Міліцыя расшуквае Марыну Хоміч
Людзі ў міліцэйскай форме абыходзяць кватэры суседзяў сваякоў, у якіх пэўны час жыла лідар Маладых хрысціянскіх дэмакратаў, прамоўца БХД па Кальварыйскай акрузе Марына Хоміч. Яны паказваюць яе фотаздымак, што дыскрэдытуе лідара МХД, нібы яна знаходзіцца ў вышуку.
З чым звязаная такая цікаўнасць да Марыны Хоміч, невядома. Атрымаць адказ з РАУС не атрымалася. З судовымі справамі за пікеты гэта таксама не звязана, бо міліцыю на пошукі Марыны Хоміч суды не накіроўвалі.
Нельга выключаць, што гэта можа быць звязана з прэвентыўнымі затрыманнямі перад 12 верасня. Нагадаем, што падчас Чэмпіянату свету па хакеі ў Менску ў 2014 годзе актывістку таксама падалі ў вышук. Тады ёй удалося, з’ехаўшы з гораду, пазбегнуць арышту, але былі затрыманыя многія іншыя моладзевыя лідары і актывісты.
“Мы расцэньваем такія дзеянні міліцыі падчас парламенцкай кампаніі як абуральнае парушэнне закону. Але досвед 2010 года паказаў, што ўлады могуць не чакаць заканчэння выбараў, каб арыштоўваць незалежных кандыдатаў. І любыя, нават гіпатэтычныя акцыі пратэсту выклікаюць ва ўладаў істэрычную рэакцыю”, – адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.
“Я не ведаю, у сувязі з чым мяне шукаюць. Пра вышук мне паведамілі сваякі і сябры маёй каманды. Я расцэньваю гэта як ціск, бо людзей запалохваюць, падчас кампаніі мяне расшукваюць нібы злачынцу. Я заклікаю беларускую міліцыю не выконваць незаконныя загады і памятаць, што ўлады таксама павінны выконваць закон і павінны несці адказнасць за супрацьзаконныя дзеянні. Мае кантактныя тэлефоны ёсць у камісіі і ў міліцыі, але мне ніхто ні разу не тэлефанаваў”, – паведаміла Марына Хоміч.