Віталь Рымашэўскі пра вынікі рабочай паездкі ў ЗША і задачы міжнароднай працы БХД

27 мая 2018 13:12  |  Галоўныя навіны

Віталь Рымашэўскі пра вынікі рабочай паездкі ў ЗША і задачы міжнароднай працы БХД

 

Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі распавёў аб выніках рабочай паездкі ў ЗША і задачы міжнароднай працы БХД:

«Адной з задач паездкі была падтрымка Акта аб дэмакратыі ў Беларусі, які быў прыняты ў 2004 годзе. Важна, каб гэты акт працягваў дзейнічаць да таго моманту, пакуль у Беларусі не адбудуцца дэмакратычныя рэформы. Таксама важна, каб не спынялася падтрымка беларускіх незалежных СМІ, грамадскіх арганізацый. Важна было данесці да кангрэсменаў і сенатараў сітуацыю аб бесперапынных рэпрэсіях супраць грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і палітвязняў, якія да гэтага часу ўтрымліваюцца ў беларускіх турмах.

Для нас сустрэча з палітыкамі ЗША – гэта не проста сустрэча з элітамі самай ўплывовай краіны свету, але і сустрэча з ідэалагічнымі аднадумцамі. Беларуская хрысціянская дэмакратыя з’яўляецца членам сям’і Еўрапейскай народнай партыі, і ў нас ёсць стратэгічнае партнёрства, заснаванае на агульных каштоўнасцях. Наша мэта – пабудаваць такі ж узровень узаемаадносін з палітыкамі Злучаных Штатаў, якія сёння ёсць у хрысціянскіх дэмакратаў з еўрапейскімі палітыкамі. Агульныя хрысціянскія каштоўнасці аб’ядноўваюць нас з такімі кангрэсменамі, як Крыстафер Сміт, якія ў Злучаных Штатах гэтак жа сама, як мы ў Беларусі, абараняюць сямейныя каштоўнасці і хрысціянскія каштоўнасці ў палітыцы.

 

Віталь Рымашэўскі пра вынікі рабочай паездкі ў ЗША і задачы міжнароднай працы БХД

 

Для нас важна не проста зблізіцца, але і паказаць той твар Злучаных Штатаў і тую частку амерыканскай палітыкі і палітыкаў, якія ў Беларусі, па сутнасці, не прадстаўлены. На жаль, у нас праз СМІ ў асноўным падаецца толькі адна частка амерыканскай і еўрапейскай палітыкі – радыкальна ліберальная. Для беларускага грамадства застаецца практычна невядомым дзейнасць такіх палітыкаў, кангрэсменаў ад Рэспубліканскай партыі, каштоўнасны падыход якіх з’яўляецца больш прымальным і больш блізкім для большай часткі беларускага грамадства. І гэтым карыстаюцца расейская прапаганда, паказваючы толькі антыхрысціянскі, радыкальна ліберальны падыход асобных заходніх палітыкаў. І сучасны вобраз еўрапейцаў і ЗША ў беларускім грамадстве, створаны расійскай прапагандай, – гэта вобраз ворага. Наша задача – праз усталяванне цесных кантактаў і правядзенне сумесных мерапрыемстваў паказаць рэальны твар амерыканскай палітыкі і амерыканскіх палітыкаў.

Акрамя таго, у сучасным свеце немагчыма адказаць ні на адзін сур’ёзны выклік ні ў сферы нацыянальнай бяспекі, ні ў сферы эканамічнай ці сацыяльнай праблематыкі выключна на нацыянальным узроўні. Глабальны свет патрабуе глабальных адказаў, міжнароднага супрацоўніцтва і кааперацыі блізкіх па каштоўнасцях палітычных сілаў.

 

Віталь Рымашэўскі пра вынікі рабочай паездкі ў ЗША і задачы міжнароднай працы БХД

 

Па выніках нашай паездкі мы маем зацікаўленасць і згоду кангрэсменаў Злучаных Штатах на правядзенне грамадскіх слуханняў па Беларусі ў кангрэсе ЗША. Магчыма, яны пройдуць ўжо бліжэйшай восенню. Таксама мы плануем правядзенне міжнароднай канферэнцыі ў Беларусі альбо ў суседніх краінах.

Мы дамовіліся аб тым, што на будучай сесіі АБСЕ, якая пройдзе ў Берліне ў пачатку ліпеня, мы паспрабуем арганізаваць круглы стол па Беларусі, на якім абмяркуем сітуацыю з правамі чалавека і магчымую форму камунікацыі паміж нашымі краінамі.

Наша задача – не ізаляваць Беларусь ад Еўропы ці ад Злучаных штатаў. Наша задача – зрабіць Беларусь моцнай, канкурэнтаздольнай ў сучасным свеце. Гэта магчыма толькі пры ўмове правядзення сістэмных комплексных рэформаў у нашай краіне. Бо без рэформы судовай сістэмы, без правядзення свабодных і справядлівых выбараў немагчымыя паспяховыя эканамічныя рэформы. Немагчыма пабудаваць эфектыўную канкурэнтаздольную ў сучасным свеце эканоміку ў аўтарытарнай дзяржаве, якой сёння з’яўляецца Рэспубліка Беларусь.

