Менгарвыканкам забараніў Марш салідарнасці з журналістамі

06 верасня 2018 14:20  |  Галоўныя навіны

Менгарвыканкам забараніў Марш салідарнасці з журналістамі

 

Менгарвыканкам адмовіў у дазволе на правядзенне Маршу салідарнасці з журналістамі 15 верасня. Пра гэта паведаміў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.

Кажа Віталь Рымашэўскі:

“Заяўка нібыта не адпавядае пераліку дазволеных месцаў для правядзення мерапрыемстваў. 
Падстава для адмовы вартая смеху, бо ў заяўцы пазначаныя месцы, дзе выканкам раней даваў дазвол на правядзенне мітынгаў, і дзе ніколі не было эксцэсаў з іх правядзеннем. Нагадаю, ў заяўцы пазначанае месца збору – Акадэмія навук, дзе традыцыйна пачынаецца і Чарнобыльскі Шлях, і іншыя дазволеныя акцыі пратэсту. Таксама месцы мітынгу – Плошча Парыжскай камуны, дзе ўвесну дзясяткі тысяч людзей святкавалі Дзень Волі. 

Адмова сведчыць, найперш, пра дзве рэчы:

Першая: у Беларусі адсутнічае магчымасць для правядзення мірных сходаў. І на парушэнне правоў чалавека, і на рэакцыю міжнароднай супольнасці беларускім уладам глыбока напляваць. Улічваючы, што Менгарвыканкам забараняе правядзенне мітынгу ў тых месцах, дзе звычайна давалі дазвол, – трэба чакаць, правакацый з забаронай нават традыцыйных акцыі пратэсту на Дзень Волі і Чарнобыльскі Шлях.

Другое: правядзенне любых масавых палітычных мерапрыемстваў у Беларусі магчыма толькі пры грамадскім ціску на ўлады. Усе дазволы, якія даваў Менгарвыканкам за апошнія 20 гадоў, былі прадыктаваныя не добрай воляй і жаданнем даць магчымасць грамадзянам рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права, а страхам перад несанкцыянаванымі акцыямі пратэсту.

Карумпаваныя чыноўнікі не пакідаюць выбару для беларусаў. Адзіны шлях, які застаецца ў нашых грамадзян, каб іх пачулі, – гэта несанкцыянаваныя акцыі пратэсту, кошт за якія вядомы: збіццё, штрафы, арышты, рост нянавісці да ўлады. 

Наступнае пасяджэнне арганізацыйнага камітэта пройдзе ў пачатку наступнага тыдня. Разам з калегамі будзем вырашаць пра далейшыя крокі ў гэтай сітуацыі. У адрозненні ад чыноўнікаў выканкама, у нас няма мэты падстаўляць людзей пад рэпрэсіі. Аднак акцыі салідарнасці з журналістамі ды незалежнымі прафсаюзамі мусяць быць працягнутыя.

Са свайго боку я заклікаю чыноўнікаў выканкаму выконваць Канстытуцыю і спыніць нагнятанне варожасці ў беларускім грамадстве. Заклікаю перагледзець рашэнне і даць дазвол на Марш салідарнасці з журналістамі і прафсаюзам РЭП”.

Болей навін