Судовыя выканаўца ўварваліся ў кватэру Віталя Рымашэўскага і напужалі яго дачку

07 сакавіка 2017 12:44  |  Галоўныя навіны

Судовыя выканаўца ўварваліся ў кватэру Віталя Рымашэўскага і напужалі яго дачку

7 сакавіка ў Заслаўі ў кватэру сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага спрабавалі ўламіцца судовыя прыставы. Пры гэтым яны без дазволу зайшлі на тэрыторыю заблакаванага ўчастку і напужалі сямігадовую дачку палітыка, якая там гулялася.

Перадаўшы судовую позву сваякам, яны зніклі. “Судовая позва дадзеная на судовага выканаўцу Ахрэмчык Вольгу Сяргееўну. Да гэтага ніякіх паведамленняў я ад іх не атрымліваў. Яны добра ведаюць мае тэлефоны, але ніхто мне не тэлефанаваў. Прычыны ўварвання на тэрыторыю, дзе я пражываю, я расцэньваю, як спробу запалохаць, аказаць ціск на мяне і на маю сям’ю. Калі я знаходзіўся ў СІЗА КДБ, то непасрэдна чуў ад былога кіраўніка КДБ Зайцава пагрозы маёй сям’і і персанальна дочцы. І цяпер, відавочна, сістэма ўзялася за старое”, – адзначыў сустаршыня БХД, дадаўшы, што ўсе штрафы, выпісаныя яму, былі аплочаныя.

“Беларусам сёння трэба яднацца і змагацца. Няма сэнсу ўжо выступаць супраць асобнага дэкрэту аб “дармаедах”, супраць асобных злачынстваў. Сёння трэба ўжо яднацца, каб бараніць свае сем’і, сваю будучыню і патрабаваць адстаўкі самага багатага чалавека нашай краіны, які называе сябе прэзідэнтам, – Аляксандра Лукашэнкі і ўраду”, – заявіў Віталь Рымашэўскі, паведаміўшы, што будзе падаваць скаргу ў пракуратуру на дзеянні судовых прыставаў.

Болей навін