Вольга Кавалькова: Ярмошына паказала сваю некампетэнтнасць і неадпаведнасць займаемай пасадзе

19 жніўня 2016 12:35  |  Галоўныя навіны

Вольга Кавалькова: Ярмошына паказала сваю некампетэнтнасць і неадпаведнасць займаемай пасадзе

Выказванні старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай пра тое, што кандыдаты ў дэпутаты мусяць закранаць толькі праблемы акругі і не закранаць пытанні развіцця краіны, яе палітыкі сведчаць пра яе некампетэнтнасць і неразуменне ролі парламента ў краіне, электаральнага працэсу. Пра гэта заявіла прамоўца БХД у Менску, лідар Хрысціянска-дэмакратычнага руху Вольга Кавалькова.

“Няхай пачытае закон аб статусе дэпутата і Нацыянальнага схода, здасць іспыт на веданне Выбарчага кодэкса і Канстытуцыі. З-за такіх некампетэнтных асобаў у кіраўніцтве дзяржавы наша краіны ўжо колькі год знаходзіцца ў крызісе, змяншаюцца заробкі, пенсіі і дабрабыт насельніцтва, павялічваецца пенсійны ўзрост. Дэпутаты парламенту павінны распрацоўваць і прымаць важныя для развіцця краіны законы, вырашаць напрамкі яе палітыкі, а не фарбаваць пад’езды ці класці асфальт. Для гэтага ёсць іншыя органы”, – адзначыла яна ў каментары bchd.info.

Такія заявы падчас запісу выступаў кандыдатаў і дэбатаў БХД расцэньвае як ціск на прамоўцаў дэмакратычных сілаў і пагрозы, заявіў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі. “Сапраўдны парламент мусіць займацца заканатворчай дзейнасцю і нацыянальнымі праблемамі. Тое, што яна кажа, – абсурд, якія супярэчыць нормам беларускага і міжнароднага заканадаўства. Такія заявы ўзмацняюць недэмакратычную атмасферу падчас выбараў, у дадатак да з’яўлення новых палітвязняў і правакацый з боку міліцыі і акруговых камісій”, – дадаў ён

БХД і ХДР патрабуюць адстаўкі Ярмошынай, якая публічна пацвердзіла сваю некампетэнтнасць і неадпаведнасць займаемай пасадзе. “Толькі з адстаўкай такіх адыёзных і некваліфікаваных асобаў у краіне магчымыя перамены да стабільнага эканамічнага развіцця, надзея на жыццё ў заможнай, дэмакратычнай, еўрапейскай Беларусі”, – дадала Вольга Кавалькова.

Болей навін