Віталь Рымашэўскі: Калі сёння мы не аб’яднаемся, заўтра ўлада знішчыць кожнага паасобку
Новы віток і новы размах рэпрэсій з боку беларускіх уладаў патрабуе большай кансалідацыі дэмакратычных сілаў Беларусі. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 24 жніўня заявіў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.
У прэсавай канферэнцыі таксама ўдзельнічалі Дзмітрый Кучук (Беларуская партыя “Зялёныя”), Юрый Губарэвіч (Рух за свабоду), Ірына Вештард (Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Васіль Палякоў (Аб’яднаная грамадзянская партыя) і Генадзь Фядыніч (Прафсаюз РЭП).
“Сёння зроблены першы крок мы падрыхтавалі не проста сумесны план дзеянняў, які ўключае таксама акцыі і мітынгі салідарнасці ў падтрымку журналістаў і прафсаюза РЭП. Я спадзяюся яны стануць першымі крокамі да шырокай кансалідацыі дэмакратычных сіл, грамадзянскай супольнасці і незалежных журналістаў. Калі сёння мы не аб’яднаемся, заўтра ўлада знішчыць кожнага паасобку”, – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.
Прапануем вашай увазе тэкст супольнай заявы:
Аб’яднаная грамадзянская партыя
Беларуская партыя “Зялёныя”
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада)
Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя
Партыя БНФ
Рух “За Свабоду”
Прафсаюз РЭП
Аб нацыянальнай салідарнасці ў абарону свабоды і законнасці ў Беларусі
ЗАЯВА
Мы, прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх арганізацый і ініцыятыў заяўляем: Беларускія ўлады мэтанакіравана і безупынна знішчаюць палітычную апазіцыю і грамадзянскую супольнасць.
Пасля знішчэння незалежнай сацыялогіі дзяржава спрабуе застрашыць, разбурыць і ўзяць пад свой кантроль незалежныя медыя, расправіцца з незалежнымі прафсаюзамі, не даць магчымасці з’явіцца новым лідарам, грамадскім і палітычным арганізацыям, здольным на рэальнае прадстаўленне і выражэнне інтарэсаў народа.
Усё гэта сведчыць пра тое, што цяперашняя ўлада не здатная да дэмакратычных пераўтварэнняў і можа праводзіць толькі рэпрэсіўную палітыку ў дачыненні да бізнесу, медыя, палітычных, грамадскіх і рэлігійных арганізацый. За апошнія гады ў Беларусі змяніліся толькі формы рэпрэсіяў, але не знізілася іх інтэнсіўнасць.
Усю паўнату адказнасці за парушэнне правоў і свабод грамадзян, наступы на незалежныя медыя і прыватны бізнес, незалежныя прафсаюзы, грамадска-палітычныя арганізацыі, а таксама правалы ў эканоміцы – нясе вышэйшае кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь.
Мы звяртаемся да:
Беларускіх грамадзян з заклікам праяўляць салідарнасць з тымі, хто апынуўся ў цісках рэжыму за спробу змяніць сітуацыю ў краіне мірным шляхам да лепшага, далучацца да дэмакратычных палітычных партый і няўрадавых арганізацый, разам змагацца за абарону законнасці і справядлівасці;
Прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці з заклікам праяўляць салідарнасць, публічна асуджаць рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян і незалежных арганізацый, далучацца да супольных кампаній у абарону рэпрэсаваных;
Прадстаўнікоў бізнесу з заклікам да салідарнасці і падтрымкі тых, хто зазнае рэпрэсіі, здольны быць рэальнай альтэрнатывай уладзе і выступаць ў абарону законнасці ў краіне;
Міжнароднай супольнасці з заклікам перагледзець умовы супрацы з беларускай уладай і фармаваць парадак дня з прыярытэтам выканання правоў чалавека у краіне, патрабаваннем правядзення рэформы праваахоўчай сістэмы і выбараў па стандартах АБСЕ. Мы звяртаем увагу на тое, што зняццё санкцый Еўрасаюзам у 2016 годзе не прывяло да паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека і свабодамі ў краіне, а адсутнасць істотнай міжнароднай рэакцыі на парушэнне правоў чалавека, дазваляе беларускім ўладам праводзіць новыя рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці;
Уладаў Рэспублікі Беларусь з патрабаваннем спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць апанентаў, ціск на незалежныя медыя і прафсаюзы, прадстаўнікоў бізнесу і грамадзянскую супольнасць, а таксама спыніць крымінальны пераслед журналістаў і лідараў незалежных прафсаюзаў, блакіроўку незалежных медыя, неадкладна спыніць пераслед абаронцаў мемарыяла «Курапаты» і ўдзельнікаў іншых мірных акцый пратэсту, пачаць працэс рэгістрацыі палітычных партый, які фактычна спынены з 2000 года.
Мы патрабуем ажыццявіць змены ў выбарчае заканадаўства з ўлікам прапановаў дэмакратычнай апазіцыі і правесці выбары па стандартах АБСЕ, а таксама неадкладна распачаць рэформу праваахочай сістэмы, якая даўно не адпавядае выклікам сучаснасці.
Падкрэсліваем: рэпрэсіўная палітыка ў дачыненні да незалежных СМІ, арганізацый і грамадзян непазбежна вядзе да нарастання супрацьстаяння ўнутры грамадства, пазбаўляе Беларусь магчымасці эфектыўна рэагаваць на выклікі гібрыднай пагрозы.
Ва ўмовах знешніх пагрозаў, дзеля будучыні Беларусі, бяспекі грамадзян, павінны быць дасягнуты нацыянальны кансэнсус у пытаннях абароны незалежнасці, правядзення дэмакратычных рэформ і свабодных выбараў.