Віталь Рымашэўскі: на павестцы ПА АБСЕ застаецца рэзалюцыя з крытыкай парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі

06 ліпеня 2017 09:22  |  Галоўныя навіны

Віталь Рымашэўскі: на павестцы ПА АБСЕ застаецца рэзалюцыя з крытыкай парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі

 

Сустаршыня
Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі пракаментаваў неўнясенне
прапаноў рэзалюцыі літоўскіх парламентароў на галасаванне на менскай сесіі ПА
АБСЕ, а таксама тое, што Пастаянны Камітэт арганізацыі падтрымаў крытычны для беларускіх
уладаў праект рэзалюцыі дэпутата Холма.

“Нават
наяўнасць праекту рэзалюцый ужо спрацавала – вызваленыя вязні па справе
патрыётаў. Апроч таго, на павестцы застаецца рэзалюцыя, якая паўтарае ўсю
крытыку ў дачыненні да парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі”, – адзначыў
ён.

Паводле яго, мала
хто звяртае ўвагу на тое, што рэзалюцый па Беларусі падрыхтавана дзве. Пры
гэтым другая рэзалюцыя прысвечаная сітуацыі ва Ўсходняй Еўропе ў цэлым, але
палова пунктаў – пра Беларусь. “Непрыняцце літоўскай рэзалюцыі – толькі на
першы погляд няўдалая спроба літоўскіх дэпутатаў і перамога беларускіх
чыноўнікаў”, – упэўнены палітык.

На думку
сустаршыні БХД, сваёй рэзалюцыяй Літва здолела прыцягнуць увагу да БелАЭС. “Нават
Лукашэнка зрэагаваў (маўляў, “мы гатовыя дамаўляцца з літоўцамі, разам будаваць
і эксплутаваць”). Магчыма, літоўская дэлегацыя і хацела б большага, але гэта была
маладасягальная задача-максімум. І атака імі Шведаў зараз дасць магчымасць
вымагаць ад іх большай згоды з прапановамі Літвы ў будучым”, – заявіў Віталь
Рымашэўскі.

Ён мяркуе, што другая
рэзалюцыя цяпер пройдзе з большай верагоднасцю, бо нават праціўнікі першай
рэзалюцыі апелявалі да другой як да правільнай. “А ў другой рэзалюцыі па правах
чалавека і іншых пытаннях па Беларусі ўсе ёсць, апроч АЭС. Ну , а як было сказана
вышэй, да пытання АЭС увага прыцягнутая”, – дадаў сустаршыня БХД, адзначыўшы,
што прыцягнуць увагу да тых ці іншых пытанняў – гэта хіба што не адзіны магчымы
практычны вынік ПА АБСЕ, бо яе рашэнні “вельмі ўскосна звязаныя з практычнымі
дзеяннямі”.

Паводле яго, калі
б была падрыхтаваная толькі адна рэзалюцыя, то асноўныя баталіі разгарэліся б
вакол яе. “І нават пры яе прыняцці эфект быў бы нашмат меншы, бо рэзалюцыі патрэбны
не самі па сабе, а дзеля таго, каб мець практычны вынік, уплываць на паводзіны
тых, у дачыненні каго яны прымаюцца”, – мяркуе Віталь Рымшэўскі.

На яго думку,
хоць прадстаўнікі беларускіх уладаў і будуць імкнуцца максімальна змякчыць
Другую рэзалюцыю, “у гэтай сітуацыі шанцаў на поспех у іх нашмат меней”.

“Зрэшты, нават
наяўнасць саміх праектаў рэзалюцый зрабіла сваю справу – пагроза прыняцця
рэзалюцыі ўжо дапамагла вызваліць з-за кратаў хлопцаў, затрыманых па справе
патрыётаў.
Важна, што захоўваецца моцная група заходніх палітыкаў, якія па-ранейшаму
гатовыя прытрымлівацца каштоўнаснага падыходу ў палітыцы. Сёння на Захадзе
досыць безумоўных лабістаў, якія былі супраць любой рэзалюцыі па Беларусі.
Цікава тое, што гэтыя ж людзі разглядаюць Беларуска-Еўрапейскія стасункі
выключна ў рэчышчы расейскай палітыкі. Але гэта тэма для асобнага артыкула”, – падкрэсліў
сустаршыня БХД.

Ён таксама
нагадаў, што абедзве рэзалюцыі падрыхтаваныя прадстаўнікамі Еўрапейскай
народнай партыі. БХД і Правацэнтрысцкая кааліцыя адпачатку падтрымлівалі абедзве
з іх.

Болей навін