39 гадоў таму памёр Язэп Германовіч
Нават калі абмежаваць удзел Язэпа Германовіча ў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі супрацоўніцтвам (пад псеўданімам Вінцук Адважны) з яе друкаваным выданнем “Крыніца” – атрымаецца нямала.
Ураджэнец Гальшанаў, выпускнік Віленскай каталіцкай духоўнай семінарыі, высвечаны ў ксяндза ў 1913-м, Язэп сын Станіслава, бадай з пачатку свайго служэння стаў займацца тым, што вызначыла сваім магістральным напрамкам адроджаная БХД ХХІ стагоддзя: хрысціянізаваць беларусаў і беларусізаваць хрысціянаў. Атрымлівалася ў яго гэта паспяхова, але беларускасць казанняў ксяндза ў касцёлах маладой незалежнай Польшчы яе ўладам і яе касцёльным патрыётам рашуча не падабалася. У выніку з роднай і голаснай Віленшчыны ды суседняй з ёй вірлівай Беласточчыны, Германовіч быў вымушаны перабрацца ў памежную ціхую прыдзвінскую Друю з нешматлікімі прыхаджанамі, дзе ўступіў у Ордэн марыянаў ды стаў час ад часу пісаць творы, стаўшы рэлігійным пісьменнікам.
Адны за адной, пачынаючы з 1928-га, выйшлі з друку кніжкі Вінцука Адважнага: «Як Казюк сабраўся да споведзі», «Казюковае жанімства», «Як Гануля зьбіралася ў Аргентыну», «Адам і Анелька», «Канёк-Гарбунок», «Бэтлейка»… Паслядоўная, разам з адукацыяй, місія беларускага слова сярод касцёльнага люду. Паралельна, ксёндз Язэп рэгулярна друкаваўся ў БХДшнай “Крыніцы” – беларускую хрысціянскую дэмакратыю ачольваў яго былы сябра па семінарыі ксёндз Адам Станкевіч.
Беларуская місія ксяндза Германовіча сярод беларусаў Польшчы стала важкай падставай таго, што ў 1932-м яго касцёльнае кіраўніцтва скіравала яго ў кітайскі Харбін на чатыры гады.
Вярнуўшыся стуль у 1936-м, Германовіч ачоліў у Вільні Беларускі марыянскі дом студэнтаў. І ізноў яго беларуская місіянерская дзейнасць стала косткай у горле для тутэйшых патрыётаў пальшчызны. У 1938-м ксяндза Язэпа дэпартуюць у цэнтральную Польшчу, адкуль ён ізноў рушыць у Харбін. Служыць на беларускіх землях яму больш не давядзецца.
Па вызваленні з савецкага канцлагера ў 1955-м Германовіч выказаў жаданне жыць і служыць у Беларусі. Але спецслужбовец, які займаўся размеркаваннем, прама сказаў ксяндзу, што “ім” у Беларусі такіх “не надо”. Як былога грамадзяніна Польшчы, Германовіча выслалі ў Польшчу. Адтуль святар пераехаў у Рым, затым у Лондан. І ўжо ў Лондане стаў рэдагаваць часопіс “Божым шляхам” – беларускі часопіс для хрысціянаў. Напісаў кнігу пра ГУЛАГ: “Кітай- Сібір-Масква”. Па меры магчымасці рыхтаваў і выдаваў свае беларускія тэксты і ў кнігах – ізноў як Вінцук Адважны.
Адвага – яна ня толькі тая, якая кідаецца ў вочы. Яна і ў ціхай паслядоўнай нязломнай мужнасці. Такой яна была ў беларуса, хрысціяніна і дэмакрата Язэпа Германовіча.
Андрэй Мельнікаў