Дэмакратычная супольнасць Гарадзеншчыны просіць кансуляты Літвы і Польшчы пра падтрымку
Прадстаўнікі дэмакратычных партый і рухаў Гарадзеншчыны 13 сакавіка плануюць сумесную заяву наконт сітуацыі з затрыманнямі палітычных і грамадскіх лідараў, а таксама маючага адбыцца 14 сакавіка суду над кіраўнікамі гарадзенскіх дэмакратычных структур у сувязі з іх удзелам у пратэстах жыхароў Гародні 19 лютага.
Сябры БХД накіравалі адкрыты зварот у Консульства Рэспублікі Польшча ў Гародні і Консульства Літоўскай Рэспублікі з просьбай падтрымаць грамадскую і палітычную супольнасць Гарадзеншчыны.
У зваротах адзначаецца, што апошнімі днямі складваецца вельмі негатыўная тэндэнцыя ў сувязі з масавымі затрыманнямі актывістаў і лідараў большасці дэмакратычных партый і рухаў Беларусі. “Існуе рэальная рызыка, што кіраўнікоў і сябраў палітычных партый Гарадзеншчыны, якія адстойваюць канстытуцыйныя права грамадзян, фактычна могуць ізаляваць, замінаючы ім выконваць свае прадстаўнічыя абавязкі”, – гаворыцца ў дакумента.
На думку аўтараў звароту, “сітуацыя вядзе да знікнення якога-небудзь грамадскага дыялогу і канчатковага звальвання Рэспублікі Беларусь у жорсткую дыктатуру”. У сувязі с гэтым яны запрашаюць прадстаўнікоў кансулятаў Польшчы і Літвы на судовае паседжанне 14 сакавіка з мэтай маніторынгу сітуацыі і далейшага пераказу гэтых фактаў у Еўрапейскія дэмакратычныя структуры, а таксама 15 сакавіка мітынг у Парку Жылібера. “Будзем удзячныя Вашай увазе і спадзяемся на Вашу падтрымку”, – гаворыцца ў зваротах.
Звароты падпісалі сябры Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Хрысціянска-дэмакратычнага руху і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), на якімі 14 сакавіка адбудзецца суд: Сяргей Верамеенка (БХД), Ежы Грыгенча (АГП), Ірына Давідовіч (АГП), Вольга Верамеенка (ХДР), Анатоль Мышкевіч (БСДП), Галіна Ламашэвіч (БХД), Антон Войцэхаў (БХД), Віталь Гуляк (АГП) і Аляксандр Абуховіч (БХД), а таксама каардынатар БХД па Гарадзенскай вобласці Мікалай Баўсюк.