Правацэнтрысты правялі ў Берліне сустрэчы з нямецкімі палітыкамі, дэпутатамі і супрацоўнікамі МЗС
У Берліне адбылася
сустрэча прадстаўнікоў Правацэнтрысцкай кааліцыі – дэпутата Ганны Канапацкай,
сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага і старшыні
Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча – з Нямецка-беларускім таварыствам, якое
ўзначальвае прафесар Райнэр Лінднэр.
Таксама адбылася
сустрэча з высокапастаўленымі дэпутатамі нямецкага Бундэстагу з розных фракцый,
уключаючы хрысціянскіх дэмакратаў, а таксама дэпутатамі, якія ўваходзяць у
групу па Беларусі – Оліверам Качмаракам і Уце Фінкх-Крэмэр.
Таксама прайшлі сустрэчы ў міністэрстве замежных спраў Нямеччыны.
На сустрэчах абмяркоўваліся пытанні беларуска-нямецкага і беларуска-еўрапейскага
ўзаемадзеяння. У прыватнасці, неабходнасць у дыялогу з Беларуссю, перш за ўсё,
улічваць інтарэсы беларускага народа і арыентавацца на іх, перспектывы
стварэння бязвізавага рэжыму з Еўрапейскім саюзам.
«Сённяшняя знешнепалітычная сітуацыя, а таксама ўнутраны
эканамічны крызіс у Беларусі абумоўліваюць, як ніколі, высокую важнасць адносін
Беларусі з Захадам. Аднак трэба знайсці эфектыўныя шляхі, дзеянні, якія б
улічвалі інтарэсы ўсяго беларускага народа, простага насельніцтва ў першую
чаргу. Трэба шукаць падыходы, якія не пакідалі б за дужкамі правы чалавека ў
нашай краіне. У мяне склалася ўражанне, што ўсе, з кім мы сустракаліся, выдатна
разумеюць сітуацыю ў Беларусі, няма завышаных чаканняў. Вельмі добра, што ў Нямеччыне ёсць палітыкі, якія
цікавяцца Беларуссю і думаюць пра тое, як эфектыўна выбудоўваць узаемаадносіны»,
– адзначыў Віталь Рымашэўскі.
Правацэнтрысцкая дэлегацыя працягвае знаходзіцца ў Берліне.