Вольгу Кавалькову выклікаюць у камісію за выкарыстанне нацыянальнай сімволікі
Лідара Хрысціянска-дэмакратычнага руху, прамоўцу Беларускай хрысціянскай дэмакратыі па Дамброўскай № 103 выбарчай акрузе ў Мінску Вольгу Кавалькову выклікаюць у акружную камісію, бо 11 ліпеня паступілі скаргі на выкарыстанне ёю на пікетах бел-чырвона-белага сцяга з сіняй зоркай.
Адзначым, што скаргі паступілі пасля таго, як 11 ліпеня на пікет да Вольгі Кавальковай прыйшоў праўладны кандыдат, які быў вельмі засмучаным актыўнасцю хрысціянскіх дэмакратаў і тым, што да іх, у адрозненне ад пікету “Белай Русі”, увесь час падыходзілі людзі.
“Гэтыя скаргі я расцэньваю як палітычны ціск. На маіх пікетах заўсёды выкарыстоўваюць бел-чырвона-белы сцяг з сіняй зоркай. І гэта маё права афармляць пікеты так, як я лічу патрэбным. Гэта нідзе не рэгламентаваная. Таму скарга супрацьзаконная. Гэта відавочная спроба расчысціць дарогу для ўжо прызначанага ўладамі дэпутата, бо актыўнасць на маіх у разы большая чым у яго. Зайздросцьце моўчкі!” – заявіла сайту bchd.info прамоўца.
«Вольга Кавалькова – адна з самых моцных прамоўцаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Сцягі выкарыстоўваюцца не толькі прадстаўнікамі БХД, але і іншымі. І як незарэгістраваны нідзе бел-чырвона-белы сцяг, так і незарэгістраваны бел-чырвона-белы сцяг з зоркай БХД. І тое, што ціснуць на Вольгу Кавалькову, мы расцэньваем як факт палітычнага пераследу і жаданне зняць аднаго з самых моцных прамоўцаў БХД. Мы будзем абскарджваць гэтыя скаргі”, – падкрэсліў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, заявіўшы, што “сам факт шматразовай нерэгістрацыі Партыі БХД і грамадскіх аб’яднанняў хрысціянскіх дэмакратаў ужо з’яўляецца дыскрымінацыяй кандыдатаў БХД”.