МХД заклікаюць байкатаваць Макдональдс
Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты патрабуюць ад адміністрацыі кампаніі Макдональдс даць тлумачэнне з нагоды таго, што 25.03.2017 г. супрацоўнікі рэстарацыі, якая знаходзіцца па адрасу пр-т. Незалежнасці, 23, выганялі кліентаў на вуліцу, а таксама не пускалі тых, хто хацеў зайсці.
Такая практыка непаважнага стаўлення да сваіх кліентаў цягнецца практычна са з’яўлення кампаніі Макдональдс на беларускім рынку, калі падчас любога вулічнага мерапрыемства ў горадзе Менску рэстарацыя альбо зачынялася альбо, што яшчэ горш, кліентаў проста выкідвалі з будынку!
Менавіта падчас такіх мерыпрыемстваў установа магла б павялічыць свой прыбытак у некалькі разоў, але непрафесіяналізм гэтага падыходу мы пакідаем на разгляд аўдыту кампаніі.
Кампанія Макдональдс не робіць нічога для таго, каб абараніць правы сваіх кліентаў, калі іх незаконна затрымліваюць на ганку альбо непасрэдна ў дзверах рэстарацыі; супрацоўнікі кампаніі проста выпіхваюць кліентаў пад дубінкі АМАПу!
Мы заклікаем беларускае прадстаўніцтва кампаніі Макдональдс адмовіцца ад ганебнай практыкі непаважнага стаўлення да сваіх кліентаў і нагадваем пра сацыяльную адказнасць перад беларускім грамадствам.
Мы звяртаемся да прэзідэнта карпарацыі Макдональдс Стыва Істэрбрука (Steve Easterbrook) з патрабаваннем разабрацца ў сітуацыі.
Мы заклікаем беларускае грамадства байкатаваць рэстарацыі Макдональдс, якія сваёй палітыкай вядзення бізнэсу шкодзяць фармаванню грамадзянскай супольнасці Беларусі.