СТАТУТ ПАРТЫІ БЕЛАРУСКАЯ ХРЫСЦІЯНСКАЯ ДЭМАКРАТЫЯ
СТАТУТ ПАРТЫІ
БЕЛАРУСКАЯ ХРЫСЦІЯНСКАЯ ДЭМАКРАТЫЯ
Мінск 2009
1. Агульныя палажэнні
1.1. Партыя Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя (далей – Партыя БХД) – палітычная партыя, якая пераследуе палітычныя мэты, садзейнічае выяўленню палітычнай волі грамадзян і ўдзельнічае ў выбарах, з’яўляецца некамерцыйнай арганізацыяй.
1.2. Поўная назва аб’яднання: Партыя Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя. Скарочаная назва аб’яднання: Партыя БХД.
1.3. Партыя БХД створана і дзейнічае згодна з заканадаўствам Беларусі, Праграмай Партыі БХД і гэтым Статутам на прынцыпах свабоды аб’яднання, дэмакратызма, законнасці, галоснасці, самакіравання і раўнапраўя. Дзейнасць Партыі БХД распаўсюджваецца на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.
1.4. Партыя БХД з’яўляецца юрыдычнай асобай, мае самастойный баланс, рахункі ў банках, пячатку, штамп, бланкі, можа мець сімволіку, зарэгістраваную ва ўстаноўленым парадку.
1.5. Партыя БХД мае правы, вызначаныя заканадаўчымі актамі, у тым ліку:
– свабодна распаўсюджваць інфармацыю аб сваёй дзейнасці, прапагандаваць свае ідэі, мэты і рашэнні;
– карыстацца дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі ў парадку, усталяваным заканадаўствам;
– засноўваць уласныя сродкі масавай інфармацыі і ажыццяўляць выдавецкую дзейнасць у парадку, усталяваным заканадаўствам;
– ладзіць сходы, мітынгі, дэманстрацыі і іншыя масавыя мерапрыемствы ў парадку, усталяваным заканадаўствам;
– абараняць правы і законныя інтарэсы, а таксама прадстаўляць законныя інтарэсы сваіх сябраў у дзяржаўных органах і іншых арганізацыях;
– удзельнічаць у выбарах у парадку, усталяваным заканадаўствам;
– падтрымліваць сувязі з іншымі палітычнымі партыямі, саюзамі, іншымі грамадскімі аб’яднаннямі, іх саюзамі (асацыяцыямі);
– ствараць саюзы.
1.6. Юрыдычны адрас Партыі БХД: Брэсцкая вобл., г. Кобрын, вул. Леніна 167/1.
2. Прадмет, мэты, задачы і метады дзейнасці Партыі БХД
2.1. Прадметам дзейнасці Партыі БХД з’яўляецца палітычная дзейнасць, што садзейнічае выяўленню палітычнай волі грамадзян, і ўдзел у выбарах.
2.2. Мэты дзейнасці Партыі БХД:
– пабудова незалежнай, заможнай, духоўна развітай, дэмакратычнай і прававой дзяржавы Беларусь;
– пабудова дэмакратычнага грамадства на аснове хрысціянскіх каштоўнасцяў, патрыятызма, адказнасці, свабоды, сацыяльнай справядлiвасці, салiдарнасці.
2.3. Задачамi Партыі БХД з’яўляюцца:
– вылучэнне ўласных кандыдатаў на выбарах;
– падрыхтоўка да ўдзелу і ўдзел у выбарах;
– папулярызацыя Праграмы Партыі БХД і яе асноўных ідэалагічных палажэнняў.