Уся работа Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і Правацэнтрысцкай кааліцыі на міжнародным узроўні будзе накіравана на прасоўванне інтарэсаў беларускага народа і ўсяго беларускага грамадства. Мэта сучаснай дзяржаўнай беларускай знешняй палітыкі – закансерваваць беларускі рэжым, выпрасіць заходнія крэдыты і легалізаваць аўтарытарызм Беларусі праз аднаўленне паўнавартасных палітычных кантактаў з дэмакратычнымі краінамі. Наш падыход – дамагчыся сістэмных рэформаў у палітыцы, эканоміцы і сацыяльнай сферы. Кансервацыя беларускага рэжыму – тупіковы шлях, які пазбаўляе беларускую нацыю шанцу на паспяховую шчаслівую будучыню.

 

Віталь Рымашэўскі пра вынікі рабочай паездкі ў ЗША і задачы міжнароднай працы БХД

 

Адказваючы на ​​пытанне, навошта патрэбныя кантакты з Злучанымі Штатамі, магу сказаць, што сёння любая краіна, любы разважлівы ўрад імкнуцца ўсталёўваць кантакты з вядучымі эканомікамі свету: Злучанымі Штатамі, Еўрапейскім саюзам, Кітаем. Ад кантактаў з Захадам, ад інвестыцый, ад прыходу самых сучасных тэхналогій залежыць паспяховае эканамічнае развіццё кожнай краіны свету. На жаль, з-за правальнай міжнароднай палітыкі беларускага ўраду, якая праводзілася апошнія 24 гады, Беларусь апынулася ў татальнай залежнасці ад адной краіны – ад Расійскай Федэрацыі. Гэта залежнасць у эканамічнай і палітычнай сферы пагражае незалежнасці Беларусі, пагражае нашай нацыянальнай бяспецы.

Па сутнасці, у Беларусі ўжо даўно ідзе гібрыдная вайна праз умяшальніцтва ва ўнутраную беларускую палітыку, праз адэптаў “рускага свету”, іх прадстаўнікоў у грамадскіх арганізацыях Беларусі, праз прапаганду ў СМІ. Гэтак жа сама ўсё пачыналася ва Украіне. Наша задача – спыніць гэтую гібрыдная пагрозу, пакуль яна не перарасла ў ваеннае супрацьстаянне, у акупацыю Беларусі расейскімі войскамі. Адной з гарантый бяспекі як раз з’яўляецца дыверсіфікацыя эканамічных і палітычных сувязяў.

Але галоўным процідзеяннем любой вонкавай пагрозе з’яўляецца моцная грамадзянская супольнасць, моцная нацыя і дзяржава, заснаваныя на хрысціянскіх і дэмакратычных каштоўнасцях. Для гэтага трэба працаваць у Беларусі і для гэтага трэба вучыцца на поспехах і памылках тых краін, якія прайшлі гэты шлях. Такіх краін, як Злучаныя Штаты Амерыкі.

 

Віталь Рымашэўскі пра вынікі рабочай паездкі ў ЗША і задачы міжнароднай працы БХД

 

Акрамя таго, палітыка – гэта, перш за ўсё, асобасны падыход. Ад асабістага меркавання, асабістай зацікаўленасці кангрэсменаў і сенатараў залежыць, наколькі актуальная будзе Беларусь у парадку дня. Важныя асабістыя кантакты. Важна, каб палітыкі ЗША ведалі пра Беларусь не толькі ад рэжымных аналітыкаў.

Мяне асабіста вельмі парадавала сустрэча з кангрэсменам Крыстаферам Смітам. Гэта шчыры і глыбока веруючы чалавек. У Злучаных Штатах ён робіць тое ж, што чым займаецца хрысціянская дэмакратыя ў Беларусі. Ён часта сутыкаецца з агрэсіяй, бруднымі паліттэхналогіямі і нападкамі. Для мяне гэта адзін з нямногіх прыкладаў хрысціяніна-палітыка, які нясе свой крыж у сваім палітычным служэнні. Такія сустрэчы натхняюць і дазваляюць адчуваць адзінства людзей незалежна ад іх прыналежнасці да розных народаў і краінам. Тое, што нас аб’ядноўвае, нашмат мацней і нашмат больш за ўсе адрозненні, якія паміж намі ёсць. Я шчыра спадзяюся, што гэтыя кантакты, гэтыя сувязі будуць толькі паглыбляцца, і сумесная праца палітыкаў-хрысціян з усіх краін свету дапаможа нам дасягаць агульных мэтаў.

Падчас візіту прадстаўнікі Правацэнтрысцкай кааліцыі сустрэліся з кангрэсменамі Шымкусам, Смітам, офісамі сенатараў МакКейна, Дурбіна, Мэрфі, Правялі сустрэчы ў дзяржаўным дэпартаменце ЗША. Таксама прайшла адкрытая грамадская дыскусія па Беларусі з удзелам прадстаўніцтваў пасольстваў розных краін, амерыканскіх сінк-тэнкаў і экспертаў, а таксама сустрэча з беларускай дыяспарай”.

Болей навін