Мінюст незаконна адмовіў у рэгістрацыі Партыі БХД
Міністэрства юстыцыі Беларусі размясціла на сваім сайце інфармацыю аб адмове ў рэгістрацыі партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя.
Трэба зазначыць, што ўжо ў самім факце адказу Міністэрства 2 сакавіка змяшчаецца грубейшае парушэнне беларускага заканадаўства – паводле дзейсных законаў, Мінюст абавязаны ў месячны тэрмін разгледзець заяву аб рэгістрацыі палітычнай партыі, а дакументы БХД былі пададзеныя яшчэ ў мінулым годзе – 24 снежня 2015 года.
Прайшло 2 месяцы і 11 дзён! Пры гэтым адказ быў дадзены толькі пасля таго, як БХД падала скаргу на Мінюст у Камітэт дзяржкантролю і размясціла пра гэта інфармацыю ў СМІ.
Фармулёўкі “прычынаў” нерэгістрацыі шаблонныя, ніякіх фактаў не прыведзена.
Такую “законнасць” хрысціянскія дэмакраты бачаць ужо 22-і раз. Менавіта столькі адмоваў у рэгістрацыі партыі, грамадскіх аб’яднанняў, маладзёвых і рэгіянальных аб’яднанняў БХД атрымала за апошнія 8 гадоў.
Безумоўна, дзеля фіксацыі гэтага беззаконня Аргкамітэт БХД падасць чарговую скаргу ў Вярхоўны суд.
Відавочна, атрымаўшы зняццё візавых абмежаванняў, афіцыйны рэжым вырашыў не абцяжарваць сябе выкананнем сваіх жа законаў, і выдаў чарговую палітычную адмову.
Нагадаем, Беларусь засталася адзінай краінай у Еўропе, дзе хрысціянскія дэмакраты не маюць дзяржаўнай рэгістрацыі.
Нягледзячы на гэта, беларускія хрысціянскія дэмакраты будуць актыўна дзейнічаць, каб гэты рэжым змяніць. БХД будзе зарэгістраваная – пры гэтай уладзе альбо пасля яе падзення.