2.4. Партыя БХД у сваёй дзейнасці выкарыстоўвае выключна дэмакратычныя і негвалтоўныя метады згодна з заканадаўствам і Статутам:
– арганізоўвае і праводзіць канцэрты, летнікі, канферэнцыі і іншыя тэматычныя мерапрыемствы;
– засноўвае ўласныя сродкі масавай інфармацыі і ажыццяўляе выдавецкую дзейнасць у парадку, усталяваным заканадаўствам;
– арганізоўвае і праводзіць мітынгі, дэманстрацыі, шэсці, сходы, пікеты;
– абараняе правы і законныя інтарэсы, а таксама прадстаўляе законныя інтарэсы сваіх сябраў у дзяржаўных органах і іншых арганізацыях;
– прапагандуе свае iдэi i прынцыпы праз сродкi масавай iнфармацыi i iншымi законнымi шляхамi;
– удзельнічае ў выбарах у парадку, усталяваным заканадаўствам;
– вылучае ўласных прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі;
– удзельнічае ў агітацыйных і перадвыбарчых кампаніях, у тым ліку праз агітацыю за кандыдатаў і супраць кандыдатаў;
– распрацоўвае праграмныя палажэнні партыі, прапановы па праектах законаў, канцэпцыі, арганізуе іх абмеркаванне;
– ажыццяўляе прадпрымальніцкую дзейнасць ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку, звязаную з вырабам і продажам грамадска-палітычных выданняў, іншых прапагандысцкіх і агітацыйных матэрыялаў, сувенірнай прадукцыі з выявай уласнай сімволікі.
3. Сяброўства ў Партыі БХД
3.1. Сябрам Партыі БХД можа быць толькі дзеяздольны грамадзянiн Рэспублiкi Беларусь незалежна ад прафесii i сацыяльнага становiшча, нацыянальнай прыналежнасцi, веравызнання, якi дасягнуў 18-гадовага ўзросту, падзяляе маральна-этычныя ідэалы хрысціянства, прызнае Праграму Партыі БХД, згодны выконваць Статут і падтрымліваць Партыю БХД асабістай дзейнасцю.
3.2. Сяброўства ў Партыі БХД несумяшчальна з прапагандай таталiтарызму, нацыянальнай i расавай выключнасцi, з рэлiгiйнай i iдэйнай нецярпiмасцю, заклiкам да гвалту.
3.3. Прыём у сябры Партыі БХД ажыццяўляецца на падставе пісьмовай заявы кандыдата рашэннем кіруючага органа арганізацыйнай структуры Партыі БХД па месцы жыхарства альбо Управы.
3.4. Новы сябра Партыі БХД рэгiструецца i атрымлiвае партыйнае пасведчанне ўстаноўленага ўзору ў органе, які здзейсніў прыём сябры.
3.5. Сябры Партыі БХД будуюць свае ўзаемаадносiны на прынцыпах таварыскасцi i даверу, i маюць права:
– абіраць і быць вылучанымі ў выбарныя органы Партыі БХД;
– браць удзел у Агульным сходзе арганізацыйнай структуры, З’ездзе Партыі БХД (у якасці дэлегата альбо госця), іншых мерапрыемствах Партыі БХД;
– самастойна вырашаць, у якіх мерапрыемствах і ў якой ступені прымаць удзел;
– браць удзел у вызначэннi палiтыкi Партыі БХД, прапаноўваць змены ў яе Праграме i Статуце, выказваць i абараняць сваю думку;
– звяртацца з заявамi i прапановамi ў любы орган Партыі БХД i атрымлiваць абгрунтаваны адказ;
– карыстацца абаронай правоў і законных інтарэсаў, а таксама прадстаўніцтвам законных інтарэсаў сваіх сябраў у дзяржаўных органах і іншых арганізацыях;
– удзельнiчаць у пасяджэннi любога органа Партыі БХД, на якiм абмяркоўваюцца iх прапановы альбо дзейнасць;
– карыстацца падтрымкай Партыі БХД на выбарах;
– выплочваць сяброўскія складкі ў органы Партыі БХД, дзе сябра пастаўлены на першасны ўлік;
– выйсці з партыі па ўласным жаданні шляхам падачы пісьмовай заявы.
3.6. Сябры Партыі БХД абавязаны:
– быць пастаўленымі на ўлік у органах, што вядуць улік сябраў Партыі БХД;
– прытрымлiвацца палажэнняў Праграмы, выконваць Статут Партыі БХД;
– несцi адказнасць за выкананне ўзятых на сябе абавязкаў;
– не перашкаджаць выкананню прынятых рашэнняў, якiя яны не падтрымлiваюць;
– весцi працу па прапагандзе Праграмы Партыі БХД, яе мэтаў;
– садзейнiчаць на выбарах перамозе кандыдатаў, якiх вылучае i падтрымлiвае Партыя БХД.
