Павел Севярынец: Менск варты Вайніловіча, Вайніловіч варты Менску

16 чэрвеня 2017 17:09  |  Галоўныя навіны

Павел Севярынец: Менск варты Вайніловіча, Вайніловіч варты Менску

 

Спрэчкі вакол асобы Эдварда Вайніловіча, аднаго з лідараў
краёвага руху пачатку ХХ стагоддзя, і фундатара Чырвонага касцёла, насамрэч
выяўляюць розніцу паміж бальшавіцкім падыходам, замяшаным на нянавісці, і
сутнасна хрысціянскім персаналізмам.

Паводле камуністаў, Вайніловіч вызнаваў сябе палякам і не
прыняў рэвалюцыі (адсюль робіцца выснова, што ён быў “не з народам”).
Але палякам вызнаваў сябе і ліцьвін (беларус) паводле паходжання Адам Міцкевіч
– і сквер ягонага імя з адпаведным помнікам ў трох сотнях крокаў ад меркаванага
сквера Вайніловіча не выклікае дыскусіяў і цудоўна ўпісаўся ў сталічную
тапаніміку. Што да непрыняцця бальшавіцкага перавароту – дык пасля крыві і мільённых
ахвяраў камунізму любы нармалёвы беларус натуральна робіцца антыкамуністам – і
спадкаемцам Вайніловіча.

Помнік Вайніловічу ў Менску фактычна ўжо ёсць. Гэта
фундаваны ім Чырвоны касцёл. Дарэчы, той самы, дзе ўпершыню ў Менску (1918 год)
пачаліся казані па-беларуску. Той самы, дзе працавалі ахвярныя святары –
хрысціянскія дэмакраты Адам Лісоўскі, Фабіян Абрантовіч, Станіслаў Глякоўскі,
Вінцэнт Гадлеўскі, Віктар Шутовіч ды іншыя. Той самы, дзе быў створаны
Аргкамітэт БНФ у 1988-м.

І думаю, прычына камуністычнага шалу – якраз найперш у
наяўнасці ды значэнні гэтага касцёла. Касцёл святых Сымона і Алены – сімвал
шматразовай паразы камунізму і камуністаў. Сімвал правалу ваяўнічага бязбожжа.
Сімвал руйнавання ўсеўладдзя Кампартыі. Сімвал адраджэння беларускага
нацыянальнага руху.

Што ж да асобы Эдварда Вайніловіча – пра яго сведчаць ягоныя
справы. Ён быў адным з бацькоў Менску ў цяжкія рэвалюцыйныя гады. Фундаваў не
толькі касцёлы, але і праваслаўныя цэрквы. Гаспадар, мецэнат, вернік – ён
увасабляе сабой зруйнаваны і сцёрты бальшавікамі з народнай памяці Менск
шляхетны, прыгожы, прыстойны.

І тое, што рашэнне аб Слуцкім паўстанні прымалася ў слуцкім
Доме Вайніловіча, і тое, што Дзень беларускага (бел-чырвона-белага) значка ў
1917-м адзначаўся ў менскім Доме Вайніловіча, і ягоны ўдзел у паседжаннях Рады
БНР – ставіць кропку ў пытанні, што значыць імя Вайніловіча для незалежнай
Беларусі.

Менск варты Вайніловіча. Вайніловіч варты Менску.

Падтрымаць кампанію за наданне менскаму скверу ля Плошчы
Незалежнасці імя Вайніловіча можна
тут
.

Павел Севярынец

Болей навін