Віталь Рымашэўскі: акцыі пратэсту будуць працягвацца да поўнай адмены дэкрэту (відэа)

09 сакавіка 2017 12:36  |  Галоўныя навіны

Віталь Рымашэўскі: акцыі пратэсту будуць працягвацца да поўнай адмены дэкрэту (відэа)

Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі пракаментаваў прыпыненне ўладамі краіны спагнання ў 2017 годзе падатку на “дармаедаў”.

“Я віншую ўсіх з маленькім крокам да перамогі. Прыпыненне дзеяння дэкрэту на год вылікана толькі смеласцю людзей – тых, хто выходзіў на акцыі пратэсту, ставіў подпісы за адмену дэкрэту. І відавочна, паспяшаліся тыя 54 тыс. беларусаў, якія ўжо аплацілі гэты падатак”, – заявіў ён.

Разам з тым, паводле яго, трэба працягваць дамагацца поўнай адмены дэкрэту № 3, а таксама скасавання прыніжальнай для беларусаў кантрактнай сістэмы, вяртання беларусам права на годную пенсію.

“Сёння адбылося пасяджэнне аргкамітэту кампаніі “Мы – недармаеды”. Па-ранейшаму плануецца правядзенне акцыі 15 сакавіка ў Менску і ўсе запланаваныя акцыі ў рэгіёнах. Гэта маленькая перамога са спыненнем дзеяння дэкрэту сведчыць, што ў нас ёсць толькі адзін інструмент, каб адстойваць свае правы, – гэта яднанне і супольнае змаганне грамадзян за свае правы, выкарыстоўваючы дэманстрацыі і ціск на ўладу. Я ведаю, што гэтая маленькая перамога – толькі пачатак вялікіх зменаў у Беларусі”, – дадаў сустаршыня БХД.

Болей навін