3.7. Страта сяброўства ў Партыі БХД наступае:
– шляхам выхаду з партыі на падставе асабістай пісьмовай заявы, што падаецца ў орган, у якім сябра Партыі БХД пастаўлены на ўлік;
– шляхам выключэння па рашэнні Нацыянальнай Рады альбо вышэйшага органа арганізацыйнай структуры, дзе сябра Партыі БХД пастаўлены на ўлік, у сувязі з грубым парушэннем Статута ці за ўчынкі, якія дыскрэдытуюць аўтарытэт Партыі БХД.
3.8. Першасны ўлік сябраў Партыі БХД вядзецца Старшынямі арганізацыйных структур Партыі БХД па месцы жыхарства, а пры адсутнасці арганізацыйных структур па месцы жыхарства – Управай Партыі БХД. Старшыні арганізацыйных структур Партыі БХД вядуць спісы сябраў арганізацыйных структур Партыі БХД, якія абнаўляюцца пры прыёме і выбыцці сябраў партыі. Управа Партыі БХД вядзе агульны спіс сябраў Партыі БХД зыходзячы са звестак, прадстаўленых кіруючымі органамі арганізацыйных структур Партыі БХД.
4.Арганізацыйныя структуры Партыі БХД
4.1. Партыя БХД мае права, а ў прадугледжаных заканадаўствам выпадках абавязаная ствараць арганізацыйныя структуры па тэрытарыяльнай прыкмеце (суполкі, гарадскія, раённыя, раённыя ў гарадах, абласныя аддзяленні). Арганізацыйныя структуры ствараюцца па рашэнні Нацыянальнай Рады і дзейнічаюць у адпаведнасці са Статутам Партыі БХД, маюць мэты і задачы Партыі БХД.
4.2. Суполкі Партыі БХД могуць стварацца пры наяўнасці не менш як трох сябраў Партыі БХД, што пражываюць на адпаведнай тэрыторыі. Гарадскія, раённыя, раённыя ў гарадах, абласныя аддзяленні могуць стварацца пры наяўнасці не менш як дзесяці сябраў Партыі БХД, што пражываюць на адпаведнай тэрыторыі. Арганізацыйныя структуры Партыі БХД падлягаюць пастаноўцы на ўлік альбо дзяржаўнай рэгістрацыі. Нацыянальная Рада можа прыняць рашэнне аб наданні арганізацыйнай структуры статуса юрыдычнай асобы, што патрабуе здзяйснення дзяржаўнай рэгістрацыі адпаведнай арганізацыйнай структуры.
4.3. Вышэйшым органам арганізацыйнай структуры з’яўляецца Агульны сход суполкі (аддзялення), які склікаецца кіруючым органам арганізацыйнай структуры альбо Нацыянальнай Радай не радзей чым раз на чатыры гады.
Агульны сход суполкі (аддзялення):
– абірае тэрмінам на чатыры гады Раду суполкі (аддзялення), Старшыню суполкі (аддзялення), Рэвізора суполкі (аддзялення);
– прымае справаздачу старшыні Рады суполкі (аддзялення), дае ацэнку ягонай дзейнасці;
– вызначае асноўныя напрамкі дзейнасці суполкі (аддзялення) згодна са Статутам і Праграмай Партыі БХД, рашэннямі вышэйстаячых органаў Партыі БХД;
– прымае рашэнні, абавязковыя для органаў суполкі (структуры) і яе сябраў.
Агульны сход суполкі (аддзялення) лічыцца правамоцным, калі на ім прысутнічае не менш за палову ад сябраў Партыі БХД, што пражываюць на адпаведнай тэрыторыі. Рашэнні на агульным сходзе прымаюцца шляхам галасавання простай большасцю галасоў ад колькасці прысутных.
