Міністэрства юстыцыі “прыпыняе дзяржаўную рэгістрацыю партыі БХД”
Кіраўніцтва Аргкамітэту па стварэнні Партыі БХД атрымала адказ з Міністэрства Юстыцыі за подпісам намесніка міністра Сяргея Задзірана на сваю заяву аб рэгістрацыі БХД, пададзеную 24 снежня 2015 года.
У адказе паведамляецца: у сувязі з тым, што Мінюсту патрэбныя дадатковыя дакументы для прыняцця рашэння, Міністэрства “прыпыняе дзяржаўную рэгістрацыю БХД”. Пры гэтым Мінюст хлусіць, бо БХД даслала адказ на просьбу прадставіць дадатковыя дакументы.
Відавочна, што рэжыму, які чакае адмены візавых абмежаванняў для дзяржаўных чыноўнікаў, скрайне патрэбна пацягнуць час, “падвесіць” сітуацыю з рэгістрацыяй БХД. Рашэнне адкладзенае да лютага – да таго часу, калі Еўрапейскі Звяз плануе вырашаць пытанне аб санкцыях у дачыненні да прадстаўнікоў улады у Беларусі.
Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя заяўляе: зацягванне часу і “прыпыненне рэгістрацыі” – незаконныя. Мінюст абавязаны выносіць сваё рашэнне, згодна закону, на працягу месяца пасля падачы дакументаў аб рэгістрацыі палітычнай партыі – а значыць, зараз. Ніякіх законных прычынаў, каб адкладваць або “прыпыняць” рэгістрацыю БХД няма.
Нагадаем: беларускія хрысціянскія дэмакраты падавалі дакументы на рэгістрацыю партыі БХД ужо 6-ты раз, агульная колькасць спробаў зарэгістраваць грамадскія, абласныя, маладзёвыя хрысціянска-дэмакратычныя аб’яднанні перавышае 20. Беларусь застаецца адзінай краінай Еўропы, дзе хрысціянскія дэмакраты не маюць рэгістрацыі.