласцівая акадэмічная свабода. Як
унутры, так і за межамі навучальнай установы або навукова-даследчай арганізацыі
дапускаецца поўная свабода ставіць любыя пытанні і імкнуцца да ісціны, у тым
ліку з нагоды супярэчлівых і непапулярных поглядаў, незалежна ад таго, кранае
ці не каго-небудзь той ці іншы пункт гледжання.
12.11.13.
БХД выступае за пашырэнне ў сферы вышэйшай адукацыі беларускай мовы. У гэтым
працэсе мэтазгодна прытрымлівацца эканамічных стымулаў, а менавіта вярнуць
практыку надбавак да заробку тых выкладчыкаў, якія чытаюць свае лекцыі
па-беларуску. Але ў якасці пілотнага праекту беларусізацыі вышэйшай адукацыі
БХД лічыць неабходным стварэнне Беларускага Нацыянальнага ўніверсітэту на базе
Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. У новым Нацыянальным універсітэце мэтазгодна
ўсё выкладанне паступова перавесці на беларускую мову. Пры гэтым БХД выступае
за захаванне магчымасці атрымання вышэйшай адукацыі і на іншых мовах,
напрыклад, на расейскай і ангельскай мовах.
12.11.14.
Мы лічым, што ў Беларусі могуць існаваць навучальныя установы розных форм
уласнасці, як дзяржаўныя, так і прыватныя. Дзяржаўная пачатковая і сярэдняя
адукацыя мусяць заставацца бясплатнымі, таксама бясплатнай мусіць быць часткова
і вышэйшая адукацыя. Паколькі адукацыя з’яўляецца важнай умовай паспяховай
прафесійнай рэалізацыі, то яна мусіць быць у роўнай ступені дасяжная як
заможным грамадзянам, так і тым грамадзянам, якія не могуць сабе дазволіць
аплочваць навучанне. Акрамя таго, што БХД выступае за наяўнасць бясплатнай
вышэйшай адукацыі. Мы лічым неабходным стварыць адпаведныя ўмовы для існавання
развітай сістэмы грантаў на навучанне і спецыяльных стыпендыяў для адораных і
паспяховых студэнтаў. У гэтым працэсе пажаданы самы актыўны ўдзел прыватнага
бізнэсу ў кантэксце яго сацыяльнай адказнасці.
12.11.15.
Будзе адменена антыканстытуцыйнае абавязковае размеркаванне, якое парушае правы
чалавека і з’яўляецца эканамічна неэфектыўным інстументам замацавання
спецыялістаў на месцах. Для вырашэння кадравага пытання будуць дзейнічаць
матэрыяльныя стымулы і выключныя сацыяльныя гарантыі.
12.11.16. БХД разглядае сістэму адукацыі праз прызму
патрэбаў сям’і і неабходнасць павышэння патэнцыялу сям’і. Гэта з’яўляецца
ўмовай як квітнеючай і бяспечнай краіны ў цэлым, так і гарманічнага развіцця
кожнага грамадзяніна, у прыватнасці моладзі. Неабходна даць магчымасць маладым
сем’ям атрымліваць прафесійную падрыхтоўку і перападрыхтоўку, і
сярэдне-спецыяльную і вышэйшую адукацыю. Гэта прадугледжвае перапрацоўку
вучэбных планаў, вучэбнага асяроддзя і іншых кампанентаў адукацыі такім чынам,
каб цяжарным жанчынам і людзям з малымі дзецьмі можна было ў поўнай меры
ўдзельнічаць у навучальным працэсе.
12.12. У галіне адукацыі БХД выступае за:
12.12.1. – распрацоўку
стратэгіі дэмаграфічнага патэнцыялу для Беларусі;
12.12.2. – сацыяльную
падтрымку моладзі пераважна ў кантэксце сямейнай палітыкі, то бок спачатку як
удзельнікаў сям’і сваіх бацькоў, а пасля як стваральнікаў сваёй уласнай сям’і;
12.12.3. – увядзенне
ільгот на праезд у грамадскім гарадскім і міжгароднім транспарце: для
школьнікаў бясплатны праезд, для навучэнцаў і студэнтаў – 50 % ад кошту
праезду;
12.12.4. – арыентацыю
сярэдняй адукацыі на выхаванне годных грамадзян з патрыятычным светапоглядам і
стваральнымі памкненнямі;
12.12.5. – павелічэнне
колькасці заняткаў па беларускай мове, літаратуры і гісторыі Беларусі;
12.12.6. – увядзенне
ў сярэдніх школах прадмета “Асновы хрысціянскай культуры і этыкі”;
12.12.7. – існаванне
хатняй адукацыі пры належным кантролі з боку дзяржавы;
12.12.8. – увядзенне
профільнага навучання ў старэйшых класах сярэдніх школ, развіццё гімназіяў і
ліцэяў;
12.12.9. – павелічэнне
колькасці беларускамоўных школ і беларускамоўных класаў;
12.12.10. – далучэнне
Беларусі да Балонскага працэсу;
12.12.11. – акадэмічную
свабоду, аўтаномію вышэйшых навучальных устаноў і студэнцкае самакіраванне;
12.12.12. – арыентацыю
беларускай адукацыі на сучасныя падыходы і методыкі навучання, выкарыстанне ў
навучальным працэсе інтэрнэту і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў,
забеспячэнне навучальных устаноў неабходным тэхнічным абсталяваннем;
12.12.13. – існаванне
розных форм уласнасці (дзяржаўных, прыватных) адукацыйных устаноў усіх
узроўняў;
12.12.14. – захаванне
магчымасці бясплатнай вышэйшай адукацыі;
12.12.15. – адмену
абавязковага размеркавання маладых спецыялістаў;
12.12.16. –
увядзенне сістэмы спецыяльных грантаў і стыпендыяў, якія могуць цалкам пакрыць
патрэбы ў пражыванні і харчаванні для таленавітых і паспяховых студэнтаў;
12.12.17. –
стварэнне на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту цалкам беларускамоўнай
навучальнай установы – Беларускага Нацыянальнага ўніверсітэту;
12.12.18. – вяртанне
надбавак да заработнай платы выкладчыкаў у выпадку чытання курса на беларускай
мове;
12.12.19. – паступовае
павышэнне заробкаў выкладчыкаў школ, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых
навучальных устаноў да ўзроўню сярэднееўрапейскіх заробкаў;
12.12.20. –стварэнне
міжканфесійнага Хрысціянскага універсітэту, здольнага стаць пляцоўкай
сусветнага дыялогу паміж праваслаўнымі, каталікамі і пратэстантамі і цэнтрам
кшталтавання маладой хрысціянскай эліты ў сэрцы Еўропы.