Паўла Севярынца аштрафавалі за прадпрымальніцкую акцыю на 10,5 мільёнаў
Суд Цэнтральнага раёна Менску (суддзя Рак Т.В.) аштрафаваў сустаршыню БХД Паўла Севярынца на 50 базавых велічыняў (10,5 млн рублёў) за ўдзел у прадпрымальніцкай акцыі на Кастрычніцкай плошчы 22 лютага.
– Ёсць толькі два словы, якія апісваюць гэты судовы канвеер, – кажа Павел Севярынец, – гэта беззаконне і абсурд. Пратаколы афармляюць завочна, суд прысылае смс-ку і лупіць шалёныя грошы за тое, што людзі мірна, у адпаведнасці з Канстытуцыяй выходзяць выявіць салідарнасць з абрабаванымі прадпрымальнікамі. Ну няхай штраф мне як выступоўцу – але за што штрафуюць тых, хто проста прыйшоў пастаяць? А тых, хто ўвогуле не быў на плошчы – іх за што?!
Нагадаем, 22 лютага сотні прадпрымальнікаў пратэставалі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, абараняючы свае правы. Павел Севярынец стаў адным са стваральнікаў Камітэта выратавання прадпрымальніцтва.