Міністэрства юстыцыі Беларусі адмовіла ў рэгістрацыі БХД

06 красавіка 2018 17:43  |  Галоўныя навіны

Міністэрства юстыцыі Беларусі адмовіла ў рэгістрацыі БХД

 

Міністэрства юстыцыі Беларусі адмовіла ў рэгістрацыі Партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Адпаведны адказ з ведамства атрымала сустаршыня БХД Вольга Кавалькова. Гэта была ўжо сёмая спроба рэгістрацыі партыі.

Сярод падставаў для адмовы ў рэгістрацыі – адсутнасць хатніх ці працоўных нумароў у некалькіх заснавальнікаў. Апроч таго, улады палічылі прычынай для адмовы памылкі ў датах нараджэння двух заснавальнікаў. “Але гэта ўсё тэхнічныя памылкі, якія маглі б быць выпраўленыя. Яны не павінны быць падставай для адмовы ў рэгістрацыі палітычнай партыі. Ці шмат людзей сёння карыстаецца хатнім тэлефонам, калі ёсць мабільны? Дый на працах не паўсюль ёсць стацыянарныя тэлефоны. І тыя формы для рэгістрацыі палітычнай партыі, якія патрабуе Мінюст, ужо даўно састарэлі”, – адзначыла Вольга Кавалькова.

Таксама ў Мінюста ўзніклі пытанні адносна памяшкання, якое было прадастаўленае ў якасці юрыдычнага адрасу. “Усе патрэбныя дакументы адносна адрэсы і нават больш, чым патрабуе заканадаўства, былі прадастаўленыя ў міністэрства, таму ніякіх пытанняў не павінна было ўзнікнуць”, – заявіла сустаршыня БХД.

Таксама ў адказе гаворыцца, што ў Міністэрства юстыцыі паступілі заявы ад асобных грамадзян, якія быццам бы свае подпісы пад заснаваннем не ставілі. Але пры гэтым ніякія прозвішчы ў сувязі з гэтым у адмове не ўзгадваюцца.

“Зразумела, што і на гэты раз рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі было палітычным. Мы яго, безумоўна, будзем абскарджваць у належны тэрмін”, – дадала сустаршыня БХД.

Болей навін