4.4. Кіруючым органам арганізацыйнай структуры з’яўляецца Рада, якая складаецца не менш чым з трох чалавек. Рада суполкі (аддзялення) ў перыяд паміж Агульнымі сходамі суполкі (аддзялення) ажыццяўляе кіраўніцтва яе дзейнасцю. Пасяджэнні Рады склікаюцца не радзей чым раз на год Старшынёй суполкі (аддзялення), які ўваходзіць у яе склад паводле пасады. Пасяджэнні Рады суполкі (аддзялення) лічацца правамоцнымі, калі на іх прысутнічае не менш за палову сябраў Рады. Рашэнні Рады суполкі (аддзялення) прымаюцца шляхам галасавання простай большасцю галасоў ад колькасці прысутных.
4.5. Старшыня суполкі (аддзялення) склікае і рыхтуе пасяджэнні Рады суполкі (аддзялення), забяспечвае першасны ўлік сябраў арганізацыйнай структуры, забяспечвае выкананне рашэнняў Агульнага сходу і Рады суполкі (аддзялення), рашэнняў вышэйстаячых органаў Партыі БХД, выконвае арганізацыйна-распарадчыя функцыі для забеспячэння працы арганізацыйнай структуры, распараджаецца сродкамі, атрыманымі ў якасці сяброўскіх складак. Рашэнні Старшыні суполкі (аддзялення) афармляюцца загадамі і распараджэннямі.
4.6. Кантрольна-рэвізійным органам арганізацыйнай структуры з’яўляецца Рэвізор суполкі (аддзялення). Рэвізор суполкі (аддзялення) не можа ўваходзіць у кіруючы орган Партыі БХД альбо ў кіруючы орган арганізацыйнай структуры. Рэвізор суполкі (аддзялення) арганізуе праверку статутнай дзейнасці арганізацыйнай структуры, сочыць за ажыццяўленнем справаводства і сваечасовасцю адказаў на скаргі, звароты, заявы. Рэвізор суполкі (аддзялення) ажыццяўляе праверкі па меры неабходнасці, але не радзей чым раз на год, і афармляе вынікі праверак актамі і даведкамі.
4.7. Рашэнні Рады і Старшыні суполкі (аддзялення) могуць быць абскарджаныя Рэвізору адпаведнай арганізацыйнай структуры. Рашэнні Рэвізора суполкі (аддзялення) могуць быць абскарджаныя ў Кантрольна-рэвізійную камісію Партыі БХД.
4.8. Арганізацыйныя структуры Партыі БХД ліквідуюцца ў парадку, вызначнаным заканадаўствам. Нацыянальная Рада можа прыняць рашэнне аб ліквідацыі арганізацыйных структур. Ліквідацыя Партыі БХД цягне за сабой ліквідацыю яе арганізацыйных структур.
5. Цэнтральныя органы і кіраванне ў Партыі БХД
5.1. Вышэйшы орган Партыі БХД — З’езд, які склікаецца Нацыянальнай Радай не радзей чым раз на тры гады. Рашэнне пра скліканне З’езду прымаецца не пазней чым за два месяцы да даты З’езду. Дэлегаты З’езду абіраюцца вышэйшымі органамі арганізацыйных структур Партыі БХД. На тых тэрыторыях, дзе не маецца арганізацыйных структур Партыі БХД, дэлегаты З’езду абіраюцца сходамі сябраў Партыі БХД, што пражываюць на адпаведнай тэрыторыі. Выбары дэлегатаў З’езда ажыццяўляюцца згодна з нормай прадстаўніцтва, вызначанай Нацыянальнай Радай, пры гэтым кожны сябра Партыі БХД валодае адным голасам і мае права ўдзельнічаць толькі ў адным сходзе альбо пасяджэнні вышэйшага органа арганізацыйнай структуры Партыі БХД па выбарах дэлегатаў З’езду.
5.2. Кампетэнцыя З’езда:
– зацвяржае назву, Статут, Праграму Партыі БХД , змены і дапаўненні да іх, акрамя выпадкаў, калі змены ў Статут могуць быць унесеныя кіруючым органам,
– зацвярджае сімволіку Партыі БХД;
– абірае тэрмінам на тры гады Сустаршыняў (Старшыню), Нацыянальную Раду, Рэвізійную камісію і яе старшыню, заслухоўвае іх справаздачы і зацвярджае іх;
– прымае рашэнне пра рэарганізацыю і ліквідацыю Партыі БХД;
– прымае іншыя рашэнні, абавязковыя для ўсіх сябраў і органаў Партыі БХД.
