Вольга Кавалькова: павышэнне пенсійнага ўзросту не вырашае праблем пенсійнай сістэмы

12.04.2016, 16:31  |  Галоўныя навіны, Эканоміка

Вольга Кавалькова: павышэнне пенсійнага ўзросту не вырашае праблем пенсійнай сістэмы
Відавочна, што існуючая размеркавальная пенсійная сістэма зазнае крызіс, а ўрад прымае кароткачасовыя рашэнні па зняцці з дзяржавы сацыяльных абавязкаў перад грамадзянамі. Так, прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 137 «Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння». Ім прадугледжваецца паэтапнае штогадовае павышэнне на 6 месяцаў агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту — да 63 гадоў у мужчын і да 58 гадоў у жанчын. Новаўвядзенне пачне дзейнічаць з 1 студзеня 2017 года.

Але павышэнне пенсійнага ўзросту не вырашае праблем пенсійнай сістэмы. Асабліва абурае павышэнне пенсійнага ўзросту для мужчын да 63 гадоў, калі іх сярэдняя працягласць жыцця складае каля 66 гадоў (у многіх рэгіёнах людзі ўвогуле не дажывуць да пенсійнага ўзросту), а ў смяротнасці сярод працаздольнага насельніцтва 83% прыходзіцца на мужчын. Патрэбныя меры, якія павінны прывесці да стабільнай і паступовай трансфармацыі да размеркавальна-назапашвальнай мадэлі і стварэння гарантый для годнага жыцця на пенсіі сённяшніх работнікаў і моладзі.

Адным з першачарговых крокаў мусіць быць перадача ў назапашвальны пенсійны фонд часткі сродкаў ад прыватызацыі стратных і акцый прыбытковых дзяржпрадпрыемстваў. Гэта дазволіць ужо зараз адкрыць для ўсіх грамадзян, у тым ліку пенсіянераў, персанальныя назапашвальныя рахункі з доляй сродкаў ад прыватызацыі.

Дзяржаўныя прадпрыемствы стануць сапраўднай народнай уласнасцю, калі кожны грамадзянін будзе мець непасрэдны прыбытак для сваёй пенсіі ад валодання доляй акцый праз пенсійны фонд.

Ужо зараз павялічыць узровень даходаў старэйшага пакалення без дадатковай нагрузкі на пенсійны фонд можна за кошт адмены для працуючых пенсіянераў узносаў у ФСАН і паніжаючых каэфіцыентаў.

Ва ўмовах крызісу пенсійнай сістэмы варта таксама адмовіцца ад “прывіліяваных станаў” пры размеркаванні пенсійных сродкаў. Гэта значыць забяспечыць аднолькавы ўзровень пенсій для ўсіх катэгорый грамадзян незалежна ад іх былога статусу.

Патрэбна прыняць наступныя меры для рэфармавання сістэмы:

• Пераход ад размеркавальнай пенсійнай сістэмы да размеркавальна-назапашвальнай сістэмы, якая будзе складацца з трох узроўняў. Першы ўзровень пенсійнай сістэмы складуць сацыяльныя пенсіі, другі — працоўныя (страхавыя) пенсіі і трэці — дадатковыя недзяржаўныя пенсіі.

• Празрысты і просты механізм разліку пенсій, каб кожны працоўны мог разумець і разлічыць сваю пенсію самастойна.

• Перадача ў Назапашвальныя пэнсійныя фонды (НПФ) не менш за 25% акцый буйных дзяржпрадпрыемстваў або 25% сродкаў ад прыватызацыі дзяржмаёмасці.

• Аб’яднанне Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і яго органаў на месцах з органамі ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Гэта дазволіць накіраваць дадатковыя сродкі ў Пенсійных фонд за кошт скарачэння чыноўнікаў і ўпраўленчых выдаткаў.

• Развіццё прыватных пенсійных інвестыцыйных фондаў, што дасць магчымасць атрымліваць дадатковы прыбытак і павялічваць страхавыя пенсійныя выплаты.

• Перагляд механізмаў адлічэнняў у ФСЗН і НПФ. Кожны работнік павінен мець свой персанальны рахунак, на які адлічваюцца пенсійныя (страхавыя) выплаты (каля 6,5% ад заробку).

• Пераразмеркаванне абавязковай страхавой нагрузкі паміж працадаўцам і працаўніком, што павысіць канкурэнтаздольнасць бізнесу, адказнасць і зацікаўленасць работніка.

• Зніжэнне падатковай нагрузкі на прадпрыемства і аднясенне страхавых узносаў па дадатковых пенсіях на сабекошт пры адлічэнні як у дзяржаўныя, так і недзяржаўныя пенсійныя фонды.

• Увядзенне сістэмы надбавак да пенсіі асобам, якія маюць не менш за двух дзяцей.

• Заканадаўчае рэгуляванне сістэмы пажыццёвай рэнты. Пажылы чалавек павінен мець дзяржаўныя гарантыі ў выпадку перадачы сваёй нерухомасці ў абмен на ўтрыманне і дагляд да канца жыцця.

Пры гэтым, абавязковай умовай правядення пенсійнай рэформы з’яўляецца забеспячэнне стабільнасці нацыянальнай валюты і нізкага ўзроўню інфляцыі, стварэнне развітага фінансавага рынку і фармаванне інстытуцыйнай базы сістэмы назапашвання, а менавіта кампаній, дэпазітаў, кантрольных і наглядных органаў.

Сёння БХД праводзіць кампанію за рэфармаванне пенсійнай сістэмы ў Беларусі. Заклікаем далучацца да яе. Нашы кантакты: ilovabelarus@gmail.com, тэлеофн - +375333279910.

Вольга Кавалькова

Навіны па тэме