CВАБОДУ БЕЛАРУСКІМ ПАЛІТВЯЗНЯМ! Рэзалюцыя форума 16 жніўня
У сярэдзіне 2016 года рэжым Лукашэнкі аб’явіў чарговыя “парламенцкія выбары”. Еўрапейская супольнасць, якая зняла санкцыі супраць рэжыму ў выніку вызвалення шасці палітычных вязняў у жніўні 2015 года, працягвае “шырокі дыялог” і спадзяецца на правядзенне свабодных і справядлівых выбараў у верасні 2016 года. Штотыдня шматлікія еўрапейскія палітыкі праводзяць сустрэчы ў Адміністрацыі Лукашэнкі, МЗС, Палаце прадстаўнікоў.
Між тым, рэжым ва ўмовах эканамічнага крызісу і “парламенцкай кампаніі” распачаў новую хвалю рэпрэсіяў супраць незалежнага грамадства і дэмакратычных актывістаў. У Беларусі зноў сядзяць у турмах палітычныя вязні. Актывістаў штрафуюць за ўдзел у мірных акцыях і канфіскуюць маёмасць у выніку нявыплаты штрафаў. Ніякіх “свабодных выбараў” няма і блізка – рыхтуюцца чарговыя фальсіфікацыі.
У траўні 2016 года ў турме ў Жодзіна па сфабрыкаваным абвінавачанні апынуўся вядомы блогер Эдуард Пальчыс. 14 чэрвеня быў арыштаваны і змешчаны ў СІЗА ў Менску удзельнік Плошчы 2010 года Уладзімір Кондрусь, які распачаў доўгатэрміновую галадоўку. Супраць праваабаронцы Міхаіла Жамчужнага, які знаходзіцца ў віцебскай турме, прымяняецца фізічная сіла. Працягваецца ціск на зняволенага праваабаронцу Андрэя Бандарэнку. Працягваецца крымінальны пераслед анархістаў і антыфашыстаў, затрыманых за графіці і роварныя пратэсты. Сотні людзей падвяргаюцца буйным штрафам за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Улады канфіскуюць лецішча за нявыплату штрафаў у актывісткі Ніны Багінскай. Рэжым аказвае ціск на ўжо вызваленых палітвязняў – Мікалая Статкевіча, Мікалая Аўтуховіча, Паўла Вінаградава, Анатоля Лябедзьку, Алесю Садоўскую, Зьмітра Дашкевіча і іншых.
Дэманстратыўныя рэпрэсіі, зняволенні, штрафы і гвалт паказваюць: рэжым не мяняецца.
Мы, удзельнікі форума “Свабоду палітвязням!”
– Патрабуем неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных вязняў Беларусі
– Патрабуем рэабілітацыі і аднаўлення ў правах усіх вызваленых палітвязняў
– Патрабуем спынення палітычнага пераследу, гвалту і штрафаў за мірныя акцыі пратэсту
– Заклікаем еўрапейскую супольнасць падтрымаць дэмакратыю, законнасць і незалежнасць у Беларусі
– Вызнаем “выбары”, якія праводзяць у такіх умовах, загадзя нелегітымнымі
– Заклікаем беларускае грамадства да салідарнасці з палітвязнямі і ахвярамі рэпрэсіяў
Менск, 16 жніўня 2016 года