Улады не зарэгістравалі ХДР з-за жадання абараняць правы і інтарэсы грамадзян

25 студзеня 2016 11:19  |  Галоўныя навіны

Улады не зарэгістравалі ХДР з-за жадання абараняць правы і інтарэсы грамадзян

Кіраўніцтва аргкамітэту па стварэнні Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Хрысціянска-дэмакратычны рух» (РГА ХДР) атрымала адмову з Міністэрства юстыцыі ў рэгістрацыі арганізацыі. Паводле начальніка ўпраўлення па пытаннях некамерцыйных арганізацый Алены Кірычэнкі, статут аб’яднання не адпавядае патрабаванням заканадаўства, што з’яўляецца падставай для адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі.

У прыватнасці, па словах прадстаўніцы Мінюста, статутам ХДР вызначана, што арганізацыя «аб’ядноўвае на добраахвотных пачатках грамадзян Рэспублікі Беларусь для сумеснай рэалізацыі грамадзянскіх, сацыяльных, культурных і іншых правоў», а Закон аб грамадскіх аб’яднаннях сцвярджае, што «грамадзяне аб’ядноўваюцца ў грамадскае аб’яднанне на падставе агульнасці інтарэсаў для задавальнення нематэрыяльных патрэб і дасягнення статутных мэтаў». У чым у Мінюсце ўбачылі парушэнне заканадаўства незразумела.

«Таксама пунктам 2.1 статута вызначана, што адной з мэтаў дзейнасці РГА «ХДР» з’яўляецца абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян. Дадзенае палажэнне не адпавядае артыкулу 20 Закона, згодна якому грамадскія аб’яднанні маюць права абараняць правы і законныя інтарэсы, а таксама прадстаўляць законныя інтарэсы сваіх членаў у дзяржаўных органах і іншых арганізацыях», – піша Алена Кірычэнка.

Разам з тым, адзначае старшыня аргкамітэту РГА ХДР Вольга Кавалькова, дадзеная мэта запісаная ў статутах шэрагу зарэгістраваных грамадскіх арганізацый Беларусі, напрыклад «Беларускага саюзу жанчын», які ўзначальвае міністр працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Марыяна Шчоткіна.

«Мы, безумоўна, будзем аспрэчваць рашэнне Мінюста. У бліжэйшы час будзе пададзеная скарга ў Вярхоўны суд. Відавочна, што міністэрства юстыцыі проста не магло знайсці прычыну для адмовы, бо дакументы былі падрыхтаваныя вельмі добра, таму прыдумалі такую бздуру. Нідзе няма ў заканадаўстве забароны абараняць правы і інтарэсы грамадзян», – падкрэсліла яна.

У сваю чаргу намеснік старшыні аргкамітэту Максім Гацак заявіў, што ХДР, нягледзячы на нерэгістрацыю, працягне сваю дзейнасць і будзе праводзіць раней пачатыя кампаніі, у тым ліку па спыненні алкагалізацыі беларусаў і пашырэнні ўжыванні беларускай мовы ў дзіцячых садках і школах.

Улады не зарэгістравалі ХДР з-за жадання абараняць правы і інтарэсы грамадзян
Улады не зарэгістравалі ХДР з-за жадання абараняць правы і інтарэсы грамадзян

Болей навін