Заява арганізацый-заснавальнікаў кампаніі «Права выбару» пра выбары ў мясцовыя саветы Рэспублікі Беларусь 18 лютага 2018 г.

19.02.2018, 13:43  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Заява арганізацый-заснавальнікаў кампаніі «Права выбару» пра выбары ў мясцовыя саветы Рэспублікі Беларусь 18 лютага 2018 г.

 

Ад імя арганізацый, якія ўваходзяць у кампанію «Права выбару», заяўляем:

Мінулыя выбары ў мясцовых саветах з'яўляецца несвабоднымі і недэмакратычнымі.

Напярэдадні выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, якія былі прызначаныя на 18 лютага, улады Беларусі не зрабілі аніякіх крокаў у накірунку прывядзення ўмоваў выбарчага працэсу ў адпаведнасць з крытэрамі свабодных і справядлівых выбараў згодна са стандартамі АБСЕ. У выбарчае заканадаўства не былі ўнесеныя змены, рэкамендаваныя айчыннымі ды міжнароднымі назіральнікамі: не створаны агульнанацыянальны рэестр выбаршчыкаў, не зменены парадак фармавання выбарчых камісіяў, захаванае бескантрольнае і неабмежаванае датэрміновае галасаванне, якое стварае зручныя магчымасці для фальсіфікацыяў, не ўстаноўлены празрысты і сумленны парадак голаснага падліку галасоў, не створаныя гарантыі роўных умоваў для ўдзелу ў выбарчай кампаніі ўсіх кандыдатаў. 

У Беларусі па-ранейшаму знаходзяцца за кратамі палітвязні, практыкуюцца адвольныя ператрусы ў офісах арганізацыяў грамадзянскай супольнасці й грамадскіх актывістаў, шырока ўжываюцца затрыманні і адміністратыўны пераслед удзельнікаў масавых акцыяў пратэсту, а ў дачыненні да апанентаў улады ўчыняецца ціск па месцы працы й вучобы. 

На ўсіх этапах выбарчага працэсу мелі месца грубыя парушэнні выбарчага заканадаўства і міжнародных стандартаў БДІПЧ АБСЕ ў правядзенні выбараў.

Па ранейшаму выбарчыя камісіі былі сфармаваныя практычна без удзелу незалежных палітычных партый і грамадскіх арганізацый.

Аказваўся ціск на многіх прадстаўнікоў дэмакратычных сіл, якія заявілі пра свой намер удзельнічаць у выбарчай кампаніі ў якасці кандыдатаў. Шмат каму з іх незаконна было адмоўлена ў рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў.

На працягу выбарчай кампаніі кандыдаты ў дэпутаты не мелі доступу да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі за выключэннем кароткага выступу па радыё.

Па ўсёй краіне кандыдаты ад апазіцыйных партыяў сутыкнуліся з пераследам і незаконнымі маніпуляцыямі ў агітацыйнай кампаніі, у той час як для кандыдатаў-прызначэнцаў улады і вылучэнцаў лаяльных уладам партыяў створаны рэжым найбольшага спрыяння. У тым ліку з боку выбарчых камсій ужываецца дэзінфармаванне выбарчшыкаў і дыскрэдытацыя апазіцыйных кандыдатаў у вачах грамадзян праз маніпуляцыі пры вырабе друкаваных матэрыялаў: выбарчыя камісіі ў масавым парадку скажаюць прадстаўленыя для публікацыі біяграфічныя і праграмныя звесткі, прыбіраючы любую дадатную інфармацыю пра апазіцыйных кандыдатаў, у той час як кандыдаты-прызначэнцы ўладаў падаюцца ў выключна пазітыўным ключы. 

Мелі месца выпадкі незаконнага зняцця дэмакратычных кандыдатаў выбарчымі камісіямі з выбараў.

Выбарчая кампанія праходзіла на фоне ўзмацняецца ціску на сродкі масавай інфармацыі. У прыватнасці, у перыяд выбарчай кампаніі былі заблакаваныя два найбуйнейшыя незалежныя інтэрнэт-рэсурсу «Белпартызан» і «Хартыя’97».

Былі зафіксаваныя выпадкі прымусу да датэрміновага галасавання.

У перыяд правядзення выбарчай кампаніі ўзмацніўся ціск з боку сілавых структур на дэмакратычную супольнасць. У прыватнасці, больш за 200 чалавек у перыяд выбарчай кампаніі былі выкліканыя ў Следчы камітэт на допыты па крымінальнай справе, узбуджанай супраць незалежнага прафсаюзу РЭП.

