Мінабароны РФ рэзка павялічыла чыгуначныя перавозкі ў Беларусь. Рымашэўскі: гэта можа сведчыць аб новых пагадненнях Пуціна і Лукашэнкі
Мінабароны Расеі штогод праводзіць тэндар на воінскія перавозкі ў прамых міжнародных чыгуначных зносінах на наступны год. У 2015 і 2016 годзе закуплялися паслугі на 125 і 50 вагонаў адпаведна ў напрамку Беларусі і назад. Але на 2017 года колькасць вагонаў у гэтым кірунку рэзка вырасла – да 4162 вагонаў.
На думку сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага, гэта можа сведчыць «аб новых ваенных пагадненнях, на якія Пуцін прымусіў пайсці Лукашэнку». «Рэжым Лукашэнкі цалкам залежыць ад Масквы фінансава, і відавочна, што Крэмль у абмен на саступкі ў эканамічных пытаннях будзе патрабаваць поўнага паслушэнства ў знешняй палітыцы. Беларусь, па сутнасці, сёння – гэта сатэліт Расеі», – адзначыў ён.
На яго думку, у абмен на падтрымку сваёй улады Лукашэнка будзе вымушаны пайсці на любыя ўмовы Крамля. Так, па-ранейшаму актуальнае пытанне расійскай авіябазы ў Беларусі, у першую чаргу для працягу агрэсіўнага знешнепалітычнага курсу Расеі.
«Беларускія ўлады ўсімі сіламі спрабавалі дыстанцыявацца ад канфлікту ва Украіне, ад актыўнага ўдзелу на баку Расіі ў новай халоднай вайне, аднак іх самастойнасць вельмі абмежаваная. Лукашэнка за гады свайго кіравання сам паставіў Беларусь у татальную залежнасць ад Расеі ў эканамічным і палітычным плане», – падкрэсліў сустаршыня БХД.
Віталь Рымашэўскі не выключыў у будучыні новых патрабаванняў і ціску з боку Крамля ў супрацоўніцтве па ваенных пытаннях, у тым ліку разгортвання расейскіх узбраенняў і расейскіх войскаў у Беларусі. «За танную нафту і газ Крэмль купляе лаяльнасць Беларусі, а Лукашэнка гандлюе нацыянальным суверэнітэтам», – сказаў на заканчэнне ён.