У Менску прадставілі законапраект па змене артыкула 328 КК

11.05.2018, 14:16  |  Галоўныя навіны, Палітыка

У Менску прадставілі законапраект па змене артыкула 328 КК

 

10 мая ў Менску адбылася прэзентацыя законапраекта па змене артыкула 328 КК, распрацаванага па ініцыятыве Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і прадстаўнікоў сваякоў асуджаных. У прыватнасці, распрацаваны законапраект рэгулюе пакаранне за захоўванне і збыт наркатычных сродкаў.

У распрацоўцы праекта ўдзельнічалі юрысты Вольга Кавалькова, сустаршыня БХД і памочнік дэпутата Ганны Канапацкай, і Джэсіка Цыдзвінцава, лідар руху «Наша права». У бліжэйшыя дні Ганна Канапацкая пачне працэдуру, неабходную для ўнясення законапраекта на сесію Палаты прадстаўнікоў.

Законапраект распрацаваны з улікам тых пытанняў, якія ўзнікалі пры ўжыванні дзеючай рэдакцыі артыкула і з улікам сусветнай практыкі.

Асноўныя змены, якія прапануюцца:

1. Замест аднаго артыкула 328 прапануецца два артыкулы, адзін з якіх рэгулюе адказнасць за незаконныя набыццё, захоўванне, перавозку, а артыкул 328.1 рэгулюе адказнасць за вытворчасць, збыт, перасылку...

2. Выключана паняцце намеру на збыт.

3. Крымінальная адказнасць за захоўванне надыходзіць за захоўванне наркотыкаў ў значным памеры.

4. Уведзена розная адказнасць за захоўванне ў залежнасці ад памеру наркатычнага сродку.

5. Уведзеная адказнасць за збыт наркотыкаў з выкарыстаннем СМІ (уключаючы сетку Інтэрнэт)

6. Зніжаныя ніжняя і ў некаторых частках верхняя межы санкцый.

7. Выключана паняцце асабліва небяспечнага наркатычнага рэчыва.

8. Павялічаны ўзрост наступу адказнасці.

 

У Менску прадставілі законапраект па змене артыкула 328 КК

 

 

 

Віталь Рымашэўскі, сустаршыня БХД:

"Змены ў артыкул 328 КК - гэта толькі першы крок у кампаніі за рэформу судовай сістэмы, якую праводзіць Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Хрысціянскія дэмакраты больш за год займаюцца праблемай незаконных альбо празмерна жорсткіх пакаранняў за распаўсюд, а часта проста за ўжыванне наркатычных сродкаў. У Беларусі за краты кінута больш за 15.000 людзей. Часта гэта дзеці, якія проста ў кампаніі пакурылі. Яны не маюць ніякага дачынення да распаўсюду наркотыкаў, а з'яўляюцца проста наркаманамі альбо ахвярамі злачыннай дзейнасці, разгорнутай у Беларусі наркакартэлямі. Мы выступаем за жорсткае пакаранне для рэальных арганізатараў распаўсюджвання наркотыкаў, для тых, хто возіць гэтую атруту ў Беларусь. Але тое, што нарабілі нашы следчыя органы, пракуратура, суды за апошнія некалькі гадоў, нельга назваць ніяк па-іншаму, як бязмежжам і беззаконнем.

Спачатку, магчыма, са згоды, а то і пры заступніцтве прадстаўнікоў сілавых структур Беларусі маладых людзей пасадзілі на спайсы, якія былі легальнымі. Затым пасля ўзмацнення жорсткасці заканадаўства ў турму кінулі простых спажыўцоў альбо людзей, якія былі абгавораныя.

Наш законапраект у выпадку прыняцця дазволіць нявінна і незаконна асуджаным людзям выйсці на волю, а рэальных наркадзяльцоў пакіне за кратамі.

На фоне таго, што сваякі асуджаных па артыкуле 328 КК гатовыя здзяйсняць адчайныя ўчынкі, такія як, галадоўка, мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна прыняць неабходныя меры, каб законапраект быў прыняты ў самыя кароткія тэрміны».

Вольга Кавалькова, сустаршыня БХД:

«Мы разумеем, што аднымі зменамі ў артыкуле 328 праблему несправядлівых пакаранняў і фальсіфікацыі судовых спраў не вырашыць. Таму мы працуем над праектам рэформаў судовай сістэмы з тым, каб суддзі і суды былі рэальна незалежнымі ў нашай краіне, каб з'явілася незалежная пракуратура, каб адвакаты маглі свабодна абараняць беларускіх грамадзян і не падвяргаліся ганенням.

Заклікаем усіх неабыякавых грамадзян падтрымаць кампанію за судовую рэформу. Бо пытанне справядлівых судоў - гэта не пытанне нейкай адной групы насельніцтва, асуджаных па артыкуле 328 альбо палітыкаў. Ад несправядлівых судоў у Беларусі пакутуюць усе. Гэта наша агульная бяда, агульная нацыянальная праблема, якую неабходна вырашаць разам».

Навіны па тэме