Андрэя Гайдукова аштрафавалі за пікет на 8,1 млн рублёў
У Наваполацку 30 лістапада адбыўся суд над актывістам аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Андрэем Гайдуковым за пікет памяці зніклых палітыкаў 16 лістапада. Справу разглядала суддзя Алёна Верташонак. Сведкамі былі прадстаўнік наваполацкага гарвыканкаму Уладзімір Беляеў і міліцыянт Аляксандр Барэткін.
Суд пастанавіў прызнаць Андрэя Гайдукова вінаватым на падставе ч.3 арт.23.34 КаАП і падвергнуць яго штрафу ў памеры 45 базавых велічынь (8,1 млн рублёў).
Мясцовыя дэмакратычныя актывісты прыйшлі падтрымаць Андрэя. Актывіст аргкамітэту БХД Яўген Шымчонак прыйшоў з плакатам: “Андрэй Гайдукоў нічога не парушаў. За што яго судзіць?”
Сам Гайдукоў збіраецца абскардзіць рашэнне, сваю віну не прызнае. “Усё было у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, я нічога не парушыў. Суд быў прадузятым, прызнанне вінаватым ды такі вялікі штраф нічым не матываваныя», – адзначыў Андрэй.