Севярынца зноў аштрафавалі на 50 базавых за салідарнасць з Пальчысам
Суддзя Фрунзенскага раёна Мінска Блізнюк Ю.А. асудзіў сустаршыню Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца да чарговага штафу ў 50 базавых адзінак (1050 рублёў) за акцыю салідарнасці з блогерам Эдуардам Пальчысам 18 кастрычніка.
Віна Паўла Севярынца ў судовай пастанове сфармуляваная так: “Дзеянні Севярынца П.К. выявіліся ў сумеснай прысутнасці ў ліку іншых грамадзян па вышэйпаказаным адрасе, утрыманні ў руках бел-чырвона-белага сцяга, выкрыкванні лозунгаў”.
– Думаю, калі гэтых “суддзяў” будуць саміх судзіць за беззаконне часоў дыктатуры – ніхто не будзе прыходзіць пад вокны з лозунгамі салідарнасці і сцягамі, – выказаў прэс-службе БХД меркаванне адносна прысуду Севярынец.
Нагадаем, сябры БХД актыўна ўдзельнічалі ў шматдзённай акцыі пратэсту супраць закрытага суда над Эдуардам Пальчысам 14-25 кастрычніка.