Лідары дэмакратычных сілаў патрабуюць скасаваць “спісы палітычных неўязных”

27 красавіка 2016 10:24  |  Галоўныя навіны

Лідары дэмакратычных сілаў патрабуюць скасаваць "спісы палітычных неўязных"

Лідары дэмакратычных сілаў выступілі з сумеснай заявай, у якой патрабуюць скасаваць “спісы палітычных неўязных”. Заяву падпісалі Павел Севярынец і Віталь Рымашэўскі (БХД), Анатоль Лябедзька (АГП), Аляксандр Мілінкевіч, Юрась Губарэвіч, Алесь Лагвінец, (Рух За Свабоду), Аляксей Янукевіч (ПБНФ), Уладзімір Някляеў (Рух за дзяржаўнасць і незалежнасць), Мікалай Статкевіч (БСДП НГ), Артур Фінькевіч (Маладая Беларусь), Вячаслаў Сіўчык (Рух салідарнасці “Разам”).

Супольныя з Расеяй “спісы палітычных неўязных” мусяць быць скасаваныя

Мы, лідары беларускіх дэмакратычных сіл, рашуча асуджаем забарону на ўезд у Беларусь народнага дэпутата Украіны, намесніка кіраўніка Камітэту замежных справаў Вярхоўнай Рады, чальца ўкраінскай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Ігара Гузя.

Факт таго, што Ігару Гузю быў забаронены ўезд пасля запыту адпаведных органаў Расійскай Федэрацыі, паказвае на несамастойнасць Беларусі ў знешняй палітыцы. Наша краіна на вачах страчвае сваю суб’ектнасць на міжнароднай арэне. Такая палітыка кіраўніцтва Беларусі негатыўна адбіваецца на іміджы краіны.

Як вядома, Расія, асабліва ў апошнія гады, вядзе надзвычай агрэсіўную знешнюю палітыку. Кола краінаў, з якімі нашая суседка на доўгія гады сапсавала адносіны, хутка павялічваецца. Беларусі трэба максімальна адмяжоўвацца ад супольнай з Крамлём знешняй палітыкі.

Мы перакананыя: пагадненні пра сумесныя расійска-беларускія спісы “непажаданых для уезду палітычных асобаў” з боку нашай краіны павінны быць разарваныя.

Болей навін