Віталь Рымашэўскі: на адну апазіцыйную партыю можа стаць меней

07 верасня 2018 10:21  |  Палітыка

Віталь Рымашэўскі: на адну апазіцыйную партыю можа стаць меней

 

У гэтыя выходныя на адну апазіцыйную партыю ў Беларусі можа стаць меней. Пра гэта заявіў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.

Паводле яго, на з’ездзе Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Станіслава Шушкевіча будзе абраны новы старшыня – былы сябра праўладнай камуністычнай партыі і адзін з самых заможных кандыдатаў на выбарчай кампаніі 2016 года Сергей Чарачэнь (на фота). Яшчэ да з’езду ён стаў намеснікам Станіслава Станіслававіча. 

“БСДГ даўно не праяўляла палітычнай актыўнасці і некалькі год балансуе на мяжы ліквідацыі Мінюстам. У гэтай сітуацыі адным з галоўных актываў партыі ёсць асоба яе старшыні – Станіслава Шушкевіча. Паважаны ва ўсім свеце як першы кіраўнік Беларусі, удзельнік Белавежскіх пагадненняў, ён дагэтуль шаноўны госць для ўрадаў еўрапейскіх краін, лектар ва многіх заходніх універсітэтах. Застаецца спадзявацца, што Станіслаў Станіслававіч гэта разумее і што прыход новага кіраўніцтва не стане пераарыентацыяй партыі на падтрымку дзеючай улады (па ўзоры праўладных камуністаў) пад прыкрыццём імя паважанага Станіслава Шушкевіча. Спадзяюся таксама, што старая дэмакратычная партыйная каманда не будзе цалкам выкінутая з БСДГ і новы з’езд не стане наступным крокам да фармавання “сапраўднай” апазіцыі для продажу Захаду, на фоне новых віткоў рэпрэсій да любых структур, што маюць самастойны голас”, – адзначыў сустаршыня БХД.

Болей навін