5.3. Паміж З’ездамі дзейнасцю Партыі БХД кіруе Нацыянальная Рада, якая з’яўляецца кіруючым органам Партыі БХД і складаецца не менш чым з пятнаццаці сябраў. Пасяджэнні Нацыянальнай Рады склікаюцца Управай не радзей чым раз на год.
Кампетэнцыя Нацыянальнай Рады:
– склікае З’езд;
– вызначае агульную колькасць дэлегатаў і квоту прадстаўніцтва сябраў Партыі БХД на З’езд;
– мае права ўносіць у Статут Партыі БХД змены і (альбо) дапаўненні, звязаныя са зменай юрыдычнага адрасу Партыі БХД, альбо абумоўленыя зменамі ў заканадаўстве;
– прымае рашэнне аб стварэнні арганізацыйных структур Партыі БХД;
– прымае рашэнне аб наданні арганізацыйным структурам Партыі БХД правоў юрыдычнай асобы з наступнай дзяржаўнай рэгістрацыяй;
– вызначае памер, перыядычнасць і парадак выплаты сяброўскіх складак;
– прымае рэгламент дзейнасці Нацыянальнай Рады і Управы, іншыя інструкцыі і палажэнні, неабходныя для арганізацыі дзейнасці Партыі БХД;
– абірае на тэрмін паўнамоцтваў Нацыянальнай Рады Управу (у складзе не менш за пяць чалавек) і Выканаўчага сакратара, заслухоўвае іх справаздачы;
– выступае з заявамі ад імя Партыі БХД;
– здзяйсняе іншыя функцыі аператыўнага кіравання Партыяй БХД, не аднесеныя да кампетэнцыі іншых органаў.
5.4. Управа – выканаўчы орган Партыі БХД у перыяд паміж пасяджэннямі Нацыянальнай Рады. Пасяджэнні Управы склікаюцца Выканаўчым сакратаром не радзей чым раз на 6 месяцаў.
Кампетэнцыя Управы:
– рыхтуе пасяджэнні Нацыянальнай Рады;
– забяспечвае выкананне рашэнняў Нацыянальнай Рады;
– распараджаецца маёмасцю Партыі БХД, зацвярджае штатны расклад, прымае на працу і звальняе супрацоўнікаў;
– ладзіць сувязь з грамадскімі аб’яднаннямі, палітычнымі партыямі і дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь;
– ажыццяўляе прыём у сябры Партыі БХД у выпадках, прадугледжаных Статутам;
– вядзе ўлік сябраў Партыі БХД паводле дадзеных арганізацыйных структур;
– стварае ў межах Управы аддзелы і камісіі;
– арганізоўвае мерапрыемствы, курсы, гурткі, клубы;
– ажыццяўляе іншую дзейнасць, якая вынікае з гэтага Статута і не супярэчыць заканадаўству.
Дзейнасцю Управы кіруе Выканаўчы сакратар, які ўваходзіць у склад Управы паводле пасады.
5.5 Выканаўчы сакратар:
– ажыццяўляе агульнае кіраўніцтва Управай, склікае і рыхтуе пасяджэнні Управы;
– прадстаўляе Партыю БХД у адносінах з рэгіструючымі і кантралюючымі дзяржаўнымі органамі;
– з’яўляецца кіраўніком юрыдычнай асобы;
– заключае дамовы, выдае даверанасці;
– адкрывае ў банках разліковыя і іншыя рахункі.
5.6 Сустаршыні (Старшыня) – уваходзяць у склад Нацыянальнай Рады і Управы, прадстаўляюць Партыю БХД у адносінах з міжнароднымі арганізацыямі, партыямі і грамадскімі аб’яднаннямі, кіруюць па чарзе пасяджэннямі Нацыянальнай Рады і Управы Партыі БХД (паслядоўнасць кіраўніцтва Сустаршыні вырашаюць паміж сабой самастойна). У выпадку абрання адзінага Старшыні ягоныя паўнамоцтвы не могуць доўжыцца больш чым 2 (два) тэрміны запар.
