На заснавальнікаў БХД ціснуць, каб адклікалі подпісы

27 лютага 2018 10:31  |  Галоўныя навіны

На заснавальнікаў БХД ціснуць, каб адклікалі подпісы

 

Заснавальнікаў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ў рэгіёнах пачалі абтэлефаноўваць і выклікаць па месцы працы і вучобы, каб дамагчыся адклікання іх подпісаў пад дакумантамі, пададзенымі ў Міністэрства юстыцыі.

Як правіла, у ціску ўдзельнічаюць кіраўнікі прадпрыемстваў альбо прадстаўнікі аддзелаў ідэалогіі райвыканкамаў. Факты ціску, запалохванняў альбо пагрозаў у дачыненні да заснавальнікаў БХД мелі месца ў Наваполацку Віцебскай вобласці, Кобрыне Брэсцкай вобласці, Івянцы Менскай вобласці.

-Мы фіксуем усе гэтыя абуральныя факты – некаторыя з іх  мяжуюць з крымінальным злачынствам, – паведаміў прэс-службе БХД сустаршыня партыі Павел Севярынец, – Робяць гэта ў большасці выпадкаў тыя ж чыноўнікі, якія толькі што сфальсіфікавалі выбары. Мы абавязкова праінфармуем нашых міжнародных партнёраў пра гэта беззаконне. БХД будзе зарэгістраваная рана ці позна. Мы не адступім. А тыя, хто выкручвае людзям рукі і шантажуе іх, панясуць адказнасць.

23 снежня 2017 года ў Менску прайшоў чарговы з’езд БХД, які пастанавіў падаць дакуманты на рэгістрацыю ў Мін’юст. 22 студзеня 2018 года пакет дакумантаў са спісам больш як 1070 заснавальнікаў быў пададзены.

Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе хрысціянскія дэмакраты не зарэгістраваныя.

Болей навін