Следчы камітэт не захацеў узбуджаць справу за катаванні ў Цэнтральным РАУС 25 сакавіка
Цэнтральны (Менска)
райаддзел Следчага камітэту Беларусі адмовіўся ўзбуджаць крымінальную справу па
факце катаванняў міліцыянтамі Цэнтральнага РАУС затрыманых удзельнікаў акцыі на
Дзень Волі 25 сакавіка ў Менску на падставе п. 2 ч. 1 арт. 29 КПК (адсутнасць у
дзеяннях складу злачынства). Адпаведны адказ з райаддзелу за подпісам следчага
А.Кандратовіча атрымаў адказны сакратар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі
Дзяніс Садоўскі.
У Следчы камітэт
звярнуліся 10 чалавек, якія засведчылі факты недапушчальнага, здзеклівага і
маючага прыкметы катаванняў стаўлення да іх і іншых затрыманых 25 сакавіка з
боку супрацоўнікаў Цэнтральнага РАУС. Падчас падрыхтоўкі скаргі пры дапамозе
праваабарончага цэнтру “Вясна” былі сабраныя сведчанні пра тое, што людзей
шэсць гадзін трымалі пад снегам і дажджом на вуліцы, не давалі піць, не пускалі
ў прыбіральню, увесь час трымалі на расцяжцы, ужывалі спецсродкі. У сувязі з
гэтым у дачыненні да вінаватых прасілі ўзбудзіць крымінальную справу па арт.
426 КК (Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў).
“Упэўніваючых звестак,
якія пацвярджаюць выкарыстанне нецэнзурнай лаянкі, абраз, катаванняў,
жорсткага, бесчалавечнага абыходжання, а таксама прымяненне фізічнай сілы,
спецыяльных сродкаў супрацоўнікамі Цэнтральнага РУУС г.Мінска, у прыватнасці Находкам
В.Т. у дачыненні да затрыманых не выяўлена. Па выніках праведзенай праверкі,
дастатковых аб’ектыўных дадзеных, якія паказваюць, што супрацоўнікі
Цэнтральнага РУУС г.Мінска, наўмысна, насуперак інтарэсам службы, з карыслівай
ці іншай асабістай зацікаўленасці злоўжылі сваімі службовымі паўнамоцтвамі, а
таксама неналежным чынам выканалі свае службовыя абавязкі з прычыны
нядобрасумленнага або нядбайнага стаўлення да службы не знайшлі свайго пацверджання”,
– гаворыцца ў адказе са Следчага камітэту.
“Канечне, такія
высновы следчых не з’яўляюцца для нас нечаканасцю. Відавочна, што сапраўдная
праверка не праводзілася. Райаддзел СК знаходзіцца ў адным будынку з РАУС, што
можа сведчыць, што ўсе там адзін аднаго ведаюць і прыкрываюць. Але мы не
збіраемся спыняцца. Хутка будзе падрыхтаваная скарга ў райаддзел Следчага
камітэту, каб яны ўзнавалі следства. Бо бяздзейнасць да у дачыненні да тых, хто
чыніць здзекі з затрыманых, будзе патураць такім дзеянням і надалей. Краіна
павінна ведаць прозвішчы тых, хто чыніў здзекі, як, напрыклад, Находка. Таму мы
рыхтуем дакументы ў суд, каб праз яго зноў засведчыць усе факты катаванняў у
дачыненні да затрыманых 25 сакавіка”, – заявіў Дзяніс Садоўскі.