5.7. Рэвізійная камісія абіраецца З’ездам у складзе не менш трох сябраў і падсправаздачная толькі яму. Яна ажыццяўляе праверку фінансава-гаспадарчай дзейнасці партыі і ўнутраны кантроль за адпаведнасцю дзейнасці партыі заканадаўству і Статуту. Сябры Рэвізійнай камісіі могуць удзельнічаць у працы Нацыянальнай Рады і Управы з правам дарадчага голаса і не могуць уваходзіць у склад Нацыянальнай Рады, Управы. Пасяджэнні Рэвізійнай камісіі склікаюцца яе старшынёй не радзей чым раз на 6 месяцаў.
5.8. У склад органаў Партыі БХД і яе арганізацыйных структур могуць уваходзіць толькі сябры Партыі БХД.
5.9. Пасяджэнні калегіяльных органаў Партыі БХД лічацца правамоцнымі, калі на іх прысутнічае не менш за палову сябраў Партыі БХД, што ўваходзяць у склад адпаведнага органа (дэлегатаў у выпадку З’езда).
5.10. Рашэнні калегіяльных органаў Партыі БХД і яе арганізацыйных структур прымаюцца простай большасцю галасоў ад ліку прысутных, калі Статутам не вызначна іншае. Рашэнні калегіяльных органаў Партыі БХД і яе арганізацыйных структур афармляюцца пратаколамі.
5.11. Рашэнні Управы, Выканаўчага сакратара, Нацыянальнай Рады могуць быць абскарджаныя ў Рэвізійную камісію. Рашэнні Рэвізійнай камісіі могуць быць абскарджаныя на З’ездзе.
6. Фінансавыя сродкі і маёмасць Партыі БХД
6.1. Партыя БХД можа мець ва ўласнасці любую маёмасць, неабходную для матэрыяльнага забеспячэння дзейнасці, за выключэннем аб’ектаў, якія паводле закона могуць знаходзіцца толькі ва ўласнасці дзяржавы.
6.2. Уласнікам маёмасці Партыі БХД, у тым ліку маёмасці, якая знаходзіцца ў арганізацыйных структур, з’яўляецца Партыя БХД. Арганізацыйныя структуры Партыі БХД маюць права распараджацца сяброўскімі складкамі, сабранымі з сябраў, што пастаўленыя на ўлік у дадзенай арганізацыйнай структуры.
6.3. Грашовыя сродкi і іншая маёмасць Партыі БХД фармуюцца з крыніцаў, якiя не забароненыя заканадаўствам, у тым ліку з сяброўскіх складак, паступленняў ад праведзеных у статутных мэтах мерапрыемстваў, даходаў ад выкарыстання маёмасці, выдавецкай дзейнасці, распаўсюджання друкаваных выданняў і публікацыяў, ахвяраванняў і іншага.
6.4. Арганізацыйныя структуры Партыі БХД валодаюць правам аператыўнага кіравання маёмасцю Партыі БХД, што замацаваная за імі ўласнікам, маюць самастойны баланс.
7.Спыненне дзейнасцi Партыі БХД
7.1. Спыненне дзейнасці Партыі БХД ажыццяўляецца шляхам рэарганізацыі альбо ліквідацыі.
7.2. Рэарганізацыя Партыі БХД ажыццяўляецца згодна з рашэннем З’езда, маёмасць і грашовыя сродкі пераходзяць пры гэтым да правапераемніка.
7.3. Ліквідацыя Партыі БХД ажыццяўляецца згодна з рашэннем З’езда Партыі БХД, за якое прагаласавала не менш чым 3/4 дэлегатаў, альбо на падставе рашэння суда, якое ўступіла ў законную сілу.
7.4. Ліквідацыя Партыі БХД праводзіцца ліквідацыйнай камісіяй, створанай па рашэнні органа, які прыняў рашэнне аб ліквідацыі.
7.5. Маёмасць Партыі БХД пасля пагашэння абавязковых плацяжоў і крэдыторскай запазычанасці накіроўваецца на мэты, дэклараваныя Статутам, калі яна не падлягае абарачэнню на карысць дзяржавы згодна з заканадаўчымі актамі.