Віталь Рымашэўскі: на свае словы супраць Касцёла Гуляка атрымаў санкцыю з Адміністрацыі прэзідэнта

03 лютага 2016 10:17  |  Галоўныя навіны

Віталь Рымашэўскі: на свае словы супраць Касцёла Гуляка атрымаў санкцыю з Адміністрацыі прэзідэнта

У Беларусі чыноўнікі ўзроўню Гулякі не маюць абсалютна ніякай самастойнасці. І ўсе заявы, датычныя ўціску вернікаў, парушэння правоў чалавека ў Беларусі робяцца з санкцыі Адміністрацыі прэзідэнта і вышэйшых палітычных колаў Беларусі. Такім чынам пракаментаваў сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Віталь Рымашэўскі заявы ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі пра тое, што каталіцкія ўлады дрэнна займаюцца падрыхтоўкай новых святароў, а некаторыя святары-грамадзяне Беларусі займаюцца дэструктыўнай дзейнасцю.

«Таму заява супраць Каталіцкага Касцёлу не з’яўляецца выпадковай. Гэта прамая пагроза польскім уладам перад абмеркаваннем далейшага лёсу санкцый у дачыненні да прадстаўнікоў беларускага рэжыму, якое адбудзецца 15 лютага. Заяву можна трактаваць як пагрозу і прамы шантаж: калі вы (Польшча і ЕС – рэд.) не здыміце санкцыі – у Беларусі будзе яшчэ горш. Такім чынам, беларускі рэжым зноў у перамовах з Захадам як закладнікаў выкарыстоўвае грамадзян Рэспублікі Беларусі, як гэта было раней з палітвязнямі і іншымі катэгорыямі насельніцтва», – адзначыў палітык.

«Мяккая, лаяльная палітыка Захаду дае падставы для падобных заяваў у далейшым. Абсалютна відавочна, што гэтая палітыка шантажу будзе працягвацца ў горшых традыцыях апошніх 15-і год. Шэраг падобных заяваў можна будзе пачуць і перад прыняццем рашэння аб выдачы валютных крэдытаў. Замест лібералізацыі і прыслухоўвання да заходніх прапаноў беларускі рэжым вырашыў пайсці старым правераным шляхам. І зняццё санкцый на гэтым фоне будзе выглядаць капітуляцыяй дэмакратычнай Еўропы перад аўтарытарным рэжымам, бо за час прыпынення санкцый адмоўлена ў рэгістрацыі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, ужытыя дыскрымінацыйныя меры ў дачыненні да індывідуальных прадпрымальнікаў, СМІ. Нязроблена ніводнага кроку, які б сведчыў пра павагу да правоў чалавека і жадання правесці свабодныя і справядлівыя выбары», – падкрэсліў сустаршыня БХД.

Болей навін