Падрыхтоўка і правядзенне мясцовай выбарчай кампаніі праходзіла на фоне ўзмоцненага ціску на грамадзянскую супольнасць і палітычную апазіцыю, а таксама на незалежныя СМІ.

Падчас правядзення выбарчай кампаніі назіраліся масавыя фальсіфікацыі - завышэнне яўкі выбаршчыкаў і ўкід бюлетэняў на этапе датэрміновага галасавання, карусель.

Незалежныя назіральнікі ў абсалютнай большасці выпадкаў не мелі магчымасці бачыць бюлетэні і пераканацца ў правільнасці падліку галасоў членаў выбарчых камісій. У многіх выпадках выбарчыя камісіі незаконна пазбаўлялі акрэдытацыі незалежных назіральнікаў.

Праца участковых выбарчых камісій і працэс падліку галасоў праходзілі ў закрытым рэжыме. Прадстаўнікам СМІ і назіральнікам забаранялі весці відэа і фота здымкі. На журналіста Белсат Анруся Козела, які вёў здымкі на выбарчым ўчастку падчас падліку галасоў, напалі міліцыянты. Ён быў жорстка збіты і кінуты ў турму да суда.

Усе гэтыя факты даюць нам падставу заявіць:

- у Беларусі па-ранейшаму адсутнічаюць свабодныя і справядлівыя выбары. У краіне працуе сістэма татальных фальсіфікацый выбараў.

- усё дэпутаты мясцовых саветаў не з'яўляецца законна выбранымі прадстаўнікамі народа, але фактычна прызначаныя выканаўчай уладай.

- Мясцовыя саветы не з'яўляюцца легітымнымі і законна абранымі

Такім чынам, падчас бягучай выбарчай кампаніі Беларусь не толькі не наблізілася да правядзення свабодных і справядлівых выбараў, а нават пагоршыла ўзровень сваёй адпаведнасці крытэрам АБСЕ. 

Асаблівае абурэнне і трывогу выклікае скаардынаваная атака дзяржаўных медыяў супраць кампаніі назірання за выбарамі "Права Выбару-2018". У гэтай кампаніі назірання бяруць ўдзел ўсе вядучыя структуры дэмакратычнай апазіцыі. Мы звяртаем ўвагу БДІПЧ АБСЭ і ўсіх міжнародных структураў, якія кампетэнтныя ў справе маніторынгу выбарчых кампаніяў, на кампанію дыскрэдытацыі ўнутраных назіральнікаў, якая ажыццяўляецца цяпер дзяржаўнымі медыямі Беларусі

Мы заяўляем, што нашай галоўнай мэтай з'яўляецца змяненне выбарчага заканадаўства ў адпаведнасці са стандартамі БДІПЧ АБСЕ і правядзенне свабодных і справядлівых выбараў усіх узроўняў Беларусі.

Мы заклікаем усіх грамадзян Рэспублікі Беларусь падтрымаць нашу кампанію за змены выбарчага заканадаўства і правядзенне свабодных і справядлівых выбараў.

Звяртаемся да міжнароднай супольнасці з заклікам ўнесці ў парадак міжнародных адносін з Рэспублікай Беларусь рэформу выбарчага заканадаўства і правядзення свабодных і справядлівых выбарах як галоўнае і асноўнае пытанне.

Эфектыўныя эканамічныя, сацыяльныя, культурныя рэформы магчымыя толькі пры правядзенні свабодных справядлівых выбараў.

Мы заклікаем усе дэмакратычныя сілы Беларусі: палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі далучацца да кампаніі за свабодныя і справядлівыя выбары.

Толькі аб'яднаўшы намаганні дэмакратычнай апазіцыі, грамадскіх арганізацый і ўсіх неабыякавых грамадзян, мы даможамся рэалізацыі права народа выбіраць і кантраляваць ўладу.

Жыве Беларусь!

 

Беларускі Народны Фронт (Партыя БНФ)

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя (БХД)

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) (БСДП)

ПАГА «Рух «За Свабоду»

Аб’яднаная Грамадзянская партыя (АГП)

Беларуская партыя «Зялёныя»

Аргкамітэт Партыі Свабоды і Прагрэсу (ПСП)

Прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП)

Навіны па тэме