Права выбару: У Віцебскім раёне правялі "спецаперацыю", каб актывістка БХД не стала старастай вёскі

23.10.2017, 10:59  |  Навіны » Палітыка

Права выбару: У Віцебскім раёне правялі "спецаперацыю", каб актывістка БХД не стала старастай вёскі

 

У Віцебскім раёне сельсавет правёў “спецаперацыю” па выбарах старасты вёскі Суйкава, каб не дапусціць да пасады актывістку Беларуйскай хрысціянскай дэмакратыі Алену Янушкоўскую, якая дамагаецца таго, каб жыхары вёскі займелі чыстую ваду.

“Стараста вёскі ўжо па ўзросце была вымушана пакінуць сваю пасаду. Прызначылі перавыбары на 24 кастрычніка. Перад тым старшыня сельсавета Раіса Ярошкіна паведаміла мне, каб я пра гэтую пасаду нават не марыла, бо ў яе ёсць "свой чалавек". Нейкім чынам даведаўшыся, што 21 кастрычніка мяне ў вёсцы не будзе, напярэдадні тэрмінова вяскоўцы, за выключэннем некаторых актывістаў, былі апавешчаны па тэлефоне аб пераносе сходу менавіта на 21-га. Сход адбыўся, старасту абралі. Вельмі добры чалавек, але зусім безыніцыятыўны, які ніколі нікуды не хадзіў і не пойдзе, абы ціха... На пытанні незапрошаных, чаму запрасілі не ўсіх, ёсць і іншыя кандыдатуры, адмахнуліся, маўляў, вы занадта шумныя, ад вас толькі непакой”, - распавяла падрабязнасці “спецаперацыі” актывістка.

“Калі ж гэта скончыцца, калі ж ужо перастануць прапіхваць прызначэнцаў? Што за стаўленне да людзей? Хочаце спакою? Дык рабіце тое, што павінны рабіць па абавязках, клапаціцеся пра людзей! А пакуль не будзе вам спакою! Гэта я вам абяцаю”, - падкрэсліла Алена Янушкоўская.

Навіны па тэме