Пракаповіча за салідарнасць з Пальчысам аштрафавалі на 1050 рублёў
Суд Фрунзенскага раёна Менска аштрафаваў каардынатара БХД па Менскай вобласці па ч.3 арт.23.34 КаАП за акцыю салідарнасці з Эдуардам Пальчысам 14 кастрычніка на 50 базавых велічыняў (1050 рублёў).
Акцыя салідарнасці прайшла пад вокнамі Мінскага гарадскога суда, а штраф быў прысуджаны з фармулёўкай – “за сумесную прысутнасць у ліку іншых грамадзян па адрасе суда, трыманні бел-чырвона-белага сцяга і выкрыкванні лозунгаў”.
“Быў рады “сумесна прысутнічаць” там, дзе я прысутнічаў “у ліку іншых грамадзян” (чытай –“салідарных грамадзян”), якіх вельмі паважаю, трымаць наш бел-чырвона-белы сцяг і ведаць, што чалавек, якому мы адрасавалі воклічы падтрымкі, нас чуе. У пікеце падтрымкі, хоць ён быў і недазволены, я удзельнічаў, бо чалавека судзілі несправядліва, судзілі цынічна ў закрытым рэжыме, судзілі замест таго, каб, калі не ўзнагародзіць, дык хаця б падзякаваць за патрыятызм. Таксама быў рады спрычыніцца да збору подпісаў (і сабраць больш за сотню) пад адным з артыкулаў, за які блогера абвінавачвалі ў экстрэмізме. Некалькі сотняў подпісаў грамадзян, у тым ліку вядомых журналістаў, палітыкаў, грамадскіх актывістаў і праваабаронцаў, было сабрана па ініцыятыве лідара “Маладога Фронта” Змітра Дашкевіча і перададзена суддзі, якая вяла справу. Лічу, што калі закон не працуе, салідарнасць – досыць важная рэч, якая дапамагае не толькі таму, хто яе адчувае, але і неверагодна натхняе тых, хто яе выказвае. Беларусам важна быць салідарнымі”, – адзначыў Павел Пракаповіч.