Тацяна Севярынец: Ідзе здача Віцебскай вобласьці «рускаму міру»

17 мая 2018 11:06  |  Палітыка

 

 

 

Казацкая актыўнасьць на тле татальнай забароны на ўсялякага кшталту апазыцыйныя мерапрыемствы не засталася па-за ўвагай дэмакратычных актывістаў Віцебску. Абласная каардынатарка аргкамітэту «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Тацяна Севярынец зьвярнулася ў Віцебскі гарвыканкам з просьбай патлумачыць законнасьць правядзеньня грамадзкіх мерапрыемстваў казакоў.

Нагодай для звароту стала імпрэза, зладжаная 21 красавіка суполкай грамадзкага аб’яднаньня «Беларускае казацтва» на віцебскім рынку «Цэнтральны», падчас якой адбыўся канцэрт зь песьнямі рэпэртуару казакоў і зьбіраліся грошы на «добрыя казацкія справы». 

 

Адказ на зварот апазыцыянэркі прыйшоў за подпісам начальніка аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Натальлі Шыянок. Кіраўнічка аддзелу ніякіх парушэньняў з боку арганізацыі казакоў не заўважыла. Маўляў, усё адбывалася “згодна з плянам падрыхтоўкі і правядзеньня кірмашу”, “парушэньняў грамадзкага парадку не зафіксавана”, “скаргі адсутнічаюць”, “зьвесткі пра факты распальваньня варожасьці паміж беларусамі і расейцамі адсутнічаюць”.

На першы погляд падаецца, нічога экстраардынарнага ня здарылася. Ну выступілі грамадзяне, апранутыя казакамі, у грамадзкім месцы з дазволу свайго колішняга атамана, а цяпер дырэктара рынку Васіля Раманенкі. Усё ладна, калі б не дурная слава, якую апошнім часам набыла частка расейскіх казацкіх утварэньняў праз удзел у падзеях на ўсходзе Ўкраіны, дый у самой Расеі, дзе ўлада выкарыстоўвае казакоў для барацьбы з апазыцыйнай грамадзкасьцю.

Яшчэ на слыху падзеі 5 траўня на Пушкінскай плошчы ў Маскве, калі людзі ў казачай вопратцы з нашыўкамі Цэнтральнага казацкага войску нагайкамі разганялі несанкцыянаваную акцыю расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага. Пасьля разгону высьветлілася, што ўлады сталіцы Расейскай Фэдэрацыі цягам трох гадоў аплачвалі трэніроўкі казакоў па разгоне мітынгаў. Навучаньне каштавала мэрыі блізу 16 мільёнаў расейскіх рублёў.

Мы папрасілі пракамэнтаваць Тацяну Севярынец адказ, атрыманы ёю з ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму:

– Толькі ў Віцебску зарэгістраваныя дзьве казацкія арганізацыйныя структуры, а колькі па вобласьці і краіне… Я лічу, што для Віцебшчыны, для Беларусі рост колькасьці зарэгістраваных прарасейскіх арганізацыяў невыпадковы. З боку ўлады для іх тут поўны дазвол, свабода. Усё гэта небясьпечна. Небясьпечна ў сэнсе данецка-луганскага сцэнару. Вельмі небясьпечна! Як толькі дасьць слабіну сёньняшні кіраўнік, у той самы момант будзе заяўлена: «Віцебск – наш!» Як я адчуваю, ідзе нейкая паганая здача Віцебскай вобласьці «рускаму міру».

 З адказу гарвыканкаму вынікае, што ніякіх законаў казакі не парушылі. Я лічу, што ўлады ня тое, што ня бачаць небясьпекі, а, хутчэй, спрыяюць гэтаму працэсу, яны жадаюць яго. Так бы мовіць, улады засьведчваюць сваю ляяльнасьць: мы ўжо цёпленькія – бяры нас у свае абдымкі, «рускі мір». Маё такое стаўленьне вынікае з непрыманьня той ідэалягічнай палітыкі, якая праводзіцца ў Віцебску гарадзкімі ўладамі, пракуратурай, установамі культуры.

Сваім зваротам у гарвыканкам я хацела зьвярнуць увагу ўладаў на тое, што гульня ў талерантнасьць з прарасейскімі сіламі ў нашых умовах нясе небясьпеку і распальвае варожасьць у грамадзтве. Улады не рэагуюць ані на канцэрты прыхільніка Наваросіі Віктара Каліны, ані на георгіеўскія стужкі і расейскія трыкалёры, ані на ваенізаваныя летнікі для беларускіх дзетак… Не адрэагавалі яны належным чынам і на мой зварот. Не адрэагавалі ў той момант, калі паўстае рэальная небясьпека для нашай незалежнасьці. І гэта ня што іншае, як неўсьвядомленая, а хутчэй наўмысная ідэалягічная сьлепата тых структураў, якія павінны адсочваць і рэагаваць на рэальныя працэсы, што адбываюцца ў грамадзтве.

Тая акалічнасьць, што нават пасьля падзеяў ва Ўсходняй Украіне ўлады ў Беларусі працягваюць патураюць чужынскім грамадзкім зьявам і ўтварэньням, пачынае турбаваць ня толькі сябраў апазыцыйных партыяў, але і шараговых грамадзянаў. Камэнтары ў сеціве пад паведамленьнямі пра канцэрт на віцебскім рынку «Цэнтральны» ўражваюць. Падаём адзін зь іх:

«У гэтых людзей пры сабе Шашкі (Халоднае Зброя) – куды глядзіць Беларуская міліцыя?!.. Гэтыя людзі зьбіраюць грошы (Гэта значыць маніпулююць грашовымі сумамі) – куды глядзіць Беларуская Падатковая служба?! Гэтыя людзі агітуюць Беларусаў за Данбаскіх Верхаводаў – Куды глядзіць Беларускае ААЦ і КДБ?!!.. P.S. І ня трэба распавядаць казкі аб тым – што на ўсё гэта ў іх ёсьць дазвол!! Такі дазвол можа выдаць толькі той, хто зь імі ў Змове ці імі ж падкуплены!»

С. Горкі, Віцебская Вясна

Болей навін