БХД патрабуе неадкладна спыніць пераслед незалежных СМІ

07 жніўня 2018 13:59  |  Галоўныя навіны

БХД патрабуе неадкладна спыніць пераслед незалежных СМІ

 

Беларускія хрысціянскія дэмакраты выказваюць рашучы пратэст супраць пераследу беларускіх незалежных СМІ. Мы лічым, што сённяшнія ператрусы і арышты ў офісах партала TUT.by і агенцтва БелаПАН з’яўляюцца нічым іншым, як фактам надзвычайнага парушэння права на свабоду слова і пераследам незалежнай прэсы.

Пацвярджэннем дадзенага факту з’яўляецца тое, што Следчы камітэт высунуў фармальнае абвінавачанне супраць трох СМІ, аднак ператрусы ў дзяржаўным выданні «Навука» пачаліся толькі пасля ператрусаў у недзяржаўных БелаПАН і TUT.by. Таксама арыштаваныя супрацоўнікі толькі незалежных СМІ.

Звяртаем увагу на тое, што Следчы камітэт у парушэнні прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці апублікаваў заяву аб вінаватасці журналістаў.

Мы патрабуем неадкладна вызваліць усіх затрыманых і спыніць пераслед незалежных СМІ.

Каментуе сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі:

«Зачыстка беларускіх незалежных СМІ можа азначаць, што ўлады рыхтуюцца да сур’ёзных палітычных падзеяў. У тым ліку, магчыма, гэта частка падрыхтоўкі агульнанацыянальнага рэферэндуму, на які могуць вынесці і пытанне аб фактычнай анексіі Беларусі Расеяй.

Не варта забываць, што ўлады спрабуюць знішчыць не толькі незалежныя СМІ. Паралельна з гэтым спрабуюць знішчыць незалежныя прафсаюзы, пераследуюцца палітычныя і грамадскія актывісты.

Пасля пачатку Расеяй вайны ў Украіне Еўрапейскі Саюз і Злучаныя Штаты знізілі планку патрабаванняў да беларускага рэжыму ў дачыненні да захавання правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь. Дэмакратычныя краіны свету сур’ёзна асцерагаюцца, што ціск на беларускі аўтарытарны рэжым можа прывесці Беларусь да яшчэ большай залежнасці ад Расіі і страты рэшткаў суверэнітэту.

Выразна разумеючы гэтыя новыя ўмовы міжнародных адносін, беларускія ўлады пачалі планамернае знішчэнне цэлых сектараў незалежнай грамадзянскай супольнасці Беларусі. Толькі за апошнія тры гады была знішчана незалежная сацыялогія, атакаваныя незалежная прафсаюзы (у выніку суда над лідарамі незалежных прафсаюзаў РЭП можа быць фактычна знішчана гэтая арганізацыя). Спачатку 2018 года пачалася беспрэцэдэнтная атака на незалежныя сродкі масавай інфармацыі. Былі заблакаваныя два незалежныя інтэрнэт-рэсурсы – «Хартыя 97» і «Белпартызан», працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да незалежных журналістаў і блогераў, заведзена крымінальная справа ў дачыненні да галоўнага рэдактара найбуйнейшага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН.

Усё гэта адбываецца на фоне захавання пастаяннага ціску і рэпрэсій у дачыненні да дэмакратычных актывістаў і сябраў палітычных партый. Вялізныя штрафы і адміністрацыйныя арышты дэмакратычных актывістаў не спыняюцца ўвесь гэты час.

Незалежнасць і канкурэнтаздольнасць сучасных дзяржаў вызначаецца не толькі ваеннай магутнасцю, але і моцнай нацыянальнай канкурэнтаздольнай бізнес-супольнасцю, моцнай грамадзянскай супольнасцю. Моцныя, канкурэнтаздольныя нацыянальныя СМІ не менш важныя, чым моцная эканоміка або армія. Гібрыдныя войны выразна паказалі: без развіцця нацыянальных сродкаў масавай інфармацыі супрацьстаяць замежнай прапагандзе практычна немагчыма.

Таму тое, што сёння адбываецца ў Беларусі, можна назваць атакай на асновы дзяржаўнага суверэнітэту і незалежнасці. Такім чынам, на жаль, новая палітыка Еўрапейскага Саюза ў дачыненні да Беларусі замест чаканага ўмацавання беларускай незалежнасці прыводзіць да адваротных вынікаў. Упэўненыя ў адсутнасці якой-небудзь сур’ёзнай міжнароднай рэакцыі, адчуваючы сваю беспакаранасць, беларускія ўлады могуць знішчыць альбо ўзяць пад кантроль спецслужбаў (што фактычна адно і тое ж) усе незалежныя арганізацыі ў краіне”.

Болей навін