Заява заснавальнікаў Асамблеі народных прадстаўнікоў
Мы, заснавальнікі Асамблеі народных прадстаўнікоў і прамоўцы (кандыдаты) правацэнтрысцкай кааліцыі на выбарчай кампаніі 2016 году, ацэньваючы палітычную і эканамічную сітуацыю ў краіне, канстатуем што:
1. Па віне кіруючых вярхоў краіна знаходзіцца ў працяглым сацыяльна-эканамічным крызісе, а тыя меры, што прымаюцца ўладамі для прадухілення небяспечных для грамадства з’яў, не паляпшаюць сітуацыю, а хутчэй, наадварот, яе пагаршаюць. Сэнс ўсіх сацыяльных рэформаў, якія праводзяцца ў краіне, зводзіцца да перакладання адказнасці за рашэнні ўсіх праблем на саміх грамадзян.
2. Нягледзячы на абяцанні і запэўніванні ўладаў, народ Беларусі і сёння пазбаўлены права і магчымасці праз свабодныя, адкрытыя і дэмакратычныя выбары самастойна кіраваць краінай і абіраць дэпутатаў у мясцовыя органы прадстаўнічай улады, Парламента і Прэзідэнта. Кіруючы рэжым не выканаў падаўляльную большасць рэкамендацый АБСЕ па дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства, і на практыцы «выбары» прайшлі па ўжо звыклым сцэнары фальсіфікацый народнага волевыяўлення, пры поўным кантролі з боку ўладнай вертыкалі і пры падтрымцы судоў, пракуратуры і органаў аховы правапарадку.
3. Замест неабходнага для пераадолення сістэмнага крызісу дыялогу з прадстаўнікамі ўсіх палітычных і грамадскіх сіл краіны аўтарытарны рэжым працягвае палітыку эскалацыі агрэсіі ў дачыненні да сваіх грамадзян, палітычных апанентаў і ўсіх незалежных ад улады структур грамадзянскай супольнасці.
4. Сам беларускі «парламент» застаецца дэкаратыўным інстытутам, закліканым, на думку кіруючых вярхоў, абслугоўваць уладную вертыкаль, а не прадстаўляць інтарэсы народа, як адзінай законнай крыніцы ўлады ў Беларусі.
Мы адначасова адзначаем, што выбары не могуць быць свабоднымі, адкрытымі і дэмакратычнымі пакуль:
1. у краіне няма свабоды прэсы;
2. адсутнічае незалежная судовая сістэма;
3. падвяргаецца пераследу іншадумства, абмяжоўваюцца правы палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў, незалежных прафсаюзаў;
4. ігнаруюцца гарантаваныя Міжнароднымі пагадненнямі, Канстытуцыяй і заканадаўствам правы грамадзян на свабоду асацыяцый, мітынгаў і сходаў.
5. у Беларусі ёсць палітычныя вязні і захоўваецца пераслед за грамадскую і палітычную дзейнасць;
6. няма свабоды дзейнасці дэмакратычных палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, у прыватнасці БХД.
Разглядаючы любыя агульнанацыянальныя палітычныя кампаніі як магчымы інструмент вырашэння першачарговых праблем краіны, мы вымушаны заявіць, што кіруючы рэжым не скарыстаўся магчымасцю змяніць практыку правядзення выбараў, уключаючы дэмакратызацыю заканадаўства, рэальны ўдзел апазіцыі ў фарміраванні выбарчых камісій, арганізацыю адкрытага і празрыстага падліку галасоў . У такой сітуацыі мы не можам разглядаць адбыўшуюся кампанію як рэальныя выбары і заяўляем, што выбары ў Беларусі прайшлі з парушэннем закона, рэкамендацыі АБСЕ, палітычных партый і грамадзянскай супольнасці не былі выкананы.
Уладамі была фальсіфікавана яўка выбаршчыкаў (у прыватнасці, у г. Мінску, па дадзеных кампаніі “Права выбару“, яўка была ніжэй за 50% і выбары не адбыліся), незалежныя назіральнікі не змаглі атрымаць доступ да падліку бюлетэняў.
У сувязі з гэтым мы канстатуем: у Беларусі няма законна абранага легітымнага парламента.
Усе 110 дэпутатаў прызначаныя выканаўчай уладай.
У такой сітуацыі Палата прадстаўнікоў не можа прадстаўляць народ Беларусі як ва ўнутранай, так і міжнароднай палітыцы.
Мы дэкларуем наш цвёрды намер працягваць супрацоўніцтва ў рамках правацэнтрысцкай кааліцыі ў далейшым. Адной з першачарговых задач лічым:
– Інфармавання грамадзян краіны аб згубнасці курсу аўтарытарнага рэжыму і аб альтэрнатыўных праграмах сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця Беларусі.
– Правядзенне грамадскіх кампаній у падтрымку сацыяльна-эканамічных і палітычных рэформаў, прапанаваных правацэнтрысцкай кааліцыяй.
– Патрабаванне правядзення свабодных выбараў у Беларусі і падрыхтоўку нашых сябраў да мясцовай кампаніі 2017-2018 года:
Дзеля аб’яднання і падтрымкі ўсіх рэгіянальных лідараў, чыя перамога ў выбарчай кампаніі 2016 году была скрадзена ўладамі ў выніку фальсіфікацый, а таксама дзеля абароны канстытуцыйных правоў Грамадзян Беларусі ад прававога бязмежжа, карупцыі, незаконных фінансавых пабораў, ушчамлення правоў і свабод, мы засноўваем платформу для супрацы між арганізацыямі і рэгіянальнымі дэмакратычнымі лідарамі – Асамблею народных прадстаўнікоў.
Заснавальнікі Асамблеі народных прадстаўнікоў патрабуюць скасаваць артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
Заснавальнікі Асамблеі народных прадстаўнікоў падтрымліваюць патрабаванне грамадскіх арганізацый да Міністэрства культуры Беларусі аб уключэнні бел-чырвона-белага сцягу у спіс гістарычных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.