Паўла Севярынца не далі сустрэць ля ІЧУ: адвезлі на вакзал
Сустаршыню Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца, які з 12 сакавіка адбываў арышт у Воршы, не далі сустрэць 27 сакавіка ля ізалятара часовага ўтрымання.
“Пакуль мы чакалі яго ля ІЧУ, яго на машыне адвезлі на вакзал і там выкінулі. Дзякуй Богу, што ён патэліў Волечцы. Волю, дарэчы, перад Воршай затрымала ДАІ, але яна дабралася, сустрэлі і ўсё ў парадку”, – адзначыла маці палітыка, каардынатар БХД па Віцебшчыне Таццяна Севярынец.
“Як і заўсёды. Адкуль толькі Паўла не вызвалялі, яго заўсёды вывозілі патаемным чынам, каб толькі яго не сустрэлі людзі. Але людзі прыйшлі, і сёння ён сустрэнецца з імі ў тым ліку на прэзентацыі кнігаў. Я, канечне, буду пісаць скаргу на такія дзеянні. Першае, што я сёння зрабіла, калі прыйшла вызваляць сына. Мне сказалі – 14:35. А ўжо потым мы даведаліся, што ён ужо на вакзале. Нават у гэтых дробязях улада паказвае, што няма чалавечай годнасці ва ўладзе: ні ў начальніка ІЧУ, ні ў начальніка міліцыі. Аніякай! Гэту ўладу трэба мяняць”, – падкрэсліла яна.