Кампанія “Мы – не дармаеды” абвяшчае 15 сакавіка агульнанацыянальным днём пратэсту супраць дэкрэту №3
Кампанія “Мы – не дармаеды” абвяшчае 15 сакавіка, Дзень канстытуцыі, агульнанацыянальным днём пратэсту супраць дэкрэту №3. У Мінску пададзеная заяўка на правядзенне “Марша недармаедаў” (збор удзельнікаў маршу а 17.30 на Акадэміі навук).
Акрамя сталіцы, Маршы недармаедаў 15 сакавіка пройдуць і ў іншых рэгіёнах Беларусі. Галоўная мэта кампаніі – адмена антыканстытуцыйнага дэкрэту. Да 15 сакавіка па ўсёй краіне будзе працягвацца збор подпісаў супраць дэкрэта аб дармаедах, будзе прадоўжаная праца па аказанні ціску на дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў, якія адмаўляюцца абараняць канстытуцыйныя правы выбаршчыкаў.
Кампанія “Мы – не дармаеды” вітае актыўнасць тысяч беларусаў, якія выйшлі на вуліцы з патрабаваннем адмяніць антыканстытуцыйны Дэкрэт №3. На жаль, улады не далі дазволу на правядзенне Маршаў недармаедаў у Магілёве, Гомелі, Гродне, тым самым адмовіўшыся ад дыялогу з грамадзянамі. Тым не менш, Маршы прайшлі ва ўсіх рэгіёнах і ў тым фармаце, як і планавалі арганізатары. Мы дзякуем кожнаму, хто знайшоў у сабе мужнасць 19 лютага выйсці на вуліцу.
22 лютага а 10:30 на плошчы каля Камароўскага рынку адбудзецца прэс-канферэнцыя прадстаўнікоў нацыянальнага і рэгіянальных аргкамітэтаў кампаніі.
Прадстаўнікі камітэта таксама заклікаюць арганізатараў рэгіянальных акцый пратэсту процідзейнічаць правакатарам, якія могуць паспрабаваць выкарыстоўваць акцыі пратэсту для прасоўвання прарасейскіх лозунгаў. Такія правакацыі могуць быць арганізаванымі спецслужбамі Беларусі для дыскрэдытацыі акцыі пратэсту.
У аргкамітэт агульнанацыянальнай кампаніі “Мы – не дармаеды” ўваходзяць Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская партыя левых “Справядлівы свет”, Беларуская партыя “Зялёныя”, аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу і Партыі жанчын “Надзея”, кампанія “Наш дом”, а таксама далучыўся Рух “За Свабоду”.
“Сёння беларускія ўлады абражаюць і незаконна абіраюць практычна ўсе катэгорыі грамадзян: ад прадпрымальнікаў і да пенсіянераў. І мы разлічваем на салідарнасць шырокіх колаў беларускага грамадства адно з адным у супольных акцыях пратэсту. Таму мы заклікаем 15 сакавіка далучацца да пратэстаў не толькі тых, каго непасрэдна тычыцца дэкрэт пра дармаедаў, але і ўсіх грамадзян Беларусі, бо заўтра на вуліцы можа быць выкінуты любы сённяшні працоўны. І калі дэкрэт не будзе адменены, то трэба чакаць новых пабораў”, – адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.
Нагадаем, што заяўка на Марш недармаедаў была пададзеная ў Менску 23 студзеня.