Бабруйск: правацэнтрысты разам правялі акцыю супраць расейскай авіябазы (фота)
У Бабруйску 30 снежня адбылася супольная акцыя беларускіх правацэнтрысцкіх сілаў супраць размяшчэння ў горадзе расейскай вайсковай базы. Падчас акцыі на вуліцах і кірмашы гораду яе ўдзельнікі раздавалі мінакам навагоднія паштоўкі з пажаданнямі мірнага неба ў 2016 годзе, інфармацыяй пра небяспеку ад размяшчэння базы і лагатыпамі партый.
Удзел у акцыі ўзялі прадстаўнікі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, Руха За Свабоду, Партыі БНФ і Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі.
Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі:
«Гэта першая з серыі супольных акцый. Ёсць планы і наконт іншых гарадоў. Запланавана аб’ехаць усе рэгіёны Беларусі і наладзіць каардынацыю паміж нашымі структурамі на месцах. Мы ж пачалі менавіта з Бабруйску, бо зараз адна з важнейшых задач – не даць уцягнуць Беларусь у вайну. Рэжым у Беларусі кажа, што галоўнае яго дасягненне – мір, але, насамрэч, дамовамі аб размяшчэнні ў краіне расейскіх вайсковых базаў, аб уцягненні Беларусі ў вайсковыя саюзы груба парушаецца Канстытуцыя Беларусі і краіна ўцягваецца ў вайсковыя канфлікты».