Віталь Рымашэўскі: за масавы распаўсюд спайсаў у Беларусі адказнасць мусяць несці кіраўнікі МУС і КДБ

18 жніўня 2016 14:40  |  Галоўныя навіны

Віталь Рымашэўскі: за масавы распаўсюд спайсаў у Беларусі адказнасць мусяць несці кіраўнікі МУС і КДБ

У Бабруйску 17 жніўня адбылася сустрэча, прысвечаная праблеме несправядліва асуджаных па артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса Беларусі нібыта за захоўванне і збыт наркотыкаў. У мерапрыемстве ўдзельнічалі прадстаўнікі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, у тым ліку сустаршыня Віталь Рымашэўскі і абласны каардынатар Таісія Кабанчук, АГП, прафсаюзу РЭП, БСДП(Г) і іншых партый і арганізацый, а таксама сваякі зняволеных па ўказаным артыкуле.

Круглы стол быў арганізаваны БХД па просьбе сваякоў асуджаных. На ім бацькі распавялі прыклады таго, на падставе чаго былі асуджаныя іх родныя, пра тое, як самі следчыя парушаюць беларускае заканадаўства, і пра тое, як яны спрабуюць змагацца за сваіх блізкіх. З 2012 па 2015 год па артыкуле 328 КК было асуджана больш за 10 тыс. чалавек. Гэта кожны трэці асуджаны ў Беларусі.

“Беларуская хрысціянская дэмакратыя працягне дапамагаць усім тым, хто звяртаецца да нас па юрыдычную дапамогу. Мы будзем дамагацца перагляду спраў па гэтым артыкуле. Тое, што сёння адбываецца ў Беларусі – гэта адсутнасць элементарных норм прававой дзяржавы, адсутнасць справядлівых судоў, адсутнасць у людзей магчымасці абараніць сябе ад свавольства ўладаў. Следчая сістэма дзейнічае, як рэпрэсіўны канвеер. Людзей па артыкуле 328 асуджаюць на падставе сведчанняў аднаго чалавека (часцей за ўсё наркамана, які пагадзіўся супрацоўнічаць са следствам і даць паказанні на нібыта прадаўца і вырабляльнікаў наркотыкаў). Вобшукі праходзяць з парушэннямі працэсуальнага кодэксу. А беларускія суды выносяць апраўдальных прысудаў менш нават за сталінскія”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі.

Ён падкрэсліў, што пакаранне за распаўсюд наркотыкаў павінна быць максімальна жорсткім. “Але судовая сістэма Беларусі вельмі часта карае невінаватых, і не важна ці за палітычныя перакананні, ці па эканамічных артыкулах, ці за збыт наркотыкаў. Несумленныя следчыя зарабляюць на гэтым павышэнне па службе, прэміі, ставячыся да людзей як да расходнага матэрыялу”, – дадаў сустаршыня БХД.

Паводле яго, за маштабы распаўсюду наркотыкаў, і ў прыватнасці спайсаў, нясуць персанальную адказнасць кіраўнікі , КДБ і іншых сілавых структур, якія мусілі спыніць гэта своечасова. “Пакуль Маладыя хрысціянскія дэмакраты ў 2013 годзе не ўзнялі гэтае пытанне на нацыянальны ўзровень, па сутнасці наркотык прадаваўся легальна і дзясяткі тысяч людзей сталі наркаманамі, а адказныя за барацьбу з наркатрафікам сілавыя структуры нічога не рабілі. Спасылкі на адсутнасць закону, па якім можна было караць прадаўцоў спайсаў, выглядаюць дзіцячымі адмазкамі, бо беларускім сілавікам не патрэбна ніякіх законаў, каб даваць суткі палітычным актывістам нібыта за лаянку матам ці іншыя надуманыя рэчы. Не трэба ніякіх законаў, каб ганяць ля метро бабулек, якія гандлююць гароднінай, але ж да 2013 года спайсы можна было купіць на адлегласці 100-200 метраў ад мінскіх РАУС. Як мінімум, можна казаць пра злачыннае бяздзеянне прадстаўнікоў сілавых структур і іх кіраўнікоў. Трэба правесці разбіральніцтва, каб на лаве падсудных апынуліся тыя кіраўнікі сілавых ведамстваў, якія дапусцілі наркаманізацыю беларускай моладзі ў такіх маштабах. Сёння ў вязніцы кінутыя тысячы чалавек, большасць з якіх з’яўляюцца ахвярамі наркадылераў і тых, хто іх пакрываў, альбо папросту ахвярамі карумпаванай беларускай судовай і “праваахоўчай” сістэмы”, – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.

БХД будзе працягваць дамагацца зменаў крымінальнага заканадаўства, “бо па сутнасці сёння следчыя любому могуць падкінуць наркотыкі, у выніку іх дзеянняў за кратамі можа апынуцца любы бязвінны чалавек”, дадаў сустаршыня аргкамітэту. “Усё гэта падобна на сталінскія часы, толькі пакаранні пакуль не такія вялікія. І каб абараніцца ад гэтай злачыннай сістэмы, беларусам трэба праяўляць салідарнасць і дзейнічаць разам, каб спыніць свавольства следчых і судоў”, – заключыў ён.

Болей навін