Дзяніс Садоўскі: спраўджваюцца найгоршыя прагнозы адносна даты мясцовай кампаніі

16.06.2017, 13:10  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Дзяніс Садоўскі: спраўджваюцца найгоршыя прагнозы адносна даты мясцовай кампаніі

 

Рашэнне ЦВК прызначыць мясцовыя выбары на 18 лютага 2018 года спраўджвае найгоршыя прагнозы адносна магчымай даты, адзначыў адказны сакратар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і кіраўнік кампаніі назірання "Права выбару” Дзяніс Садоўскі.

"Зноў улада абірае даты, якія найменш падыходзяць для любой выбарчай кампаніі ў любой краіне. Збор подпісаў – найбольш цяжкі перыяд для любога кандыдата – будзе адбывацца ў маразы, падчас абодвух святкаванняў Раства і Новага году. Відавочна, што гэта будзе найбольш складаная кампанія для кандыдатаў”, - заявіў ён.

На яго думку, гэта адмыслова робіцца, каб ніякіх рэальных выбараў у краіне на фоне ўсіх святаў не было чуваць. "Агітацыйны ж перыяд прыпадае адразу пасля Новага году – у мёртвы сезон і ў самыя лютыя маразы, калі немагчыма выставіць нармальныя пікеты”, - падкрэсліў адказны сакратар БХД.

"Ужо зараз можна казаць, што, на жаль, нават абіраючы дату, улады не збіраюцца праводзіць выбары. Іх галоўная задача – каб пра выбары ніхто не пачуў, каб усё прайшло, як звычайны. Але большасць дэмакратычных партый ужо прыняла рашэнне пра ўдзел у выбарах. Кампанія "Права выбару” таксама ўжо рыхтуецца ўжо да кампаніі назірання. І хоць абраныя даты будуць ускладняць працу, мы зробім максімальна, што ад нас залежыць, каб прадэманстраваць Беларусі і міжнароднай грамадскасці, як рэальна адбываюцца выбары ў Беларусі”, - заявіў Дзяніс Садоўскі.

Навіны па тэме