КДК “патлумачыў”, навошта дэлегатам Усебеларускага сходу планшэты

19 ліпеня 2016 11:00  |  Галоўныя навіны

КДК “патлумачыў”, навошта дэлегатам Усебеларускага сходу планшэты

Мінгарвыканкам, які абвяшчаў тэндар на закупку планшэтаў для ўдзельнікаў Усебеларускага сходу, пакінуў без разгляду калектыўны зварот грамадзян адносна закупкі, бо ён “не адносіцца да кампетэнцыі Мінгарвыканкаму”. Пра гэта гаворыцца ў адказе, які атрымала лідар Хрысціянска-дэмакратычнага руху, каардынатар БХД па Мінску Вольга Кавалькова.

Між тым у адказе з Камітэту дзяржкантролю паведамляецца, што выдаткі на арганізацыю і правядзенне сходу, у тым ліку на пражыццё дэлегатаў і набыццё для іх сувенірнай прадукцыі рабілася “ў адпаведнасці з зацверджаным каштарысам”, а “фактаў выкарыстання бюджэтных сродкаў з парушэннем бюджэтнага заканадаўства не праглядаецца”.

“Набыццё планшэтаў і іх уручэнне дэлегатам Усебеларускага народнага сходу з’яўлялася адным са спосабаў больш мабільнага і эфектыўнага іх удзелу ў сходзе і выкарыстоўвалася ў якасці інфармацыйнага рэсурсу”, – гаворыцца ў адказе.

“Цікава, як бы яны патлумачылі падарункі мікрахвалёвых печаў удзельнікам сходу 2010 года? Каб яны не памерлі з голаду?” – задаецца пытаннем Вольга Кавалькова.

“У сённяшніх умовах такія траты з бюджэту недапушчальныя. Яны пішуць, што планшэты былі падараваны для больш мабільнага і эфектыўнага ўдзелу дэлегатаў у Сходзе, але мноства беларусаў лічыць, што гэты сход увогуле быў непатрэбны, а тым больш за нашы і такія вялікія грошы. Таму што няма дзяржаўных грошаў, ёсць грошы падаткаплацельшчыкаў. Улада паводзіць сябе нахабна і людзі з кожным годам усё больш абураюцца гэтай нахабнасці”, – адзначыла яна.

Лідар ХДР падкрэсліла, што згодна п. 1.8 артыкула 22 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь» дзяржаўны служачы не мае права прымаць маёмасць (падарункі) або атрымліваць іншую выгаду ў выглядзе паслугі ў сувязі з выкананнем службовых абавязкаў, за выключэннем сувеніраў, якія ўручаюцца пры правядзенні пратакольных і іншых афіцыйных мерапрыемстваў. Атрыманыя імі пры правядзенні афіцыйных мерапрыемстваў сувеніры, кошт якіх перавышае пяць базавых велічынь, перадаюцца ў даход дзяржавы па рашэнню камісіі, што ствараецца кіраўніком дзяржаўнага органа, у якім дзяржаўны служачы займае дзяржаўную пасаду. Кожнаму дэлегату-дзяржаўнаму служачаму быў падораны сувенір у выглядзе планшэт а Samsung Galaxy Tab 7.0, арыенціровачны кошт якога на дату правядзення мерапрыемства 4,1 млн недэнамінаваных рублёў, што складае 19,5 базавых велічынь.

“Мы падрыхтавалі новы зварот у камітэт дзяржкантролю, у якім патрабуем устанавіць спіс дэлегатаў-дзяржслужачых, якія атрымалі планшэт ў падарунак, перадаць гэтыя спісы кіраўнікам дзяржорганаў, у якіх дэлегаты працуюць, даручыць правесці пасяджэнні камісій па гэтым пытанні і перадаць падарункі ў даход дзяржавы, а спагнаныя сродкі накіраваць на будаўніцтва сацыяльна значных аб’ектаў. Мы будзем і надалей змагацца з нямэтавым выкарыстаннем бюджэтных сродкаў, хоць зразумела, што дзяржорганы, якія павінны прыцягваць да адказнасць саміх сябе, ніколі гэта не зробяць. Але змагацца трэба заўжды, і тым самым паказваць уладам сваю нязгоду з іх палітыкай і паводзінамі да людзей”, – заявіла Вольга Кавалькова.

Болей навін