Дзяніс Садоўскі падаў у суд на Менгарвыканкам за Дзень Волі

18 красавіка 2017 08:14  |  Галоўныя навіны

Дзяніс Садоўскі падаў у суд на Менгарвыканкам за Дзень Волі

 

Адказны сакратар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, адзін з
заяўнікаў акцыі на Дзень Волі 25 сакавіка ў Менску Дзяніс Садоўскі падаў у суд
Маскоўскага раёна горада скаргу на дзеянні Менгарвыканкама, які даў адказ па
акцыі менш чым за дзень да яе пачатку.

 

У скарзе ён адзначае, што Менгарвыканкам парушыў тэрмін на
прыняцце рашэння аб правядзенні масавага мерапрыемства, прадугледжаны арт.6
Закона “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь», а рашэнне гарадскіх уладаў аб
правядзенні масавага мерапрыемства ў парку Дружбы народаў не ўзгаднялася з
заяўнікам.

Таксама, заяўляе Дзяніс Садоўскі, у чыноўнікаў адсутнічалі
падставы для адмовы ў правядзенні масавага мерапрыемства па маршруце, паказаным
заяўнікам.

Паводле яго, дзеянні чыноўнікаў парушылі права заяўніка на
арганізацыю і правядзенне масавага мерапрыемства і яго права па ўзгадненні
разам з кіраўніком мясцовага выканаўчага i распарадчага органа ўдзельнічаць ва
ўзгадненні месца і часу арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства, а
таксама арт. 6 закона «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь».

Адказны сакратар БХД просіць прызнаць незаконным рашэнне
Менгарвыканкаму №1/2-22/2005 ад 24 сакавіка аб правядзенні масавага
мерапрыемства, а таксама незаконным бяздзейнасць Менгарвыканкама, якая
выявілася ў несвоечасовым прыняцці рашэння па заяве ад 8 лютага аб правядзенні
масавага мерапрыемства 25 сакавіка.

“Адказнасць за
тое, што акцыя была несанкцыянаванай, ляжыць перадусім на менскіх уладах, бо
яны парушылі ўласны ж закон, не даўшы своечасова адказ, тым самым паставіўшы
арганізатараў і грамадзянаў у становішча, калі фактычна акцыя была
незабароненая, але і дазволу на яе не было. З такім найгрубейшым парушэннем мы
не будзем мірыцца, хоць на нашыя папярэднія скаргі ўлады адказалі адпіскамі пра
тое, што ўсё законна. Але відавочна, што гэтае прамое парушэнне заканадаўства.
Таму мы падаем у суд, каб выявіць гэта беззаконне і каб улады надалей такога не
паўтаралі”, – заявіў bchd.info Дзяніс Садоўскі.

Болей навін