Віталь Рымашэўскі: БХД будзе заклікаць, каб дэлегацыю ўладаў не пускалі ў ПАРЕ
9 жніўня ў Менску адбудзецца сустрэча лідараў беларускай апазіцыі з місіяй Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы на чале з аўстрыйскім дэпутатам Гізэлай Вурст. У сустрэчы возьмуць сярод іншых удзел сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі і іншыя прадстаўнікі Правацэнтрысцкай кааліцыі.
“Маім асноўным мэсіджам на сустрэчы будзе тое, што ў Беларусі і блізка няма свабодных і справядлівых выбараў. Апроч таго, з’яўляюцца новыя палітвязні, падчас парламенцкай кампаніі адбываецца ціск на грамадскіх актывістаў, а самага вядомага беларускага музыку Лявона Вольскага пазбавілі права выступаць у Беларусі і фактычна з-за яго канцэрта не зарэгістравалі кандыдатам Алеся Лагвінца. Тое, што адбываецца ў краіне, нельга назваць інакш, як прававое бязмежжа”, – адзначыў сустаршыня БХД.
Паводле яго, уся выбарчая кампанія – блага пастаўлены спектакль, у якім няма ніякіх шанцаў для незалежных кандыдатаў прайсці праз сістэму фальсіфікацый і быць абранымі ў парламент.
Апроч таго, Віталь Рымашэўскі плануе нагадаць прадстаўнікам ПАРЕ, што беларускім хрысціянскім дэмакратам шэсць разоў адмаўлялі ў рэгістрацыі ў якасці палітычнай партыі, каля 15-і разоў – як грамадскаму аб’яднанню. “Хрысціянскіх дэмакратаў пазбавілі права на ўдзел у выбарчых кампаніі”, – сказаў ён.
“Беларускія ўлады імкнуцца, каб іх дэлегацыя была на роўных прадстаўленая ў ПАРЕ. Беларуская хрысціянская дэмакратыя і я персанальна – мы будзем заклікаць, каб гэтага яны не атрымалі, бо ў Беларусі няма свабодных і справядлівых выбараў, а адпаведна і абраных дэпутатаў не існуе”, – падкрэсліў сустаршыня БХД.